будава́ць, буду́ю, буду́еш, буду́е; буду́й; будава́ны; незак., што.

1. Узводзіць якое-н. збудаванне.

Б. дамы.

2. Майстраваць, выпускаць машыны і пад.

Б. камбайны.

3. перан. Ствараць, арганізоўваць.

Б. новае жыццё.

4. Намячаць, ствараць у думках планы, здагадкі і пад.

Б. планы.

5. Асноўваць, базіраваць на чым-н.

Б. сваё выступленне на канкрэтных прыкладах.

6. Выражаць, фармуляваць.

Правільна б. сказ.

7. Вычэрчваць якую-н. геаметрычную фігуру на аснове зададзеных памераў.

Б. трохвугольнік.

Будаваць на пяску (неадабр.) — засноўваць на ненадзейных звестках.

Будаваць паветраныя палацы (іран.) — мроіць, планаваць нерэальнае, захапляцца нязбытнымі марамі.

|| зак. вы́будаваць, -дую, -дуеш, -дуе; -дуй; -даваны (да 1—4 знач.), пабудава́ць, -ду́ю, -ду́еш, -ду́е; -ду́й; -дава́ны; наз. пабудо́ва, -ы, ж.

|| наз. будава́нне, -я, н. і будо́ўля, -і, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Бана́н. Рус. бана́н, укр. бана́н. Новае запазычанне з зах.-еўрап. моў (мабыць, праз рус. мову, дзе гэта слова было ўжо ў XVIII ст., гл. Шанскі, 1, Б, 31), дакладней, з франц. banane (а гэта з banam у мове баконго). Ням. (таксама ісп.) мова як пасрэднік дала б форму *банана (ж. р.; Фасмер, 1, 120). Да гісторыі слова гл. яшчэ Локач, 18; Клюге, 48; MESz, 1, 236–237 (там і іншая літ-ра).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́хар ’цукар’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), ’строгі, суровы, сварлівы муж’ (Нас.). Ст.-бел. сахаръ ’тс’ (Булыка, Запазыч., 294). Рус. са́хар, укр. са́хар(ь), ст.-рус. сахаръ (Кірыла Тураўскі, Афанасій Нікіцін і інш.). З грэч. σάκχαρο ад палі sakkharā, ст.-інд. çárkarā ’гравій, галька, пясок; цукар-пясок’ (гл. Праабражэнскі, 2, 254; Фасмер, 3, 567 з іншай літаратурай). Сучаснае беларускае са́хар, відаць, новае запазычанне з рус., прынамсі аўтары Сл. ПЗБ (4, 376) параўноўваюць з рускім са́хар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саю́з ’цеснае аб’яднанне, сувязь дзвюх або некалькіх асоб, груп, таварыстваў, класаў; пагадненне, аб’яднанне арганізацый, дзяржаў для сумесных дзеянняў; назва дзяржаў, грамадскіх арганізацый’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. союз ’тс’, таксама як і іншых вытворных ад яго: саю́зны, саю́знік і г. д. (Крукоўскі, Уплыў, 42, Гіст. лекс., 239). Рус. слова з ц.-слав. съѭзъ; параўн. ст.-слав. съвѫзъ, съѫзъ ’прывязь, рамень, вузы’, ст.-рус. съвузъ ’сувязь, вузы’. Далей да вязаць, вузы; гл. Фасмер, 3, 731.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сёк-сёк-сёк ‘падзыўныя для кароў’ (тураў., ДАБМ, камент., 895). Няясна. Нагадвае метатэзу падзыўных ксʼо‑ксʼо‑ксʼо (староб., ДАБМ, там жа), якія магчыма супаставіць з польск. дыял. kse > se, у чым бачаць далёка прасунутую рэдукцыю першапачатковага k sobie; гл. Махэк₂, 534; параўн. аналагічнае паходжанне ўкр. соб! (пры паганянні валоў), гл. Смаль-Стоцкі, Приміт., 31. Не выключана і новае паходжанне, з дзіцячай мовы, параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт., 25 і наст. Гл. таксама ЕСУМ, 3, 117 (ксо́бі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́лас ‘сакавіты корм для жывёлы’ (ТСБМ), сіло́с ‘тс’, ‘мешаніна’ (Янк. 3.), сі́лас, сіло́с іран. ‘вінегрэт’ (Сл. рэг. лекс., Сл. Брэс.). Новае запазычанне праз рус. си́лос ‘тс’, дзе з’явілася ў 2‑й пал. XIX ст. Крыніцай запазычання з’яўляецца ісп. silos ‘падземнае глыбокае цёмнае памяшканне’, ‘яма для захоўвання збожжа’, якое ўзыходзіць да грэч. σιρός ‘мера аб’ёму’, ‘яма для захоўвання збожжа’; гл. Трубачоў, Дополн., 3, 622; Караленка, Лексикогр. сб., 3, 1958, 139 і наст.; КЭСРЯ, 409.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

эфі́р, ‑у, м.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — самы верхні, чысты і празрысты слой паветра; месцазнаходжанне багоў.

