гаспада́р, ‑а, м.
1. Уласнік, уладальнік каго‑, чаго‑н. Гаспадар кнігі. Гаспадар кватэры. Гаспадар фабрыкі. // Прыватны наймальнік. Гаспадар не хацеў задавольваць патрабаванні рабочых, пагражаў абвясціць лакаут. Лынькоў. // Селянін, уладальнік сялянскага двара, надзелу. Ніхто.. [Лаўрэна] не лічыў за гаспадара, а яго хату — за гаспадарку. Якімовіч. Пад самы лес бягуць шнуры, І брыюць спрытна, без заганы, Зялёны дол гаспадары. Колас.
2. (звычайна з азначэннем). Чалавек, які вядзе гаспадарку, займаецца гаспадарчымі справамі. Дбайны гаспадар. □ Навучыліся тут людзі працаваць.., адчуваць сябе добрымі, руплівымі гаспадарамі. Кулакоўскі.
3. Галава сям’і, дома. Мужчыны падалі адзін аднаму рукі, гаспадар — цвёрда і самаўпэўнена, госць — .. нясмела. Чорны.
4. Той, хто мае ўладу над кім‑, чым‑н.; паўнаўладны распарадчык. Гаспадар становішча. □ Кандрат Гуга быў больш-менш незалежным гаспадаром у сваім доме. Колас.
5. Разм. Муж. Вестка пра падзенне самаўладства ўсімі ўспрымалася як вестка пра канец вайны, пра тое, што да дзяцей вернуцца бацькі, да маці — сыны, да жонак — гаспадары. Лобан.
•••
Гаспадар свайго слова — пра чалавека, у якога слова не разыходзіцца са справай.
Сам сабе гаспадар гл. сам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адгада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разгадаць загадку; правільна вырашыць пытанне, якое патрабуе здагадкі, кемлівасці. [Пан:] — Загадаю вам [беднаму і багатаму] тры загадкі: што на свеце сыцей за ўсё? што на свеце саладзей за ўсё? што на свеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму і карова застаецца. Якімовіч. // Вызначыць што‑н., даведацца аб чым‑н. інтуітыўна, пры дапамозе здагадкі. Волька з паўслова ўмела адгадаць Міхалаву думку. Васілевіч. Часамі, седзячы ў сябе на ганку, я разглядаў гэтыя гамакі і стараўся адгадаць, каторы з іх Данусін. Карпюк. // Па якіх‑н. прыкметах уведаць аб чым‑н. наперад; прадбачыць. І так і сяк яны [Даніла і Марынка] мяркуюць, Каб адгадаць падзеі ход. Колас. // Пазнаць каго‑, што‑н. Ціхаміру раптам захацелася пашукаць знаёмых, і ён прайшоўся між лавак, але знаёмых не было, ды і наўрад ці адгадаў бы ён тут каго, каб нават і былі: гады ж не так сабе ішлі. Чыгрынаў. Шпалеры на сценах да таго выцвілі, што нельга адгадаць іх першапачатковы колер. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адрачы́ся, ‑ракуся, ‑рачэшся, ‑рачэцца; ‑рачомся, ‑рачацеся, ‑ракуцца; зак., каго-чаго і ад каго-чаго.
1. Адмовіцца ад сваіх правоў на што‑н. Адрачыся ад спадчыны. Адрачыся ад трона. □ [Грамабой:] — У людзей языкі доўгія: скажуць — Яначка зямлі адрокся. Крапіва. // Кінуць, не ўзяць. Пусціў Тодар ведзьмара. Усхапіўся той ды наўцекача — і сарочкі адрокся. Якімовіч.
2. Не прызнаць за сваё. [Купала:] Я даў абяцанне дзядзьку Раману, думаю, што і ён ад свайго слова не адрачэцца. Вітка. [Бэсман:] Як вам не сорам: Сказаць і адрачыся ўласных слоў! Глебка. // Адмовіцца ад былых поглядаў, перакананняў, веры. Адрачыся ад царквы. // Адмовіцца ад каго‑н. блізкага (сваякоў, сяброў, аднадумцаў і пад.). Што тут думаць! Усё перадумана. Не разумее старая, што.. [Іллюк] ніколі не адрачэцца ад Васіліны. Хадкевіч. // Парваць сувязь, аддаліцца ад чаго‑н. Ён ад свету сябе адлучыў, Ён адрокся ад скарбаў культуры. Глебка. // Адмовіцца ад якіх‑н. звычак, занятку і пад. Удавец-удалец Ад маны не ўбярогся; Ад світанак-гулянак, Ад дарог не адрокся. Бічэль-Загнетава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. аду́жай зак., каго-што.
1. Падужаць, перамагчы, адолець, узяць верх над кім‑, чым‑н.; справіцца з кім‑, чым‑н. Пачуў [Васіль], як брыдкая млоснасць кволіць рукі, ногі, усяго. Стараўся адужаць яе. Мележ. Што нам мяцеліца, Вецер і сцюжа? Што маладосць нашу Зможа адужаць? А. Александровіч. // Авалодаць якім‑н. рамяством, умельствам. [Дзед:] — Малады яшчэ ты дужа падымаць у кузні молат. Рамяство маё адужаць — гэта іншая размова. Дубоўка.
