зара́за, ‑ы, ж.

1. Хваробатворныя мікраарганізмы, носьбіты і распаўсюджвальнікі хваробы. Баяцца заразы. Рассаднік заразы. □ Так і ляжыць [балота], засланае прэллю гнілых туманоў, поўнае машкары, камарэчы, разносячы заразу. Колас. // перан. Адмоўная з’ява ў сферы грамадскага жыцця, якая з’яўляецца перашкодай для прагрэсу. Рэлігійную заразу Ненавіджу, не цярплю! Я за ўсё жыццё ні разу Не заглянуў у царкву. Гілевіч.

2. перан. Разм. лаянк. Пра шкоднага, паганага чалавека або жывёліну. — У-у, зараза! — прасіпеў Ягор услед Піню. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

муць, ‑і, ж.

1. Дробныя часцінкі, якія не раствараюцца ў вадкасці і робяць яе непразрыстай, мутнай; каламуць.

2. перан. Туман, смуга; імгла. Газік коўзаецца тубы-сюды і паволі, як бы вобмацкам, сунецца скрозь густую, жаўтаватую ад святла фар, муць. Дуброўскі. Шэрая мітуслівая муць павісла над галавою, завалакла далеч. Сачанка.

3. перан. Разм. Аб цяжкім душэўным стане. Але што будзе заўтра? Веньямін ведае, што будзе. Боль у галаве і муць на душы. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набале́ць, ‑ліць; зак.

1. Стаць вельмі балючым ад працяглага болю. Палец набалеў ад нарыву. // перан. Стаць вельмі адчувальным ад доўгіх пакут, змучыцца (аб сэрцы, душы). Мімаволі горкі ўсхліп Ускалыхнуў яе ўсё цела, Бо сэрца дужа набалела. Колас.

2. перан. Сабрацца, накапіцца (пра што‑н. пакутлівае, цяжкае, нясцерпнае). [Аграном:] — Калі ў чалавека што набалела, то ён скажа: знойдуцца і словы і голас. Кулакоўскі. З лёгкай Косцевай рукі студэнты пачалі горача гаварыць аб тым, што ім набалела. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надары́ць, ‑дару, ‑дорыш, ‑дорыць; зак.

1. чаго. Падарыць многа чаго‑н. Надарыць кніг. Надарыць лялек.

2. каго-што. Даць як падарунак. Белаю сарочкаю Надары ты сына. Броўка.

3. перан.; што і чаго. Пакінуць след. Не схаваў я сардэчныя раны, Што ў жыцці надарылі гады. Хведаровіч.

4. перан.; каго. Надзяліць якімі‑н. якасцямі. Прырода шчодра надарыла гэтага чалавека не толькі фізічнай сілай і хараством, але і душэўнай цеплынёй, чулым сэрцам, вялікай мужнасцю, вытрымкай і адвагай. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наспе́ць, ‑ее; зак.

1. Стаць, зрабіцца спелым, паспець. Прыйшло лета залатое, Поўны колас наш паспеў. Русак. // Напоўніцца гноем (пра нарыў).

2. перан. Развіўшыся, стаць надзённым, патрэбным. Неабходнасць у шырокай прапагандзе ідэй аховы прыроды паспела. «Звязда». // З’явіцца, узнікнуць. [Дзед:] — Ну, расказвай! кажы смела, Мой музыка малады: Што ў цябе там зноў паспела? Можа песня для дуды? Колас.

3. перан. Надысці, настаць. Наспела рэвалюцыйная сітуацыя. □ [Мельнікаў:] — Хацеў .. [Лугавец] і сам з намі прыехаць, ды раптам паспелі неадкладныя справы. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ніза́ць, ніжу, ніжаш, ніжа; незак., што.

1. Набіраць, насаджваць падрад на нітку, дрот і пад. Нізаць сушаныя грыбы. □ Дзядзька пакінуў нізаць тытунь, глянуў у акно. С. Александровіч.

2. перан. Лёгка падбіраць, спалучаць адно з другім (пра словы, рыфмы і пад.). Ніжа без перадыху Сцяшынская слова на слова. Б. Стральцоў.

3. перан. Пранізваць, працінаць наскрозь. Яшчэ да таго як сяло апаноўваў шумны лівень, неба над прыціхлымі хатамі і агародамі нізалі стрэлы маланак. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца нямым, траціць здольнасць гаварыць. // перан. Змаўкаць, застываць у маўчанні. Калі бярэцца на цвет чаромха,.. — падае голас салавей. Ён ажывае ўвечары, ён нямее днём. Пташнікаў. Пазіраючы на паравозы, слухаючы свісткі,.. [Чарняхоўскі] нямеў ад захаплення. Мележ.

2. перан. Траціць адчувальнасць (ад холаду, стомы і пад.). Нямеюць, заходзяцца на марозе ногі. Лынькоў. [Скрынкі] уразаюцца ў плечы, паднятыя ўверх рукі нямеюць. Новікаў. // Рабіцца нерухомым, сціхаць. Вецер нямее, хмар не відаць. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́ў, ‑веву, м.

Лёгкі, слабы парыў ветру; рух у паветры. Лёгкі, ледзь прыкметы павеў свежага ветру крануў нашы твары. В. Вольскі. Паветра ішло насустрач слабымі цёплымі павевамі. Мележ. // Прыкметы чаго‑н. надыходзячага. Павевы рэвалюцыі. □ Незаўважна падплылі павевы восені. Чорны. // перан. Уздзеянне, уплыў чаго‑н. Павевы гісторыі. Гуманістычныя павевы. □ Здавалася, ужо само паветра было насыпана новымі павевамі свежай мыслі. Колас. // перан. Адчуванне чаго‑н. [Шчасце] было блізка,.. [Заранік] чуў павевы яго і — прыскорваў крок. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сквіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., з кім-чым.

Разм. Разлічыцца з кім‑н., аддаць доўг каму‑н. // перан. Пакончыць разлікі з кім‑, чым‑н., скончыць якую‑н. справу. Цяпер няма назад адходу! Скідай з дарогі перашкоду, Ні перад чым не запыняйся І з гэтай спадчынай сквітайся, Што асталася ад бацькоў — Зямелькі некалькі шматкоў. Колас. // перан. Адпомсціць каму‑н. за што‑н. — Няхай, мы яшчэ з ім сквітаемся, — сказаў .. [Чыжык] на вялікае здзіўленне Зосі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́таргавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікаецца сутаргай, з’яўляецца ёю. Дыхнуўшы цёплага паветра,.. [Сотнікаў] пачаў кашляць, як заўжды, да сутаргавых спазмаў у грудзях, да болю ў галаве. Быкаў. // Які суправаджаецца сутаргамі, неадвольны і моцны. Сутаргавы кашаль. □ Лейтэнант зрабіў некалькі сутаргавых глыткоў і перарывіста задыхаў. Курто. Пачулася ўсхліпванне — прыдушанае, сутаргавае. Місько.

2. перан. Парывісты, напружаны, рэзкі. Сутаргава парыў ветру быў моцны і нечаканы. Савіцкі.

3. перан. Хваравіта-неспакойны, ліхаманкавы. Паступова крыкі .. [Рывы] слабеюць, глухнуць, пераходзяць у сутаргавы шэпт. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)