пазлята́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. Зляцець адкуль‑н. — пра ўсіх, многіх. Назаўтра раніцай пазляталі куры з седала і, як заўсёды, кінуліся да Пеці. Пальчэўскі.

2. Паляцець, вылецець куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Нават вароны і тыя некуды пазляталі. Якімовіч.

3. Разм. Зваліцца — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Валіліся на зямлю не толькі забітыя, пазляталі са спуджаных коней і жывыя. Грахоўскі. Пазляталі шапкі з коннікаў, сёй-той бразнуўся вобзем. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассе́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад рассячы, рассекчы.

2. у знач. прым. З ранай, нанесенай чым‑н. вострым; з рубцом ад такой раны. Ад усяго перажытага за гэты дзень у мяне ўсё яшчэ кружыцца, пабольвае галава. Шчыміць, торгае рассечанае брыво. Місько. У Саўкаву леснічоўку траплялі і тыя, каго цар збіраўся загнаць.. у ваенныя казармы. Сярод іх быў і добры Язэпаў знаёмы — Пятрок, хлапец з рассечанаю шчакою з маёнтка пана Жардзецкага. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тагача́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існаваў у мінулым, у тыя часы, пра якія ідзе гаворка. А часам трапляецца адбітак .. тагачасных казюрак, жывёлінак. Лынькоў.

2. Які адносіцца да аднаго часу, да адной эпохі з кім‑, чым‑н. Цяпер жа не падлягала сумненню, што ў барацьбе з народам брала верх самаўладства. Варта было бегла зірнуць на хроніку, што змяшчалася на старонках тагачасных часопісаў, на царскія загады, на розныя цыркуляры, каб пераканацца ў гэтым. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чацвёра, чацвярых, ліч. зб.

Чатыры. Ужываецца: а) з назоўнікамі агульнага роду, якія абазначаюць асоб. Жанчыну пахавалі, чацвёра сірот засталося. Лось; б) без назоўнікаў, калі абазначаюць асоб мужч. і жан. полу. Тыя чацвёра, што асталіся ў пакойчыку, доўга іх [хлопцаў] чакалі. Навуменка; в) з назоўнікамі, якія абазначаюць маладых істот. Чацвёра парасят; г) з назоўнікамі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку. Чацвёра саней. Чацвёра сутак; д) з асабовымі займеннікамі ў множным ліку. Іх было чацвёра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паго́ня1 ’праследаванне таго, хто ўцякае, і тыя, хто праследуе’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Яруш.), паго́н (Нас.), паго́нь (ТС) ’тс’. Рус. пого́ня, укр. пого́ня, пого́нь, ст.-рус. погон, погоня, погона (13 ст.), польск. pogoń ’тс’, серб.-харв. погон ’рухаючая сіла цягі’, славен. pogon ’пагоня’. Ад pogъnati (гл. гнаць) з рознымі суф.: ъ, ja, . Праславянская мадэль з іншай аналагічнай ступенню ў назоўніку.

Паго́ня2 ’невялікае балота’ (Шатал.), пого́ня ’невялікае балота, заліўны луг’ (Сл. ПЗБ), пого́ня ’месца, якое заліваецца вадой у час паводкі або пасля дажджу; сена, якое скошана на такіх месцах’ (Клім., 58), ’нізіна, балоцістая даліна’ (ТС), ’вузкая лагчына, месца сцёку вод пры вясновым раставанні і атмасферных ападках’, ’вузкая і доўгая нізінная мясцовасць сярод больш узвышанай’, ’вельмі густыя зараснікі, якія цягнуцца больш на балоце і нізкіх месцах’ (Талстой, Геогр., 196). Палескі геаграфічны тэрмін. Ад pogъnati з суф. ‑ja: утворана па праславянскай мадэлі з унутранай формай ’месца, дзе гоніць ваду’ (гл. Талстой, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дбаць, дбаю, дбаеш, дбае; незак.

Праяўляць клопаты аб кім‑, чым‑н., турбавацца пра каго‑, што‑н. — Каб вы толькі ведалі, як аба мне дбалі і пра мяне клапаціліся тыя, чужыя людзі, у хаце якіх я ляжаў! Чорны. Купловічу захацелася агледзець калгас уначы, праверыць, як вартуецца грамадская гаспадарка, як і хто дбае пра калгаснае багацце. Дуброўскі. Хто дбае, той і мае. Прыказка.

•••

І не дбае — не звяртае ўвагі, не заўважае. Раніцай яшчэ халаднавата, а .. [Насця] і не дбае. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе́дзіч і дзе́дзіц, ‑а, м.

Гіст.

1. Наследнік дзедаўскага памесця, двара, маёнтка. Цяпер сын [пана] Крукоўскага прад’явіў свае прэтэнзіі. Дзед Хвядос так і сказаў: «прэтэнзіі». А калі ён дапасаваў гэтае хітрае слова да маладога дзедзіца, дык дабра не чакай. Бажко.

2. Уладар маёнтка, атрыманага ў спадчыну ад продкаў; землеўладальнік. У тыя часы на Прыдняпроўі ў багатых дзедзіцаў заўсёды існавалі пры стайні, праварыне і бегавых дарожках — словам, пры ўсім, што складала конскі завод — некалькі пакояў, штосьці накшталт мужчынскага клуба. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыву́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Разм.

1. Тое, што і крывуля (у 1 знач.). — Ну хай бы ты крывульку якую спіл[ава]ла, а то... ах ты... Такую бярозу зглуміла. Асіпенка.

2. Неакуратна, некаліграфічна напісаная літара. Дробным почыркам, наўскасяк крывулькамі пісаў Андрэй, унук Рыгора Яўхімавіча. Асіпенка.

3. Палка з загнутым верхнім канцом, на якую абапіраюцца пры хадзе. [Пан] не любіў дзіцячага крыку, страшыў дзяцей крывулькай, і тыя, як спуджаныя вераб’і, разбягаліся па сваіх надворках. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́шчыцца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑шчыцца; незак., да каго і без дап.

З ласкаю гарнуцца да каго‑н.; старацца ласкай выклікаць ласку ў адказ. Сузан хадзіў на працу.. Дома быў негаваркі, агрызаўся нават на дзяцей, калі тыя спрабавалі лашчыцца да яго. Лынькоў. Лыска падскочыў да Грышкі, пачаў лашчыцца і лізаць яму рукі. Чарот. // Паддобрывацца да каго‑н., ласкаю, ліслівасцю старацца выклікаць прыхільнасць да сябе. [Андрэй:] — Людзі ашукваюць адзін другога за вочы, а ў вочы лашчацца адзін да другога, словы добрыя кажуць... Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мето́дыка, ‑і, ДМ ‑дыцы, ж.

1. Сукупнасць метадаў практычнага выканання чаго‑н. Методыка навуковага даследавання. Методыка палітычнай работы ў масах.

2. Вучэнне аб метадах выкладання той ці іншай навукі. З усіх дысцыплін студэнты найлепш ведалі методыку мовы, бо навучыліся любіць самую мову, чуючы жывыя ўзоры яе з вуснаў [Я. Коласа]. Лужанін. // Падручнік, у якім выкладаецца гэта вучэнне. Усе тыя спосабы, якія так гладка і проста апісаны ў методыках, часта зусім не падыходзілі і не адпавядалі ўмовам школы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)