падгало́сак, ‑ска, м.

1. У спевах — голас больш высокага тону, які дапамагае асноўнаму. Песня пачынаецца запевам, потым уступае хор у суправаджэнні падгалоска. «Беларусь». // Той, хто падпявае галоўнаму спеваку.

2. перан. Разм. Беспрынцыповы чалавек, які паўтарае, падтрымлівае чужыя думкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

правады́р, ‑а, м.

1. Ідэйны, палітычны кіраўнік (партыі, класа). І гэта зусім зразумела, Напісана чорным па белым: — Наш Ленін — свабода і мір, Працоўных усіх правадыр! Бялевіч.

2. Той, хто кіруе кім‑, чым‑н. (племем, войскам, атрадам і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прафесіяна́л, ‑а, м.

Той, хто зрабіў які‑н. занятак сваёй прафесіяй; добры спецыяліст, знаўца сваёй справы. — Вы прафесіянал па скрыпцы? — Не. Скрыпка таксама выпадковае. Галавач. Арганічная сувязь з народным мастацтвам мела для мастакоў-прафесіяналаў надзвычай важнае значэнне. Шматаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папярэ́чына, ‑ы, ж.

Тое, што і папярочка. Некалькі цесляроў ставілі кроквы на той закончаны зруб, што яшчэ ўчора заўважыў Мікола, і адразу ж клалі папярэчыны. Краўчанка. [Міканор] прыставіў да страхі [лесвіцу].. Праверыў, ці добра стаіць, ступіў ботам на папярэчыну. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напа́рнік, ‑а, м.

Той, хто працуе ў пары, на змену з кім‑н. Адну [тачку] нагружае Сцяпан, а адвозіць напарнік, а другую наадварот. Гроднеў. Радзюк прыпыніў машыну і.. вылез з кабіны разам са сваім напарнікам, семнаццацігадовым кірпатым хлопцам. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапу́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Разм. Вельмі моцны спалох. Кудахтанне звар’яцелых з перапуду курэй і залівісты брэх сабак несліся з аднаго канца вёскі ў другі. Б. Стральцоў. Дзяўчына падскочыла, нібы той заяц з перапуду, потым сіганула ўбок. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рысава́льшчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца рысаваннем, хто робіць малюнкі для чаго‑н. Аднаму астрожнаму рысавальшчыку сябры далі тэму: нарысаваць звычайнага чорнага жука, даць яму ў лапку ручку з пяром. Колас. Рысавальшчыкам Мінін быў горшым, чым гравёрам. Шматаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самастрахо́ўшчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто праяўляе празмерную асцярожнасць у чым‑н., каб застрахаваць сваю асобу ад адказнасці за непажаданы вынік. [Гарлахвацкі:] Каб я быў такі самастрахоўшчык, як іншыя, дык мог бы прапанаваць вам [Чарнавусу] падаць заяву аб уходзе. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старшы́нствуючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад старшынстваваць.

2. у знач. наз. старшы́нствуючы, ‑ага, м. Той, хто выконвае абавязкі старшыні. Адказваючы на пытанне старшынствуючага, падсудны прызнаў: «Так, чатыры вечары я адсутнічаў». «Звязда».

3. Дзеепрысл. незак. ад старшынстваваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фунда́тар, ‑а, м.

Той, хто засноўвае што‑н. або дае грошы на заснаванне чаго‑н. Пра моладаўскі звон мы ведаем амаль усё: дзе і калі ён быў адліты, імёны майстра, фундатара і верагоднага аўтара ці рэдактара тэкстаў. «Помнікі».

[Польск. fundator з лац. fundator.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)