сэнс, ‑у, м.

1. Унутраны лагічны змест, які спасцігаецца розумам; значэнне. Сэнс артыкула. Ужыць слова ў пераносным сэнсе. □ Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Як вучоны і разведчык, Андрэй прымушаў сябе разгадваць сэнс кожнай падзеі, нават самай звычайнай. Шамякін.

2. Разумная аснова, прызначэнне, мэта. Са мной маё жыццё, са мной ідзе, І так праз век ад самае калыскі. І ў гэтым руху — сэнс майго жыцця, Майго натхнення і майго быцця. Бялевіч. [Собіч:]. — А найбольш гэта патрэбна, каб вы [Валянціна Андрэеўна] самі ўявілі сэнс сва[ёй] работы: кожны ваш запіс абавязкова адгукнецца на вытворчасці. Скрыган. // Карысць, толк. Чакаць не было сэнсу: набліжалася ноч, а ісці аставалася яшчэ вельмі многа. Новікаў. [Алесь] разважаў коратка і пераканаўча: які сэнс ад гэтага адзіноцтва і каму яно патрэбна? Васілевіч. Людзі стаялі сабе і глядзелі або мітусіліся без сэнсу. Маўр.

•••

У поўным сэнсе слова — сапраўдны. Гэты [певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крыл[ы] яго адлівалі золатам, .. на нагах красаваліся шпоры. Крапіва.

У сэнсе чаго або у якім сэнсе — у якіх‑н. адносінах. Шмат каму з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне .., пашанцавала ў тым сэнсе, што іх захавала, як родных, беларуская вёска. Брыль.

У сэнсе каго-чаго — разумеючы пэўным чынам. Ясна, што Скарына быў «садоўнікам» у сэнсе вучонага спецыяліста, садавода-батаніка і, магчыма, займаў пасаду кіраўніка або загадчыка каралеўскага батанічнага сада. Алексютовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

такт 1, ‑а, М ‑кце, м.

1. Метрычная музычлая адзінка — кожная з роўных па працягласці долей, на якія дзеліцца музычны твор па ліку метрычных націскаў у ім. Трохдольны такт. Трымаць ноту тры такты. // Графічнае абазначэнне мяжы такой долі ў выглядзе вертыкальнай лініі.

2. Разм. Рытм якога‑н. руху, дзеяння. Залатыя цапы Выбівалі прыглушана такт: — Так-так-так! Блатун. Танцоры ўсё павялічваюць тэмп, ногі ўсё хутчэй і хутчэй адбіваюць такт. «Полымя».

3. Спец. Частка рабочага цыкла якога‑н. механізма. Такт поршня паравой машыны.

•••

У такт — у адпаведнасці з рытмам чаго‑н. Андрэй ужо думаў, што з яго ніколі не выйдзе сявец, як раптам адчуў, што ногі яго ступаюць у такт руцэ, а рука сыпле зярняты ў такт крокам. Чарнышэвіч.

[Ням. Takt ад лац. tactus — дакрананне, дотык.]

такт 2, ‑у, М ‑кце, м.

Пачуццё меры, якое падказвае найбольш правільны падыход, найбольш далікатную лінію паводзін у адносінах да каго‑, чаго‑н.; захаванне правіл прыстойнасці. Трымаць сябе з тактам. Адсутнасць такту. Педагагічны такт. □ [Марынчук:] — Дзе б такт праявіць, вытрымку, калі ўжо так атрымалася, а ты [Дробаў], бач, напіўся, рукі ў ход пусціў. Ракітны. Дунін-Марцінкевіч праявіў вялікі такт пісьменніка, каб, у адпаведнасці з жыццёвай праўдай, прымусіць сваіх дваран дзейнічаць «у сферы свайго побыту, свайго характару і тых абставін, пад уплывам якіх яны знаходзяцца». «Полымя».

[Фр. tact ад лац. tactus — дакрананне, дотык.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбурыцца ад узрыву; разарвецца, разляцецца на часткі. І раптам пад ногі .. [фашыстам] паляцела з-за машыны граната. Але не ўзарвалася. Яўген не выцягнуў чаку. Новікаў. Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Шамякін. // Разбурыцца ад напору знутры. На таполях узарваліся клейкія набрынялыя пупышкі, і на налітых цяжкім сокам галінах успыхнулі зеленаватыя іскрынкі. Лукша. / у перан. ужыв. Хто можа паручыцца, што перамір’е не ўзарвецца?.. Васілевіч.

