тэатра́льнасць, ‑і, ж.

1. Спец. Сукупнасць характэрных уласцівасцей і прыёмаў сцэнічнага майстэрства.

2. перан. Дзеянні, учынкі, разлічаныя на знешні эфект; найгрыш, натуральнасць у дзеяннях, паводзінах і пад. І прытым тэатральнасць у .. паводзінах [Арэшкіна] Лемяшэвіч заўважыў пры сустрэчы. А тут Арэшкін трымаўся значна больш проста і шчыра. Шамякін. А чалавек ужо гаварыў, калі можна было так назваць хрыплы і глухі, як падземнае рэха, голас, у якім усё ж чулася, я б сказаў, нейкая падкрэсленая тэатральнасць. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

указа́ць, укажу, укажаш, укажа; зак.

1. з дадан. сказам. Даць указанне, настаўленне; навучыць чаму‑н. Указаць, як весці работу.

2. на што. Адзначыўшы што‑н., звярнуць на яго ўвагу; выявіць што‑н. Указаць на памылкі. Указаць на адмоўныя бакі дзейнасці.

3. што. Паказаць, назваць для ведама, кіраўніцтва. Указаць лепшы метад. □ Каб ніякіх не было сумненняў, Назву па-старому ўказаць Адміністрацыйнаму дзяленню. Барадулін.

4. Тое, што і паказаць (у 2 знач.). Указаць месцазнаходжанне друкарні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ціху́тка, прысл.

Разм.

1. Вельмі ціха, бясшумна. Цераз кусты прайшлі [звяры] ціхутка, не варухнуўся і лісточак. Дубоўка. А вецер, той гутаркі ўдзельнік і сведка, ціхутка галінкі на дрэвах кране. А. Вольскі.

2. Паволі, марудна. І на крыгах — уласных паромах — Ад’язджае ціхутка зіма. Прануза.

3. Употай, цішком. — Не бойся, Костусь: будзем жывы, Чаго баяцца? Нічагутка! Закінем іх [«начаткі»] у снег ціхутка. Колас.

4. безас. у знач. вык. Вельмі ціха; зацішна. Пад крушыннікам было ціхутка. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цуро́к, ‑рка, м.

1. Нешырокі струмень вады, вадкасці. З мяне на саматканы палавічок сцякалі цуркі вады. Грахоўскі. Барадаты рабочы, з цуркамі поту на поўным твары, адышоў ад хваіны. Гартны.

2. у знач. прысл. цурко́м. Струменем, бесперапынна (цячы, ліцца і пад.). Наташа адчувала, як па спіне цурком збягае пот. Асіпенка. Са стрэх лілося цурком; такога капяжу не было яшчэ ў гэтым годзе. Чарнышэвіч. Полымя ажно хапае за пальцы, і воск цурком цячэ ў місу. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чацвёра, чацвярых, ліч. зб.

Чатыры. Ужываецца: а) з назоўнікамі агульнага роду, якія абазначаюць асоб. Жанчыну пахавалі, чацвёра сірот засталося. Лось; б) без назоўнікаў, калі абазначаюць асоб мужч. і жан. полу. Тыя чацвёра, што асталіся ў пакойчыку, доўга іх [хлопцаў] чакалі. Навуменка; в) з назоўнікамі, якія абазначаюць маладых істот. Чацвёра парасят; г) з назоўнікамі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку. Чацвёра саней. Чацвёра сутак; д) з асабовымі займеннікамі ў множным ліку. Іх было чацвёра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарава́цца 1, ‑руецца; незак.

Зал. да шараваць ​1.

шарава́цца 2, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. Разм. Церці сябе чым‑н. Шаравацца вяхоткай.

2. Церці, закранаць сваёй паверхняй аб паверхню іншага прадмета, рухаючыся ўзад і ўперад. Чуваць было, як уздыхаў конь, зрэдку шараваўся аб сцяну ці аб жолаб. Чорны. [Гілёрык] чуў як бы нейкі шум, але сам не мог разабраць, ці то пчолы гудуць, ці вулей шаруецца аб салому. Колас.

