аса́дак, ‑дку, м.
1. Драбнюткія частачкі якога‑н. рэчыва, якія выдзеліліся з раствору, вадкасці і аселі на дно. І вось чалавек ля горна зняў з сагана зусім круглую бутэльку з вузкім рыльцам, ускалаціў нейкі асадак і паказаў чалавеку з паласой. Караткевіч.
2. перан. Цяжкае, непрыемнае пачуццё, якое застаецца пасля якой‑н. непрыемнай размовы, падзеі і пад. Словы маці неяк ураз змылі ўвесь той непрыемны асадак на душы. Шамякін. На сэрцы.. [Віталя] застаўся нейкі, трывожны асадак. Васілёнак. [Сцепуржынскі].. пасмялеў. Аднак жа брыдкі асадак страху і прыкрасці ў яго астаўся. Чорны.
3. звычайна мн. (аса́дкі, ‑аў). Спец. Горныя пароды, якія ўтварыліся некалі на дне былых вадаёмаў шляхам асядання мінеральных і арганічных рэчываў; асадкавыя горныя пароды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)