бяссі́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае фізічных сіл; вельмі слабы. Хлопец кінуўся падымаць таварыша. Але бяссільнае цела інжынера хілілася долу, і тут толькі хлопец заўважыў вялікую лужыну крыві на месцы, дзе ляжаў таварыш. Лынькоў. [Мікола] разгортвае.. сшытак і, палажыўшы на яго левыя старонкі сваю бяссільную руку, правай рукой нешта піша. Брыль.
2. Няздольны што‑н. зрабіць, што‑н. пераадолець; бездапаможны. [Мікола:] — Загаіць гэту рану Мы бяссільны, ўрачы. Бачыла. // Пазбаўлены магчымасці задаволіцца (пра пачуцці). Бяссільная злосць [Мікіты] вылілася на Матку, яго безадказную памочніцу, і ясна стала, якая яна, гэта злосць, горкая, дзікая і дурная. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.
1. Круцячы ў адваротны бок, раскручваючы, аддзяліць. Адкруціць дрот ад слупа. // Круцячы назад па разьбе, зняць; адшрубаваць. Адкруціць гайку.
2. Павярнуўшы ўбок, адкрыць. Адкруціць кран.
3. Круцячы, адарваць. Уладзік распрануўся, адкруціў з вянка цыбулі адну галоўку, набраў конаўкай вады, потым адрэзаў скібку хлеба і сеў за стол. Грамовіч.
4. Раскручваючы, разгарнуць, раскрыць. [Несцер:] — Адкруціла, разгарнула [жанчына] паперку ды як закрычыць і — у непрытомнасць. Кулакоўскі.
5. Прапрацаваць пэўны час, круцячы што‑н.
•••
Адкруціць галаву — бязлітасна пакараць; расправіцца (у сэнсе пагрозы).
Адкруціць вушы — не вельмі строга пакараць, накруціўшы вушы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адысці́ся, адыдуся, адыдзешся, адыдзецца; пр. адышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. адыдзіся; зак.
Ідучы, аддаліцца ад якога‑н. месца. Лявонка пачаў збіраць ягады і не заўважыў, як адышоўся ў бок ад статка. Шуцько. Стары паказаў мне месца, дзе сесці, а сам адышоўся крокаў за дваццаць і таксама сеў. Ляўданскі. // Перамясціцца, аддаліцца (аб падзеях, з’явах прыроды і пад.). За дзень вайна адышлася далёка наперад. Чорны. // перан. Прайсці новы этап, падняцца ў якіх‑н. адносінах на вышэйшую ступень. [Лабановічу] вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апыну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Трапіць куды‑н., аказацца дзе‑н. Апынулася Арынка ў горадзе. Колас. Спалоханыя малпы выскачылі з клеткі і мігам апынуліся на мачтах. Маўр. // Трапіць у якое‑н. становішча. Апынуцца ў няволі. Апынуцца ў бядзе. □ Для.. [шафёра] цяпер была яснай небяспека, у якой яны апынуліся. Якімовіч. Трэба было дбаць аб людзях, якія апынуліся ў няшчасці. Гурскі.
•••
Апынуцца (аказацца) за бортам — аказацца выключаным з якой‑н. справы.
Апынуцца (быць) на розных берагах — разысціся ў поглядах, перакананнях з кім‑н.
За дзесятай гарою апынуцца — аказацца ў вельмі далёкім месцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абрабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., каго-што.
1. Апрацаваць, дагледзець; прывесці ў парадак. Тарфянішча абраблю, Каб гуло, як медзь. Наглядаючы зямлю, Буду хлеб мець! Куляшоў. Мусіць, яна не была б такой прыгожай, італьянская зямля, калі б не абрабілі, не аздобілі яе сваім потам і рукамі працавітыя людзі. Мележ.
2. Апрацоўваючы, прыдаць чаму‑н. патрэбныя выгляд, якасць. Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем. Багдановіч.
3. Разм. Запэцкаць, забрудзіць чым‑н. [Дзяк:] — Ёсць такая казка — наеўся цыган кіслага малака ды вельмі ж бараду ў гэтае малако абрабіў... Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вяза́цца, вяжуся, вяжашся, вяжацца; заг. вяжыся; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца ў адпаведнасці з кім‑, чым‑н.; узгадняцца. Версія не вяжацца з фактамі. □ Гэта была праўда, але праўда гэтая не вязалася з душой жанчыны. Чорны. // Ладзіцца, атрымлівацца. Гаворка не вязалася. Лявону больш не было чаго казаць. Чарнышэвіч.