3. Зал. да шараваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпо́каць, ‑ае; незак.

Разм. Падаючы, стукаючыся аб што‑н., утвараць кароткі глухі гук. І жалуды, што ападалі з дубоў, часта шпокалі на дол — гэта таксама запомнілася Лугавому. Даніленка. Бывала, калі ўсе [залатыя яблыкі] зараз паспеюць І шпокаць, спелыя, пачнуць на грады — Звон залаты стаіць на ўсю краіну. Сіпакоў. Тут-там абрываліся і гулка шпокалі па лапушыстай лістоце арэшніку кроплі расы. Калодзежны. // Разрывацца (пра кулі). Нават чуваць было, як шпокалі аб зямлю разрыўныя кулі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. падвёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. падвядзі; зак., каго-што.

1. Ведучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н.; даставіць куды‑н. Падвесці таварыша да знаёмых. □ Што тут робіцца? — недаўменна запытаў Лабановіч. Пісар узяў настаўніка за руку і падвёў да дзвярэй пакойчыка. Колас. Міколку і дзеда старанна абшукалі.. Абодвух падвялі да палкоўніка. Лынькоў. [Бумажкоў] падвёў атрад да самага месца, дзе дзейнічала нямецкая часць. Чорны. // Наблізіць адзін прадмет да другога. Падвёў [Змітрок] разец да дэталі і з-пад яго закучаравілася сталёвая стружка. Ваданосаў. // Дапамагчы ісці, дайсці каму‑н. Падвесці сляпога па дарозе.

2. Давесці пабудову чаго‑н. да патрэбнага месца, узроўню; падключыць да чаго‑н. Пачалі будаваць.. [майстэрню] на згоне зімы, падвялі пад кроквы і бадай кончаць да лета. Пташнікаў. [Газ] пакуль што прывозяць звадкаваны, у балонах, але з цягам часу падвядуць прыродны. Ермаловіч.

3. Падкласці, падставіць пад што‑н. Трэба было нешта рабіць з хатай. Бацька казаў, што добра было б падвесці гадваліны, перабраць сцены. Мележ. Скранулася махавое кола, Мікола з Хведарам падвялі пад яго пас, пакінулі, ён зачапіўся, папоўз, правісаючы пасярэдзіне. Кудравец. // Пабудаваць, размясціць пад чым‑н. Падвесці фундамент.

4. перан. Даць тэарэтычнае абгрунтаванне, падшукаць доказы. Што значыць даць «азначэнне»? Гэта значыць перш за ўсё падвесці данае паняцце пад іншае, больш шырокае. Ленін. // Накіраваць гутарку на патрэбную тэму; прывесці да разумення чаго‑н. Падвесці да самастойнага вываду. □ Павел Паўлавіч пачаў, праўда, крыху здалёк, але падвёў да галоўнага ўдала, умела. Шамякін. // Падагнаць пад што‑н., падпарадкаваць чаму‑н. Што і казаць, умеў Казік падвесці пад усякую дробязь «вялікую палітыку». Сачанка.

5. Разм. Сваімі дзеяннямі, словамі нанесці шкоду каму‑н., паставіць у няёмкае становішча; абмануць каго‑н. [Крушынін:] Я веру і Ваяводзіну і Сасноўскаму. Гатоў з імі ісці ў любы бой, не падвядуць. Гурскі. Было вельмі балюча, што хлопец не стрымаў слова, падвёў. Сапрыка. // Не апраўдаць чыіх‑н. надзей, спадзяванняў. [Рыгор Андрэевіч:] — Машына падвяла трохі. Узялі напракат, а яна сапсавалася на паўдарозе. Пальчэўскі. Мікалая [у авіяшколу] не прынялі. Не прынялі! І на будучыню не было ніякай надзеі. Падвяло сэрца. Мележ. // Сваімі дзеяннямі дабіцца чаго‑н. непрыемнага, дрэннага для каго‑н. Падвесці суседа пад суд.

