нечапа́ны і нячэ́паны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не чапалі, да якога не дакраналіся. Нечапанай стаіць на стале вячэра. А. Вольскі. Купала запаліў электрычнасць, запрасіў пасунуцца да стала, дзе ад самага пачатку размовы так і стаяла нячэпанай бутэлька цынандалі. Лужанін. [Стэфка] брыла па сінім гладкім нечапаным снезе. Бядуля. // перан. Нявінны, цнатлівы. Эй, яблынька, Спей, румяная. Я дзевачка Нечапаная... А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напластава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. напластаваць.
2. Асадкавыя ўтварэнні ў горных пародах у выглядзе пластоў. Напластаванні зямной кары. Напластаванні пяскоў.
3. перан. Якая‑н. асаблівасць у культуры, свядомасці, характары больш позняга альбо чужога паходжання; наслаенне. Класавыя напластаванні. Напластаванні вякоў. □ Складана пераплятаюцца .. [у краінах Махрыба] напластаванні культур Фінікіі, антычнай Еўропы і мусульманскага Усходу з дасягненнямі сучаснай цывілізацыі. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пало́нны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца ў палоне (у 1 знач.). Па цэнтральнай вуліцы прагналі некалькі чалавек палонных немцаў. Гурскі. / у знач. наз. пало́нны, ‑ага, м.; пало́нная, ‑ай, ж. Два палонныя, намагаючыся да апошняга, цягнулі пад рукі таварыша, каб не даць яго пад кулю. Брыль. // Захоплены, заняты войскам ворага. Палонны Віцебск. Камера. Астрог. Каменная падлога — не мурог. А. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́рна 1,
Прысл. да парны 1 (у 1 знач.); парамі. Парна размешчаныя лісты.
па́рна 2, безас. у знач. вык.
Аб вільготным, душным паветры. Ноччу была навальніца з ліўнем, але свежасці не прынесла. У вільготным паветры па-ранейшаму парна. В. Вольскі. Ружова і роўна свяціла сонца, было цёпла і парна, а за арэшнікам шумеў і булькаў ручай. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бу́рбалка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Паветраны шарык у вадзе або іншай вадкасці. Дарожка, буйных светлых бурбалак, якая з’явілася на паверхні, сведчыла, што на гэты раз бабёр паплыў пад вадой на сярэдзіну ракі. В. Вольскі. Буйны, як боб, град назойліва барабаніў па аканіцах, падымаў бурбалкі ў перапоўненым вадою раўчуку, што перасякаў двор. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зо́ркі, ‑ая, ‑ае.
Які мае востры зрок, добра бачыць далёкія і дробныя прадметы. Убачыўшы .. [шчупака] сваім зоркім вокам, каршун кінуўся на рыбіну з вышыні. В. Вольскі. Бабка Наста стаяла збоку, глядзела сваімі яшчэ даволі зоркімі вачамі, але нічога не чула, і дакорліва ківала галавой. Шамякін. // Праніклівы, пільны, уважлівы. Будзь жа смелым і адважным, Зоркім цёмнымі начамі. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ілюміна́тар 1, ‑а, м.
Круглае воданепранікальнае акно ў борце або ў палубе судна. Задраіць ілюмінатары. □ Вецер мацнее, хвалі робяцца ўсё большымі, б’юць у барты, заліваюць ілюмінатары. В. Вольскі. // Акно ў борце самалёта, касмічнага карабля. Касманаўты падышлі да ілюмінатара. У бясконцай цемры бездапаможна трапятаўся.. прамень магутнага цэнтральнага пражэктара. Шыцік.
ілюміна́тар 2, ‑а, м.
Спецыяліст, які наладжвае ілюмінацыю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згра́я, ‑і, ж.
Разм.
1. Група сабак, ваўкоў і пад. Зграя сабак ахоўвае Скарбы, дабро запаветнае. Дзяргай. [Ваўкі] палююць зграямі на ласёў, аленяў і казуль. В. Вольскі.
2. перан. Банда, шайка. Пракляты навек нямецкі фашызм, няўжо не хопіць ва ўсёй тваёй зграі здольнасці зразумець, што нельга будаваць сваё шчасце на вялікім няшчасці мільёнаў. Быкаў. Зладзейская зграя канец свой знайшла. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераку́пшчык, ‑а, м.
Той, хто купляе што‑н. на перапродаж, для спекуляцыі. Увесь ураджай з разгатых неагледжаных бэр і антонавак за некалькі гадоў наперад быў запраданы касавокаму перакупшчыку Шмуйлу, які з таго і жыў, што браў у арэнду папоўскія і яшчэ там чые сады. Лужанін. Гандляры, пасрэднікі, перакупшчыкі безупынна таўкуцца, шумяць, крычаць, паказваюць узоры тавараў, спрачаюцца, лаюцца. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагля́нуць, ‑гляну, ‑глянеш, ‑гляне; зак.
Выглянуць, паказацца, стаць бачным на кароткі час. Дождж перастаў, праглянула сонца. В. Вольскі. Хмызы парадзелі, і ўперадзе праглянула палоска бурага ворыва. Хадановіч. // Месцамі з’явіцца. Разлілася.. [рэчка] паміж кустамі алешніку, асака праглянула на купінах, зноў дзяўчаты прыйшлі па лясныя кветкі. Даніленка. Трапляюцца толькі сыраежкі, ваўнянкі, ды яшчэ ліпкі масл[я]к прагляне з-пад хваёвай лапы. Кандрусевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)