2. перан. Парушыцца (пра цішыню і пад.). У зале на момант стала ціха-ціха. І раптам цішыня ўзарвалася. Шыцік. / у перан. ужыв. Калі ж зал узарвецца громам, Я хвіліну стаю ўтрапёная, Схамянуся — бягу за кулісы, Забываючы зноў пра паклон... Арочка.

3. перан. Разм. Выйсці з сябе, абурыцца, вельмі раззлавацца. Андрэй цярпеў-цярпеў, нарэшце, узарваўся. — Ідзі ты к чорту! — зароў дзікім голасам, павярнуўшыся да Яна. Чарнышэвіч. — Ды ў тваёй жа брыгадзе людзей — як у добрым палку! — зноў узарваўся Баркевіч. Шашкоў.

4. Разм. Усхапіцца, ускочыць. Сурвільчык раптам узарваўся з месца, хапіў з-пад стала збан вады і лінуў на Адася. Чорны. Завішнюк .. будзе доўга так сядзець — як і ўчора. Сядзець і думаць... Пасля ўзарвецца са свайго пня, як утрапёны, і будзе крычаць аж да самага вечара. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што. Рэзка ўзняць, падняць што‑н. уверх. Ускінуць сцяг над калонай дэманстрантаў. □ Сяржант ускінуў угару карабін, у момант прыцэліўся і стрэліў. Чорны. Музыкі раптам ускінулі ўгару трубы і.. грымнулі вальс. Дайліда. // і чым. Зрабіць рэзкі рух уверх якой‑н. часткай цела. Ускінуць галаву. □ — Вон! — пачуўся раптам стогн. Зубр сярдзіта ўскінуў рогі. Вітка. — Што ж я буду гаварыць? — ускінула тонкія бровы дзяўчына і зачырванелася. — Бачыце, я ж занятая... Кухараў. У адзін момант ускінуў.. [Сяргей Карага] плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Колас.

2. каго-што. Кідаючы, ускласці, навесіць, начапіць на што‑н. Ускінуць граблі на воз. Ускінуць рукзак на плячо. Ускінуць плашч на руку. □ Цяля хуценька ўскінулі на воз, прыкрылі саломай — і на ферму. Дуброўскі.

3. што. Накінуць паверх чаго‑н., укрываючы, закрываючы каго‑, што‑н. [Ратушняк] ляжаў пад пасцілкамі, наверх яму яшчэ ўскінулі суконную старую вялікую бурку. Пташнікаў.

4. што. Разм. Надзець, накінуць на сябе што‑н. (звычайна на скорую руку). Стары Ермаліцкі насунуў шапку задам наперад, ускінуў на плечы кажушок і пабег у стайню. Грахоўскі. Лена надзела новую сукенку, на галаву ўскінула блакітную, з вялікімі жоўтымі ружамі касынку, завязаўшы ражкі каля шыі. Ваданосаў.

•••

Ускінуць вочы (позірк) — хутка глянуць уверх або на каго‑н. Уолтэр здзіўлена ўскінуў вочы на генерала. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які займае недастатковую плошчу; такі, дзе мала вольнага месца. У гэтай цеснай каморцы змяшчаліся толькі два ложкі для спання і невялічкая печка-ляжанка. Бядуля. // перан. Які гняце, удушлівы, затхлы. Свет стары грудзям быў цесен. Танк.

2. Малы па размеру (пра адзенне, абутак і пад.). Цесныя боты. □ Вядома, каму не люба прыгожа апранацца?! Да твару, да стану. Кожнаму хочацца насіць новае адзенне. Насіць такое, каб яно было па ўласнай мерцы, не цеснае, лёгкае, прыгожае. Грамовіч.

3. Шчыльна размешчаны адзін каля аднаго. Мужыкі цесным кружком садзіліся каля Сцяпана. Колас. Для кожнага ў свеце прыходзіць той дзень, Калі з маладосцю на вернасць рукаюцца, За цесным сталом, дзе вяселле ідзе, Бацькі, і сябры, і сваты сустракаюцца. Прыходзька.

