Гі́ж ’насякомае Oestrus; муха, якая дакучае каровам у гарачыню; іначай зыкоўка’ (Нас.), гіж ’заедзь (авадні, мухі)’ (Бяльк.). Няма ў іншых усх.-слав. мовах. Бел. слова паходзіць з *gyžь, < *gyzjь. Аснова *gyz‑ сустракаецца яшчэ ў назве такога ж насякомага ў бел. (гіз) і н.-луж. мове (gizk). Бел.-луж. *gyz‑ — гэта апафанічная форма (ŭ : ū) да польск. giez ’тс’ (*gъzъ). Лексема гэта толькі зах.- і ўсх.-слав. Роднаснае: літ. gužė́ti ’спяшацца, бегчы натоўпам’, guža ’куча чарвей’. Гл. Слаўскі, 1, 278; Міклашыч, 423; Бернекер, 373; Трубачоў, Эт. сл., 7, 224. Параўн. яшчэ гіжа́ць, гізава́ць, газану́ць. Гл. яшчэ гіз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касы́нка, ’касынка, хустачка’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк.). Слова, вядомае толькі ва ўсх.-слав. мовах. Акрамя бел. мовы, гэта лексема ёсць у рус. і ўкр. Параўн. рус. косы́нка ’хустачка трохвугольнай формы на галаву, па шыю’ (зафіксавана ўжо ў Ганчарова, Ляскова і іншых пісьменнікаў). Укр. коси́нка, якое прыводзіць Шанскі без указання крыніц, можа быць русізмам. Паводле Бернекера, I, 585, звязана з прыметнікам *kosъ ’косы’. Шанскі (2, К, 356) удакладняе, што касы́нка — гэта непасрэднае вытворнае ад іменніка рус. косыня ’касынка, хустачка’, якое яшчэ сустракаецца ў дыялектах і з’яўляецца дэрыватам ад прыметніка косой суфіксам ‑ын‑я. Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 11, 179–180.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашма́р ’цяжкі, жудасны сон; прывід, здань’; ’што-н. жахлівае, цяжкае, агіднае’ (ТСБМ). Рус. кошмар, укр. кошмар. Запазычаная лексема (але няма ў Шанскага). Фасмер (2, 361) указвае на пэўную храналогію гэтага слова, адзначаючы, што яно сустракаецца ў Гогаля і іншых. Першакрыніцай з’яўляецца франц. cauchemar ’тс’, ад лац. calcāre ’сціскаць, выступаць вонкі’ і ст.-в.-ням. mara ’дыхавіца, кашмар’ (спасылка на Мацэнаўэра, LF, 8, 47). Больш складаную гісторыю і рэканструкцыю прапануе Слаўскі, 2, 543, які зыходзіць са ст.-франц. элементаў: франц. cauchemar складанае слова: са ст.-франц. caucher ’сціскаць’ (< лац. calcāre) і ст.-франц. mare ’кашмар’. Параўн. яшчэ Клюге, 454 (пад Mahr).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашча́вы ’схуднелы, высахлы, з выступаючымі касцямі’ (ТСБМ), ’худы, кастлявы’ (Сл. паўн.-зах., 2). Рус. дыял. коща́вий ’тс’, ст.-рус. кощавий, укр. коща́вий, ст.-славац. koštavý, славац. (дыял.) košťavý ’тс’, балг. (дыял.) ќошчаф ’упарты’, серб.-харв. ко̏штав ’кастлявы, худы’. Прыметнік, утвораны суфіксам *‑javъ ад слова *kostь ’косць’. Звяртае ўвагу тое, што лексема ў слав. арэале мае прыкметы дыял. характар. Калі на ўсх.-слав. тэрыторыі слова *koščav(jь) вядома ва ўсіх трох усх.-слав. мовах, то ў зах. славян яго ведае толькі славац. мова, а ў паўдн. — толькі балг. і серб.-харв. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 186. Параўн. кашчу́нства, кашчэ́й.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маладосць, моладасць, моладась, мо́лодосць ’маладыя гады жыцця’, ’уласцівасць маладога’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. мо́лодість, рус. мо́лодость, польск. młodość, н.- і в.-луж. młodosć, чэш. mladost, славац. mladosť, славен. mladóst, серб.-харв. мла̏дост, макед., балг. младост. Цэйтлін (Лексика, 22) дапускае, што ў ст.-слав. мове было слова младость са значэннем ’ранняе дзяцінства’, параўн. серб.-харв. мла́дити ’народжваць дзіцянят’, харв. mladíti ’тс’, н.-луж. ga sy ty młody? ’калі ты нарадзіўся?’