гад, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Змяя, гадзюка. [Бусел] ляціць з небасхілу, нішчыць гадаў гатовы... Дубоўка.
2. Разм. лаянк. Пра агіднага, шкоднага чалавека. Ота зірнуў на гаспадара, як на гадзюку, і спакойна сказаў: — Гад! Гнілая калода! Бядуля. Вораг ёсць вораг: грабежнік і кат, Не вер яму, гаду. Колас.
•••
Гад печаны — тое, што і гад (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
га́дкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Вельмі непрыемны (з выгляду, на смак і пад.); прыкры, брыдкі. Гадкае стварэнне. Гадкі сон. Гадкае надвор’е.
2. Агідны, подлы, варты пагарды, ганьбавання. Гадкі чалавек. Гадкі ўчынак. □ — Я, Цімох, не буду апраўдвацца: я ўзяўся за гадкую, паскудную справу. Мяне нанялі войт і яго сябры, каб я стаў фальшывым партызанам і даносіў ім на вас. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
галюцына́цыя, ‑і, ж.
Абман зроку, слыху, нюху або дотыку, які ўзнікае ў выпадку расстройства дзейнасці мозга; уяўнае адчуванне таго, чаго ў сапраўднасці няма. Шалёхін раптам падымае галаву: пачулася яму, ці гэта проста галюцынацыя слыху? — ..Чыесь асцярожныя крокі, нібы хтось крадзецца. Колас. — Трэба супакоіцца. Галюцынацыя, нервы... Цьфу! Белыя тапачкі... Здасца ж такое, — сам сабе засмяяўся Анатоль. Ваданосаў.
[Лац. hallucinatio — трызненне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гаманлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які любіць пагаварыць; гаваркі, гаварлівы. Нейкім асаблівым чуццём .. [Мікалай] адчуў неабходнасць падпарадкавацца гэтаму вясёламу, гаманліваму хлопцу з яснымі вачамі. Шамякін. // Ажыўлены, шумны (пра натоўп, гурт людзей і пад.). Вунь, быццам вецер прашумеў, прамільгнула гаманлівая купка дзяўчат, і ўжо з ваколіцы даляцела задзірыстая прыпеўка. Марціновіч. // перан. Шумлівы, незмаўкальны. Над рачулкай гаманлівай Заводзяць песні салаўі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адбо́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Адабраны з ліку іншых як лепшы; першагатунковы, выдатны. Адборнае насенне. □ Хата была прасторная і пабудаваная з адборнага матэрыялу. Колас. Атрад налічваў каля двухсот адборных малайцоў. Брыль. Па дарозе Ілью Кавальчуку трапляліся фурманкі і аўтамашыны, нагружаныя адборнай сухой бульбай. Паслядовіч.
2. Вельмі грубы, непрыстойны. Жанчына сыпала паліцаям у твар самыя адборныя, самыя моцныя праклёны. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адва́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Асмеліцца зрабіць, сказаць што‑н., выявіць рашучасць, адвагу. Прайсціся трэці раз Сцёпка не адважыўся: лёгка магло стацца так, што хто-небудзь з суседзяў мог бы звярнуць на яго ўвагу. Колас. Хлопчыкі і дзяўчаткі, якія можа ўпершыню ў жыцці адважыліся адмераць доўгія кіламетры ад сваёй вёскі да мястэчка, ідуць купляць падручнікі. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адзна́чыцца, ‑чыцца; зак.
1. Адзначыць сябе, сваё прозвішча ў спісе; зарэгістравацца. Трэба, каб Валера ўжо адзначыўся [у касе] і ехаў далей, а ён яшчэ і сюды не прыбыў. Місько.
2. Стаць прыкметным; абазначыцца, выявіцца. Вочы яе [бабкі] ажывіліся, а на твары адзначылася ўнутранае перакананне ў сіле сва[ёй] здольнасці. Колас.
3. Азнаменавацца чым‑н. Перадмайскія дні адзначыліся новымі працоўнымі поспехамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адкаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, перамясціцца ў які‑н. бок на пэўную адлегласць. Кола далёка адкацілася ад двара і, трапіўшы ў разору, бездапаможна ляжала на баку. Колас. Яблык ад яблыні далёка не адкоціцца. Прыказка.
2. перан. Адступіць, адысці пад напорам праціўніка. Змятай хваляй адкаціўся вораг, Па-над полем кружаць крумкачы. Панчанка. // Аддаліцца. Хваля адкацілася ад берага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адмысло́вы, ‑ая, ‑ае.
Своеасаблівы, адметны, непаўторны. Адмысловы танцор. □ Палескае неба мае свае адмысловыя найтанчэйшыя адценні. Чорны. Хто б падумаў, здагадаўся, Што ў такіх аковах Быў Тарас багаты скарбам, Скарбам адмысловым. Купала. // Спецыяльны, асобага прызначэння. Адмысловыя прысмакі. □ [Хлопцам] ужо шыюць маткі трусы, рыхтуюць рукзакі, падбіраюць адмысловую посуду. Якімовіч. // Цудоўны, выдатны. Рыбак быў дзядзька наш Антоні, Як і работнік, адмысловы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апро́ч, прыназ. з Р.
Тое, што і апрача. Нічога не скажаш, апроч: век жыві і век вучыся. Грамовіч. Ганначка вельмі пільна паглядзела ў той бок і нічога, апроч светлай плямкі ў сіне-зялёнай смузе лесу, не ўбачыўшы, сказала: — У іх ёсць хлопчык Ігар. Брыль. Апроч усяго, Аўгіння ўмела накіраваць справу так, што верх заставаўся за ёю. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)