не́куды, прысл.

1. Кудысьці, невядома куды. Некуды ж вось ідзе гэтая вузкая лясная дарожка. Брыль. [Вісарыёна] моцна ўдарылі па галаве, схапілі за рукі, некуды пацягнулі. Самуйлёнак. Паравоз, пыхкаючы і набіраючы хуткасць, паімчаўся некуды ўдалячынь. Шчарбатаў.

2. Няма такога месца, куды б можна было адправіцца, змясціць каго‑, што‑н. Без вестак ад цябе — нам некуды ісці. Глебка.

•••

Далей (ехаць, ісці) некуды — горш таго, што ёсць, быць не можа.

Дзець некуды гл. дзець.

Некуды вачэй дзець гл. дзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нечака́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога не чакалі; непрадбачаны. Нечаканая вестка. □ Нечаканых гасцей было чацвёра: трое палякаў у вайсковай форме, а чацвёрты Мікіта Цэлех, узяты за панятога. Колас. Мільгалі твары ў масках і без масак, у самых нечаканых мудрагелістых касцюмах. Лобан. // Які ўзнік вельмі хутка; раптоўны. Насцярожанае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому. Васілевіч. / у знач. наз. нечака́нае, ‑ага, н. Раптам сталася нечаканае, — плотка даволі ўжо высока над вадой сарвалася з кручка... Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нішчы́мніца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Посная ежа. Сям’ю [Леўчык] трымаў на нішчымніцы, хоць выкормліваў па два — тры вепрукі на год. Чарнышэвіч. Дабудоўваў [сядзібу] .. бацька Банадыся, бядняк з беднякоў, у якога нішчымніца і на сняданак, і на полудзень, і на вячэру. Хадкевіч.

2. Бясхлебіца, голад. [У кнізе] ёсць некалькі апавяданняў пра дзяцінства, на долю якога выпала перажыць .. жахі вайны, зведаць сіроцтва і нішчымніцу. «ЛіМ». Многае вакол было падобна на ваеннае. Тое ж запусценне, тая ж нішчымніца, і — зямлянкі, зямлянкі... Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязда́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае здатнасці да чаго‑н.; няздольны. Няздатны да вучобы. Няздатны спяваць. □ Думала [Галя]: а чаму б ім сапраўды не з’ехаць туды, дзе іх ніхто не ведае, з’ехаць ад гэтай паняверкі, ад косых позіркаў. Хіба яна такая ўжо няздатная, што нідзе сабе і месца добрага не знойдзе? Сабаленка.

2. Які не падыходзіць для чаго‑н.; непрыгодны. Можна было падумаць, што.. [Андрэй] толькі тое і робіць — смяецца ўвесь дзень, на другое няздатны. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пааба́пал, прыназ. і прысл.

1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паабапал» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на размяшчэнне па абодва бакі чаго‑н. На гарызонце ў ружовым мроіве паказалася вёска, а паабапал яе серабрыліся сінія лясы. Алешка. Тут, паабапал шляху з прысадамі старых ясакараў і ліп, да вайны размяшчаліся ўсе грамадскія будоўлі: сельсавет, бальніца, школа, клуб, сельмаг. Шамякін.

2. прысл. Па абодва бакі. [Мужчыны] увайшлі ў калідор, у якім паабапал было многа дзвярэй. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасяле́нец, ‑нца, м.

Той, хто перасяляецца, перасяліўся на новае месца. На нашы позіркі ён усміхнуўся І адказаў: — Я магілёўскі родам. Перасяленец. Сёлета вясною Было паўвека роўна, як адтуль... Гілевіч. / Пра расліны, жывёл, птушак і пад. Вясной дрэўца пусціла першыя зялёныя пятачкі глянцавітага лісця, і ўзрадаваўся Мітрафан: перасяленец прыняўся. Ракітны. За адзінаццаць год усурыйскія яноты размножыліся і разбрыліся далёка ад таго месца ў Парыцкім раёне, дзе былі выпушчаны першыя далёкаўсходнія перасяленцы. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прые́зд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыязджаць — прыехаць.

2. Знаходжанне прыезджага дзе‑н. Не было цяпер і той цэласці і яснасці, з якой жыў .. [Лабановіч] тут першыя дні свайго прыезду. Колас. Хлопчык памятае, як яшчэ ў час яго першага прыезду каля кар’ераў — шырокіх ям, напоўненых вадой, — высіліся акуратна складзеныя штабялі тарфяных цаглін. Даніленка. І ўспомнілася .. [Багдановічу], як у папярэдні прыезд, — тады ён быў дужы, — пайшлі яны з Купалам у поле. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбэ́шчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разбэсціць.

2. у знач. прым. З дрэннымі, амаральнымі звычкамі. Брэсцкая зямля ашаламіла разбэшчаных захопнікаў: ваявалі жывыя і мёртвыя, руіны стралялі ва ўпор. «Звязда». — Камендант, якога ўсе ведалі як разбэшчанага, ласага да дзяўчат фрыца, напэўна, заляцаецца да яе, Валі... Сіняўскі. // Уласцівы такому чалавеку, такім людзям. Рухалася.. [Арсеньева] павольна, разбэшчанай паходкай. Новікаў.

3. у знач. прым. Непаслухмяны, разбалаваны. У Эльзы і Эдгарда Грабэ было пяцёра разбэшчаных дзяцей. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да расіна; капля расы. Над ракой туман плыве. Ззяюць іскры на траве — То на кожную травінку Палажыла ноч расінку, Падарыў вясёлы дзень Кожнай кропельцы прамень... Муравейка. // Капля якой‑н. вадкасці. Пятруська прыбягаў сюды з кошыкам, мусіць, часцей за ўсіх, яму аж горача стала, а ў яго напарніка ўжо і расінкі на лбе выступілі. Кулакоўскі.

•••

Макавай расінкі ў роце не было гл. быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхвалява́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расхваляваць.

2. у знач. прым. Які моцна хвалюецца, бурны (пра мора, возера, раку і пад.). Краіна падобная была да расхваляванага мора, над якім .. грукочуць грымоты. Самуйлёнак.

3. у знач. прым. Які моцна хвалюецца, непакоіцца; расстроены. Апусцілі заслону, выйшаў ніўскі настаўнік, падняў руку, каб суцішыць расхваляваных дзяцей. Пальчэўскі. Расхваляваны ішоў я на ўрок, і на ўроку ў тлумачэннях маіх не было ранейшага складу і ладу. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)