умудры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Ухітрыцца зрабіць, ажыццявіць што‑н., выйсці з цяжкага становішча. Бацька мой, Карн Яўстратавіч, неяк умудрыўся навучыцца чытаць, трошкі пісаць і слыў на вёсцы за грамацея. Сабаленка. Ходзячы ў дзесяты клас, Пятрок умудрыўся адначасова скончыць курсы трактарыстаў. Хадановіч. // Разм. іран. Зрабіць што‑н. непажаданае, тое, чаго лёгка можна было б пазбегнуць. — Як вы ўмудрыліся ўвесці машыну ў штопар? — задумліва, нібы сам з сабою разважаючы, запытаўся [у Макарава] Дым. Алешка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
форс, ‑у, м.
Разм. Самахвальства, франтаватасць, імкненне здзівіць навакольных (раскошай, манерамі і пад.); шык. Мікола Зязюльскі быў калісь багаты чалавек, задаваў форсу і прагульваў цэлыя сотні рублёў. Колас. Без лётчыцкай шапкі, з бялесымі драбнюткімі кудзеркамі, Сяргей нагадваў цыбатага хлапчука, які для форсу надзеў нечую форму і саромеецца гэтага. Хомчанка. // Фанабэрыя, пыха. Напускны, штучны форс яго зляцеў, як шалупінне. [Горык] нагадваў цяпер вінаватага школьніка і хацеў неяк загладзіць свой учынак. Сапрыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
◎ Каќорыце ’кукуруза, Zea mays’ (паўн., КЭС). Відаць, зб. форма ад какарыца (або какорыца?) ’кукуруза’. Падобныяформы адзначаны Віленскім слоўнікам: kokoryca і ў Ліндэ: kukuryca ’Zea mays’. Слаўскі (3, 337) адзначае, што яшчэ ў XVIII ст.-польск. назвы адчуваліся як усх.-слав. выраз. Укр. дыял. кукуріца, кукуриця, в.-луж., н.-луж. kukurica, чэш. kukurice, славац. kukurica, славен. kukurica, kukorica, kokorl· ca, серб.-харв. кукурница. Вандроўны тэрмін не вельмі яснага паходжання, верагодпа, экспансія тэрміна разам з рэаліяй. На поўначы, магчыма, ад паўднёвых славян. Адносна этымалогіі Слаўскі (там жа) мяркуе, што, сапраўды, нельга, як аб гэтым пісаў Бернекер (1, 640–641 і інш.), выключыць паходжанне слова на слав. глебе. Ён звяртае ўвагу на тое, што найбольш частая ў слав. мовах форма kukurica праяўляе дзіўнае падабенства да слав. тэрмінаў для раслін з асновамі *kokor‑: *kukur‑. Галоўнай перашкодай да версіі аб слав. паходжанні слоў, якія абазначаюць кукурузу, з’яўляецца словаўтварэнне, і калі вышэй прыведзеныя формы можна неяк вытлумачыць на слав. глебе, то шырока прадстаўленне лексемы кукуруза, кукурудза нельга разглядаць у такім аспекце. Агляд версій пад кукуруза (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
блы́таны, ‑ая, ‑ае.
1. Бязладна пераплецены, заблытаны. Блытаныя сляды. □ Ніжэй павуцінне плыве доўгімі блытанымі ніткамі. Алешка. Яшчэ на сцежках блытаных Стаяць іх [партызанаў] буданы. Хведаровіч. // Няцвёрды, няўпэўнены (пра крокі, хаду). Блытаныя крокі.
2. У якім цяжка разабрацца, няясны, недакладны, супярэчлівы. Блытаная справа. Блытаныя паказанні. □ Прамова Лабановіча была наўперад крыху блытаная, словы неяк не слухалі яго, і язык варочаўся не так, як належыць. Колас. Хлопцы недаўменна слухалі блытанае Казікава апавяданне і не зусім разумелі яго. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Імкліва рушыць у якім‑н. кірунку. У казачым стане заварушыліся, некаторыя павыцягвалі з ножак шашкі і памкнуліся на кулямёт. Лобан. Калі гарматы пылілі па вуліцы, нечая шэрая фігура памкнулася ў цагляны дом. Няхай.
