пазахо́дзіць, ‑ходзіць; ‑ходзім, ‑ходзіце, ‑ходзяць; зак.

1. Увайсці, зайсці куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Некаторыя [каровы], якім асабліва дакучае спёка, па самае чэрава пазаходзілі ў ваду. Сачанка.

2. Апынуцца дзе‑н. — пра ўсіх, многіх. Пазаходзіць далёка ў лес.

3. Зайсці, падысці збоку — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Варожыя часці пазаходзілі з тылу.

4. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Паглыбіцца ў што‑н. — пра ўсё, многае. Цвікі пазаходзілі ў сцяну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і прагны. Саўка неспакойнымі прагавітымі вачамі акінуў стол і закуску на ім. Колас. Смалякоў тым часам схапіўся за флягу, паднёс яе да губ, дрыжачых, пасінелых, зрабіў некалькі прагавітых глыткоў. Чыгрынаў. Асабліва нясцерпнай была туга вечарамі, калі з таго боку астрога, дзе сядзелі крымінальнікі, у камеру даляталі песні. Нудныя, поўныя жалю, прагавітага жадання волі. Машара. Такі прагавіты і скнарлівы чалавек [Аляксей Гусак], што аж дзіва. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыадзе́цца, ‑адзенуся, ‑адзенешся, ‑адзенецца; зак.

Разм. Набыць сабе адзежу; абзавесціся адзежай. [Галя] дзяжурыла ў вайсковай бальніцы пры тэлефоне; там і кармілі яе, і прыадзелася трохі. Брыль. [Бацька] дастаў з кішэні кашалёк, сказаў: — Бяры, Іван... Табе прыйдзецца трэба. А стрэльба пачакае. Гроднеў. // Адзецца лепш, чым звычайна, адзецца па-святочнаму. Выпускнікі прыадзеліся і з нейкім асабліва радасным пачуццём на сэрцы сядзелі ў пярэдніх радах. С. Александровіч. Уладусь памыўся, прыадзеўся і чакаў свайго дружбака. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упадаба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Прыйсціся па густу. [Прахор:] — Ну, глядзіце сабе, як вам — упадабаецца [хата] ці не ўпадабаецца. Зарэцкі. Шафёр нешта буркатаў сабе пад нос. Відаць, матыў нейкай новае песні ўпадабаўся яму. Кавалёў.

