То́ргаць1 ’цягнуць не роўна, а рыўкамі, рэзкімі рухамі’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, ТС; бялын., Янк. Мат.): то́ргаў трактор трактора з ямы (ТС), ’тузаць за лейцы, прымушаючы каня ісці’ (ТСБМ), то́ргыць ’чапаць’ (Бяльк.), тарга́ць ’цягаць, валачы ў розныя бакі’, ’тузаць, шморгаць’ (Нас.), то́ргаті ’тузаць аснову красён’ (лун., Шатал.), то́ргаць ’кляваць, прыводзіць у рух паплавок’ (ТСБМ, ТС), ’дрыжаць, пацепвацца, перасмыквацца’ (ТСБМ), ’торгаць пры нарыванні (з болем), балець праз аднолькавыя прамежкі часу, тузаць пры нарыванні’ (ТСБМ, Шат., Жд. 2, Жд. 3, Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.), то́ргаты ’нарываць’ (бяроз., ЖНС), ’шморгаць, часаць лён’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. торгати ’тузаць, церабіць, рваць’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ргацца ’тузацца’ (Касп.), выклічнік торг: торг‑торг ’тык-мык’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. харк. то́ргати ’тузаць’, рус. то́ргать ’штурхаць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’цягаць, скубці’, ’ірваць (лён)’, ’вымотваць нервы’; польск. targać ’тс’, ст.-польск. tergać, н.-луж. tergaś ’ірваць, раздзіраць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’шчыпаць’, ’цягнуць’, ’перакідаць, зносіць’, ’разбіваць’, в.-луж. torhać ’тс’, ’драць’, ’вырываць’, чэш. trhati ’тс’, ’зношваць (адзенне, абутак)’, ’падрываць (скалу)’, ’пацепваць (плячом)’, славац. trhať ’тс’, ’торгаць пры нарыванні’, ’зрываць (адзенне)’, ’рэзаць (слых)’, славен. tŕgati ’рваць, зрываць’, ’расхопліваць (тавар)’, ’разрываць (адносіны)’, ’раздзіраць (адзежу)’, ’адломваць, адрываць’, харв. tȑgati, серб. тр̏гати ’рваць’, ’зрываць (плады)’, ’тузаць пры нарыванні раны’, макед. трга ’торгаць, цягнуць рыўкамі’, ’ад’язджаць’, ’піць з бутэлькі’, ’цярпець, пакутаваць, мучыцца’, балг. тъ̀ргам (Младэнаў, 640), тръ̀гвам, тръ̀гна ’ад’язджаць, рухацца ў дарогу, адыходзіць’, ’лахаць па розных месцах’, ст.-слав. истръгати ’разрываць, перарываць’, истръгнѫти ’вырваць, выцягнуць’, ’адабраць ад каго-небудзь’. Прасл. *tъrgati, звязанае чаргаваннем галосных з *tьrg‑ (Фасмер, 4, 83), *tr̋gati або *trgãti (Сной₂, 782; Рэйзак, 673) ці *tr̥gati (Борысь, 627), роднасныя лац. tergēre ’выціраць, асушаць, чысціць’, ’казытаць’, ст.-грэч. τρώγω ’грызу, хрумстаю, ем’, арм. tʼurc ’сківіца’, тахар. A і тахар. B trask ’жаваць’. Махэк₂ (651) прасл. *tъrgati супастаўляе з лац. stringere ’зрываць з паверхні, абрываць’, ’жаць, касіць’, ’злёгку драпаць, раніць’, ’датыкацца’ (з s‑mobile, якое ў *tьrgati страцілася), сцвярджаючы, што ‑r‑ тут не з’яўляецца каранёвым, звязвае яго з прасл. *tęg‑ ’цягнуць’, а Фасмер (там жа) — са ст.-інд. tṛṇḗḍhi ’расколаты, раздроблены’. Тым не менш Скок (3, 499), як і Борысь, Рэйзак і Сной, мяркуе, што прасл. лексема ўзыходзіць да і.-е. *ter‑ ’церці’, пашыранага фармантамі ‑gh‑ і ‑g̑h‑. Блізкім да то́ргаць (варыянт з азванчэннем пачатковага зычнага?) з’яўляецца до́ргаць ’торгаць’, ’патузваць чым-небудзь’, ’прагна хапаць ежу’, ’ванітаваць’, раздо́ргаць ’стан, калі нападае лютасць, ашалеласць, раз’юшанасць’ (Нас.), дэ́ргаты, да́ргаты ’часаць лён на грэбні’ (Уладз.), якое да прасл. *dьrgati, параўн. укр. де́ргати ’тузаць, торгаць’, дыял. де́рʼгати ’часаць (валакно)’, рус. дёргать ’торгаць’, ’рваць, выцягваць’, ’цягнуць’, ’рабіць рэзкі рух’, смал. дарга́ть ’раздзіраць’, стараж.-рус. дьргати ’торгаць’, польск. dziergać, старое dzierzgać ’фастрыгаваць’, ’вязаць’, н.-луж. źergaś ’часаць лён’, чэш. drhati, ст.-чэш. držěti se ’трэсціся’, drhat ’калыхаць’, dŕhat ’шчыпаць курыцу’, славен. dŕgati ’церці, месці’, dŕzati ’часаць’, ’шчыпаць траву’, балг. дъ́рзам ’мяць лён, трапаць яго’, якія суадносяць з *dьrati пашыраным на ‑g‑ < і.-е. *derH‑gh‑ ’цягнуць, ірваць, торгаць, здзіраць скуру’ (Фасмер, 1, 500–501; ЭССЯ, 5, 221; Сной₂, 124; Махэк₂, 127; ЕСУМ, 5, 603).

То́ргаць2 ’крычаць (пра драча)’ (ТСБМ). Слова пабудавана на гукаперайманні крыку гэтай птушкі, падобнага да дорг! (рус. дёрг!, польск. der‑der!), якое паўтараецца да 15 разоў (Праабражэнскі, 1, 179; Фасмер, 1, 501; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 103; Струтынскі, Nazwy, 114).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ірва́ць 1 і рваць 1, (і)рву, (і)рвеш, (і)рве; (і)рвём, (і)рвяце; незак., каго-што.

