бля́ха, ‑і, ДМ блясе, ж.

1. Тонкае ліставое жалеза; ліст такога жалеза. Дом пад бляхай. Ацынкаваная бляха.

2. Знак у выглядзе металічнай пласцінкі з надпісам або нумарам, які сведчыць аб службовых абавязках таго, хто яго носіць. Погляд Валодзі слізгануў уніз і ўпёрся ў вялікую бляху, якая блішчала на грудзях чалавека, што трымаў яго. Пятніцкі.

3. Тонкі ліст жалеза з загнутымі краямі, на якім пякуць або смажаць што‑н. Разам з.. [Саламонам] жылі накаленыя печы, мяшкі з мукою, груды цеста і рознага гатунку печыва на бляхах. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́жны 1, ножан; адз. няма.

Футарал для шаблі, кінжала і пад. Бразгаючы ножнамі шабляў, з шумам увайшлі салдаты. Самуйлёнак. У казачым стане заварушыліся, некаторыя павыцягвалі з ножан шашкі і памкнуліся на кулямёт. Лобан.

но́жны 2, ‑аў; адз. няма.

1. Вялікія нажніцы. Садовыя ножны. □ Вострымі кравецкімі ножнамі я лёгка выразаў дзве столкі лямцу па велічыні гатовай падкладкі. Якімовіч. [Маці] увайшла ў двор якраз у той час, калі я нагнуўся з ножнамі над ліліяй. Хадановіч.

2. Спец. Машына для рэзання чаго‑н. з дапамогай пары вялікіх нажоў. Дыскавыя ножны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шанава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шанаваць.

2. Глыбокая павага. [Рыгор:] — Пакінь, пакінь, Зося. Гэта не любоў, не шанаванне, калі чалавек занявольваецца, калі падсякаюцца яго хаценні, мардуюцца жаданні... Гартны.

3. Аказанне, выражэнне ўдзячнасці, гонару, увагі і пад. Пастаяць [жанкі] з вянкамі ў скрусе, На чырвоную звязду Лепшых кветак Беларусі З шанаваннем пакладуць. Астрэйка. [Бобрык:] — А за тое, што вы мне на старасці такое шанаванне зрабілі, яшчэ раз — шчырае дзякуй! Дуброўскі.

•••

Маё (наша) шанаванне — вітанне пры сустрэчы з кім‑н. — Маё шанаванне, — пакланіўся.. [Шчуроўскі] з годнасцю і нават грацыяй. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ужы́ць 1, ужыву, ужывеш, ужыве; ужывём, ужывяце; зак. (пераважна з адмоўем «не»).

Змагчы жыць, пражыць дзе‑н., з кім‑н.; ужыцца. Там ніхто не ўжыве. □ [Соня:] — З табою ні адна не ўжыве, ні адна не зразумее... Сачанка.

ужы́ць 2, ужыву, ужывеш, ужыве; ужывём, ужывяце; зак., што.

1. Прымяніць што‑н. для чаго‑н., з якой‑н. мэтай. Ужыць новы метал. Ужыць строгую меру. Ужыць зброю. □ [Лявон:] Тут смеласць не паможа, хітрасць ужыць трэба! Козел. Лена ведала ўсе .. прапісныя педагагічныя ісціны з тэхнікума тэарэтычна, а як іх ужыць на практыцы, цяжка было нават уявіць. Няхай. // Знайсці прымяненне чаму‑н. Ёсць дзе папрацаваць .. спецыялісту, ужыць свае веды. «Звязда».

2. Выкарыстаць, скарыстаць, прымяніць дзе‑н. Напярэдадні пасяджэння .. [Дывінец] ужыў, нарэшце, разец сваёй канструкцыі і за змену выканаў сем дзённых норм. Асіпенка. І сказаць папраўдзе,.. [Алёша] не ведаў, як абысціся з імі [грашамі], на што растраціць, як іх ужыць. Васілевіч. // Выкарыстаць на пісьме, у мове, абыходжанні і пад. Дзед любіў пры зручным выпадку ўжыць навуковае слова. Лынькоў. [Піліп Тарасавіч] гатовы цяпер ужыць любую метафару, абы выбіць з-пад ног грунт у праціўніка. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзна́ка, ‑і, ДМ ‑знацы, ж.

