адсю́ль, прысл.
1. З гэтага месца; ад гэтага месца. Адсюль, з лясной паляны, На бітву і ў разведку Хадзілі партызаны. Аўрамчык. Да гарадка адсюль было вёрст трыццаць. Чорны. // З гэтай мясцовасці. Ён родам адсюль, са Стоўбцаў.
2. З папярэдняга разважання; у выніку гэтага. [Вейс:] — Калі злачынца злоўлены ці ўрэшце так пакараны сваімі рабочымі, трэба і зрабіць адсюль належныя вывады. Лынькоў.
•••
Адсюль-адтуль — з розных месцаў патроху.
Ні адсюль, ні адтуль — раптоўна, немаведама адкуль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
1. Незак. да абысці.
2. перан.; каго-што і без дап. Разм. Кранаць пачуцці, турбаваць, хваляваць. Пажары, страляніна па начах у горадзе — недзе рэзалі, недзе білі, а хто каго — Лукавіцына гэта не вельмі абыходзіла. Крапіва. Пісар Дулеба хоць трохі і прыціх, але ўсё яшчэ храбрыцца. І не пісарства дорага яму — пляваць ён хоча на яго і плюе, — яму абыходзіць самы прынцып: ну, што будзе, калі гэтыя сацыялісты возьмуць верх? Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адлупі́ць, ‑луплю, ‑лупіш, ‑лупіць; зак.
1. што. Аддзяляючы, зняць з чаго‑н. (кару, лупіны і пад.). Адлупіць наклейку з бутэлькі. □ Косцік выцягнуў з-пад ложка свае старыя чаравікі, адлупіў у адным з іх [сцілку] і схаваў за яе сакрэтную пісульку. Паслядовіч. // Разм. Адарваць. Адлупіць рукаў.
2. каго. Разм. Моцна набіць, адлупцаваць. Здаецца, калі Іван счапіўся з Вавілам, на вуліцы нікога не было, але ў клубе ўжо гаварылі, што Іван з Алёшам адлупілі Пухціка. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абцяжа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; заг. абцяжар; зак., каго-што.
1. Зрабіць цяжкім, вагавітым. Наліліся антонаўкі сокам густым, Абцяжарылі нізкія яблыні. Панчанка. // Выклікаць адчуванне стомленасці. Нават зморанасць, якая абцяжарыла ногі і рукі, была прыемнай. Мележ.
2. перан. Нарабіць многа клопату, непрыемнасці, цяжкасцей. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
барані́цца, ‑ранюся, ‑ронішся, ‑роніцца; незак.
Абараняцца, адбіваючы напад праціўніка, ворага. Ёсць што бараніць нам і чым бараніцца, Скала непрыступная наша граніца. Крапіва. Мы паспрабавалі бараніцца гранатамі, але і гранат хапіла на некалькі мінут. Няхай. // Разм. Засцерагаць сябе ад каго‑, чаго‑н. Ад чалавека лягчэй бараніцца, калі той нападае адкрыта, а не б’е ў спіну, знянацку. Шамякін. Ляныя валы паціху ідуць уперадзе сахі, бароніцца хвастамі ад аваднёў і мух, махаюць галовамі, аж ярмо рыпіць. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
біягра́фія, ‑і, ж.
Апісанне жыцця і дзейнасці каго‑н. Біяграфія пісьменніка. □ Калі ж што і чытаў Шалюта сам, дык гэта былі перш за ўсё біяграфіі выдатных людзей. Дуброўскі. // Чыё‑н. жыццё. [Гарлахвацкі Мікіту Сымонавічу:] А вы каму-небудзь расказвалі.. сваю біяграфію? Крапіва. Ад лірычных успамінаў аб .. шчаслівым даваенным жыцці.. [Сярдзюк] пераходзіць да цікавейшых выпадкаў сваёй багатай пагранічнай біяграфіі. Брыль. // перан. Гісторыя якіх‑н. прадметаў і пад. Паселішчы, як і людзі, без біяграфіі не маюць свайго аблічча. Скрыган.
[Ад грэч. bíos — жыццё і graphō — пішу.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Імкліва рушыць у якім‑н. кірунку. У казачым стане заварушыліся, некаторыя павыцягвалі з ножак шашкі і памкнуліся на кулямёт. Лобан. Калі гарматы пылілі па вуліцы, нечая шэрая фігура памкнулася ў цагляны дом. Няхай.
2. Намерыцца, паспрабаваць што‑н. зрабіць. Неяк у нядзелю Андрэй памкнуўся быў схадзіць да Тамаша, распытаць пра сёе-тое. Чарнышэвіч. Зянон вопрамеццю кінуўся ў дзверы.. Жонка памкнулася яго стрымаць, але дзе там! М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папрыбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Прыбіць што‑н. у многіх месцах, прыбіць усё, многае. На сценах дамоў і на дашчатых платах.. [фашысты] папрыбівалі загад, надрукаваны адразу на чатырох мовах. Сачанка.
2. каго. Разм. Вельмі моцна збіць усіх, многіх. — Чаму ў таку [збіраецца моладзь]? — здзівіўся Мілоўскі. — Каб бацькі не ведалі. Там такія хлапцы прыйшлі, што калі б бацькі даведаліся, папрыбівалі б да смерці. Галавач.
3. безас. Прыгнаць сілай вады, ветру ўсё, многае. Папрыбівала лодкі да берага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Паблажліва, нястрога адносіцца да каго‑, чаго‑н.; патураць каму‑, чаму‑н. Баранок як быццам ва ўсім згаджаўся з Сомікам, патакаў яму. Крапіва. Але бацьку, які заўжды шанаваў, песціў яе і патакаў ёй ва ўсім, яна ў гэты момант не падабалася. Хадкевіч. [Аграном:] — Сардэчна дзякую вам за давер’е, за пашану, Але дамовімся адразу грамадой, Калі рабіць на полі, дык рабіць з душой, Я абібокам патакаць не стану. Валасевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карта́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які нячыста, няправільна вымаўляе гукі «р» або «л». Картавае дзіця. / у знач. наз. карта́вы, ‑ага, м.; карта́вая, ‑ай, ж. — Гэта той картавы? Што хваліцца: «Мяне на х’ёнце паяніла». Навуменка.
2. Нячысты, няправільны (пра вымаўленне гукаў «р» або «л»). Картавае «р». Картавае вымаўленне. Картавая гаворка. □ І калі з маладога гурту вылеціць раскацісты гучны смех або дзе пачуеш крыху картавую мову, так і закарціць азірнуцца: пэўна ж, ён [Паўлюк Трус] там. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)