акалі́чнасць, ‑і, ж.
1. Падзея, факт, якія суправаджаюць што‑н., могуць уплываць на што‑н.; той або іншы бок справы, падзеі. [Мірон і Віктар] узялі на ўвагу і тую акалічнасць, што дажджы ў нас ідуць з захаду. Маўр. З размоў з Віталевым.. [Анатоль] вынес адну немалаважную акалічнасць: будаваць камунізм без свядомых адносін да працы нельга. Асіпенка.
2. пераважна мн. (акалі́чнасці, ‑сцей). Умовы, якія вызначаюць становішча каго‑, чаго-небудзь; абставіны. У момант вялікіх душэўных зрухаў або напружанай змены падзей ці жыццёвых акалічнасцей людзі і старыя робяцца, як дзеці. Чорны.
3. Даданы член сказа, які ўказвае на час, месца, спосаб дзеяння і пад. Акалічнасць прычыны. Акалічнасць часу. Акалічнасць месца. Акалічнасць спосабу дзеяння.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аса́дак, ‑дку, м.
1. Драбнюткія частачкі якога‑н. рэчыва, якія выдзеліліся з раствору, вадкасці і аселі на дно. І вось чалавек ля горна зняў з сагана зусім круглую бутэльку з вузкім рыльцам, ускалаціў нейкі асадак і паказаў чалавеку з паласой. Караткевіч.
2. перан. Цяжкае, непрыемнае пачуццё, якое застаецца пасля якой‑н. непрыемнай размовы, падзеі і пад. Словы маці неяк ураз змылі ўвесь той непрыемны асадак на душы. Шамякін. На сэрцы.. [Віталя] застаўся нейкі, трывожны асадак. Васілёнак. [Сцепуржынскі].. пасмялеў. Аднак жа брыдкі асадак страху і прыкрасці ў яго астаўся. Чорны.
3. звычайна мн. (аса́дкі, ‑аў). Спец. Горныя пароды, якія ўтварыліся некалі на дне былых вадаёмаў шляхам асядання мінеральных і арганічных рэчываў; асадкавыя горныя пароды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пу́бліка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж., зб.
Людзі, якія знаходзяцца дзе‑н. у якасці слухачоў, гледачоў, наведвальнікаў. Панькова гуляла прыгожа. Яна неўзаметку наглядала за публікай і бачыла, што позіркі многіх «балельшчыкаў» скіраваны на яе. Сабаленка. Публіка лёгка даравала артыстам усё, калі на сцэну зноў выйшаў той дзядок, калі ён дакладна гэтак жа, як дзед Сілівон, кашлянуў, паціснуў плячыма, прайшоўся. Краўчанка. // Разм. Людзі, народ. Гулка загудзеў параход, забегалі матросы, ажывілася публіка. Багдановіч. Сярод ваеннай і цывільнай публікі мільгалі таксама і постаці ксяндзоў у доўгіх сутанах. Колас. // Разм. Пра групу, разрад людзей, якія маюць агульныя прыкметы, што‑н. агульнае. Тут былі такія купцы, як Пачулія.. і іншая цёплая, грашовая публіка. Самуйлёнак.
[Ад лац. publicus — грамадскі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палані́ць, ‑ланю, ‑лоніш, ‑лоніць; зак. і незак., каго-што.
1. Захапіць, узяць у палон. Зграя варожая злева і справа Іх паланіла для жорсткай расправы. Звонак. // Заваяваць, захапіць якія‑н. землі, краіны і пад. У кожным слове Соніных бацькоў гучала нянавісць да чужынцаў, якія паланілі родны край. Новікаў.
2. перан. Прывабіўшы, падпарадкаваць свайму ўплыву. Хацеў знайсці да ісціны ключы, А паланілі формулы і словы. Грахоўскі. Сэрца стала паслухмяным, — любы словам паланіў. Машара. // Зачараваць. Спявалі [дзяўчаты] зладжана, прыгожа, але асабліва паланіў адзін цудоўны голас. Шамякін. Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад. Лынькоў.
3. Разм. Ахапіць, запоўніць сабой. Водбліскі цямнелі, гаслі, знікалі і зноў успыхвалі з новаю сілай, паланілі ўсё неба. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасо́л, ‑ела, м.
1. Дыпламатычны прадстаўнік вышэйшага рангу адной дзяржавы, акрэдытаваны пры ўрадзе іншай дзяржавы. Гэтай вячэрняй парой на балконе аднаго з дамоў на Арцішчаўскай вуліцы стаяў паўнамоцны пасол РСФСР Сяргей Міронавіч Кіраў. Самуйлёнак. Паслы імперыялістычных дзяржаў, якія спадзяваліся на магчымую змену палітычнага курсу, былі расчараваны. В. Вольскі.
2. Той, хто пасланы куды‑н. з якім‑н. даручэннем; пасланец, пасыльны. Прыйшлі паслы — Ад плугоў, ад пілы. Павялі паслаў Да прыбраных сталоў. Лось.
3. У Польшчы — дэпутат сейма. На з’ездзе выступалі два беларускія паслы сейма, якія прыехалі з Вільні. Пестрак. З часу абрання Тарашкевіча паслом сейма ўвесь свой творчы запал ён аддае палітычнай барацьбе. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́рыя, ‑і, ж.
