пакаха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Адчуць каханне да каго‑н.; палюбіць. — Гы, Аленка, памятай: ніхто цябе так не палюбіць, як я. Адну цябе пакахаў і больш нікога не хачу. Колас. Пакахаў Тарас дзяўчынку У дзяцінстве, рана, І да самае да смерці Не забыў Аксаны. Купала. // без дап. Закахацца. [Казімір:] — Каб жаніцца, трэба пакахаць, а так — што? Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
начха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Чхаючы, запырскаць каго‑, што‑н.
2. Разм. Выказаць пагарду да каго‑, чаго‑н. Ну прыйдзе ліха к нам, — Яго не пастрыножыш. Начхай ты на яго. Колас. Устае прад вачыма наш дзень — звычайны дзень простых людзей, што будуюць жыццё, тых людзей, каму, як той казаў, начхаць на запіскі на клямках. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
недаўме́нне, ‑я, н.
Здзіўленне, сумненне, стан нерашучасці як вынік неразумення чаго‑н., няяснасці ў чым‑н. Незнаёмы ўлавіў недаўменне на твары Андрэя і спахапіўся, што ў сумятлівасці сваёй забыў адрэкамендавацца. Дуброўскі. Грушка паціснуў плячыма ў нейкім.. недаўменні і з грымасаю на твары паглядзеў у акно. Пестрак. Садовіч стаяў у недаўменні і не ведаў, што будзе далей. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непадкава́ны і непадко́ваны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае падкоў. Настала зіма, галалёдзіца. Непадкаваны конь і кроку не ступіць. А падкоў няма. Жычка.
2. перан. Разм. Які не атрымаў ведаў у якой‑н. галіне. [Лабановіч:] — Бяда наша, Янка, у тым, што мы непадкаваныя, невялікая наша адукацыя, каб правільна падысці і крытычна паставіцца да праграмы розных палітычных партый. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непрыя́зны, ‑ая, ‑ае.
Які недружалюбна настроены ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Нічога добрага для настаўніка не было і ў другой, і ў трэцяй, і ў наступных кучках карт. То замешваўся нейкі злы і хітры мужчына, то непрыязная жанчына, то сумная дарога. Колас. // Які выражае або праяўляе непрыязнасць, недружалюбнасць. У голасе .. [Алі] Леанід пачуў непрыязную насмешку. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мэ́бля, ‑і, ж., зб.
Прадметы абстаноўкі памяшкання. Два сталы, пісьмовы і звычайны,.. ды некалькі крэслаў складалі ўсю мэблю і абстаноўку канторы. Колас. Выходзячы, Міша не стрымаўся і заглянуў праз прыадчыненыя дзверы ў цесна застаўлены мэбляй пакой. Карпюк.
•••
Мяккая мэбля — мэбля, у якой тыя часткі, што прызначаны для сядзення або ляжання, зроблены на спружынах або набіты чым‑н. мяккім.
[Фр. meuble.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. мяк, мякла; незак.
1. Рабіцца мяккім, менш цвёрдым; размякаць.
2. Рабіцца вялым, расслабленым. Хлопец хоча перавярнуцца, ды раптоўны боль забівае яму дух, ён адразу мякне. Карпюк.
3. перан. Прыходзіць у стан душэўнай дабрата, чуласці, спагадлівасць. Бацька, хоць не прызнаваўся, Ды таксама трохі мяк, Калі часам даставаўся З-за сынка ўвагі знак. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нада, прыназ. з Т.
Ужываецца толькі ў спалучэнні «нада мною (мной)». Тое, што і над (у 1, 2 і 3 знач.). Ой вы, думкі, думкі, Сэрца майго раны! Ці вы мае дзеці, Ці вы кім пасланы? Што ж вы забіліся Віхрам нада мною, І няма ніколі Мне ад вас спакою? Колас. Адшумелі буры нада мной. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надзвыча́йна, прысл.
1. У высокай ступені. Надзвычайна ўпарты. □ З галавой, з шчырасцю аддаўся Пятрусь надзвычайна карыснай справе. Нікановіч.
2. Вельмі, надта. Сярод вясковага люду аўтарытэт Самабыля, як краўца і слаўнага чалавека, стаіць надзвычайна высока. Колас. Таццяна радасна ажывілася — ёй надзвычайна прыемна было, што Зелянюк ставіцца да яе з шчырай даверлівасцю і нават радзіцца з ёй. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надзьму́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад надзьмуць.
2. перан.; у знач. прым. Важны, ганарысты, поўны пыхі. Важны надзьмуты Гунава павольна абышоў стол. Самуйлёнак.
3. перан.; у знач. прым. Пакрыўджаны, незадаволены, сярдзіты. Надзьмуты, злы, расчараваны, Ідзе пан Богут у свой двор. Колас. // Які выражае крыўду. Цяпер .. [Федзя] гаварыў сур’ёзна, і выгляд у яго быў надзьмуты. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)