1. З сілай выхопліваць, рэзкім рухам вырываць, зрываць. Ножык, шапку з крыкам [людзі] З рук маіх ірвуць. Бядуля. У комінах вятры раўлі да рання, Ірвалі дахі, білі, што ў званы. Астрэйка. // Аддзяляць, адрываць ад сцябла, галінак (кветкі, плады і пад.). Ірваць яблыкі. □ Нагнуўшыся нізка-нізка, Люба краскі рвала, пляла вяночак. Мурашка. Адам ішоў памалу, .. ірваў жытнія каласы, выбіраў адтуль малочныя зярняткі і дробненька іх перажоўваў. Нікановіч. // Убіраць з поля, вырываючы з коранем (пра лён, каноплі і пад.). На славу вырас даўгунец! Але столькі работы... Закончыць ірваць. Абабіць. Спяшацца слаць. Мыслівец. Лубін ірвалі і вязалі ў снапы. Ермаловіч. // Выдаляць хірургічным шляхам (пра зубы). Ірваць старыя карані.

2. Рэзкім рухам раздзяляць на часткі; разрываць. Ірваць паперу. Ірваць ніткі. □ Да свята пасылку шле дзецям яна, Ірве на ўпакоўку сшытак. Лось. // перан. Спыняць, разрываць (адносіны, сувязі і пад.).

3. Кусаць, грызці (пра драпежных жывёл). Мурза.. з гучным гаўканнем накінулася на мядзведзя і давай ірваць яго зубамі за заднія ногі. Бядуля. Тарыел убачыў доўгае цела, .. бурую поўсць Мітрафанавага сабакі, які рваў за горла вялікага плямістага звера. Самуйлёнак.

4. Разбураць, узрываць што‑н. з выбухам. Партызанскі атрад «За Радзіму» наносіў удары па ворагу, ірваў чыгункі, граміў гарнізоны паліцыі. Жычка. Лёд ірвуць на Заходняй Дзвіне — Падпіраюць неба слупы ледзяныя. Барадулін. // перан. Рэзка парушаць цішыню, змрок і пад. [Гулкія выбухі] рвалі перадранішнюю цішыню, абуджалі трывогу і смутак. Карпаў.

5. безас.; перан. Разм. Імкнуць куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Нешта само рвала .. [Кацярыну] наперад. Якімовіч.

6. Разм. Нарываць. Палец ірве. // безас. Пра рэзкі, пякучы боль. Зуб ірвала ўсю ноч.

7. Разм. Хутка і многа рабіць. [Касперскі:] Значыць, будзе [Бондар] з хлебам. Цяпер ён пойдзе рваць! Моцны чалавек! Гурскі. // Хутка, парывіста імчаць, бегчы. Варшаўскі злосна сцёбае пугай жарабца, той з месца рве галопам. Жычка. // Бурна, інтэнсіўна праяўляцца (пра сілы прыроды). Вецер ірве. Бура рве.

•••

Ірваць бакі (жываты) — моцна смяяцца, заходзіцца ад смеху.

Ірваць горла (глотку) — тое, што і драць горла (глотку) (гл. драць).

Ірваць жылы (кішкі, пуп) — цяжка працаваць, надрывацца на якой‑н. рабоце.

Ірваць з зубоў — сілаю адбіраць у каго‑н. што‑н.

Ірваць з рук — купляць нарасхват.

Ірваць на сабе валасы — быць у адчаі; моцна перажываць, дакараць сябе.

Ірваць на часткі каго — не даваць спакою каму‑н., бесперапынна турбуючы справамі, даручэннямі і пад.

ірва́ць 2 і рваць 2, (і)рве; безас. незак., каго.

Разм. Ванітаваць. Галя казінага малака не ела. Як толькі паднясе к роту — ірваць верне. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́цны, ‑ая, ‑ае.

1. Які цяжка парваць, разбіць, зламаць і пад.; трывалы. Моцная вяроўка. Моцныя карэнні. Моцны будынак. □ На возеры пры млыне лёд яшчэ быў моцны. Бядуля. Замок быў вялікі, цяжкі і, мабыць, вельмі моцны. Курто. // Цэлы, не парваны. Боты яшчэ моцныя.

2. Здаровы, дужы. Моцны арганізм. Моцнае сэрца. □ Гаспадар быў з выгляду моцны і дужы. Чорны. Аж уздыбіліся коні, спыненыя моцнай рукой старога Архіпа. Лынькоў. // Які робіцца з вялікай сілай. Моцны ўдар. □ Вось Чоран зрушыў Лысага,.. адкідае яго моцнымі штурханамі рагатае галавы. Колас. // Інтэнсіўны, сканцэнтраваны. Спачатку вораг абрушыў на гэты адрэзак фронта гвалтоўны і моцны агонь артылерыйскай падрыхтоўкі. Брыль.

3. Значны па ступені свайго праяўлення, моцы, велічыні. Моцны вецер. Моцны сон. □ На дварэ стаяў моцны мароз. Гартны. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // Гучны. Моцны трэск. □ Два сабакі спаткалі .. [Нахлябіча] моцным брэхам. Чорны. Моцны стук у шкло кабіны перапыняе цяжкія развагі. Кулакоўскі. / Пра голас. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.

4. Надзейны, устойлівы; трывалы. Моцная дружба. Моцныя сувязі. □ Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. // Глыбокі, вялікі (аб пачуццях, перажываннях і пад.). Моцнае ўражанне. □ Марына ў моцным узрушэнні Бліжэй к танкісту падышла. Колас. Засталося толькі адно моцнае пачуццё: нянавісць да ворага, тая вялікая, святая нянавісць, якую адчуваў у тыя дні кожны савецкі чалавек. Шамякін.

