Трахе́я ‘дыхальнае горла’, трахе́і ‘сасуды ў раслін’ (ТСБМ). Запазычанне з лацінскай медыцынскай наменклатуры, параўн. с.-лац. trāchea < ст.-грэч. (ἀρτηρία) τραχεῖα ‘дыхальнае горла’ (літаральна ‘цвёрдая ці шорсткая артэрыя’) (Голуб-Ліер, 486; ЕСУМ, 5, 624–625). Сюды ж трахеі́т ‘запаленне слізістай абалонкі трахеі’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́рмас ‘ізаляваны посуд для захавання цёплым яго змесціва’ (ТСБМ). Ад рус. те́рмос ‘тс’ з адаптаванага ў 1920‑я гады ням. Thermosflasche ‘тс’ або ўтворанага непасрэдна ад англ. thermos flaske ‘тс’, у аснове якіх грэч. νέρμη ‘цяпло’ (ЕСУМ, 5, 556; Арол, 4, 64).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́хніка ‘сукупнасць прыёмаў і машын; навыкі дзейнасці’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Пятр.). Еўрапеізм, што распаўсюдзіўся з ням. Technik ‘тс’ у сярэдзіне XIX ст. Праз новалац. technika выводзіцца з грэч. τέχνη ‘майстэрства, уменне’ (Фасмер, 4, 54; ЕСУМ, 5, 563; Арол, 4, 69).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ідыёт. Праз польск. idiota (параўн. ідзіво́т (Бяльк.) з рус.). З лац. idiōta ’недасведчаны, невук, прасталюдзін, прасцяк’ < грэч. ἰδιώτης ’прыватная асоба, міранін, прасцяк’ ад ἴδιος ’прыватны, уласны, асаблівы’. Слаўскі, 1, 443; Шанскі, 2, I, 14. Пад рус. уплывам усякаецца ‑а на канцы слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сатана́ ’у некаторых рэлігіях — злы дух, які супрацьстаіць богу, д’ябал’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сата́н ’сатана; надакучлівы чалавек’ (Нас.), са́тан, сатана́ ’сатана’, сата́нье ’чэрці’ (ТС). Укр., рус. сатана́, ст.-рус. сатана, ст.-слав. сотона, чэш. satan, satanáš, славац., н.-луж., в.-луж. satan, серб.-харв., славен. sotona, балг. сатана, сатона, макед. satana. Старажытнае запазычанне з грэч. σατανας, якое са ст.-яўр. sāţān (Міклашыч, 317; Фасмер, 3, 565; Кіпарскі, Gemeinslaw., 130), а не з гоц. satana, як лічаць Стэндэр–Петарсан (Slaw.-germ., 430 і наст.), Махэк₂, 538. Форму сатана Фасмер (там жа) тлумачыць другасным прыстасаваннем да грэч. формы. Сюды ж сатані́ць ’сварыць каго-небудзь з кім-небудзь’, ’шкодзіць’, ’зводзіць, падбухторваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тала́нт ’самая вялікая адзінка вагі і грашовая адзінка ў Старажытнай Грэцыі і на Усходзе’ (ТСБМ), ст.-бел. талантъ ’тс’: два таланты (1616 г., Карскі 2–3, 334), талентъ, талантъ ’тс’ (Сл. Скар.). Праз ст.-слав. таланътъ ’тс’ з грэч. τάλαντον з індаеўрапейскім коранем *tel‑ ’падымаць (на вагі), узважваць’, што мела значэнні: ’адзінка вагі ў 26,2 кг’, ’грашова-разліковая, але не манетная адзінка, срэбная або залатая’, ’вагі’. З грэч. τάλαντονлац. talentum (у значэнні грэчаскай меры). Усходнія славяне з XI–XII стст. ведаюць словы талантъ, таланто ў значэннях ’вага і манета ў старажытных грэкаў і рымлян’ і ’талент’ (Сразн., 3, 921; Чарных, 2, 226; Фасмер, 4, 14–15). Гл. та́лент.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маг ’чарадзей, чараўнік’, ’жрэц, які спраўляў рэлігійныя абрады і прадказваў будучае’, (ТСБМ). Ст.-бел. макгъ, макгусъ (пач. XVII ст.). Запазычана праз польск. (ці рус.) мову з лац. magus < грэч. μάγος < ст.-перс. maguš (Барталомэ, 1111; Фасмер, 2, 554; Лёхін, 414). Сюды ж ма́гія, ма́гічны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глыбо́кі ’глыбокі’ (БРС), укр. глибо́кий, рус. дыял. глыбо́кий, чэш. дыял. hlyboký, балг. дыял. глибо́к і г. д. Прасл. дыял. *glybokъ. Гэта вельмі архаічная форма, варыянт да *glǫbokъ ’тс’ (параўн. грэч. γλύφω, лац. glūbō). Гл. Фасмер, 1, 417–418; Трубачоў, Эт. сл., 6, 160. Параўн. глабіна́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Базіліка ’расліна Acinos Moench. arvensis, душыца палявая’ (Кіс.). Параўн. рус. базилик Ocimum basilicum’, базилика ’Clinopodium’, укр. базилик ’Calamintha Clinopodium’, чэш. (ст.) bazylika ’Ocimum basilicum’ і г. д. Крыніцай гэтых назваў з’яўляецца лац. basilicum (< грэч. βασιλικόν ’каралеўскі’, гл. Махэк₂, 49). Параўн. яшчэ Мяркулава, Очерки, 138, 140.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Магні́т ’цела, якое мае ўласцівасць прыцягваць да сябе жалезныя, стальныя прадметы і адштурхоўваць некаторыя іншыя’ (ТСБМ, Бяльк.). Запазычана праз рускую або яшчэ праз ст.-рус. мову са ст.-грэч. λίθος Μαγνῆτις ’камень з г. Магнезія’, ст.-рус. магнитъ камень (Праабражэнскі, 1, 500; Фасмер, 2, 556).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)