з’е́здзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
1. Паехаць куды‑н., пабыць там з якой‑н. мэтай і вярнуцца назад. З’ездзіць па дровы. З’ездзіць у горад. З’ездзіць у госці. З’ездзіць паглядзець новабудоўлю. □ У нядзелю Ганна Лявонаўна і Іван Трахімавіч з’ездзілі на базар, купілі тое-сёе. Корбан.
2. што. Пабыць у шмат якіх мясцінах, аб’ездзіць якую‑н. тэрыторыю. З’ездзіў усю краіну ўдоўж і ўпоперак. □ Не мала страціў зім, Не мала з’ездзіў свету. Не вытрымаў Максім, Рашыў: Дадому еду. Куляшоў.
3. каго-што. Разм. Сапсаваць, зрабіць непрыгодным ад частай язды. З’ездзіць колы. // Часта або многа ездзячы па чым‑н., стаптаць, папсаваць. З’ездзіць пасевы. З’ездзілі калёсамі ўсю пожню.
4. па чым, каму. Разм. Стукнуць, ударыць (у 6 знач.). — Трэба было, унучка, чапялою разы са тры па гарбу яму з’ездзіць. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спа́йка, ‑і, ДМ спайцы; Р мн. спаек; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спайваць — спаяць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. спайвацца — спаяцца. Вось Федзя ўжо ў музычнай школе, Развучвае дыезы ды бемолі, Хаця жадання ў хлопчыка няма. Ён у кішэнях носіць гайкі І марыць аб майстэрстве спайкі, Але дарма. Корбан.
2. Месца спайвання, злучэння частак чаго‑н. Мы саставілі замкнуты ланцуг розных металічных дратоў, і адну спайку награвалі, а другую ахалоджвалі. «Беларусь».
3. перан. Яднанне, калектывізм, цесная сувязь. Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. Разумее настаўнік, што сялянам бракуе грамадскае арганізацыі, спайкі. Навуменка.
4. Від злучэння розных органаў і тканак, а таксама месца гэтага злучэння. Спайка паўшар’яў галаўнога мозга. // Паталагічнае злучэнне тканак у выніку запаленчага працэсу. Утварэнне спаек у страўніку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тармазі́ць, ‑мажу, ‑мозіш, ‑мозіць; незак., што.
1. і без дап. Запавольваць, спыняць рух чаго‑н. (звычайна пры дапамозе тормаза). За колькі гоняў ад мястэчка .. [Каленік] пачынае тармазіць, потым і зусім спыняе машыну. Лупсякоў. Васіль, шуруючы топку, раптам спалохана ўскрыквае: — Стоп! Тармазі! Андрэй спыняе паравоз. Васілёнак. // без дап. Спыняцца або сцішаць свой ход (пра транспартныя машыны). Аўтобус рэзка тармозіць.
2. Сцішаць, стрымліваць рух чаго‑н. Фурманкі з параненымі .. тармазілі рух атрада. Брыль. [Багуцкі:] — Я ад імя ўсіх нас вялікую клятву даў у Маскве: .. тармазіць немцу ход на чыгунцы, збіваць з яе ўсімі сродкамі. Лынькоў. // перан. Затрымліваць развіццё чаго‑н., перашкаджаць развіццю чаго‑н., быць перашкодай. [Сцяпан Ягоравіч] званіў субпадрадчыку, які не закончваў даручаных яму работ і тармазіў здачу ў эксплуатацыю гатовага аб’екта. Корбан.
3. Спец. Выклікаць тармажэнне (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уздыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Рабіць уздыхі. — Добрая душа гэта паненка, — казала бабка і ўздыхала. Колас. Відаць, не лягчэй на сэрцы было і ў Паўліка, бо ён прыціх і толькі час ад часу ўздыхаў. Бяганская. / у перан. ужыв. Вада і неба былі чорныя, глуха ўздыхала бездань акіяна. Хомчанка. Уздыхаў на пероне цягнік, Залатыя губляючы іскры. Глебка.
2. перан.; па кім-чым. Сумаваць, тужыць. Уздыхаць па далёкай радзіме. □ [Цёця Каця:] Вас мне шкада, Аляксандр Пятровіч. [Чарнавус:] Чаго ж па мне ўздыхаць? Я ж не памёр. Крапіва. Трэці быў няўклюдны малы, які ўвесь час уздыхаў па нейкай сваёй гармоні. Лынькоў. // па кім. Быць закаханым у каго‑н. Добры быў хлопец, А зараз па ім Болей дзяўчына Не будзе ўздыхаць, — П’яніц дзяўчаты Не хочуць кахаць. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пранікнуць куды‑н., змяшацца з чым‑н. Сашка ўмяшаўся ў натоўп.. Доўга сядзеў на скверы і, як зачумлены, пайшоў да бацькі. Чорны.
2. Увайсці, унікнуць у чые‑н. справы, адносіны, прыняць актыўны ўдзел у іх. Лабановічу прыкра было слухаць такія скаргі [пані падлоўчай], бо яны як бы ставілі яго ў ролю суддзі і прымушалі так ці іначай умяшацца ў чужое жыццё. Колас. У час умяшалася ў звадку і мачыха Чарнушкаў: сілком адвяла Ганну ўбок. Мележ. [Машы] было цікава і дзіўна слухаць. Захацелася самой умяшацца і сказаць нешта значнае, разумнае. Шамякін. // Прыняць удзел у чым‑н. з тым, каб спыніць што‑н. [Семянюк:] — Я прыйшоў прасіць партыйны камітэт умяшацца і прыпыніць знішчэнне барка. Мяжэвіч. Вось ухапіліся [свёкар і бацька] ўжо за бароды... Маці ўмяшалася, Іх разнімае. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
міну́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўжо прайшоў, мінуў. Марыя з роспаччу паведаміла, што мінулай ноччу ў санчасці было трывожна. Кулакоўскі. Гнілая зіма мінулага года была асабліва цяжкаю для будаўнікоў. Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною карою абрасталі тросы пад’ёмнікаў. Грахоўскі. // Які быў раней, былы. Нібы зноў вярнуліся мінулыя радасці, мінулыя думы. Лынькоў. А тым часам перад Палінай праходзілі ўсе, адзін за адным, дні яе мінулага жыцця. Кавалёў.