2. Змагчы, здолець. Конь такі, што гадай, ці адужае прывалачы столькі лесу. Мележ. [Гіляр:] — Я згодзен ісці пехатой да самых Бацяновіч і несці на сябе столькі арэхаў, колькі адужаю, абы ў нас сталася так, як тут. Дубоўка.
адужа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; заг. адужа́й; зак.
Набрацца сілы; ачуняць пасля хваробы. Мы адлятаць гатовы ў родны край, Туды, дзе адужалі нашы крылы. Барадулін. Каб адужалі дрэўцы, Каб цешыліся сэрцы, Калі там зашуміць здалёк Зялёны хвойнік ці гаёк. Лужанін. Некалькі месяцаў Марыля жыла ў эвакуацыі, пакуль трошкі адужаў сынок. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вінава́ты, ‑ая, ‑ае; ‑ват, ‑а.
1. Які правініўся ў чым‑н., зрабіў злачынства. Прызнаць вінаватым. □ [Толя:] — Тут не адзін дырэктар вінаваты. Не ўсе навучыліся дабро сваё, сваю працу як след шанаваць. Брыль. Віктар стаяў, апусціўшы галаву, і сапраўды адчуваў сябе вінаватым. Маўр. // у знач. наз. вінава́ты, ‑ага, м. Віноўнік. І правы і вінаваты.
2. Які з’яўляецца прычынай чаго‑н. Алеська.. скрыва пазірала і на Любу, быццам тая вінавата была ў яе гневе. Мурашка. Шышак — безліч, а спадчыны сасна не пакінула. Мабыць, вінавата проста месца. Навуменка.
3. толькі поўн. ф. Які выяўляе ўсведамленне сваёй віны. Вінаваты голас. Вінаватая ўсмешка. □ Ліда спадылба вінаватым позіркам глядзіць на брата. Пальчэўскі.
4. Які вінен каму‑н., мае доўг. [Паўлік:] — Бацька мой.. не мог ніяк з даўгоў выбрацца — Сегенецкаму вінаваты быў гэтулькі, што маці.. па паўлета дарэмна яму жала. Чорны. // у знач. наз. вінава́ты, ‑ага, м. Той, хто вінен каму‑н., мае доўг. [Ціток:] — Хай мне паадрабляюць усе вінаватыя. Лобан. Не плаціць багаты, а вінаваты. Прыказка.
•••
Богу душою не вінаваты (вінны) — зусім не вінаваты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́вернуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Перавярнуць унутраным бокам наверх. Вывернуць навалачку. □ Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас.
2. Варочаючы, выняць, выцягнуць; вырыць. Вывернуць пянёк з коранем. □ І першацвет далікатны парэчкавы, І чарназём той, што вывернуў крот, — Тры гады не ўдыхаў. Барадулін. // Падаць неўласцівы паварот; вывіхнуць. Вывернуць нагу.
3. Разм. Выліць, высыпаць, перакуліўшы пасудзіну; вываліць, выкуліць. Вывернуць вядро вады. □ За якую гадзіну назбіраў поўны кошык, а грыбоў у гэтай мясцінцы яшчэ многа. Прыйшлося вывернуць кошык, паадразаць ножкі і пакінуць толькі шапачкі. С. Александровіч. // Выкуліць з саней, лодкі і пад. [Янка:] — Ну, садзімся! Марыська, наперад за фурмана. Бяры лейцы ў рукі ды моцна трымай, каб не вывернулі! Чарот.
•••
Вывернуць душу — падзяліцца з кім‑н. сваімі перажываннямі, думкамі і пад.; расказаць усё да канца, выказаць самае запаветнае. Поўны трывогі,.. [Скуратовіч] меў патрэбу вывернуць перад кім сваю душу. Чорны. Мне хацелася гаварыць і гаварыць, нават душу вывернуць, каб Марылька паверыла кожнаму майму слову. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адчыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.
1. Адводзячы, знімаючы або адстаўляючы ўбок тое, чым перакрыты ўваход ці выхад, пройма ў якое‑н. памяшканне, у якую‑н. пасудзіну і пад., зрабіць даступнай унутраную або знешнюю прастору; адкрыць; проціл. зачыніць. Адчыніць хату. □ Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвіце, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў, Алесь і Юрка. Колас. // Зняць накрыўку; адвесці дзверы і пад. Адчыніць вароты. □ Данік не вытрымаў, узлез з каленьмі на акно, адчыніў фортачку і задрыжаў — не то ад холаду, не то ад голасу жанчыны. Брыль. // Пусціць у памяшканне, даць увайсці каму‑н. [Рыгор] падняўся на ўсходы да свае кватэры і пазваніў. Ніхто не з’яўляўся адчыніць. Гартны.