2. Вышыня, паветраная прастора. Я не слыхам — істотаю чую, Як, гайдаючы рэхам эфір, На світанні і ў поўнач глухую Не сціхае магутнае: — Мір! Глебка. // Паветраная прастора вакол зямнога шара, дзе распаўсюджваюцца радыёхвалі. Тройчы перадаваў старшыня ў эфір шыфроўку, тройчы пераходзіў на прыём, але адказу не было. Кухараў. Кожныя тры гадзіны метэаролагі радзіруюць у эфір пра стан надвор’я ў розных раёнах Беларусі. «Маладосць». У мой пакой прыйшлі яны [песні] з эфіру, прабіўшыся скрозь цемру і туман, — то смелы голас абаронцаў міру, то мужны голас слаўных парыжан. А. Вольскі.

3. (звычайна ў спалучэнні са словам «сусветны»). Паводле старых тэорый фізікі — своеасаблівае суцэльнае асяроддзе, якое нібыта напаўняе сабой усю сусветную прастору і дае магчымасць растлумачыць распаўсюджванне святла і электрамагнітных хваль. Навакола, у крупінках эфіру, носяцца частачкі матэрыі, складаюцца, дробяцца і родаяць новае ды новае ў бязмернасці вякоў... Гартны.

4. Спец. Арганічнае злучэнне (напрыклад, кіслот са спіртамі), якое з’яўляецца бясколернай лятучай вадкасцю з характэрным рэзкім пахам і выкарыстоўваецца ў медыцыне, тэхніцы, парфумерыі. Этылавы эфір. □ Прывязаўшы каня, веставы ўвайшоў у хату. Салодкі пах эфіру і крыві шыбануў у нос. Асіпенка.

[Грэч. aithēr.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бач, ф. заг. ладу ад дзеясл. бачыць.

Разм.

1. Ужываецца, каб звярнуць чыю‑н. увагу на што‑н. — Бач, якімі волатамі ўзнімаецца новае пакаленне! — усклікнуў мой таварыш, і ў яго голасе чуліся гонар і замілаванне. Гарбук. Бач, газетчыкі разносяць Свежыя газеты. А. Александровіч. // у знач. выкл. Выкарыстоўваецца пры выражэнні абурэння, незадавальнення чым‑н., здзіўлення (звычайна ў спалучэнні з словам «ты»). [Гукан Шыковічу:] «Бач, раскрычаўся! Пісьмы яго прымушалі пісаць!.. Перапрацаваўся!..» Шамякін. — Бач ты яго, Алёшку, як прыбраўся... — шапталіся жанчыны, седзячы на лаўках. Дайліда.

2. у знач. пабочн. Бачыш; як бачыш. Я яго, бач, сам сустрэў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гатава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Варыцца (пра ежу). На кастры ў чыгунку гатавалася юшка. Гамолка. // Кіпець, кіпяціцца (пра ваду, чай).

2. да чаго або з інф. Разм. Рыхтавацца да чаго‑н., наважвацца зрабіць што‑н. Гатавацца да ад’езду. // Вывучаць што‑н., рыхтавацца да якой‑н. дзейнасці. Новае месца, новыя людзі і тая работа ў школе, якую трэба было распачынаць на гэтых днях і да якой .. [Лабановіч] так доўга гатаваўся, — усё гэта займала яго думкі, і яму было лёгка і добра. Колас.

3. Зал. да гатаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пад’ёмны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пад’ёму (у 1 знач.). Пад’ёмная сіла крылаў. // Які служыць для пад’ёму чаго‑н. Пад’ёмны кран. Пад’ёмны механізм. □ Тэадаліт мае тры пад’ёмныя вінты — пры дапамозе іх прыводзяць лімб у гарызантальнае становішча... Пташнікаў.

2. Зроблены так, каб можна было падняць. Пад’ёмная заслона. Пад’ёмны мост.

3. у знач. наз. пад’ёмныя, ‑ых. Грошы, якія выдаюцца пры пераездзе на новае месца работы. Атрымаць пад’ёмныя. □ [Чалавек], здаецца, не адказаў на маё прывітанне, а папрасіў маё накіраванне. Прабег яго вачыма, паклікаў нейкую Надзю, загадаў ёй мяне «правесці загадам» і выплаціць пад’ёмныя. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)