здубяне́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які страціў рухомасць, адчувальнасць ад холаду (пра цела, часткі цела). Вось і сапёры. Адны з іх скончылі сваю працу і грэюць цяпер здубянелыя рукі і ногі. В. Вольскі. // Зацвярдзелы, злубянелы (пра адзенне). Соня пакінула на сябе здубянелы ад сырасці плашч. Гроднеў. Дзядзька памалу закасаў заскарузла-здубянелую зрэбную калашыну, агаліў рану. Ставер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́церкі, ‑рак; адз. пацерка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
1. Круглыя або іншай формы невялічкія прадметы з бурштыну, шкла і пад. з дзірачкай пасярэдзіне для працягвання ніткі.
2. Упрыгожанне з такіх прадметаў, нанізаных на нітку; каралі. На шыях мужчын, жанчын і дзяцей вісяць пацеркі з ракавінак, з зубоў і кіпцюроў мядзведзя, ваўка, лісы. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перабо́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Вельмі патрабавальны, капрызны пры выбары каго‑, чаго‑н. Пераборлівы да яды. □ Неяк адна пераборлівая пакупніца патрабавала, каб ёй выбралі самыя лепшыя апельсіны. Прокша. — [Дзікі] не пераборлівыя, — кажа Дзямід, — і на апетыт паскардзіцца не могуць. В. Вольскі. [Таня:] — Відаць, вы пераборлівы вельмі, калі да гэтага часу жонкі не знайшлі сабе па густу. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́рцыя, ‑і, ж.
Пэўная колькасць чаго‑н. [Дзед Талаш] засыпаў у стрэльбу добрую порцыю пораху, туга забіў яго клакам. Колас. Пасля таго, як выпіты першыя шклянкі, у чайнік кладзецца новая порцыя цукру і новыя лісткі мяты, наліваецца свежы вар. В. Вольскі. // Ежа або напітак, разлічаныя на аднаго едака ў сталовай ці рэстаране. Порцыя кашы. Порцыя катлет.
[Лац. portio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сле́дам, прысл.
Услед за кім‑, чым‑н., не адстаючы. Дзяніска схапіў .. [Ганну] за падол і ішоў побач. Клава — следам. Шамякін. / У спалучэнні з прыназоўнікам «за». Памарудзіўшы, следам за моладдзю падаўся і Максім Сцяпанавіч. Карпаў. Мы выбіраемся са сваёй засады і следам за дзікамі ідзём па пратаптанай сцежцы. В. Вольскі.
•••
Следам за дзедам — па прыкладу старэйшых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узгуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Разм.
1. Пачаць вельмі бурна гуляць, захапіцца гульнёю; разгуляцца. Дзіця ўзгулялася. / у перан. ужыв. [Янка:] — У рацэ рыбе так узгулялася, што быццам у гаршку вада кіпіць. В. Вольскі.
2. перан. Дасягнуць у якім‑н. дзеянні значная сілы, інтэнсіўнасці. Узгуляўся вецер. □ Ой, жудасна-халодная Узгулялася зіма. Купала. Нібы вясною, узгулялася сонца. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мякчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіцца мяккім, мякчэйшым. Надвор’е сёння спякотнае, нават асфальт мякчэе пад нагамі. В. Вольскі. — Тытунёвую расаду пасеялі, як толькі пачала мякчэць зямля. Кулакоўскі.
2. перан. Лагаднець, дабрэць. — Хто гэта? Чужы нехта? — голас у Грасыльды мякчэў, калі яна падыходзіла бліжэй. Пташнікаў. Валодзя паступова пачаў мякчэць і здавацца. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́савацца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; заг. ласуйся; незак., чым і без дап.
Есці што‑н. смачнае, любімае. Дзеці будуць ласавацца цукеркамі з барбарысавай начынкай. Хомчанка. Кожную раніцу, на досвітку, вяртаюцца дзікі з трысця на беразе рэчкі, дзе ўсю ноч ласуюцца салодкімі карэннямі вадзяных раслін. В. Вольскі. // перан. Цешыцца, задавальняцца чым‑н., атрымліваць асалоду. Ласаваліся апошнім сонечным цяплом лясныя восы. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лю́тасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць лютага 1. Больш за два тыдні ішлі бесперапынныя, нечуванай лютасці баі. Кулакоўскі. Здавалася, што зіма ўсе свае апошнія сілы, усю сваю лютасць кінула на гэты невялікі пасёлак. Бяганская.
2. Люты; раз’юшаны, гнеўны стан. З лесу паказалася некалькі адзінокіх аленяў. З’яўленне іх выклікала ў сямейнага аленя прыступ лютасці і гневу. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нездаво́лены, ‑ая, ‑ае.
Які адчувае нездавальненне. Бушмар стаяў, як жывы, у .. [Аміліных] вачах, з ссунутымі брывамі, нездаволены, упарты... Чорны. // Які не атрымаў задавальнення ад каго‑, чаго‑н. Толькі мы адплылі, як да буфетнай стойкі падышоў пахмурны, нечым нездаволены пасажыр. В. Вольскі. Пані Ганна была вельмі нездаволена паводзінамі дзяцей. Бядуля. // Які выражае нездавальненне. Нездаволены позірк. Нездаволены голас. Нездаволены выраз твару.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)