2. Намерыцца, паспрабаваць што‑н. зрабіць. Неяк у нядзелю Андрэй памкнуўся быў схадзіць да Тамаша, распытаць пра сёе-тое. Чарнышэвіч. Зянон вопрамеццю кінуўся ў дзверы.. Жонка памкнулася яго стрымаць, але дзе там! М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераго́н 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. пераганяць — перагнаць (у 1 знач.).
2. Участак чыгункі, шашы паміж дзвюма станцыямі, прыпынкамі. Жылі мы ў казарме на перагоне між станцыямі Магілёў і Лотва. Лынькоў. // у знач. прысл. пераго́намі. З перапынкамі. Свежы і мяккі пасля дажджу вецер дыхаў перагонамі, дрэвы то заціхалі, то неяк жаласна і раптоўна шалясцелі густым лісцем. Адамчык.
пераго́н 2, ‑у, м.
1. Малако, абястлушчанае на сепаратары.
2. Прадукт адгонкі парай; адгон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
траі́ць, траю, троіш, троіць; незак., што.
1. Разм. Дзяліць на тры часткі. Траіць бервяно.
2. Злучаць у адно з трох. Траіць ніткі. Траіць рады.
3. Спец. Тройчы пераворваць зямлю. Неяк пад восень, калі Аркадзь траіў папар у сваім калгасе, да яго на матацыкле пад’ехаў гэтакі ж малады, як і ён сам, хлопец. Сабаленка. Хто поле троіць, той хлеб кроіць. Прыказка.
4. Страляць, удараць і пад. па трох адначасова. Траіць з ружжа. Траіць на більярдзе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закалыха́ць 1, ‑лышу, ‑лышаш, ‑лыша; зак., каго.
1. Калышучы, прымусіць заснуць. Каця закалыхала сваю дачку, сядзела і глядзела на вуліцу, на маладзенькі залаты клён. Гаўрылкін. // перан. Супакоіць ласкавымі словамі, лагодным тонам. Тон [рэдактара], яго чалавечая лагоднасць неяк закалыхалі, супакоілі мяне, і я мо нават на момант паверыў яму. Сабаленка.
2. звычайна безас. Калыханнем выклікаць недамаганне, моташнасць. — Зусім закалыхала, — рашае шафёр, памагаючы ўрачу падняцца па прыступках ганка і ўвайсці ў дом. Гарбук.
закалыха́ць 2, ‑лышу, ‑лышаш, ‑лыша; зак.
Пачаць калыхаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зло́мак, ‑мка, м.
1. Непрыгодная, паламаная рэч. — Плуга новага дагэтуль мне не даверылі, а ўсё зломкі. Кірэйчык. // Адламаны кавалак чаго‑н. [Хлопцы] знайшлі неяк зломак сухой асіны, што ляжаў ад зімы. Брыль.
2. (звычайна з адмоўем). Разм. Пра слабага, надарванага чалавека. — Ты мне скажы, — раптам ажыўляецца Марфа, — знойдзеш ты хоць аднаго мужыка, няхай сабе самага апошняга зломка на сяле, каб ён застаўся ўдаўцом? Васілевіч. На развітанне ён сурова сказаў брату: — Не будзь зломкам. Не марнуй часу... Шыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знячэ́ўку, прысл.
Разм.
1. Знянацку, нечакана, неспадзявана. Пытанне застала Віцю знячэўку. Ён схамянуўся і зірнуў у вочы Мікалаю Пятровічу. Нядзведскі. Каханне прыйшло ціха і знячэўку. Марціновіч. // Раптоўна. Рашэнне прыйшло знячэўку, і я паскорыла хаду. Савіцкі.
2. Выпадкова, мімаволі, незнарок. Аднойчы, будучы ў вельмі добрым настроі, Ігнась скакаў, абапіраючыся на парты рукамі, і знячэўку выліў чарніла Лазоўскай Анелі. Чарнышэвіч. А неяк выйшла аднаго разу, што Наташа, вылазячы з машыны, быццам бы зусім знячэўку, прыхінулася да шафёра. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)