4. перан. Які ахоплівае, уключае ў сябе нямногіх; абмежаваны. Цеснае кола сяброў. □ Збірайцеся дружна сябрынаю цеснай, Спяем пра наркома, таварышы, песню. Глебка.

5. перан. Блізкі, непасрэдна звязаны з кім‑, чым‑н. Цесны кантакт. □ З гэтага дня завязалася наша цеснае сяброўства з Юркам. Васілевіч. Атрад, як частка Баранавіцкага злучэння і частка трохсоттысячнай арміі беларускіх партызан, наладзіў цесную сувязь з Масквой. Брыль. // Ідэйна блізкі, з’яднаны. Будаўніцтва матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізма вядзе да яшчэ больш цеснага збліжэння сацыялістычных нацый. «Звязда».

•••

У цесным сэнсе слова — у вузкім, канкрэтным значэнні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.

1. кім-чым, з каго-чаго. Пацяшацца, забаўляцца. Доўга людзі цешыліся з цудаў, Што зрабіў быў Люцыян Таполя, Доўга з той батлейкі рагаталі. Танк. Чым бы дзіця ні цешылася, толькі б не плакала. Прымаўка.

2. кім-чым, з каго-чаго, без дап. і з дадан. сказам. Мець асалоду, задавальненне ад чаго‑н.; радавацца чаму‑н. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. [Андрэй] цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Чарнышэвіч. Паміж альтанкай і сабачай будкай, пад разлапістым вязам, цешыўся ў лазовым крэсле-качалцы Радж, мой стрыечны брат. М. Ткачоў. [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня. Чорны.

3. Мілавацца, радавацца. — Цалуюцца галубкі, цешацца, — усміхнулася Волька. Васілевіч. І цешыцца сэрца і цешацца вочы, Калі мы пабачым гурток дзе дзявочы. Броўка.

4. чым. Суцяшаць, абнадзейваць сябе. Праз некаторы час страляніна ад нас аддалілася, і мы пачалі цешыцца думкай, што цяпер выйдзем, напэўна выйдзем на свой маршрут. Няхай.

5. Злараднічаць. — Добрая лазня нашаму старшыньку! — ці то спачуваў, ці то цешыўся Карпечак. Аношкін. Я і не заўважыў, як тыя самыя хлопцы, якія некалі так цешыліся, калі Рыжы біў мяне на рынгу, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават з нейкім страхам. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

1. каго-што. Беражліва адносіцца, берагчы каго‑, што‑н. Наогул трэба адзначыць, што пінгвіны вельмі шануюць і берагуць свае яйкі. Маўр. — Не шануеш ты сябе, Каця, — уздыхнуўшы, сказала Мурашова. Скрыган. Шануй каня дома, а ён цябе ў дарозе. Прыказка. // што. Не даваць расходавацца чаму‑н. дарэмна; трымаць у цэласці. Шанаваць грошы.

2. каго-што. Клапатліва засцерагаць, берагчы ад чаго‑н. І пачаў [Несцер] гаварыць аб маладосці, што трэба шанаваць маладосць, бо старасці клікаць не трэба. Пестрак.

3. каго-што. Адносіцца з пашанай, павагай да каго‑, чаго‑н. Шанаваць народныя традыцыі. □ Стары Крышан шанаваў свайго зяця Рамана за працавітасць, цвярозасць і сумленне. Грахоўскі. Шануюць людзі памяць аб Крылове, аб яго Косціку... Шамякін. // Цаніць; надаваць; вялікае значэнне чаму‑н. Мельнік вельмі шанаваў свой аўтарытэт. Гамолка. // што. Захоўваць што‑н., прытрымлівацца чаго‑н. — Стойце, хлопцы, давай Шанаваць парадак. Колас. [Карпавіч:] — Я хоць і гарачы, а дысцыпліну нашу шаную... Машара. // што. Аддаваць перавагу. Любяць у Грынях кіно — будуць па колькі разоў глядзець; шануюць танцы — да раніцы і старыя і малыя выседзяць. Пташнікаў. Ну а гэты [чалавек] — шанаваў шпаргалку: Слабасць гэтакую меў здаўна. Гілевіч.

4. каго. Песціць. Андрэя Касцяневіча жыццё не вельмі шанавала. Бацька яго загінуў на фронце, а ў маці, акрамя Андрэя, было яшчэ двое малодшых: Барыс і Наста. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гадзі́на ж.

