пара́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да парада, звязаны з парадам. Парадны строй. Парадны марш. // Прызначаны для парада, для ўрачыстых выпадкаў. Парадная форма. □ З рэчавага мяшка.. [Язэп] дастаў пару новенькіх пагонаў, якія яму выдалі ў шпіталі, не палявых, а парадных, а яркімі нашыўкамі. Асіпенка. Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі. Колас. // Святочны. Парадны выгляд.
2. Галоўны (пра лесвіцу, уваход і пад.). Парадныя дзверы. □ [Кандрат] не пайшоў з чорнага ўваходу, каб не падумалі, што хаваючыся да Домны ходзіць, пастукаўся ў парадны. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паро́дзісты, ‑ая, ‑ае.
1. Надзелены якасцямі добрай пароды (пра свойскую жывёлу). [Максім:] — Трэба будзе сапраўды папрасіць у Гайнай, каб прадала пародзістых кароў. Шамякін. // Які з’яўляецца прыкметай добрай пароды, сведчыць аб прыналежнасці да добрай пароды.
2. Уст. Надзелены рысамі, якія сведчаць аб арыстакратычным паходжанні. // Які з’яўляецца прыкметай такога паходжання. Седзячы ў доле і ўсё кашляючы,.. [Сотнікаў] пазіраў на свайго канваіра — маладога хлопца ў чорнай фарсістай кубанцы, яго прыгожы з пародзістым носам твар, на якім часам з’яўлялася нечакана прываблівая ўсмешка. Быкаў.
3. Разм. Моцнага складу, здаровы, дужы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паста́віцца 1, ‑ставіцца; зак.
Быць пастаўленым. — Прадаў [зруб]. Яшчэ і другі, як толькі паставіцца, сплавіць. Савіцкі.
паста́віцца 2, ‑стаўлюся, ‑ставішся, ‑ставіцца; зак.
Праявіць, выказаць якім‑н. чынам свае адносіны да каго‑, чаго‑н. [Нявідны] адразу паставіўся варожа да свайго допыту і ўзяў курс на тое, каб меней гаварыць і нічога не расказваць аб тым, што іх будзе найбольш цікавіць. Колас. Нарэшце і Марынка не так ужо непрыхільна паставілася да таго, што планы, пра якія.. [Паходня] гаварыў ёй пры сустрэчах і пісаў, разышліся з сапраўднасцю. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
касава́ць, касую, касуеш, касуе; незак., што.
1. Выкрэсліваць, закрэсліваць. [Сымон] борздзенька перапраўляў тэкст, мяняў словы, выразы, касаваў цэлыя строфы. Колас.
2. Адмяняць, ліквідаваць, спыняць дзеянне чаго‑н. Касаваць пастанову. Касаваць дагавор. Касаваць шлюб. □ — І каб дзядзю Мішу далі права, што дазваляць, а што касаваць, — умяшаўся ў размову Смаляк, — ён зруйнаваў бы ўсе стадыёны і спорт-пляцоўкі. Паслядовіч.
3. Пераглядаць, апратэстоўваць рашэнне суда ў касацыйным парадку.
4. Абл. Рабіць непрыкметным, адсоўваць на задні план. Дзеці — два шустрыя, чарнявыя хлапчукі — напалавіну касавалі бяду. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маскара́д, ‑у, М ‑дзе, ж.
1. Баль, вечар, на які прыходзяць у масках і спецыяльных касцюмах; касцюміраваны баль. Шэметы збіраліся на навагодні студэнцкі маскарад. Лобан.
2. Незвычайны касцюм, убор, які мяняе чый‑н. знешні выгляд. На Пылі было кароценькае футра і доўгая чорная спадніца. На галаве зграбны капялюшык і густая чорная вуаль .. — Не хацела, каб твая гаспадыня бачыла, што да цябе заходзіла яўрэйка, — так растлумачыла .. [Пыля] мне свой маскарад. Асіпенка. // перан. Аб прытворстве, якое скрывае сутнасць каго‑, чаго‑н. Маскарад буржуазных выбараў.
