шчы́калатка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Сучляненне касцей галёнкі з касцямі ступні, якое выдаецца па баках нагі. Шчыкалаткі былі загорнуты анучамі, якія былі запраўлены ў салдацкія чаравікі. Новікаў. // Абл. Сучляненне касцей на пальцах рук. [Парфеніха] пастукала шчыкалаткамі пальцаў аб паліваны бок. Баранавых. Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў ля шчыкалатак голыя рукі. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абсталява́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. абсталёўваць — абсталяваць.

2. Сукупнасць прыстасаванняў, прылад, механізмаў і пад., неабходных для чаго‑н. Электрычнае абсталяванне. Мантаж абсталявання. Завод аснашчаны самым новым абсталяваннем. □ [Іваноў:] — Падпольшчыкі Мінска просяць дастаць ім рускія шрыфты і друкарскае абсталяванне. Новікаў. // Мэбля для памяшкання; мэбліроўка. Абсталявання мала. Трэба набыць канапу, люстраную шафу, вялікі насценны гадзіннік, ды ці мала чаго! Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жада́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад жадаць.

2. у знач. наз. жада́ючы, ‑ага, м. Той, хто жадае атрымаць што‑н., прыняць удзел у чым‑н. Перад смерцю Фрык завяшчаў, каб яго музей маглі бясплатна наведваць усе жадаючыя. Новікаў. Пункт, куды накіроўвалі Жадаючых трапіць да партызан.., знаходзіўся кіламетраў за пяць ад праезджай дарогі... Лынькоў.

3. Дзеепрысл. незак. ад жадаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задарма́, прысл.

Разм.

1. Бясплатна, дарма. Адразу кідалася ў вочы, што чалавек, які жыве тут [у шалашы], любіць парадак і не задарма есць панскі хлеб. Колас. // Вельмі танна, за малую плату. Як ні шкада было, прадаў скрыпку, амаль што задарма. Сяргейчык.

2. Без падставы, дарэмна. Ніякавата, відаць, стала [жанчыне], што задарма ўпікнула чалавека. Скрыган. // Дарэмна, без патрэбы. — Пераапраніцеся, таварыш камісар.. Навошта задарма жыццём рызыкаваць? Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зла́зіць 1, злажу, злазіш, злазіць.

Незак. да злезці.

зла́зіць 2, злажу, злазіш, злазіць; зак.

1. Узлезшы на што‑н. або спусціўшыся куды‑н., пабыць там і вярнуцца назад. Злазіць на гарышча. Злазіць у склеп.

2. Засунуць куды‑н. руку (рукі), каб узяць што‑н. Гаспадыня злазіла ў кубел, адрэзала лусту сала і каўбасы, выцягнула агурок і ўсё гэта падала Раі. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зняве́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

Нанесці каму‑, чаму‑н. фізічныя пашкоджанні; пакалечыць. Твар цяжка было разгледзець, так яго знявечылі фашысты перад павешаннем. Новікаў. // Нанёсшы значныя пашкоджанні, давесці да непрыгоднасці, сапсаваць (пра рэчы, прадметы). Даніла даўно пайшоў пехатою да тых далёкіх непраходных хмызоў, якія сваёй дрыгвою зусім знявечылі канал. Пестрак. // перан. Зрабіць дрэнны ўплыў; сапсаваць. Знявечыць душу. Знявечыць жыццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марадзёр, ‑а, м.

1. Той, хто грабіць забітых і раненых на полі бою і займаецца грабяжом насельніцтва ў час вайны. Каб ноч віднейшая была, Ноч на чужой зямлі, Шміт марадзёрам загадаў Будынкі падпаліць. Танк. Па дарозе ехалі фурманкі.., нагружаныя нарабаваным дабром... — Траха не будзе, калі аднаго марадзёра мы затрымаем, — рашыў Мікола. Новікаў.

2. перан. Разм. Спекулянт, які прадае тавары па вельмі высокай цане.

[Фр. maraudeur — грабежнік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нава́лам, прысл.

1. Без парадку, кучай. У куце навалам ляжалі вінтоўкі. Новікаў. Узбоч дарогі, што аднекуль з-за пакрыўленых, замшэлых хмызоў падступала да аэрадрома, навалам ляжала вялікае каменне. М. Стральцоў.

2. Разм. Натоўпам, вялікай масай. [На левым флангу] былі лепшыя падыходы для немцаў, дык яны лезлі на партызанскія пазіцыі навалам. Кулакоўскі.

3. Разм. У вялікай колькасці. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наклю́нуцца, ‑нецца; зак.

1. Стаць прабітым дзюбай (пра шкарлупіну яец, з якіх вылупліваюцца птушаняты).

2. Пачаць прарастаць, распускацца (пра зерне, пупышкі). Кроплі шумна капалі з галінкі, і ўся бярозка варушылася, быццам ад ветру. Яе шакаладныя пупышкі ўжо наклюнуліся. Хомчанка.

3. перан. Разм. Выпадкова трапіцца, абазначыцца, намеціцца. Наклюнулася добрая работа. □ [Лашук:] — Заўтра канчаткова рашу, ці можна прымяніць тут адзін варыянт. Сёе-тое ўжо наклюнулася. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неарганізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены арганізаванасці; бязладны, непланамерны. [Слаўна:] — [Атрады] ёсць, але, відаць, яшчэ малыя, неарганізаваныя. Новікаў.

2. Які не можа дзейнічаць дакладна і планамерна, правільна арганізаваць жыццё; недысцыплінаваны. Андрэйка Казакевіч запісаўся ў калгас не самы першы. А чаму не першы? На гэта сам ён цяпер кажа: «Неарганізаваны я быў хлопец». Чорны.

3. Які не ўваходзіць у склад якой‑н. арганізацыі. Неарганізаваная моладзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)