бусля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Буслава гняздо. Амаль на кожным хляве ці на хаце — буслянка. Бусляняты, раскрыўшы яшчэ не чырвоныя дзюбы, размерана, бездапаможна хекаюць ад спёкі. Брыль. Толькі зрэдку сям-там пракінецца старое дрэва — ліпа з буслянкаю ці ясакар. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аво́ська, ‑і, ДМ ‑сьцы; Р мн. ‑сек; ж.

Разм. Сеткаватая сумка для прадуктаў, дробных рэчаў; сетка (у 4 знач.). Катэр пагойдвала, да прычала спяшаліся людзі з сумкамі, з авоськамі. Арабей. У вагоне — амаль пуста, едуць дзве немаладыя пары з поўнымі кошыкамі і авоськамі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зга́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Разм. Даць ганьбу каму‑, чаму‑н., дрэнна адазвацца аб кім‑, чым‑н. Аксіння Хвядосаўна зганіла амаль усё, што да яе прыходу нагатавала Раіса. Шамякін. Цімох ганарыўся ім, і быў гатоў біцца з тым, хто асмельваўся зганіць Чорана. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кантралява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., каго-што.

Праводзіць кантроль, сачыць за правільнасцю дзеянняў каго‑, чаго‑н.; правяраць. Кантраляваць работу. Кантраляваць ход спаборніцтва. Кантраляваць свае паводзіны. □ Аўтаматы працавалі дакладна. Бурмакоў і Павел амаль зусім не кантралявалі іх і самі гадзінамі не адрываліся ад тэлескопа. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напаўсо́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане напаўсну, не зусім прачнуўся або не зусім заснуў. Напаўсонны чалавек. // Які ўласцівы для таго, хто знаходзіцца ў такім стане. Напаўсонныя вочы.

2. Амаль без сну. Прайшоў дзень, мінула ноч, вельмі падобная на ранейшыя ночы — напаўсонная, трывож[н]ая. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасціна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Пазразаць, пассякаць усё, многае. Журба, амаль непрыкметная, ва ўсім, і перш за ўсё ў травах, якія ведалі, што пасля Янавага дня ім не хаваць у сваіх нетрах Янавых ліхтарыкаў, што прыйшоў іхні час і іх пасцінаюць звонкай касой. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патрэ́бны, ‑ая, ‑ае; патрэбен, ‑бна.

Неабходны; такі, што патрабуецца. Забрала Аленка свае пакуначкі, кніжкі і ўсе патрэбныя рэчы. Колас. [Бумажкоў] быў гаспадарнік усяго раёна: ён ведаў мясцовасць, дзе сам працуе, і яго слова было патрэбным тут. Чорны. Ноччу амаль без перашкод наблізіліся [хлопцы] да патрэбнага раёна. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плата́н, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Вялікае дрэва сямейства платанавых з зеленавата-шэрай карой і шырокімі лісцямі. Іду між кедраў і платанаў, На іхні рост дзіўлюся я. Броўка. Платан прыкрываў амаль усю прыбярэжную касу халаднаватым ценем. Хомчанка.

2. ‑у, толькі адз. Драўніна гэтага дрэва.

[Лац. platanus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Разм. Невыразна вымаўляць некаторыя гукі. Пачынаецца гульня ў даміно. Коля гуляе, як дарослы. Хутка і сур’ёзна абдумвае хады і амаль ніколі не памыляецца. Малы Шурпель.., наадварот, моцна стукае касцямі, злуецца і, як заўсёды ў такіх выпадках, пачынае шапяляць. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каце́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да катла (у 2 знач.). Кацельны цэх. Кацельная гаспадарка. // Прызначаны для катлоў. Кацельнае жалеза.

2. у знач. наз. каце́льная, ‑ай, ж. Тое, што і кацельня. [Алесь] амаль бегаў пыльнымі пераходамі, шмыгаў у люкі, спускаўся ў кацельную, дзе качагары махалі шуфлямі. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)