2. Тое, што і адкрыць (у 3 знач.). Падабраўшы з сваіх «хлопаў» хлапцоў і дзяўчат, [пан Вашамірскі] адчыніў у сябе студыю. Бядуля. [Андрэй:] — Часцей заязджайце, ды, калі можна, кніжак і газетак нам сюды прышліце: на гэту зіму школку думаем адчыніць. Чарот.
•••
Адчыніць дзверы — а) даць шырокую дарогу для свабоднага паступлення куды‑н., стварыць спрыяльныя ўмовы; б) зайсці, наведаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
імклі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі хуткі, быстры, шпаркі. Імклівы бег. Імклівая плынь. □ Ракета запаволіла свой імклівы, нястрымны рух. Мы набліжаемся да прыстані. В. Вольскі. Хацелася ўзяць ручку.. на сябе, даць поўны газ і адчуць імклівую хуткасць палёту. Алешка. // Які мае вялікую хуткасць, вызначаецца вялікай хуткасцю. Да стромкага берага Выпі, маленькай, але імклівай рачулкі, прыляпіўся стары, пахілы млын. Асіпенка. Міцю здаецца — вось-вось вылецяць з лесу імклівыя коннікі, у руках іх.. бліснуць шаблі. Навуменка. Вада бегла імклівымі ручаінамі з узгорка. Чорны. // перан. Які характарызуецца хуткасцю развіцця, узнікнення або напружанасцю праяўлення. Імклівае жыццё. □ Напорны час, Імклівы час, Гарыць агнём жывое сэрца... Кляшторны.
2. Які вызначаецца хуткасцю рухаў і дзеянняў; рухавы, энергічны, жвавы (пра чалавека). Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. Арэшкін хоць і быў вышэйшы ростам, але крочыў паважна, не спяшаючыся, і імкліваму, хуткаму ў рухах Лемяшэвічу прыйшлося запаволіць сваю хаду. Шамякін.
3. Які выражае парыў, імкненне да чаго‑н.; палкі, гарачы, парывісты. Нехта ўжо гаварыў кароткую, але імклівую і палкую прамову. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запіса́ць 1, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.
1. Перадаць што‑н. у пісьмовай форме; занесці на паперу. Запісаць прамову. □ У Сымона думак многа, Не запішаш нават іх. Колас.
2. Нанесці на плёнку, пласцінку з дапамогай спецыяльнага апарата. Запісаць на плёнку песню. Запісаць на відэамагнітафон.
3. Унесці, упісаць у які‑н. спіс, рэестр, кнігу і пад. Запісаць у журнал прозвішча вучня. □ [Самоцька] ужо і забыўся на той плуг, з прычыны якога Зэня запісаў яго ў спіс. Чорны. // Уключыць у лік каго‑н. Запісаць у сведкі. // Залічыць у якую‑н. установу. Запісаць сына ў школу. // Пачаць лічыць каго‑н. кім‑н. Запісаць сябе ў старыя.
4. Вызначыўшы што‑н. каму‑н., зрабіць аб гэтым адпаведны запіс. Запісаць вымову. Запісаць падзяку. □ Рыгорка ўсім запісаў па паўтара працадня. Дуброўскі.
5. на каго. Разм. Скласці дакумент аб перадачы каму‑н. чаго‑н. Запісаць дом на сына.
6. Разм. Пакрыць што‑н. пісьмовымі знакамі; спісаць. Запісаць усю старонку.
•••
Запісаць на лбе — добра запомніць.
запіса́ць 2, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак.
Разм. Пачаць пісаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзялі́ць, дзялю, дзеліш, дзеліць; незак., каго-што.
1. Раз’ядноўваць на часткі, размяркоўваць па частках. Дзяліць каравай. Дзяліць маёмасць. □ Зямлю вырашылі на сходзе дзяліць ранняй вясной. Пальчэўскі. Калі хлеба па картках сям’і неставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць, — так умелі апошні кавалак дзяліць, каб усіх надзяліць, а сябе — абдзяліць. А. Вольскі. // Размяжоўваць, аддзяляць. Дзяліць сыноў. □ Шчыльная агаро[дж]а .. дзеліць двор на дзве часткі. Чорны. Цяпер ехалі палявой дарогай, якая дзяліла два палеткі. Чарнышэвіч.
2. з кім. Даваць каму‑н. частку чаго‑н. свайго; сумесна карыстацца чым‑н. Са мною дзеліць Сойц сухар апошні. Зарыцкі. — Што я зрабіў табе? Душа ў душу жылі. Хлеб-соль дзялілі... Шамякін. // перан. Сумесна перажываць, зведваць (якое‑н. пачуццё і пад.). Шэсць год .. жывуць [Сяргей з Марыляй] разам, душа ў душу, дзеляць паміж сабою гора і радасць папалам. Нікановіч. Я сам адчуваў, што цяпер не ўсе свае думы дзяліў з табою. Скрыган.
3. Рабіць дзяленне (у 2 знач.). Шэсць дзяліць на тры.
•••
Дзяліць шкуру незабітага мядзведзя — размяркоўваць прыбытак у справе, якая яшчэ не зроблена.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)