дзе́дзіч і дзе́дзіц, ‑а, м.
Гіст.
1. Наследнік дзедаўскага памесця, двара, маёнтка. Цяпер сын [пана] Крукоўскага прад’явіў свае прэтэнзіі. Дзед Хвядос так і сказаў: «прэтэнзіі». А калі ён дапасаваў гэтае хітрае слова да маладога дзедзіца, дык дабра не чакай. Бажко.
2. Уладар маёнтка, атрыманага ў спадчыну ад продкаў; землеўладальнік. У тыя часы на Прыдняпроўі ў багатых дзедзіцаў заўсёды існавалі пры стайні, праварыне і бегавых дарожках — словам, пры ўсім, што складала конскі завод — некалькі пакояў, штосьці накшталт мужчынскага клуба. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дро́гкі, ‑ая, ‑ае.
Які трасе або трасецца. Расцёрты ў пальцах лісток пах, як вясковая ралля. Гэта нагадала Свідзерскаму той далёкі час, калі ён з бацькам ездзіў на дрогкай брычцы ў поле. Хомчанка. Усёю пяцярнёю экскаватар у дрогкі кузаў сыпле жаўтазём. Барадулін. // Які выклікае трасенне; няроўны, нягладкі. Цераз колькі хат быў канец даўгой шапятоўскай вуліцы, дзе выходзіла яна дрогкай грэбляй цераз выган у шырокі палявы прастор. Галавач. [У]ецца лясная дарожка, ляскаюць калёсы.. па дрогкай лясной зямлі. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кардо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Каробка з кардону для лёгкіх рэчаў. Кардонка з-пад чаравікаў. □ Калі Віктар Сяргеевіч замест звычайнай доктарскай трубкі дастаў з кардонкі нейкі невядомы ёй апарат, бабка пачала часцей міргаць вачамі і прыглядацца. Якімовіч. Ішлі мадысткі, хаваючы кардонкі пад плашчамі. Караткевіч.
2. Разм. Невялікі кавалак кардону. Кардонка пад насценны каляндар. □ Закончыўшы запаўняць картку, пісар кінуў мне за бар’ер вузенькую кардонку з нумарам: — Насіць у левай кішэні. Ідзі. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кашчу́нства, ‑а, н.
1. Адзін з відаў злачынства супроць веры ў праваслаўнай царкве і ў заканадаўстве царскай Расіі: знявага рэлігійнай святыні.
2. Зневажальныя адносіны да таго, што паважаюць, чым даражаць іншыя. Валянціна Андрэеўна.. амаль узненавідзела іх у гэты міг, мужа і доктара, які ўратаваў яе сына.. — за тое, што ў такі момант, калі Славік, можа, на валаску ад смерці, яны збіраюцца піць спірт. Кашчунства! Шамякін. — Ці ж можна пазбаўляць чалавека найвялікшага шчасця — бацькоўства?! Гэта ж кашчунства. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забрысці́, ‑брыду, ‑брыдзеш, ‑брыдзе; ‑брыдзём, ‑брыдзяце; пр. забраў, ‑ла, ‑ло; зак.
Разм.
1. Брыдучы, зайсці далёка. [Тварыцкі] не даглядзеў чараду, і адна карова забрыла ў лес. Чорны. — Добрую сухастоіну знайсці нялёгка: аж пад Пугачову грыву забрылі. М. Стральцоў.
2. Брыдучы, зайсці куды‑н. выпадкова, мімаходам. Ніхто не заглядвае, мабыць, сюды, Не кратае хмызу, зарослых дарожак, Хіба забрыдзе калі лось малады, Зашоргае лісцем асыпаным вожык. Ляпёшкін. З хаты Тарэнта бачыць увесь свой хутар, кожнага чалавека, які забрыдзе на яго зямлю. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нагля́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Назіранне за кім‑, чым‑н. для аховы, кантролю, вывучэння і г. д. Тайны нагляд. Знаходзіцца пад наглядам дактароў. □ Савет узяў пад нагляд работу сталовых, дзіцячых садоў. Карпаў. Усе зубры знаходзіліся пад сталым навуковым наглядам. В. Вольскі.
2. Догляд, клопат. Хлопчык у такім узросце, калі яму патрэбен асаблівы нагляд. Асіпенка.
3. з азначэннем. Група асоб, якая ажыццяўляе назіранне з мэтай аховы, кантролю і г. д. Тэхнічны нагляд. Санітарны нагляд. Апякунскі нагляд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надаку́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каму, з інф. і без дап.
Зрабіцца сумным, непрыемным сваёй аднастайнасцю, паўтарэннем, перастаць цікавіць каго‑н.; апрыкраць. Ігнасю наогул надакучыў местачковы тлум. Чарнышэвіч. Тамаш прыйшоў позна, калі ўжо ўсім надакучыла чакаць яго. Чорны. Быць толькі сувязной [Валі] надакучыла вельмі хутка. Брыль. Відаць, я моцна надакучыў маці сваімі пытаннямі, бо яна спачатку нахмурылася, а потым перапытала: — Спадабалася, значыць, Зосі лекцыя? Даніленка. / у безас. ужыв. — Не надакучыла яшчэ? — Сагал ціха пакратаў мяне за плячо. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наклі́каць, ‑клі́чу, ‑клі́чаш, ‑клі́ча; зак., каго-што.
1. Наззываць, запрасіць у вялікай колькасці. Наклікаць гасцей на вяселле.
2. перан. Выклікаць якім‑н. учынкам, словам і пад. што‑н. непрыемнае, непажаданае; напрарочыць. Лёнька маўчаў. Ён разумеў толькі адно, што бацька сваім прызнаннем наклікаў нейкую страшэнную непрыемнасць на іх сям’ю. Васілевіч. [Маці] нават баіцца моцна радавацца — а што, калі гэтым наклічаш якую бяду, — і заўсёды сунімае [членаў сям’і]: «Ну, хопіць, насмяяліся ўжо, і досыць». Карпаў.
накліка́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да наклі́каць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наха́бнасць, ‑і, ж.
1. Бессаромная назойлівасць, бесцырымоннасць. Патржанецкі з цікавасцю аглядаў.. сухенькага, ужо старога чалавека, які, нягледзячы на старасць, трымаўся як малады, глядзеў у вочы без страху, але і без нахабнасці. Чарнышэвіч. — А вы не пашкадуеце потым, калі даведаецеся, аб чым ідзе гутарка? — з інтрыгуючай нахабнасцю, нібы пагражаючы, цягнуў далей незнаёмы. Машара.
2. Нахабны ўчынак. Сякерын, не пытаючы дазволу, бярэ дзяўчыну пад руку, а яна, як бы ў адказ на ягоную нахабнасць, левай рукой бярэ мяне пад руку. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́чысць, ‑і, ж., зб.
Разм.
1. Паводле забабонных уяўленняў — нячыстая сіла, чэрці, ведзьмы і пад. Загудзеў .. [парк] нечуванымі галасамі, .. закруцілася пажоўклае лісце — нібы нечысць уся пазляталася з усіх бакоў. Лынькоў.
2. перан. Жывёлы, насякомыя, якія выклікаюць агідлівае пачуццё. [Дзядзька:] — Бусел знішчае мышэй, гадзюк, пацукоў, вусеняў, жукоў і ўсякую нечысць. В. Вольскі.
3. перан. Аб ганебных людзях, якія ўвасабляюць сабою ўсё варожае, цёмнае. Фашысцкая нечысць. □ [Яшчын:] — Тут пра жыццё думаць трэба, а не слёзы ліць, калі нечысць прагналі са сваёй зямлі. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)