2. у знач. наз. міну́лае, ‑ага, н. Тое, што прайшло, адышло; былое. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі. Аддаючы належнае народнаму мастацтву, многія дзеячы культуры разумелі, што нельга .. фарміраваць нацыянальны стыль, пакінуўшы без увагі багатыя мастацкая традыцыі мінулага. Шматаў. Лізу Сцяпан ніводнага разу не папракнуў мінулым. Корбан.
•••
Адысці ў мінулае гл. адысці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. што. Падцягваючы канцы чаго‑н., завязаць, абвязаць тужэй. Падціснуць воз з сенам. □ Старшыня нейкім адмысловым жаночым рухам падціснула ражкі касынкі пад падбародкам і дакранулася да локця юнака. Даніленка. // Закруціць тужэй. Агледзеў [Міша станок].. знешне, гайкі падціснуў, замяніў пасы ад злектраматора на прывод, уключыў. Мыслівец.
2. што. Падцягнуць пад сябе ці прыціснуць да сябе. Калмаценькі сабачка падціснуў хвост і стрымгалоў кінуўся ў садовы бункер, дзе звычайна хавалася ўся сям’я падчас ваенных нягод. Лужанін. // Шчыльна стуліць, сціснуць губы. Жанчыны сурова падціснулі вусны. Даніленка.
3. перан. Разм. Трохі павялічыцца (пра мароз, холад). Была адліга, потым падціснуў мароз, лісце падмерзла і цяпер звінела, быццам зробленае з гучнай жоўтай фольгі. Савіцкі. / у безас. ужыв. Уначы неяк сыпанула сёння [снегам] ды лёгенькім марозцам падціснула. Шынклер.
•••
Падціснуць (падцяць) хвост — стаць больш сціплым, менш ганарыстым, фанабэрыстым. Балбатуны падціснулі хвасты. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.
1. Абвіць, абматаць што‑н. вакол чаго‑н. Аднак ён усё ж убіў у зямлю адно з нашых моцных вёсел і некалькі разоў абкруціў вакол яго жалезны ланцуг, прыкаваны да лодкі. Кірэенка.
2. Абматаць, абвязаць што‑н. чым‑н. Сотнікаў прыпыніўся, заціснуў між каленяў вінтоўку і змёрзлымі нягнуткімі пальцамі тоўста і нязграбна абкруціў прастуджаную шыю. Быкаў. // Загарнуць у што‑н., накрыць, ахінуць чым‑н. з усіх бакоў. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі і ўвесь у латках бот. М. Стральцоў.
3. перан. Разм. Абхітраваць. [Салдат:] — Тут справа такая цяпер, што ці мы зямлю возьмем і засеем з восені, ці паны нас абкруцяць... Галавач.
4. Разм. Ажаніць. Замуж Хадору Бацькі выдавалі. З хлопцам чужым У царкве абкруцілі. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.
1. Залезці куды‑н. (унутр, углыб чаго‑н., пад што ці на што‑н.). Забрацца ў кузаў машыны. Забрацца пад коўдру. Забрацца на вяршыню гары. □ Барсук вярнуўся з палявання. І толькі ў кару сваю забраўся ён, Як тут жа куляй выкаціўся вон... Корбан. Міколка забраўся спаць на свой тапчан. Лынькоў. // Употай прабрацца куды‑н. Аднойчы адвячоркам летнім забраўся [Юрась] у Цітавы агуркі. Маеўскі. // Пранікнуць (пра холад, вецер і пад.). З завеяю ліхой Забярэцца ў дом мароз, Прабярэ цябе наскрозь. Танк.
2. Зайсці, заехаць куды‑н. далёка. Забрацца на край свету. □ Маці тупала ля печы — рыхтавала снеданне. Раз’ехаліся, разляцеліся яе дзеці. Адна з.. дачок.. аж на Сахалін забралася. Даніленка.
3. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. на доўгі час. Забраўся на цэлы дзень у бібліятэку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сяго́ння і сёння, прысл.
1. У гэты дзень. [Крушынскі] сягоння яшчэ нічога не еў. Бядуля. Імяніннік аграном сягоння. Споўнілася трыццаць год яму. Смагаровіч. Некалькі дзён быў дождж, а сёння свеціць сонца. Брыль. // У сучасны момант, цяпер. Ні лапікаў, ні межаў... і сягоння я даў бы назву новую Смаргоні. А. Вольскі. Не пазнаць зямлі сягоння! Колас. Некалі правінцыяльна-мяшчанскі гарадок [Мінск], сёння адзін з прыгажэйшых гарадоў нашага вялікага Савецкага Саюза. Хведаровіч.
2. у знач. наз. сяго́ння і сёння, нескл., н. Цяперашні дзень. Білеты на сёння прададзены. □ Да сягоння жыве памяць Аб злым гэтым дусе На ўсёй чыста Украіне І на Беларусі. Купала. // Тое, што існуе, маецца цяпер; сучаснае. Наша сягоння. □ Узнімаліся тосты за гаспадароў, .. за наша шчаслівае сёння і светлае заўтра. Корбан.
•••
Не сягоння, дык заўтра; не сягоння — заўтра — вельмі хутка, у бліжэйшы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)