[Фр. mascarade ад іт. mascherata.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.
1. Знішчыць, разбурыць узрывам. Падарваць танк. Падарваць мост. □ Каб не здавацца ў рукі ворагу, «Вараг» падарвалі і падтрымалі славу рускага флоту. Колас.
2. перан. Нанесці шкоду, аслабіць, разладзіць. Падарваць аўтарытэт. □ Гераічная барацьба лепшых сыноў рабочага класа падарвала ўстоі самаўладства, устоі векавечнай цемры, няволі. Купала. // Разм. Сапсаваць сваё або чыё‑н. здароўе. [Асмалоўскі:] — Хоць бы пасаромеўся, што нябожчыцу-жонку падарваў на рабоце. Сіўцоў.
•••
Падарваць жывот (жываты) — тое, што і надарваць жывот (жываты) (гл. надарваць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пе́кла, ‑а, н.
1. Паводле рэлігійна-містычных уяўленняў — месца, дзе церпяць вечныя пакуты душы памёршых грэшнікаў. Хто курыць, таго да пекла тураць, а хто нюхае, той сам да пекла трухае. Прыказка. // Разм. Вельмі моцная гарачыня, спёка.
2. перан. Месца, дзе адбываюцца небяспечныя, жахлівыя падзеі. Пекла вайны. □ Народ ішоў, каб уцячы з пекла, у якім апынуўся горад. Гурскі. // Нясцерпныя ўмовы жыцця. У панурым у пекле астрожным Засталася ты [Вера Харужая] непераможнай. Танк. Марылін Манро нейкім цудам пашанцавала выжыць у гэтым пекле эксплуатацыі, нажывы і бізнесу. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Падумаўшы яшчэ раз, змяніць свой намер, прыняць іншае рашэнне. Кастусь падышоў да акна, хацеў пастукаць, але перадумаў. С. Александровіч. Над пераходам з’явілася чайка і паляцела ўслед. Потым перадумала, нешта выглядзела сабе ў хвалях, спрытна спікіравала. Даніленка.
2. што, аб чым і без дап. Падумаць пра ўсё, многае. Малады настаўнік шмат перажыў, перадумаў. Колас. Пальчык апынуўся на гаўптвахце. Усяго яму ўляцела дзесяць сутак. Часу было многа, каб перадумаць усё, узважыць і ў многім пакаяцца. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Употай прыслухоўваючыся, пачуць што‑н. (сказанае другім, для другіх). [Буднік:] — Дужа часта соваў.. [Мікіта] не ў сваю справу нос, любіў падслухаць, дзе хто што гаворыць, паглядаў, хто куды пайшоў. Галавач. / у вобразным ужыванні. Цёмныя ночы тояць нейкі ўрачысты спакой, і неба ніжай нахіляецца да зямлі, каб падслухаць яе адвечную скаргу. Колас. // перан. Улавіць, зразумець чые‑н. пачуцці, думкі і пад. Фурсу здалося, што Вронісь падслухаў яго думкі. Баранавых. Родзяцца ў сэрцы дзіўныя думы, Хочацца пушчу падслухаць. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. пажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.
1. Жыць, існаваць нейкі час. Не можа быць, каб.. [Карага] яшчэ не пажыў на свеце. Колас. // Пражыць яшчэ нейкі час. [Стафанковіч] думаў пра тое, што ён многа год пражыў на свеце, што ён стары, што доўга не пажыве. Чорны. Блажэвіч усміхнуўся: — Не шкадуйце мяне і не хавайце загадзя. Я яшчэ пажыву. Шыцік.
2. Прабыць нейкі час дзе‑н., у каго‑н. Пажыць у вёсцы. □ Пасля дэмабілізацыі Сяргей пажыў ва Узлессі мала. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)