1. час м.;

дзве ~ны — два часа́;

а дзявя́тай ~не — в де́вять часо́в;

ён мог ~намі раска́зваць пра сябе́ — он мог часа́ми расска́зывать о себе́;

като́рая (яка́я) г.? — кото́рый час?;

2. (неопределённый промежуток времени) часо́к м.;

засну́ць на яку́ю ~ну — усну́ть на часо́к;

3.: ад ~ны, па ~нах поча́сно; поча́сный, почасово́й;

апла́та ад ~ны (па ~нах) — поча́сная (почасова́я) опла́та;

~ны пік — часы́ пик;

каменда́нцкая г. — коменда́нтский час;

ша́рая г. — су́мерки (вече́рние);

чо́рная (ліха́я) г. — чёрный день; лиха́я годи́на; тру́дные времена́;

апо́шняя г. — после́дний час;

цэ́лая (до́брая) г. — би́тый час;

не па днях, а па ~нах — не по дням, а по часа́м;

з ~ны на ~ну — с ча́су на час;

праз ~ну па ча́йнай лы́жцы — че́рез час по ча́йной ло́жке;

з ко́жнай ~най — час от часу;

калі́ф на ~ну — кали́ф на час

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

З, са, прыназоўнік. Рус. с, из, со, изо, дыял. з, укр. з, із, з, зо, польск. z, ze, серб.-луж. z, ze, дыял. н.-луж. zo, чэш. z, ze, палаб. , славен. s, sa, z, iz, серб.-харв. с, са, из, балг. c, със, из, макед. са̊, паэт. с, дыял. из. Ст.-слав. из, съ, ц.-слав. рэдк. таксама з, ст.-рус. изъ, съ…, ст.-бел. из, с, з, зо, со, изо, ис. Бел. прыназоўнік з/са — вынік аб’яднання прасл. *jьz (> ст.-слав., рус. из) і *sъn > , што адбылося ва ўсіх зах.-слав., у славен. і серб.-харв. (чакаўскіх, кайкаўскіх) дыялектах, ва ўкр. і. бел. на базе фанетычнага, а таксама семантыка-сінтаксічнага падабенства. Першапачаткова *jьz кіраваў родным склонам, а sъn — родным, творным і вінавальным. У родным абодва прыназоўнікі абазначалі крыніцу дзеяння (параўн. рус. выйти из комнаты, сойти с крыши), што і давала падставу аб’яднання. Аглушэнне z перад глухімі (фанетычна яно адбываецца і ў бел., хаця арфаграфічна захоўваецца з: [с табо́ју]) і азванчэнне s перад звонкімі было фанетычным грунтам аб’яднання, якое, відаць, адбывалася канчаткова пасля падзення рэдукаваных і пераўтварэння *sъn > s, хаця аглушэнне jьz адбывалася і да падзення рэдукаваных. Звяртае на сябе ўвагу тое, што ў мовах, у якіх адбылося аб’яднанне *jьz і *sъn, аслаблена прадстаўлены займеннікавыя формы з n‑ (што паўсталі ў выніку пераразмеркавання прыназоўнікаў *sъn, vъn). Гэта можа тлумачыцца як паказчык ранняга аб’яднання sъnjьz яшчэ ў перыяд да падзення рэдукаваных у выніку дзейнічання тэндэнцыі ўзыходзячай гучнасці: спалучэнне *ŭn, як вядома, магло даць , а *jьz, блізкае семантычна да *sъ, у выніку аглушэння ‑z і страты змешвалася з *sъ у адзіны прыназоўнік. Прасл. jьz < ьz; роднасныя і.-е. прыназ. літ. (), лат. iz, ст.-прус. is ’з, ад’, лац. ех, ст.-грэч. ἐξ, ἐκ. ESSJ SG, 1, 81–82, дзе гл. іншую літ-ру. Фасмер, 2, 119–120; Безлай, 1, 214–215. Прасл. sъn натыкаецца на цяжкасці ў выясненні і.-е. роднасных форм, якія існуюць як пры супастаўленні з літ. su (параўн. прыстаўку су- < *sǫ), так і з лац. cum, грэч. συν. Магчыма, што ў ім ужо аб’яднаны два асобныя і.