2. Палюбіцца, спадабацца. [Вашыновіч:] — От бо маладыя цяпер якія! Я ж кажу, няхай здаровы жывуць.. Табе яна ўпадабалася, то ты бяры яе сабе на здароўе, але будзь ты чалавекам! Чорны. Асабліва ўпадабалася Міканору Хадоська. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бярэ́ма, бярэ́мя. Рус. бере́мя, ст.-слав. брѣмѧ, польск. brzemię, чэш. břímě, балг. бре́ме, серб.-харв. бре̏ме і г. д. Прасл. *ber‑mę ’бярэмя’. Адносіцца да дзеяслова *bьrati *berǫ ў яго старажытным значэнні ’несці’ (гл. браць). Траўтман, 31; Мейе, RS, 2, 62; Слаўскі, 1, 46; Фасмер, 1, 155. Гл. яшчэ Порцыг, IF, 42, 221 і наст.; Ісачанка, Зб. Гаўранку, 1, 114–130 (асабліва 121–122); Матл, там жа, 131–151.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Распраста́ць ’зрабіць простым, роўным; разагнуць; выцягнуць’ (Нас.; ашм., Стан.; ТСБМ), распраста́ць, ріспря́стыць ’распутаць, зняць путы з коней, разпрэгчы каня’, рыспрыста́ць ’распасцерці, распластаць’ (Бяльк.), роспро́статы ’вызваліць ад чаго-небудзь, разлучыць, пазбавіць чаго-небудзь’ (Лексика Пол.), роспро́статыся ’вызваліцца ад чаго-небудзь’, ’разлучыцца з кім-небудзь’ (Сл. Брэс.), ’вызваліць ад путаў’ (Байк. і Некр.). Параўн. укр. роспро́стати ’выраўняць, расправіць’, рус. дыял. распроста́ть ’апустошыць’, і асабліва славен. pròst ’вызвалены, вольны’. Гл. просты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Самарда́к ’удар па твары’, ’хвароба ў роце, калі баляць сківіцы’, ’пахмурны, упарты, маўклівы чалавек’, ’упартасць, маўклівасць’ (ТСБМ), самурда́ка ’ўпартасць, маўклівасць’ (Касп.), самарды́ка ’нягодніца’ (Мат. Гом.). Улічваючы пераважна ўсходнюю лакалізацыю гэтых лексем, магчыма выдзеліць прыст. са‑, якая тут часта ўжываецца замест з‑, с‑; тады да морда (гл.), асабліва параўн. разважанні аб роднасці ўсх.-слав. морда і славен. mrd ’грымаса’. Адсюль першаснае значэнне, відаць, было ’чалавек з выразам, грымасай незадаволенасці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбуна́л ‘судовы орган для разгляду ваенных і асабліва цяжкіх грамадзянскіх злачынстваў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Ст.-бел. трибуналъ (трыбуналъ) ‘вышэйшы апеляцыйны суд’ (1540 г.). Запазычана са ст.-польск. trybunał ‘вышэйшы апеляцыйны шляхецкі суд (з 1578 г.)’ (Булыка, Лекс. запазыч., 52), якое з лац. tribūnal ‘узвышэнне, на якім сядзелі магістраты (трыбуны) пры выкананні службовых абавязкаў’, ‘крэсла суддзі, палкаводца’ < tribūnus ‘чыноўнік’ (Голуб-Ліер, 489; ЕСУМ, 5, 634; SWO, 1980, 779).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

самату́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да саматужнікаў, належыць ім. Саматужны я майстэрні. □ Вытворчасць саней — з даўняга часу вельмі пашыраны і скрозь вядомы саматужны промысел на Беларусі. «Помнікі». // Зроблены ўручную, не фабрычным спосабам. Дзядзька Марцін рэзаў сечку на саматужнай сячкарні, — відаць, збіраўся ехаць араць папар. Колас. // Недасканалы, прымітыўны па выкананню. Атрымалася [лістоўка] нягеглая з выгляду і нікога не ўзрадавала. Адразу кідалася ў вочы, што друк саматужны. Навуменка.

2. перан. Неарганізаваны, распылены, адасоблены. Галоўная рыса нашага руху, якая асабліва кідаецца ў вочы ў апошні час, гэта яго раздробленасць, яго саматужны, калі можна так сказаць, характар: мясцовыя гурткі ўзнікаюць і дзейнічаюць амаль зусім незалежна ад гурткоў у іншых месцах і нават (што асабліва важна) ад гурткоў, якія дзейнічалі і дзейнічаюць адначасова ў тых жа цэнтрах. Ленін. // Не падрыхтаваны належным чынам. [Шыянок:] — Мне здавалася, што я пагаварыў немаведама чаго. Нават баяўся, што сакратар парткома заўтра ўсыпле за маё саматужнае выступленне. Сабаленка. // Малакваліфікаваны. Адным словам, падрыхтоўка мая была неважнецкая, саматужная. Лужанін. [Пан Галыга:] — Ну! Музыка саматужны, Пакажыся, што за «грач». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Баб-. Аснова, ад якой, магчыма, утвораны назвы розных круглых і тоўстых прадметаў (гл. баба і бабка). Паходжанне асновы дакладна невядомае. Шмат якія даследчыкі лічаць, што bab‑ тая ж аснова, што і ў baba ’жанчына’, і ўжываецца метафарычна (’жанчына’ → ’круглы прадмет’). Параўн. асабліва Шулан, SSlav., 5, 153–165. Іншыя думаюць, што для абазначэння круглых прадметаў служыла асобай прасл. аснова bab‑ (|bob‑|bǫb‑). Гэту ідэю выказвае Попавіч, ЈФ, 19, 159–171 (параўн. яшчэ Мяркулава, Очерки, 36–37).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)