збая́цца, збаюся, збаішся, збаіцца; зак., каго-чаго, без дап. і са злучн. «што».

Разм. Пабаяцца, спалохацца. — Я хацеў даплыць да таго берага. — Галынскі кіўнуў галавой у бок алешын. — Пасля зірнуў пад сябе ў ваду, і збаяўся, што не даплыву, і страціў сілы. Галавач. «Ваўкі нападаюць на чалавека, толькі калі гуляюць сваё вяселле. А цяпер жа не піліпаўка, павінны збаяцца чалавека», — стараўся разважаць спакойна Сяргей. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

добраахво́тнік, ‑а, м.

Той, хто па ўласнаму жаданню, добраахвотна ўступае ў армію ў час вайны. Тысячы добраахвотнікаў з многіх краін свету рушылі на дапамогу рэспубліканцам. Паслядовіч. Мінулай зімой, калі пачаліся фінскія падзеі, Павел разам з некаторымі таварышамі наважыўся паехаць добраахвотнікам на фронт. Шахавец. // Той, хто добраахвотна бярэ на сябе якую‑н. работу, абавязкі. У першым пакоі, куды ўвайшла цётка Эмілія, працавала шэсць маладых энтузіястаў-добраахвотнікаў. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дурма́н, ‑у, м.

1. Тое, што адурманьвае, ап’яняе (пра алкаголь, чад, пах і пад.). Надзвычайна прыкра убіраць у грудзі мутны дурман адгону. Нікановіч. // перан. Пра тое, што атупляе розум, свядомасць, з’яўляецца сродкам падману. Рэлігія — дурман для народа.

2. Памутненне свядомасці, розуму; адурэнне, ап’яненне. Дурман у галаве. □ Толькі калі часам нап’ецца якісь вясковы хлопец і пачне ў п’яным дурмане задзірацца, жанчыны гаварылі: «Якраз як Сашка Марцінаў». Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́лачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да елка.

2. у знач. прысл. е́лачкай, у е́лачку. Пра узор у форме прамой лініі з паралельнымі рысачкамі, якія адыходзяць ад яе пад вуглом. Вышываць елачкай. □ Грузавік паскорыў ход, пакідаючы на пясчанай пыльнай дарозе дзве роўныя ў елачку сцяжынкі. Гамолка.

3. Пра адну са стадый развіцця лёну, хвашчу і пад., калі паяўляюцца бакавыя адросткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заба́віцца, ‑баўлюся, ‑бавішся, ‑бавіцца; зак.

1. Затрымацца дзе‑н. даўжэй, чым меркавалася; запазніцца. — Мо цягнік запазніўся, — падумаў Марцін. — Іначай чаго б яна забавілася. Мележ. [Удзельнікі нарады] сабраліся хутка, толькі недзе забавіўся дырэктар. Дуброўскі.

2. Зацягнуць, прамарудзіць з чым‑н., не зрабіць чаго‑н. у час. Калі там, у Беларусі, усе гэтакія малайцы, дык яны, нябось, не забавяцца з будаўніцтвам свайго трактарнага. Кулакоўскі.

3. Зак. да забаўляцца (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завары́цца, ‑варыцца; зак.

1. Настояцца ў вары. Чай заварыўся.

2. Стаць гатовым пасля залівання варам. Крухмал заварыўся. Цеста заварылася.

3. Знікнуць у выніку зваркі, заліўкі (пра шчыліны, пустоты ў металічных вырабах). Трэшчына заварылася.

4. Разм. Распачацца (пра што‑н. клапатное, непрыемнае). [Справавод] падумаў: «Няхай так і ідзе паперка ад імя сельсавета, .. [Ключынскі] і адказваць будзе, калі што заварыцца, а мы подпіс засведчым і ўсё». Галавач.

•••

Заварылася каша гл. каша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўцёкі, прысл.

Бягом, уцякаючы ад каго‑, чаго‑н. Калі Лабановіч паказаўся ў кухні, .. [вучні] кінуліся наўцёкі. Колас. Яшчэ хвіліна, і малады алень адскочыў убок, потым павярнуўся і кінуўся раптам наўцёкі. В. Вольскі. Дзяўчаткі зарагаталі і, падхапіўшы пад рукі сваю меншую сяброўку, пабеглі наўцёкі. Чорны. / у знач. вык. [Алеська:] — Не паспеў падысці да абгарэлай сасны.., а нехта як выскачыць з лесу ды як запляскае. Я — наўцёкі. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак., кім-чым, з каго-чаго і без дап.

1. Зведаць задавальненне; парадавацца, пацешыцца ўволю. Андрэева маці — знясіленая, хворая старая, якая рэдка калі злазіла з печы, — не магла нацешыцца з сына і нявесткі. Хадкевіч. Спаткаўшыся, сябрукі не маглі адзін з другога нацешыцца, успамінаючы даўно мінулае, перажытае. Ядвігін Ш.

2. Зведаць асалоду ўзаемнага кахання. — Не нацешыліся, не намілаваліся яшчэ, а ўжо, бедная [Гэлька], удавіца. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ная́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які ёсць у наяўнасці. Маёру прыйшлося ўвесці ў бой усе наяўныя сілы палка. Гурскі. Клопікаў прычапіўся быў да кнігі, не сыходзілася наяўная колькасць хворых з запісамі па кнізе. Лынькоў. // у знач. наз. ная́ўныя, ‑ых. Грошы, якія ёсць у наяўнасці. Усе гарадскія гандляры расчынілі дзверы сваіх устаноў — калі ласка, бяры, як хочаш: наяўнымі, у крэдыт і нават дарма. Быкаў.

•••

Наяўны разлік гл. разлік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недапе́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад недапячы.

2. перан.; у знач. прым. Разм. Недастаткова падрыхтаваны да якой‑н. працы; малавопытны. Калі падчас трапіцца які-небудзь крыху недапечаны трактарыст, то мала карысці. Кулакоўскі.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Вялы, бязвольны. — Слухай, Андрэй, — сказаў [Тамаш], падышоўшы. — Чаго ты ляжыш? Не выспаўся, ці што? Нешта ты апошнія дні як недапечаны. Што з табою, скажы. Чарнышэвіч. // Прыдуркаваты. Недапечаны хлапец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)