5. Магутны, аўтарытэтны. Моцная дзяржава. □ Больш моцную пазіцыю [у ААН] пачалі займаць краіны Азіі і Афрыкі. Філімонаў. // Значны па свайму ўздзеянню, пераканаўчы. Моцны ўплыў. □ На гэтым лісце было напісана тое, што называецца незвычайным і вельмі ж, мусіць, моцным словам — пратэст. Брыль.

6. Добра ўмацаваны. [Свірын:] — Вось таму і моцная наша граніца, што разам з пагранічнікамі яе ахоўвае ўвесь савецкі народ. Пальчэўскі. Даволі значны стратэгічны пункт Рагачоў ператвараўся захопнікамі ў моцны апорны вузел. Брыль. // Добра ўзброены, шматлікі. Моцны гарнізон. Моцная ахова. □ Навокал стаяў моцны канвой. Лынькоў.

7. Насычаны, канцэнтраваны; не разбаўлены. Моцны настой. □ Увайшоў Сцёпка да пана і закашляўся пасля моцнага тытуню. Якімовіч. // З вялікай колькасцю градусаў. Моцнае віно. // Рэзкі, востры. Моцны водар мяты. □ З пуні патыхнула моцным, такім знаёмым Сцяпану пахам сырой зямлі і свежага сена. М. Стральцоў.

8. Разм. З вялікім дастаткам; багаты, заможны. Моцны калгас. Моцная гаспадарка.

9. перан. Дасведчаны, вопытны, спрактыкаваны; з добрымі ведамі. Моцны вучань. □ У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны. Колас.

•••

Заднім розумам моцны — аб непрадбачлівым, някемлівым чалавеку.

Моцнае слова (слоўца) гл. слова.

Моцны арэх гл. арэх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́заць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, за што. Торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі. — Добра б, каб вы [Цімка] пра гэта Лёдзі расказалі... — сказаў Шарупіч, не зважаючы на тое, што жонка тузае яго за крысо. Карпаў. [Мартыневіч] падганяў сваю Чорную, дужую, але ляную кабылу, тузаў лейцамі, цмокаў, крычаў, але яна не слухалася. Чарнышэвіч. У швачнай гудзелі машыны. Заўважыўшы Ваську, .. [дзяўчаты] кінуліся да яго гаманлівай стайкай, церабілі за пінжак, тузалі за рукі. Лынькоў. // Цягаць за валасы, вушы і пад. Раман крыху пастаяў, потым рашуча падышоў да ложка, узяў Сафрона за кучаравую чупрыну і пачаў тузаць. Чарнышэвіч. Машынка [майстра], як і нажніцы, раз-пораз так тузалі мае валасы, што аж іскры мітусіліся ў вачах. Паслядовіч. // Тармасіць, трэсці. Я абшчапіла .. [бацьку] за плечы, тузала, смяялася. Савіцкі. Разбудзілі [Ігната] пасля таго, як доўга тузалі за плечы. Галавач. // Разм. Біць, калаціць, трэсці каго‑н. Тады жонка Змітрака, хітрая жанчына, пачынала тузаць мужчын, даваць то аднаму, то другому ў каршэнь ды выпіхваць з хаты. Кавалёў. // Рэзкім рухам кранаць з месца. [Шафёр:] — Чапляй [трос] там!.. Ды не тузай рыўкамі... Аношкін. [Андрэй] азірнуўся — ззаду падскоквалі ўгару снапы; трактар тузаў воз. Пташнікаў. / у безас. ужыв. Вагон калыхала і тузала на кожным стыку. Грахоўскі. Вагон хадзіў ходарам. Эшалон тузала, бразгалі буферы. Ставер. // Торгаць сюды-туды, імкнучыся адчыніць што‑н. [Маці] тузала дзверы, бразгала жалезам, пакуль адчыніла. Чорны. // Шавяліць, развяваць, рваць што‑н. (пра вецер). Ветрык весні, ветрык-гарэза Ўсё трасе і тузае сад. Караткевіч.

2. каго-што. Рытмічна торгаць, пранізваць (пра боль). Пасля ўсёй гэтай валтузні Кандрат Назарэўскі пачуў яшчэ больш, як боль востра тузаў нагу. Чорны. Часам Ганна вярэдзіла .. [пазногаць], і руку ламаў, тузаў моцны боль. Мележ. // безас. Разм. Нудзіць, рваць. Выжлятніка тузала ў качарэжніку ля грубкі. Пташнікаў. На ўсю царкву не пах ужо — смурод, І чхае, й кашляе народ, Таго ўжо тузае і рве. Крапіва. // безас. Выклікаць рэзкі штуршок. Забыўшы пра гэта, жанчына дакранаецца рукой да металічнага прадмета, і яе тузае электрычным разрадам. Новікаў. // чым. Рабіць рэзкія сутаргавыя рухі якой‑н. часткай цела. [Ігнат] напінаў рукі, тузаў плячыма, ірваўся. Мележ.