1. Метка, знак, пастаўлены з мэтай абазначыць што‑н., паказаць на што‑н. Адзнака на дрэве. Адзнака на карце. // Запіс, штамп і пад., якія сведчаць што‑н. — Адзінае, што я магу зрабіць, — сказаў .. [дзяжурны па станцыі], разглядаючы паперкі, — гэта адзнаку аб прычынах затрымання грузу. Самуйлёнак. [Паліцай:] — Бачыце, бачыце, пан афіцэр, тут [у кнізе запісу хворых] ёсць свежыя адзнакі аб выпісцы. Лынькоў. // Прадмет, які служыць умоўным абазначэннем чаго‑н. Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб яго шляху ў гады вайны. Хадкевіч. // Знак, які астаўся пасля чаго‑н. на якой‑н. паверхні; след. Абапал дарог усюды віднеліся адзнакі нядаўніх баёў — чорныя варонкі, скарэжаныя машыны. Мележ. Дзе была запляснелая сінь, Там няма і адзнакі балота. Глебка.

2. Знак, прыкмета, акалічнасць, паводле якіх можна пазнаць, вызначыць што‑н. Адзнакі хваробы. □ І вось яно выхадзілася, выстаялася гэтае новае жыццё, набыло такія адзнакі, па якіх відаць было, што стаяць яму назаўсёды. Лынькоў. Прывычка гаварыць сам з сабой у некаторых ёсць адзнака блізкай ці сапраўднай старасці. Чорны. // Прыкмета, акалічнасць, якая прадвяшчае, прадказвае што‑н. Гадавалі вока дружныя ўсходы яравых; па ўсіх адзнаках, ураджай павінен быць добры. Гурскі.

3. Асаблівасць, рыса, якімі асоба, прадмет і пад. адрозніваюцца ад іншых асоб, прадметаў і пад. Пад языком у.. [сакаляняці] знаходзіцца зубец — характэрная адзнака ўсіх сокалаў, — гаворыць Лёня. В. Вольскі. Разам з тым.. [Крапіва] дбайна збярог і традыцыйныя ўласцівасці, традыцыйныя адзнакі баечнага жанру. Казека.

4. Агульнапрынятае абазначэнне ступені ведаў і паводзін навучэнцаў. Жарынку не зацікавіў па-сапраўднаму ні адзін прадмет, ёй было ўсё роўна, што вучыць, абы атрымаць добрую адзнаку. Шыцік. Гартаючы сшыткі, Святлана прыкмеціла, што ў іх было многа добрых і выдатных адзнак. Шахавец.

5. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад. Маці беражна з хусцінкі Зорку з гонарам вымала. — Бацька твой — баец славуты, Гэта бацькава адзнака. Броўка.

•••

Дыплом з адзнакай гл. дыплом.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бранзале́т, ‑а, М ‑леце, м.

Упрыгожанне ў выглядзе вялікага кольца з высакародных металаў, слановай косці і пад., якое носяць на руцэ вышэй кісці. Пятро Іванавіч націснуў кнопку, аддаў загад і праз некалькі хвілін у кабінет.., ззяючы завушніцамі, каралямі і бранзалетамі, увайшла высокая пышная бландзінка. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязгу́чны, ‑ая, ‑ае.

Які не суправаджаецца гукам, бясшумны. Пад раніцу з захаду паднялася цёмная хмара. Цяжкая, шырокая, яна павольна ўздымалася ў неба, гасячы зоры. Аб ёй дагадаліся па водблісках далёкіх бязгучных маланак. Галавач. На маладой асінцы лісце дрыжала, але дрыжанне гэтае зусім было бязгучнае. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дры́жыкі, ‑аў; адз. няма.

Частае сутаргавае ўздрыгванне цела (ад холаду, нервовага узбуджэння і пад.). У дрыжыкі кідае. □ [Цётцы Мальвіне] было так страшна, аж да дрыжыкаў у каленках, і разам з тым весела. Навуменка. Вада хлюпала ў ботах, непрыемныя дрыжыкі прабягалі па целе. Шчарбатаў.

•••

Дрыжыкі прадаваць гл. прадаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыяле́кт, ‑у, М ‑кце, м.

Мясцовая разнавіднасць мовы; гаворка (у 4 знач.). [Вялічка] быў недзе з-пад Семежава і тамашнія дыялектам.. гаварыў і тут. Чорны. // Група мясцовых гаворак, якія аб’ядноўваюцца агульнасцю фанетычных, граматычных і лексічных рыс. Паўночна-ўсходнія і паўднёва-заходнія дыялекты беларускай мовы. Атычны дыялект.

[Грэч. diálektos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэфілі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Урачыста ісці, праходзіць (на парадах, дэманстрацыях і пад.).

2. Хадзіць туды-сюды, прагульвацца. Каб не людзі з вінтоўкамі, якія дэфіліравалі па вуліцах і талакой стаялі ў кожным двары, можна было б падумаць, што вёска жыве звычайным, неваенным жыццём. Навуменка.

[Ад фр. défiler — праходзіць чарадой.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)