ка́тарга, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.
1. Уст. Від пакарання засуджаных, які заключаецца ў зняволенні і цяжкіх прымусовых работах, а таксама месца прымусовых работ для ссыльных злачынцаў. Па шырокіх дарогах, закутыя ў ланцугі, ішлі па катаргу людзі і спявалі.. да болю сумныя песні пра Свабоду. Каваль.
2. перан. Пра цяжкую працу, невыноснае жыццё. [Арандатар] уводзіць новыя працоўныя павіннасці, зрабіўшы гэтым самым жыццё сялян яшчэ больш невыноснай катаргай. «Весці».
3. Даўнейшае вёсельнае судна, род галеры, на якім грабцамі былі засуджаныя.
[Ад грэч. katergon — галера.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кату́х, ‑а, м.
1. Маленькі хлеў або адгароджанае месца ў хляве. Мінуць стаў у свінарніку над балясамі, якімі быў абгароджан катух, успёрся на іх і доўга глядзеў, як завадская свіння цярэбіць зялёную канюшыну. Чорны.
2. Пра цёмны, малы пакой або хату. Вярнуўшыся дамоў. Васіль знайшоў на стале пісьмо. На канверце — знаёмы почырк. Жонка. Што яна піша? .. Усё тое ж: бяры да сябе.. «Бяры! — паморшчыўся. — А куды? Вось у гэты катух? Ды ты сама ўцячэш адсюль». Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́хаця, прысл.
Неахвотна, без жадання. Працаваў .. [Язэгі] нехаця, .. на яго паласе заўсёды быў самы дрэнны ўраджай. Лупсякоў. [Стары:] — Пірат, на месца! — Сабака ўтуліўся і нехаця пасунуўся ў будку. Грахоўскі. На вуліцы гусіныя чароды паволі і нехаця, з крыкам саступаюць дарогу машынам. Хведаровіч. // Без намеру, незнарок, міжвольна. Штурхнуць суседа нехаця. □ На будоўлі не заснеш, ад брыгады не схаваешся. Гэта не каса і не граблі, што кінуў пад куст, а сам у цянёк. Тут нехаця падставіш плячо, падхопіш бервяно, паможаш таварышу. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўпэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.
1. Які сумняваецца ў правільнасці чаго‑н., пазбаўлены веры, упэўненасці. Часам бывае так: быў чалавек няўпэўнены ў якой-небудзь справе, не верыў у яе поспех. І раптам убачыў, што справа дае пэўную карысць. І тады гэты чалавек робіцца самым заўзятым яе прыхільнікам. Зуб.
2. Які выказвае нерашучасць, адсутнасць цвёрдасці. Стук быў ціхі, няўпэўнены, але ён скалануў... Лёдзю. Карпаў. Голас падаўся нясмелы, няўпэўнены, але яго раптам многія падтрымалі, бо ён, відаць, быў тут да месца. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паадыхо́дзіць, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце, ‑дзяць; зак.
1. Адысці на нейкую адлегласць, у іншае месца — пра ўсіх, многіх. Паадыходзіць убок. Паадыходзілі дзеці ад стала. Паадыходзіць на новыя пазіцыі. □ Жанчыны паадыходзілі ад сваіх [прасніц] і разглядалі на стале фатаграфічную картку. Сабаленка. // (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Адправіцца па свайму маршруту — пра ўсё, многае. Цягнікі паадыходзілі.
2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Перастаць шчыльна прылягаць, паадставаць у многіх месцах — пра ўсё, многае. Паадыходзілі дзверы. Паадыходзілі завесы на варотах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пералёт 1, ‑у, М ‑лёце, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пералятаць — пераляцець.
2. Сезоннае перасяленне птушак. Пералёт буслоў у вырай.
3. Спец. Дальні выпрабавальны палёт на самалёце згодна з вызначаным маршрутам. Трансарктычны пералёт.
4. Падзенне кулі, снарада і пад. за цэллю. Міны грымнулі яшчэ раз. Цяжка было пазнаць — з пералётам гэтага месца ці з недалётам. Кулакоўскі.
пералёт 2, ‑у, М ‑лёце, м.
Кармавая і лекавая расліна сямейства бабовых з жоўтымі кветкамі, сабранымі ў галоўчатыя суквецці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Правесці лінію, рыску пад радком, літарай і пад. Падкрэсліць галосныя.
2. перан. Звярнуць чыю‑н. увагу на што‑н. важнае, значнае. [Леаніду Аляксеевічу] хацелася падкрэсліць сваю думку больш канкрэтнымі прыкладамі і больш яркімі фарбамі. Якімовіч. // Выдзеліць голасам, інтанацыяй найбольш важнае месца. — Таварышы! Старому трэба дапамагчы. Трэба вызваліць яго сына. Трэба! — падкрэсліў [камандзір].. апошняе слова. Колас. // Зрабіць больш адчувальным; зрабіць такім, што кідаецца ў вочы. Падкрэсліць адмоўныя рысы героя. □ Начное здарэнне падкрэсліла .. [адзіноту], зрабіла фізічна адчувальнай. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазаганя́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Загнаць куды‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. [Лівень] пазаганяў у хаты людзей і, як бы нацешыўшыся, аціх. Асіпенка. Цімох Сымонавіч на ўсякі выпадак схапіў у рукі дубальтоўку і пазаганяў на месца патроны. Дубоўка.
пазаганя́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго.
Разм. Заганяць, замарыць усіх, многіх. — Коней.. пазаганялі да таго, што на іх страшна было паглядзець. Скрыган. — Вот ты, Пятро, дзень і ноч ірвеш, баб сваіх пазаганяў, а як жывеш? Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пако́с, ‑у, м.
1. Месца касьбы (сенажаць, поле, прызначаныя для касьбы). Ужо з абеда пачалі [грабцы] прыбываць на пакос. Гартны.
2. Касьба. Ад зоркі да мроку, з перапынкамі на полудзень, .. [мужчыны] на пакосе. Пташнікаў. // Час, пара касьбы. З вясны, усё лета, пакуль не надыдзе пакос, тут для ўсіх быў чароўны, нібыта райскі куток. Грамовіч.
3. Тое, што і пракос. [Луг] скасілі, але зграблі не ўсюды — перашкодзілі дажджы.. Пакосы ўраслі ў атаву. Сачанка. Зноў шпарка захадзілі косы, кладучы пакос за пакосам. Каваль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
начле́г, ‑у, М ‑лезе, м.
1. Прыпынак нанач для сну, адпачынку; начны адпачынак. Атрад спыніўся на начлег у адным вялікім сяле. Лынькоў. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на .. начлег у карчме. Якімовіч. // Месца для начнога сну, адпачынку (не ў сваім доме). Шлях перасякае бор, ляжыць за паўвярсты ад стаянкі. Але начлег тут выбралі. Навуменка.
2. Пасьба коней ноччу. Учора Пятрусь доўга ўпрошваў бацьку ўзяць яго з сабой на начлег, пасвіць калгасныя коні. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)