3. перан.; каго. Разм. Не даваць спакою каму‑н., дакучаць якімі‑н. патрабаваннямі. Крытык, родненькі! Даруй Мне з маёю музай! Кіраваць — то ты кіруй, Ды не вельмі тузай. Крапіва. [Ермаліцкі:] — Да таго ж у нас пачынаецца справаздача, і замест работы мы будзем толькі тузаць людзей, а яны і так перагружаны. Скрыган. А жыццё тузае людзей, як захоча. Асіпенка. // Надаядаць каму‑н. шматлікімі пытаннямі, просьбамі. Ганьку тузаюць малыя: — Што ты прынесла? Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рак1 ’беспазваночная, пакрытая панцырам прэснаводная жывёліна’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), параўн. рус. рак, польск. rak ’тс’, в.-луж., н.-луж., чэш. rak ’тс’, славен. rak ’тс’, серб. рак, балг. рак ’тс’, макед. рак. Не мае здавальняючай этымалогіі. Прынята формаўтварэнне з прасл. метатэзай *rakъ < *orkъ. Існуючыя этымалогіі рак пераважна абапіраюцца на семантыку ’апрануты ў шкарлупінне’, ’шурпаты’ або ’той, што капае, рые, коле’. Ільінскі (РФВ, 74, 126) параўноўвае рак з літ. ràkti, rankù ’калоць, калупацца, капаць’, лат. rakt ’тс’. Длугаш-Курчабова (427–428) аднаўляе першаснае значэнне рак як ’тое, што занураецца, упіваецца, угрызаецца ў нешта’ на падставе параўнання з літ. erkē ’клешч’, лат. ērcêt ’выклікаць рэзкі боль’, параўн. таксама лат. ērce ’клешч буйной рагатай жывёлы, тып жука’. Распаўсюджана супастаўленне рак са ст.-інд. karkaţas ’рак’, karkaras ’шурпаты’, грэч. καρκίνος ’рак’, лац. caner ’тс’ < і.-е. *karkro‑ ’тс’. У рэканструкцыі Сноя (521) мяркуецца і.-е. *karkro‑ > *krākrъ > з наступным выпадзеннем пачатковага k і сананта r. Значэнне ’апрануты ў шкарлупу’ набліжае слова да форм ра́ка (гл.) ’дамавіна’, ра́кавіна, раку́шка (гл.) ’шкарлупінне малюска’, што лічацца роднаснымі да лац. arceō ’зачыняю’, arca ’скрыня’, гот. arka ’тс’ (Якабсон, IJSLP, 1, 267; Фасмер, 3, 437–439). Дадаткова Сной (521), абапіраючыся на кельц. рэфлексы і.-е. *karkro‑ ’рак’, *krako‑ ’цвёрды, шкарлупінне, абалонка’, рэканструюе слова з семантыкай ’цвёрды, апрануты ў панцыр, з цвёрдай скурай’ і параўноўвае рэдуплікаваны ст.-інд. karkara ’цвёрды’ з вал. crach ’кара, шкарлупінне, абалонка’, craig ’скала’, с.-ірл. crach ’цвёрды’. Не выключана, што назва рэалізуе і развівае паняцце раздвоенасці ці выгнутасці з зыходным фармантам *ra‑/rak‑, што ўзыходзіць да і.-е. *er‑/or‑/ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’. Семантыка ’раздвоенасці’ ці ’выгнутасці’ рэалізавана ў тым ліку ў ра́кам ’стаяць сагнуўшыся’ (гл.), ра́кі ’лапці’ (гл.), рак ’шпянёк, канал для выхаду мукі ў жорнах’ (Мат. Гом.), рачо́к ’палка з раздвоеным канцом’, ра́кавіна ’раздвоены капыт’ (гл.). Сюды ж і літ. erkē са значэннем ’драўляныя козлы’, ’прыстасаванне для распілоўкі дроў, што мае скрыжаваную форму’. Параўн. таксама рус. дыял. раковина ’клюшня ў рака’. Параўнанне з лац. arcuare ’выгінацца’, arcus ’дуга, выгін, крывізна’, дазваляе меркаваць, што рак названы па выгнутых клюшнях (Борысь, 509–510), хаця да гэтай этымалогіі можна прывязываць форму рака наогул.

Рак2 ’хвароба cancer’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Прынята тлумачэнне, што назва хваробы непасрэдна капіруе назву жывёліны рак, бо існавалі ўяўленні, што ў чалавека пасяліўся рак (гл. рак1), ці ракавая пухліна нагадвае рака, ці, паводле Борыся (510), наватвор, як рак пажырае сваю ахвяру, што ў сукупнасці трэба аднесці да народнай этымалогіі. Магчыма, назва з’явілася ў еўрапейскіх мовах пасля непасрэднага перакладу з грэч. καρκίνος ’рак’ ці καρκίνομα ’рак, ракавае ўтварэнне’ — азначэнне хваробы, ужытае пры яе апісанні Гіпакратам (Фрыск, I, 789). Параўн. лац. cancer ці ням. Krebs, якія таксама могуць азначаць назву жывёлы і хваробу. Заўважым, што ў Даля — рак ’хвароба, вонкавай прыкметай каторай з’яўляецца зацвярдзелая язва асаблівага выгляду’. Дасюль, магчыма, рак першапачаткова не хвароба, а менавіта нарост, з пакрываючымі яго прадольнымі барознамі ці язвамі. Параўн. з бел. ра́кавіна3 (гл.) ’нарост, гуз, звязаны з ранай на дрэве’ (ТС), рус. дыял. раковистый камень ’камень з выбоінамі’, раковистый ’з неглыбокімі шчарбінамі, зломамі’ (Даль).

Рак3 ’расліна скрыпень балотны, Epilobium angustifolium L.’ (бяроз., Нар. лекс.). Метафарычны перанос з рак1 (гл.) з-за знешняга падабенства расліннай мяцёлкі да клюшні рака, параўн. аналагічнае рус. варонеж., а таксама дан. рак ’кактус’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мя́ккі, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўгінаецца пры націсканні, не робіць уражання цвёрдасці, шчыльнасці пры датыканні; няжорсткі, няцвёрды. Лёг Янка на мяккую пасцель і заснуў як забіты. Якімовіч. Сцежка была мяккая, тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны. // Тонкі, шаўкавісты, эластычны (пра валасы, шэрсць, матэрыю і г. д.). Мяккая воўна. Мяккі лён. Мяккі хром. □ [Аксеня] апусцілася над.. [Янам] на калені, заглянула ў твар, ласкава пагладзіла яго мяккія валасы. Пестрак. // Далікатны, не грубы. Нечакана нечыя мяккія і цёплыя пальцы ласкава прыкрылі вочы. Шыцік.

2. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе форму пры сцісканні; проціл. цвёрды. Мяккая марка сталі. Мяккая гліна. □ Лясны грунт мяккі, падатлівы. Рыдлёўка ідзе ў зямлю добра. Ставер. Мароз адпаў, снег быў мяккі і не рыпеў пад нагамі. Паўлаў. // Свежы, нячэрствы. Мяккі пірог. Мяккі хлеб.