6. Абагуліўшы, зрабіць вывады; падлічыць. — Зразумела, — падвёў вынік Гарачун. — Ідэя ўсім падабаецца. Шахавец. Трэба было падвесці вынікі барацьбы і падумаць аб заўтрашнім дні. Пестрак.

7. Падмаляваць, зрабіць больш яркім, выразным. Падвесці бровы.

•••

Жывот падвяло — тое, што і жывот падцягнула (гл. падцягнуць).

Падвесці вочы — тое, што і закаціць вочы (гл. закаціць).

Падвесці пад абух каго — загубіць.

Падвесці пад манастыр каго — паставіць у вельмі непрыемнае, цяжкае становішча; падмануць.

Падвесці рысу — закончыць, спыніць што‑н., падсумаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нутро́ ’вантробы, унутранасці’ (Нас., Гарэц., Пятк. 2, Касп.), ’сярэдзіна, унутраная частка’ (Сцяшк., ТС), нутрэ́ ’тс’ (ТС), нутрё ’унутранасці’ (Грыг.), нутра́, нутры́, мн. ’тс’ (Сл. ПЗБ), укр. нутро́ ’тс’, рус. нутро́, нутра́, нутрё, нутрь ’тс’. Са старога прыставачнага ўтварэння *vъn‑ǫtrь ’сярэдзіну’, што было пераасэнсавана, як *vъ‑nǫtrь (Фасмер, 3, 90), гл. уну́тр. Параўн. яшчэ ст.-бел. нꙋтрь моѧ переменилосѧ, ноутръ моѧ, нγтрь мои, оу нγтри моє​м (Псалтыр XVI ст., гл. Карскі 2–3, 17), чэш. nitro ’унутранасць, нутро’, славац. vnútro ’тс’ — новыя назоўнікі на базе пераасэнсаванай часткі *‑nǫtrъ (Махэк₂, 696). Звяртаюць увагу на паралельнае грэч. ἔντερα, мн. л. ’унутранасці, вантробы’, ст.-інд. antrám ’тс’, літ. įščios ’тс’ (Бязлай, 2, 228 і інш.). Сюды ж таксама ну́троносць ’тс’ (ТС, магчыма, пад уплывам рус. внутренность), нутраны́, нутрэнны́ ’выняты з нутра’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.), нутро́ны ’унутраны’ (Сл. ЦРБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арты́кул ’невялікае сачыненне, частка дакумента; тып вырабу’ (БРС, КТС, Касп., Нас.). У старабеларускай пісьменнасці ўжо з 1388 г. у форме артыкулъ ’частка дакумента’ з лац. articulus (Гіст. мовы, 1, 53; Гіст. лекс., 110; Вясноў, Бел. лекс., 35), магчыма, праз польскую (Крапівін, Бел. лекс., 88; Гіст. лекс., 90), супраць чаго фіксацыя слова ў польскай мове з XVI ст. У «Нашай ніве» пачынаецца паслядоўнае ўжыванне слова ў значэнні ’невялікае сачыненне’ (Шакун, Гісторыя, 300), магчыма, пад польскім уплывам. Першаснае лацінскае значэнне articulus ’частка’ (ад artus член’) дало магчымасць развіць значэнне тавар’ (ням. Artikel, польск. artykuł), адкуль, напэўна, і рускае, беларускае ’тып тавару’ (Шанскі тлумачыць рус. артикул ’тып тавару’ як семантычнае ўтварэнне на базе значэння ’параграф’ у XX ст. — 1, А, 148, аднак гэта не вельмі пераканаўча, таму што ў рускай значэнне ’параграф’ у той час не было пашырана: ужо Даль адзначаў яго як архаічнае).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)