1. Шэраг аднародных прадметаў, якія маюць якую‑н. агульную прымету. Серыя станкоў. □ Раман «Зямля» з’явіўся пачаткам выдатнай серыі аповесцей і раманаў з жыцця беларускага народа. Адамовіч. // Паслядоўны рад якіх‑н. дзеянняў, падзей і пад. Серыя доследаў. Серыя гімнастычных практыкаванняў. Серыя выбухаў.
2. Шэраг вырабаў, машын, дэталей, зробленых па аднаму ўзору. Паравоз серыі ФД.
3. Частка вялікага кінафільма, якая дэманструецца самастойна на працягу цэлага сеанса. Кінафільм у дзвюх серыях.
4. Разрад, катэгорыя цэнных папер (грашовых знакаў, аблігацый ці дакументаў), якія абазначаюцца лічбамі або літарамі. Нумар і серыя бюлетэня. □ Дваццаць пяць тысяч! Я гляджу... нумар, серыя так і плывуць у мяне ў вачах. Рамановіч.
[Фр. série ад лац. séries.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сітуа́цыя, ‑і, ж.
1. Сукупнасць абставін, у якіх што‑н. адбываецца; становішча, у якім хто‑н. знаходзіцца. Рэвалюцыйная сітуацыя. □ [Андрэй:] — Нам трэба ўмець разбірацца не толькі ў абставінах, у розных вайсковых сітуацыях, а і ў людзях. Кулакоўскі. Гаворка часамі пераходзіла ў звычайнае фантазёрства, у жарты, у неіснуючыя сітуацыі, поўныя дасціпных, смешных выдумак. Колас. Валодзя ўхваляў рашэнне, казаў, што інакш і нельга, што і ён пры такой сітуацыі зрабіў бы толькі так. Шамякін. Чаго толькі не пабачыш у час камандзіровак, у якія сітуацыі не трапіць! Місько.
2. У геадэзіі — сукупнасць водных прастораў, лясоў, гор, населеных пунктаў і пад., якія паказаны на карце ці плане пры дапамозе ўмоўных знакаў.
[Фр. situation.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэ́зіс, ‑а, м.
1. Палажэнне, правільнасць якога павінна быць раскрыта і абгрунтавана. Буржуазныя пісьменнікі, буржуазныя літаратуразнаўцы спрабуюць сцвердзіць тэзіс аб надкласавасці і надпартыйнасці, якія нібыта ўласцівы літаратуры. «Беларусь». [Юхневіч] рыхтаваўся да абароны, загадзя думаючы над тым, што ўзяць у якасці галоўнага тэзіса. Савіцкі.
2. У філасофіі Гегеля — зыходная ступень усякага працэсу развіцця, першая ступень трыяды.
3. звычайна мн. (тэ́зісы, ‑аў). Сфармуляваныя палажэнні, якія коратка перадаюць асноўныя думкі лекцыі, даклада, артыкула і пад. Прамова даўно была гатова, тэзісы яе ляжалі на стале. Алешка. У гэты час .. [Хадановіч] думаў пра тэзісы, думаў аб тым, як выказаць калгаснікам на блізкіх прыкладах тыя думкі, што сабраў ён да лекцыі. Грамовіч.
[Грэч. thesis.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарс, ‑а, м.
1. Тэатральная п’еса лёгкага, жартаўлівага, часам фрывольнага зместу. Зусім няслушным з’яўляецца сцверджанне тых даследчыкаў, якія імкнуцца радаслоўную гогалеўскіх герояў шукаць не ў рускай рэчаіснасці, адкуль быў узяты сюжэт камедыі, а нібыта ў французскіх вадэвілях і фарсах, якія ставіліся тады ў рускіх тэатрах. «Полымя». Нельга адмаўляць таго, што ў фінале «Паўлінкі» скарыстаны элементы вадэвіля і фарса. Ярош. // Манера ігры акцёра, заснаваная на блазенстве, грубых жартах з мэтай выклікаць смех у гледачоў.
2. перан. Ганебнае, цынічнае відовішча. Судовы працэс над ім [Хойзерам] звялі да фарса. Новікаў. Супастаўляючы гэтыя працэсы, ён [Максім] зразумеў, што цяперашні працэс ёсць не што іншае, як пусты фарс для выратавання прыстойнасці панскага правасуддзя. Машара.
[Фр. farce.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчу́пальцы, ‑аў; адз. шчупальца, ‑а, н.
Рухомыя адросткі на целе ў чарвей, малюскаў, членістаногіх і некаторых іншых жывёл, якія служаць для дотыку, захоплівання ежы, іншы раз для дыхання. Сярод шчупальцаў медузы нярэдка хаваюцца малькі розных рыб. «Маладосць». Другія жывёліны марскога дна — каралы, актыніі свае шматлікія шчупальцы выцягваюць высока ўверх і прагна хапаюць рэшткі харчу, якія падаюць на дно з паверхні акіяна. «Звязда». // перан. Пра тое, што нагадвае такія адросткі, пранікае куды‑н., захоплівае што‑н. На небе, пакінуўшы доўгія шчупальцы асляпляльна-белых пратуберанцаў, ляжала распластанае Сонца. Гамолка. Мы выразна ўсе ўбачылі Перад сабой, Як з канцэрнаў І банкаў Уол-стрыта Працягнуў свае шчупальцы Спрут-капітал Да калоній. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)