-е. прыназоўнікі *kom і *som (Мейе, BSL, 8, 110). Фасмер, 3, 539–540; ESSJ SG, 1, 254–255, дзе гл. іншую літ-ру. Заслугоўвае ўвагі раз’яднанне прасл. *sъ (з р. і він.) і sъn (з тв.) у Копечнага, Zákl. zásoba, 358–359. Покарны (1, 292–293) дае для jьz і.-е. форму *egʼhs ’з’, а для sъn і.-е. *som, *sṃ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калба́н ’гладыш’ (Касп., Мат. Маг.), колбанец ’тс’ (Нас.), калбан ’пасудзіна з прутоў або саломы ў выглядзе гладыша’ (Касп.), ’штучнае гняздо з саломы ў выглядзе конуса’, сюды ж празрысты перанос назвы калбанчики ’расліна Campanula’, параўн. рус. колбочки ’расліна Trollius europaeus’, ’пладовыя шышкі гэтай расліны’. Рус. смал. колбан ’гліняны або металічны гладыш, гарлач велізарных памераў’, больш далёкія — наўг. колбик ’вузкагорлы гліняны гладыш, які пашыраецца ўніз у форме шара’, ’гладыш для алею’, маск. колбушка ’канічны гладыш з вогнетрывалай гліны’. Цыхун (Бел.-польск. ізал., 149) суаднёс калбан з укр. ковбан ’цурбан, калодка’, рус. колбяк ’цурбан, балван’, бел. коўб ’страўнік жывёлы’ і інш., якія, на яго думку, узыходзяць да ўсх.-слав. колб ’шар, круглы і тоўсты канец чаго-н.’ што патрабуе ўдакладнення. Як быццам існаванне ўсх.-слав. колб асобых сумненняў не выклікае. Параўн. рус. вяц. колба ’фігура ў форме невялікага шара’, ’патоўшчаны шарападобны канец палкі’, ’шарык як упрыгожанне ў розных вырабах’, кастрам. ’галава’, астрах, колбан ’абрубак дрэва, дошкі і да т. п.’, сарат. колбешка ’невялікі абрубак дрэва, дошкі’, валаг. колбочка ’мясісты кончык носа (у чалавека), с колбочкой ’з лішкам, вышэй краёў’, валаг. колбушка ’верацяно з вялікай колькасцю напрадзеных нітак’ і інш. Укр. гуц. ковбок ’больш тоўстая частка дрэва, ужо адрэзаная ад верху’, бойк. ко́вбиця, коўбчик ’тс’. У прынцыпе калбан і інш. назвы посуду маглі ўтварыцца натуральна ад асновы колб‑. У якасці семантычнай паралелі можна прывесці ням. Kolbe, Kolben ’дубінка’, ’булава, паліца’, ’галоўка, шышка’ і Kolben ’колба (хімічны посуд)’. Аднак бел. і рус. назвы посуду могуць быць параўнальна познімі, г. зн. запазычанымі з ням. як тэхнічныя тэрміны. Параўнальна вузкая геаграфія распаўсюджання такіх назваў посуду як быццам пацвярджае магчымасць запазычання. У рус. пісьмовых помніках слова сустракаецца ў другой палавіне XVII ст. (існуе версія аб запазычанні ў канцы XVIII ст.; Шанскі, II, К, 195). Тэарэтычна нельга выключыць і магчымасці ўзаемадзеяння запазычанага слова з славянскім, што дапамагло б вытлумачыць фармальную розніцу ням. і рус. слоў. Звяртае на сябе ўвагу таксама паслядоўнае супадзенне назваў посуду і слав. дэрыватаў ад колб‑: калуж. колба ’бутля’, ’шар’, наўг. колбик ’гладыш’, новасіб. ’каўбаса асобага прыгатавання’, перм. колбушка ’абрубак дрэва’, маск. ’гладыш канічнай формы’, смал. калбан ’гладыш’, уральск. калбан ’тоўсты абрубак дрэва’. Гэтыя факты вельмі падазроныя, хоць магчымасці трансфармацыі запазычанага слова выключыць нельга, у тым ліку і пад уплывам слав. слоў, як гэта мяркуецца. Адносна ўсх.-слав. колб‑ гл. падрабязней пад каўбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)