валту́зіць, ‑тужу, ‑тузіш, ‑тузіць; незак., каго.
Разм.
1. Тармасіць, тузаць. Нехта схапіў.. [Засмужца], вывалак на бераг, валтузіў, каб вярнуць к жыццю. Мележ. // Тузаючы, штурхаючы, біць каго‑н. Накінуліся жаўнеры на дзеда Талаша і пачалі яго валтузіць, стараючыся паваліць старога. Колас.
2. перан. Бесперастанку турбаваць. — Хіба я ведаю, дзе той доктар? — развёў хлопец рукамі, і ў яго голасе было многа пратэсту: «Што вы маеце да мяне? І так мяне ўчора валтузілі, не давалі бацьку пахаваць!» Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́вень, ліўня, м.
1. Моцны, праліўны дождж. За якія пяць хвілін рэдкі дождж змяніўся страшэнным ліўнем. Шашкоў. Хлынуў цёплы вясенні лівень. Гурскі.
2. перан. Пра тое, што падае, рухаецца, сыплецца масай, вялікай колькасцю. Нас не было яшчэ зусім на свеце, Калі грымеў Аўроры залп, калі Пад ліўнем куль матросы і гвардзейцы Па штурм Палаца Зімняга ішлі. Гілевіч. Прырэчны арэшнік увесь дыміўся залатым пылам, вераб’і перасыпаліся буйным ліўнем са стрэх на гразкую вуліцу. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мело́дыя, ‑і, ж.
1. Заканамерная паслядоўнасць гукаў, якая ўтварае пэўнае музычнае адзінства; напеў, матыў. Павольная, поўная велічнай гармоніі мелодыя гучыць у зале. Мележ. Слоў яшчэ не было — нараджалася адна мелодыя, але за ёй павінны былі з’явіцца і словы. Хадкевіч. Над рэчкай плыла мелодыя нейкай вельмі знаёмай песні. Асіпенка.
2. Музыкальнасць, меладычнасць. Мелодыя верша. □ І заснеш пад мелодыю слоў Сном аратага — ціхім, шчаслівым. Будзеш сніць аб прасторах палёў, Аб сваіх пазалочаных нівах. Тарас.
[Ад грэч. melōdia — напеў, песня.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даручэ́нне, ‑я, н.
1. Справа, даручаная каму‑н. для выканання; заданне. Партыйнае даручэнне. □ У больш тонкія пачуцці .. [шафёр] не ўваходзіў, а ведаў адно: узяў баец даручэнне, павінен выканаць. Кулакоўскі. Было яшчэ даручэнне райкома праверыць суседні калгас «Бальшавік». Дуброўскі.
2. Дакумент, які дае каму‑н. права дзейнічаць ад імя асобы, што выдала яго; даверанасць. Пакідаючы Закуцце, Ігар напісаў гаспадару даручэнне, каб той атрымаў у канторы саўгаса, як прыйдзе на гэта час, Ігараву зарплату. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
двайны́, ‑ая, ‑ое.
1. У два разы большы; падвоены. Двайны расход. Двайная плата. □ У гэты дзень было двайное свята — дзень выбараў супаў з 45‑годдзем устанаўлення Савецкай улады ў горадзе. «Звязда».
2. Які складаецца з двух аднародных ці падобных прадметаў, частак. Двайное дно. □ Жыжка прадзеў левую руку праз двайны раменны повад вуздэчкі, каб не выпусціць жарабка. Ермаловіч.
3. Які праяўляецца ў двух відах, формах. Яны вялі старанна прадуманае двайное жыццё. Гамолка.
•••
Двайная бухгалтэрыя гл. бухгалтэрыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзірва́н, ‑у, м.
1. Тое, што і дзёран. Каб наварыць ландышы сёння, Слава яшчэ ўвосень выкапаў іх у лесе разам з дзірваном. Хомчанка. Зверху скляпенне было прысыпана зямлёй і абложана дзірваном. Колас.
2. Нявораная зямля, густа парослая травой. Выходзяць на поле плугі, Ўзнімаюць плугі дзірваны. Купала. Палі ўсё яшчэ ляжалі шырокімі, даўно не кранутымі дзірванамі, суха шасцелі пераспелым пустазеллем. У першыя гады пасля вызвалення ў калгасе.. не хапала сілы падняць гэты далёкі заляжалы дзірван. Шамякін.
[Літ. dirvonas.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыста́нцыя, ‑і, ж.
1. Адлегласць. Адысці на пэўную дыстанцыю. Страляць з блізкай дыстанцыі. □ Човен рушыў з болей блізкай дыстанцыі. Колас. // Адлегласць паміж стартам і фінішам. Паўлік рвануўся ад Андрэйкавых варот дамоў з такою сілаю, што можна было падумаць, нібы ён браў старт па бегу на стометровую дыстанцыю. Краўчанка.
2. Участак адміністрацыйна-тэхнічнага падзелу чыгуначнага, шасейнага і воднага пуці. Начальнік дыстанцыі. □ Тут знаходзіцца дыстанцыя пуці, а вунь там — дыстанцыя сувязі. Васілёнак.
[Лац. distantia.]
•••
Сысці з дыстанцыі гл. сысці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
завало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і заўлада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., кім-чым.
1. Узяць што‑н. у сваё ўладанне; захапіць. Чалавек навучыўся браць багацці зямлі, навучыўся рабіць машыны, завалодаў морамі, рэкамі, паветрам. Галавач. [Птушаняты] злосна штурхаюцца, стараючыся завалодаць большым і лепшым кавалкам. В. Вольскі.
2. перан. Прыцягнуць да сябе, падпарадкаваць свайму ўплыву. Відаць было, што памочнік хацеў завалодаць адзін увагаю панны Ядвісі, а настаўніка адцерці. Колас. Ідэя электрыфікацыі завалодала калгаснікамі ўсіх калгасаў сельсавета. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наме́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. з інф. Займець намер што‑н. зрабіць. Намерыцца паехаць у падарожжа. □ Рыгор Яўхімавіч цвёрда намерыўся заўтра ж пагутарыць з .. Дашчынскай. Асіпенка. Набраўшы вады, дзяўчына ўжо звыкла намерылася пацягнуць вочап і раптам адумалася. Мележ.
2. Нацэліцца; падняць што‑н. для выстралу, удару і пад. Ён намерыўся і стрэліў. □ [Вайсковец:] — Я падпусціў .. [чалавека] на крокаў дзесяць, намерыўся і шпурнуў у яго сякерай — іншай зброі ў той момант са мной не было. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напаро́цца, ‑паруся, ‑порашся, ‑порацца; зак.
1. на што. Параніць сябе, наткнуўшыся на што‑н. вострае. А ночы насталі цёмныя, так і глядзі, каб не напароцца вокам на яловы сучок, не праваліцца па пахі ў ваду. Карпюк.
2. перан. Разм. Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. нежаданым, неспадзяваным. Тут навокал раскінуліся сажалкі, трэба было прайсці непрыкметна, каб не напароцца на варту. Чарнышэвіч. Гармата, якая плялася ўслед атрада карнікаў, зусім нечакана.. напаролася на партызанскую міну. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)