3. перан. Прыемны для ўспрымання; не рэзкі. Голас быў у Цярэшкі прыемны, мяккі і такі шчыры, што ішоў, здавалася, ад самога яго сэрца. Краўчанка. Лямпа з сінім абажурам залівала мяккім святлом стол і паперы. Карпюк. На дварэ дзьмуў мяккі вецер, ціха шумеў у лісцях клёнаў, што акружалі казармы. Дудо. // Плаўны, павольны. Мяккая хада. Мяккія рухі. □ Некаторыя [людзі] кінуліся адразу назад, ад штабеляў, ад берага, туды, .. дзе хадзілі пад сонцам мяккія, жытнія хвалі, дзе ўтульна зелянеў ускраек лесу. Лынькоў. // Ціхі, прыглушаны; ледзь чутны. Ад ракі даносіліся крыкі, смех, чуліся мяккія ўсплёскі вады. Дуброўскі. У калідоры пачуліся крокі. Асцярожныя, мяккія, як кашэчыя. Арабей.

4. перан. Некантрастны; не зусім выразны. Мяккія ружовыя цені калыхаліся між шэрых камяніц, раставалі ў зялёным змроку садоў. Лынькоў.

5. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; хісткі, няўстойлівы. Мяккі «таварыш», проста як вата, Хоць куды хочаш яго запіхай. Крапіва. // Сардэчны, спагадлівы, чулы. Міхасёў бацька Лявон Архіпавіч быў чалавек мяккі, душэўны. Якімовіч. Калі .. [пісьменнік] пачаў гаварыць аб дзецях, аб якіх мала дбаюць бацькі, .. то некаторыя больш мяккія натуры ўцерлі слязу. Колас. // Які выражае сардэчную дабрату. Калі развіталіся за саўгасаўскім садам, Міша сказаў, і словы яго былі мяккія, добрыя: — Прыходзь часцяком, да нас. Баранавых.

6. Нястрогі, паблажлівы; проціл. суровы. Мяккі прыгавор. Мяккае абыходжанне.

7. перан. Пазбаўлены рэзкасці, грубасці; далікатны. У голасе разам з мяккім дакорам чулася зморанасць. Гарбук. Мяккі тон маёра адразу раззброіў.. [Пальчыка]. Дамашэвіч. [Панна Ядвіга] тварам была копіяй бацькі, толькі з болей мяккімі і дробнымі рысамі. Бядуля.

8. Цёплы, несуровы (пра клімат, пагоду і пад.). Мяккі клімат. □ Нават Клім Турок, самы стары ва Узлессі чалавек, не памятаў такой мяккай зімы. Шахавец.

9. Які вымаўляецца прыбліжэннем сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення (аб зычных гуках). Мяккія зычныя.

•••

Мяккая вада гл. вада.

Мяккая мэбля гл. мэбля.

Мяккая пасадка гл. пасадка.

Мяккі вагон гл. вагон.

Мяккі знак гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тупы́, ‑ая, ‑ое.

1. Такі, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць і пад., недастаткова навостраны; проціл. востры. Тупы нож. Тупая сякера. □ Рыдлёўкі былі тупыя, а зямля цвёрдая, як камень. Асіпенка. // Які размешчаны насупраць завостранага канца, вострага краю. Тут жа ля воза [Васіль] уткнуў кассё ў мяккую зямлю, трымаючыся моцна рукой за тупы край касы, стаў мянташыць. Мележ. Ад невясёлых думак .. [Данік] абмакнуў у чарніла тупы канец алоўка і напісаў на парце: Д. Малец. Брыль.

2. Які не звужаецца ці мала звужаецца, закруглены на канцы. Мае бацькі як бы ў аддзяку за поспехі ў навуках купілі мне шарсцяны касцюм, шаўковую сарочку і бліскучыя туфлі з тупымі насамі. Навуменка. Мокры пясок заскрыпеў пад тупым носам баркаса. Самуйлёнак. // Шырокі, круглы (пра галаву, морду і пад. жывёл). Нерпы высоўваюць над халоднай паверхняй вады свае тупыя морды. Бяганская. Галава ў сазана маленькая, тупая, з тоўстымі мясістымі губамі і маленькім ротам. Матрунёнак.

3. перан. Разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы (пра чалавека). Спачатку .. [Янка] стаў дарэктарам і два месяцы вучыў дзяцей на хутары ў нейкага шляхціца. Дзеці былі пераросткі і вельмі тупыя. С. Александровіч. [Андрэй:] — Што знайшла ў .. [Халусце] Алена? Дурны, тупы, як даўбешка. Чарнышэвіч. Няхай Баракаў бяздарны механік, тупы і абмежаваны чалавек, але ў яго сівыя скроні і дзеці ў інстытутах вучацца. Шамякін. // Які сведчыць пра разумовую абмежаванасць. [Пан] увесь час сыпаў тупыя жарты і танныя досціпы. Машара. // Неразвіты, слабы. Толя злуе, што ў мяне тупы слых і дубовыя пальцы. Скрыган. // Пазбаўлены разумнага зместу, значэння. Стаяў між ёю [Марынай] і Данілам Тупы закон, як плот глухі. Колас. [Якаў:] — Работа бясконцая, жыццё тупое, толькі што іншы раз вечарам да шляхецкіх дзяўчат сходзіш. Чарнышэвіч. У .. [Курце] прабудзілася нешта жывое, чалавечае. Можа ўбачыў, што, акрамя аднастайнай і тупой лагернай службы, ёсць яшчэ на зямлі сапраўднае жыццё. Ракітны.

4. перан. Які прыйшоў у стан атупення; раўнадушны, абыякавы (пра чалавека). І стаялі над трупам героя тупыя ад злосці Немцы. Страх ледзяніў іх звярыную кроў. Панчанка. // Які сведчыць пра атупенне, пазбаўлены разумнасці; бяссэнсавы. Тупы страх. Тупы смутак. □ З Андрэем Лясніцкі стараўся не бачыцца, бо чуў да яго нейкую незразумелую тупую варожасць. Зарэцкі. // Які нічога не выказвае, бяссэнсавы (пра погляд, твар і пад.). Тупы позірк. □ [Марына Паўлаўна] праводзіла .. [Карызну] тупым адзеравянелым поглядам і ціха, пахіліўшы галаву, выйшла на вуліцу. Зарэцкі.