2. Прыставаць, прывязвацца, чапляцца. — А ты таксама не вяжыся вельмі да людзей! — параіла Вычыха. Кулакоўскі.
3. Зал. да вязаць (у 1, 3 знач.).
•••
Вязацца слатою — прыставаць, чапляцца да каго‑н.
Вязацца ў сварку — умешвацца, увязвацца ў сварку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гіга́нт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Чалавек або жывёліна незвычайна вялікага росту; волат, велікан. Слон-гігант. Кіт-гігант. □ Гаспадар адказаў на прывітанне, і, калі выйшаў на сцежку, аказалася, што гэта вельмі высокага росту чалавек. .. Гігант, мякка ступаючы па пяску, падышоў да дзяцей. Самуйлёнак. // перан. Пра што‑н. незвычайна вялікіх памераў. Завод-гігант. □ І вось найшла навальніца, наваліліся дрэвы, усю зямлю ўслалі векавыя гіганты. Лынькоў. Гараць агні гігантаў індустрыі, Шуміць калоссем плённая зямля. Звонак.
2. перан.; звычайна чаго. Талент, вялікі дзеяч у якой‑н. галіне. Гігант навукі. Гігант сусветнай літаратуры.
[Ад грэч. gigantos — волат, велікан.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
журбо́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Ахоплены журбою; сумны, маркотны. Стасік сядзеў на ганку засмучоны, журботны. Няхай. // Які выражае журбу, уласцівы таму, каго апанавала журба. Журботны погляд. □ Адна толькі Ева.. стаяла ў баку з журботнаю ўсмешкаю на прыгожа вырысаваных губах. Колас. // Поўны журбы, суму; невясёлы. Галава балела ад гарачыні, поту і слёз, а думкі былі вельмі журботныя. Лупсякоў. Моўчкі слухаў Ігнась журботную аповесць сына невядомых бацькоў. Мурашка.
2. Які выклікае журбу, сум (пра час, выгляд чаго‑н. і пад.). Журботны дзень, журботны пейзаж. □ Вясёлая сустрэча з хлапцом развеяла думкі, якія падказала.. [Тапурыю] журботная цішыня балот. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
істо́та, ‑ы, ДМ ‑тоце. ж.
Жывы арганізм; чалавек або жывёліна. Навокал быў зусім невялікі свет жывых істот і рэчаў, якія я ўмеў назваць. Брыль. Выявілася, што гэта істота ёсць жанчына, ды яшчэ маладая і прыгожая. Чорны. // (з азначэннем). Чалавек, жывёліна як носьбіт пэўнай уласцівасці, якасці. Часта выяўлялася.. непасрэднасць дзіцячай істоты, якая вельмі развясельвала настаўніка і ўсю школу, выклікаючы цэлыя выбухі смеху. Колас. // (звычайна з займ. «уся»). Ужываецца для абазначэння сукупнасці ўсіх фізічных і душэўных сіл і ўласцівасцей чалавека. Хацелася нечага большага, важнейшага, такога, што б магло захапіць усю істоту. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карка́с, ‑а, м.
1. Унутраная апорная частка збудавання, канструкцыі, на якой трымаюцца астатнія часткі. Рабочыя паставілі каркас, абшылі яго плітамі, накрылі дах, і праз пяць дзён на будаўнічай пляцоўцы ўжо ўзвышаўся новы прыгожы дом. «Звязда». [Антон Цярэнцевіч] зняў шкурку з забітай чаплі, потым зрабіў з дроту каркас, абкруціў яго ватай і цяпер нацягвае на каркас шкурку. В. Вольскі. // Астаткі якога‑н. прадмета, што захоўваюць яго першапачатковыя абрысы. Там і сям на полі дыміліся шкілеты разбітых аўтамашын, каркасы абгарэлых танкаў. Дудо.
2. Паўднёвае дрэва сямейства ільмовых з вельмі цвёрдай драўнінай, якая ідзе на выраб духавых інструментаў; каменнае дрэва.
[Іт. carcassa.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)