5. Не востры, глухі; ныючы (пра боль). [Ліда] цяжка апусцілася на лаўку, і толькі цяпер, адчуўшы тупы боль у сэрцы, моцна прыціснула рукой тое месца на грудзях, дзе білася сэрца. Васілевіч. Тупы боль у плячах не даваў магчымасці прытуліцца да сцяны, і хлопец доўга сядзеў сагнуўшыся, потым лёг па жывот. Федасеенка.

6. Глухі, не рэзкі, не звонкі (пра гукі). Вецер свістаў ля акна, і чуцен быў трэск галін бярозы, што з тупым гукам біліся адна аб адну ў цемры. Пестрак. І раптам зверху даляцеў дзіўны тупы грукат, нібы нешта звалілася. Караткевіч.

•••

Тупы як абух — някемлівы, неразумны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круці́ць, кручу, круціш, круціць; незак.

1. каго-што. Прыводзяць у кругавы рух; вярцець. Круціць педалі. □ Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас. Вада круціла вялікае кола, аж дрыжалі сцены. С. Александровіч. // Разм. Паварочваць у розныя бакі. Ганне Сцяпанаўне падабалася, што Алесь збянтэжана круціць у руках шапку, што ў яго вачах замілаванне да яе дачкі і дакор за яе кпіны. Шыцік. Той [вартаўнік] доўга круціў у руках пропуск. Асіпенка.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок. Гэта думка можа з гадзіну свідравала краўцовы мазгі, ён выцягваў шыю, круціў галавой. Чорны. [Вераб’і] палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Лынькоў.

3. што. Звіваць, скручваць што‑н. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты і перавязваў імі Святлане ногі вышэй калень, а Міхал стаяў, нахіліўшыся над Зінай. Кулакоўскі. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. // Скручваць з паперы (цыгарку, папяросу). Ганскі закінуў лейцы на ручку плуга і на хаду пачаў круціць цыгарку. Крапіва. Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе і, адарваўшы лісток, пачаў круціць папяросу. Кулакоўскі. // Завіваць, перабіраючы пальцамі. Пад ялінай стаяў, Вус круціў у кручок Паляўнічы-фарсун, Лапатун і дзівак. Бядуля.

4. каго-што. Прыдаваць віхравы рух чаму‑н. Завіруха круціла пасмы снегу, хапалася закрыць сумную пустату халоднай беллю. Мележ. // без дап. Узнімаць снег, пыл і пад.; месці (пра завіруху і пад.). Круціла і замятала дарогу мяцеліца. Васілевіч. Завіруха круціць. Маразы Грукаюць, аж дуб стары гудзе. Бялевіч.

5. Разм. Ухіляцца ад прамога адказу; хітрыць, шальмаваць. — Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш. Навуменка. // Спрытна выходзіць з якога‑н. становішча. — Круціць, нягоднік. Хоча вывернуцца. Новікаў. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды, стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч. // Жульнічаць. — А мы нічога, Мацвей Сцяпанавіч, мы толькі правучылі тут трохі аднаго, каб не круціў болей у картах. Лынькоў.

6. з кім. Разм. Быць у любоўных адносінах, сувязях з кім‑н. — Трымаешся за спадніцу Герасімовічышкі... Твая Варка даўно круціць з Данілам, а ты мне вочы колеш, — і Рыгорка ўедліва разрагатаўся. Дуброўскі.

7. каго. Разм. Караючы, цягаць за вушы, валасы. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

8. перан. Разм. Па-свойму распараджацца, камандаваць кім‑н. — Пэўна, заслужаны, калі так крута круціць. Быкаў.

9. што. Рабіць свердлам дзіркі ў чым‑н. Круціць дзіркі.

10. перан.; звычайна безас. Балюча пранізваць што‑н., прычыняць рэзкі боль. — Круціць усяго, ўзнімае з ложка, кідае ў бяздонне... Падварочвае пад грудзі. Хапаюць колькі, не дыхнуць. Пташнікаў.

•••

Круціць галаву каму — а) заблытваць, збіваць з толку. — Ой, сынок, не круці ты мне галаву. Васілевіч; б) прывабліваць, улюбляць у сябе. [Люба] завіхаецца ля кожнага хлопца. І не тое, што каб сур’ёзна, а так, абы галаву каму круціць. Лынькоў.

Круціць галаву над чым — старацца зразумець, вырашыць што‑н.

Круціць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Круціць носам — адмаўляцца, упірацца, выказваць незадавальненне.

Круціць раман з кім — знаходзіцца ў любоўных адносінах; фліртаваць.

Круціць рукі каму — сілай загінаць рукі за спіну і звязваць іх.

Круціць хвастом — а) хітрыць, крывадушнічаць; б) легкадумна паводзіць сябе, гуляць з многімі (пра жанчыну).

Як ні круці — нягледзячы ні на што, у любым выпадку, пры любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́нкі, ‑ая, ‑ае.

1. Невялікі ў папярочным сячэнні; проціл. тоўсты. Тонкі лёд. Тонкія ніткі. Тонкі сшытак. Тонкая кніжка. □ [Насця:] Я дастала з куфра тонкае палатно. Чорны. Ад ярусаў да самай вады падложаны тонкія, доўгія бярвенні. Колас. // Зроблены, пашыты з нятоўстага матэрыялу. Тонкая сукенка. □ Мароз шчыпле за нос, прарываецца праз тонкі шынель. Лынькоў. // перан. Не густы, празрысты (пра туман, дым і пад.). Тонкая восеньская імжа вісела ў паветры, нібы павуцінне. Бядуля. — Бачыш, дыхае, цеплынёю радуецца зямля, — паказвае Тамара на ледзь прыкметную пару, якая тонкім, танюсенькім павуціннем сцелецца над свежаю, сонцам прыгрэтаю раллёю. Бялевіч.

2. Невялікі ў абхваце; не тоўсты, вузкі ў косці (пра чалавека, яго фігуру, часткі цела). Тонкія пальцы. Тонкая талія. □ Перахвачаная ў паясніцы, з рэвальверам, які абцягваў папружку, тонкая, зграбная — .. [Ганна] чаравала ўсіх. Нікановіч. У перамежку паміж выбухамі кашлю .. [Ніна] ляжыць з заплюшчанымі вачыма. Толькі час ад часу ўзнімае перад сабой тонкія ручкі, усхліпвае ад болю і шэпча: «бабка, піць...» Брыль. Ты [дзяўчына] прайшла з усмешкай цёплай, Прашумела, нібы ветласць Той вясны, што ты адбіла Тонкай постаццю дзявочай. Панчанка. // Не грубы, не шырокі, прыгожага, далікатнага складу (пра твар, рысы твару). Дзе, якой зарою чырваніла Яна вусны тонкія свае. Броўка. У прыпухласці губ, у тонкіх рысах твару я заўважыў нешта новае; нібы .. [Люда] штось прадчувала, а можа, і чакала чагось важнага. Дуброўскі. Жанчына была прыгожая, .. з тонкім далікатным тварам. Маўр.

3. Невялікі па шырыні, вузкі. Тонкая лінія. □ На .. лбе [Любы] зрабілася тонкая маршчынка і, зварухнуўшыся, знікла. Чорны. Сцяжынкай тонкай над старой канавай Іду з касою між ракіт густых. Гілевіч.

4. Высокі (пра гукі, голас). Раптам .. [Іліко] пачуў нейкі тонкі гук, як бы недзе звінеў камар. Самуйлёнак. Дзіця сумысля закрычала высокім сваім тонкім голасам. Чорны.

5. Які складаецца з дробненькіх часцінак. Абмытае каменне .. блішчала пад сонцам, пакуль лета не ўкрые яго тонкім засцілам бялявага пылу. Чорны. [Серафіма да Тэклі:] — То ж я прыйшла табе сказаць, што можа ў цябе няма чаго-небудзь, можа мукі няма свежанькай пшанічнай, то мой стары ўчора толькі змалоў, тонкая такая, беленькая! Краўчанка.

6. Складаны, выкананы з вялікай увагай, умела, па-мастацку. [У гісторыка-этнаграфічным музеі ў Мадрасе] сабраны ўзоры вельмі тонкай разьбы па дрэве. «Полымя». [Дубок:] — Хочаш далікатную работу — і тут мае рукі ход маюць, абы толькі [ін]струменцік да ладу. Бо на тонкай рабоце з сякерай не разгонішся. Лынькоў. // Складаны, які патрабуе ўмелага, далікатнага падыходу. [Мельнік:] — Зразумей, каханне — справа тонкая! Карпюк. // Дэтальны, дакладны, дасканалы. Тонкае веданне справы.

7. Ледзь прыкметны, які з цяжкасцю адрозніваецца. Тонкія адценні колераў. □ Дзівіць [восень] людзей размалёўкаю тонкаю. Лісце кляновае — лапкі чырвоныя Гусі пакідалі ў лужыны звонкія... Тармола.

8. Прыемны сваёй вытанчанасцю, не рэзкі (пра смак, пах і пад.). Тонкія віны. Тонкія духі. □ Водар ліпавых кветак, тонкі, ледзь-ледзь улоўны, напаўняе паветра. Мікуліч.

9. Тактычны, далікатны (пра чалавека, яго душу). [Мастак да Галі:] — Калі не памыляюся, вы... вельмі ўражлівы, .. з тонкай душой чалавек. Ракітны. // Выключны, незвычайны (пра выхаванне, манеры, гутарку, культуру і пад.). Тонкае выхаванне. Тонкія манеры абыходжання.

10. Які вылучаецца розумам, густам, праніклівасцю, глыбокім веданнем справы. Тонкі крытык. □ Партызанства ў сабе маю дастаткова. Але як стаць такім тонкім псіхолагам, вынаходлівым палітыкам, дыпламатам?! Карпюк. Я бачыў у .. [настаўніку] тонкага педагога, які добра ведаў, што палкаю цяжка загнаць і ў дзверы, а ласкаю можна ўціснуць і ў вузкую шчыліну. Дамашэвіч. Купала як перакладчык паказаў сябе тонкім знаўцам творчасці Міцкевіча. Лойка.

11. Гібкі, праніклівы, які схоплівае малапрыметнае (пра розум, мысленне). Тонкі розум. // У якім выяўляецца глыбокае разуменне чаго‑н., пранікненне ў сутнасць. Тонкая крытыка. Тонкі псіхалагізм. // Дасціпны, умела завуаліраваны (пра іронію, гумар і пад.). Тонкі гумар. Тонкі намёк. □ — Ты [Люба] Хадкевіча да сябе выпішаш, — з тонкай насмешачкай падкалола Аня. Васілевіч. // Эмацыянальна-ўзвышаны, паэтычна-ўсхваляваны. Трапяткое крыло галубінае і з’яўляецца адной з важнейшых адзнак паэзіі Ізі Харыка, адзнак яе тонкага лірызму. Лынькоў.

12. Не адразу прыкметны, які тоіцца ў глыбіні чаго‑н.; такі, да якога трэба даходзіць, дазнавацца. Тонкія адценні ў значэнні слова.

13. Дасканала арганізаваны і дакладны па выніках. Тонкі хімічны аналіз.

14. Чуллівы, які ўспрымае самыя слабыя раздражненні (пра органы пачуццяў і іх дзейнасць). Тонкі слых. Тонкі зрок. □ У Надзі добры голас. Тонкі музы[каль]ны слых. Гарбук.

•••

Тонкая кішка гл. кішка.

Кішка тонка (тонкая) у каго гл. кішка.

Тонкая штучка гл. штучка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак., каго-што.

1. Вярнуць назад узятае ў каго‑н. Аддаць доўг. □ Што вінен, аддаць павінен. Прыказка. // Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што‑н. Аддасць сонейка моц сваю жыватворную, вылье праменямі гарачымі на зямлю. Шынклер.

2. Даць, перадаць што‑н. каму‑н. Марыя аддала дзяўчынцы свой шынель, а сама ўзяла малога на рукі. Кулакоўскі. Аддай рукамі, а хадзі нагамі. Прымаўка. // Перадаць што‑н. каму‑н. ва ўласнасць або на карыстанне. [Алесь:] — Я сваю хату аддаю пад калгасныя яслі. Васілевіч. Мікіта.. быў мужчына гарачы, часта лаяўся, соваўся біцца, аднак, калі прышлося блаславіць Марылю перад шлюбам — расплакаўся, як бабёр, і ўсё аддаў пасля, і вяселле справіў, як людзі. Брыль. // перан. Перадаць што‑н., падзяліцца чым‑н. Аддаць вопыт, веды, пачуцці. // перан. Ахвяраваць кім‑, чым‑н. дзеля каго‑, чаго‑н. Аддаць сілы, здароўе. □ [Азорыч:] Ах, каб зламаць, разбіць глухія краты. Каб вырвацца на волю і сказаць: Смялей наперад — перамога наша! За гэта я не толькі рад памерці, Гатоў па кроплі кроў сваю аддаць. Глебка. [Ружак:] — Дзесяткі тысяч герояў аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Шамякін. // Не ўтрымаць, уступіць што‑н. непрыяцелю ў барацьбе. Хіба ж можам яе [зямлю] мы аддаць Чорнай бандзе дзяліць і таптаць? Глебка. // Патраціць час, працу, намаганні на што‑н. Некалькі дзён.. [Тоўхарт] аддаў нейкім сваім заняткам за сталом, а пасля выехаў паглядзець.. старыя акопы. Чорны. // Здаць што‑н. куды‑н. для якой‑н. мэты. Аддаць бялізну ў пральню. Аддаць туфлі ў рамонт. □ Даўно гатовыя ўспаміны Я ў той жа дзень Аддаў бы ў друк! Барадулін.

3. Накіраваць на вучобу, службу. Аддаць у салдаты. □ Любу тым часам бацька аддаў у гімназію. Мурашка. А слова невуцтва не раз Служыла дурням за наказ. — Дык вось, нарэшце, узялі Асла ў навуку аддалі. Купала. // Выдаць замуж. А ўсяму, не сляпы я, была толькі прычына — Не аддаць Кацярыны за батрацкага сына. Танк.

4. Прадаць (па якой‑н. цане). — А божухна! Дык ты ж танна аддаў! — заенчыла кабета. Чыгрынаў. // Заплаціць за купленае. [Цётка Палагея:] — Гэта ж дваццаць рублёў аддала. Дорага кабанчыкі. Ермаловіч.

5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Аддаць загад. Аддаць рапарт. Аддаць перавагу. Аддаць каманду.

6. без дап. Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю). Вінтоўка перш тузанула, потым аддала прыкладам у плячо. Баранавых. // Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад’ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму‑, чаму‑н.

7. безас. Адазвацца болем у якой‑н. частцы цела. Аддало ў спіну.

8. Зак. да аддаваць (у 2 знач.).

9. Спец. Адвязаць, паслабіць якар і пад.

•••

Аддаць (богу) душу — памерці. Скуратовічыха больш не ўстала з пасцелі і аддала богу душу. Чорны.

Аддаць голас — прагаласаваць за каго‑н. на выбарах. Выбаршчыкі заяўляюць аб сваёй гатоўнасці аддаць галасы за лепшых сыноў і дачок народа. «Звязда».

Аддаць даніну — выказаць павагу, выканаць доўг пашаны, прызнаць. Аддаць даніну традыцыям.

Аддаць (даць) «добрай раніцы», «добры дзень» («дабрыдзень»), «добры вечар», «добрай ночы» («дабранач») — прывітацца ці адвітацца, сказаўшы «добрай раніцы», «добры дзень» і г. д. Лявон «добры вечар» аддаў, але гаворкі не пачаў. Чарнышэвіч.

Аддаць жыццё за каго‑, што‑н. — памерці, абараняючы каго‑, што‑н. Аўтар успамінае пра тых, што аддалі сваё жыццё за перамогу. Бугаёў.

Аддаць забыццю — лічыць забытым што‑н., не ўспамінаць аб чым‑н.

Аддаць за так — аддаць бясплатна.

Аддаць за чорта лысага — аддаць каго‑, што‑н. за каго‑н. невядомага, чужога. Нагу аддаў на [імперыялістычнай] вайне за нейкага чорта лысага маёра Пігулеўскага. Скрыган.

Аддаць канцы — а) памерці; [Афіцэр:] — Панове! Наш паважаны камандзір.. Грыгорый Апалінаравіч аддалі канцы! Мележ; б) у марской справе — адвязаць, паслабіць швартовы.

Аддаць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).

Аддаць належнае каму‑, чаму‑н. — ацаніць па заслугах каго‑, што‑н.

Аддаць на суд каму — прадставіць што‑н. для разгляду і ацэнкі.

Аддаць пад суд — узбудзіць супраць каго‑н. судовую справу. — Паказвай запісную кніжку! — загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа. — Я аддам цябе пад суд! Колас.

Аддаць пад распіску — распіскай засведчыць згоду атрымаць ці перадаць каго‑, што‑н. пад сваю адказнасць.

Аддаць паклон — пакланіцца каму‑, чаму‑н. Тваёй красе, тваёй чароўнай сіле Яшчэ не раз паклон, відаць, аддам. Панчанка.

Аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. — прызнаць лепшым, больш мэтазгодным у параўнанні з іншымі. Што ні кажы, а я аддаю перавагу звычайнаму зямному транспарту. Лынькоў.

Аддаць свой (апошні) доўг — ушанаваць памяць каго‑н., правесці да магілы.

Аддаць у людзі (уст.) — адправіць, паслаць служыць. Узяла яго хрышчоная маці, падгадавала трохі дый аддала ў людзі пасвіць гусей. Янкоўскі.

Аддаць чорту душу — прадацца (пра несумленных, здрадлівых людзей, пра злачынцаў).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)