. На бел. моўнай тэрыторыі гэта лексема мае кніжны характар. У ст.-рус. мове младость азначала ’дзяцінства’, а значэнне ’маладосць’ у рус. мове зафіксавана толькі ў 1704 г. (Палікарпаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кайданы́ ’злучаныя ланцугом жалезныя кольцы, якія надзяваюцца на рукі і ногі тых, хто абвінавачваецца ў цяжкіх злачынствах’ (БРС, ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Нас., Яруш.). У гэтай жа форме слова вядома і ў іншых мовах: рус. (паўд. і зах., паводле Даля, смален., СРНГ), укр. кайдани, польск. kajdany. Па сутнасці, бел.-укр. лексема (польск. з укр., гл. Слаўскі, 2, 24, там і літ-pa). Магчыма, аб укр. крыніцы неабходна меркаваць і для бел. слова. Першапачаткова — араб. kajdani — форма парнага ліку ад kajd ’завязка, пута’ (так у Міклашыча, 110). Слова распаўсюджвалася, верагодна, праз цюрк.-тат. пасрэдніцтва. З літаратуры параўн. Бернекер, 1, 469.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́йдуб1, кайдоб ’бочка’ (Мат. Гом.), кайдуб, кайдуп, кайдоб, кайдупчык, кайдопчык (палес., З нар. сл., Нар. сл.), кайдуб ’драўляны корпус ручнога млына’ (кобр., Выг.). Усе формы да kadьlbъ, гл. аб этымалогіі кадоўба. Што датычыцца фанетыкі, можна меркаваць, што тут ‑й‑ на месцы ‑ў‑, параўн. форму каўдуб; ў у выніку метатэзы з другой часткі слова. Менш верагодна думаць пра з’яўленне ўстаўнога ‑й‑ у кайстра1 ’кастра’.

Ка́йдуб2 ’вельмі гразкае месца’ (Клім.), ’вытаптанае месца на лузе’ (Яшк.), лексема дэманструе пераход: назва посуду > назва рэаліі геаграфічнага рэльефу. Падрабязней гл. кадоўба, з літаратуры параўн. Талстой, Геогр., 219, дзе разглядаецца такі тып семантычнага пераходу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пераймо́ ’узнагарода, плата за знойдзенае (рэч), або за перанятую скаціну’ (Нас., Гарэц., Чач., Шат., Касп.; Нік. Напаў.), пірайма́ ’тс’ (Варл.), перэймо́ ’своеасаблівы выкуп на вясковым вяселлі’ (Растарг.); укр. харк. пере́йма ’узнагарода за злоўленае на рацэ’, рус. пере́йма ’плата за аддадзеную знаходку’. У гэтым значэнні — усх.-слав. лексема. Аднак, прыняўшы пад увагу іншыя значэнні ўкр., рус. пере́йма, польск. przejm, przejma ’перарванне, перагародка; папярочка паміж бэлькамі ці кроквамі’, н.-луж. pśejma ’перагародка; шчыліна; перашыек, праліў’, славен. prejèm ’прыём, атрыманне’, prejémek, prejémki ’заробак, плата’, можна меркаваць пра прасл. *per‑jьmъ/*per‑jьma/*per‑jьmo. Да перайма́ць (гл.). Сюды ж пі́рійма ’наперарэз’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тулу́н ‘мяшок без разрэзу з садранай з якой-небудзь жывёліны шкуры’ (навагр., Дзмітр.). Укр. тулу́н ‘шкура казы, знятая суцэльна, якая служыць у якасці мяшка для мукі, солі і інш.’, рус. сіб. тулу́н ‘шкура, знятая дудкай, не распоратая ўдоўж’. Запазычана з цюркскіх моў: тур. tuluk, tulum, узб., туркм. тулум ‘бурдзюк’, — усе з манг. tulum ‘тс’ (Фасмер, 4, 118; ЕСУМ, 5, 673). Паводле Анікіна (563), н на месцы м у рускай мове — у выніку асіміляцыі або запазычання з Каўказа, дзе тулун ‘мяшок са шкуры’. У Беларусь лексема магла пранікнуць з мовы “літоўскіх татар” (Супрун, «Весці», сер. IV, 1969, 3, 69–70).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ідзе́ ’дзе’ (Нас., Бяльк.; Оч. В. Бел. 1892, 2, 201). Магчымы два тлумачэнні. Бел. лексема можа узыходзіць да прасл. *jьde з займ. *jь і энкліт. часц. ‑de, адкуль рус. дыял. иде́ ’дзе’, ’куды’, ’як’, чэш. уст. jdeže ’дзе’, ст.-слав. иде ’дзе, калі’, ст.-рус. идѣ ’дзе, калі’ (XI ст.). І.‑е. адпаведнасці: ст.-інд. ihá < *idhe, авест. iδa‑, грэч. ἰθα‑, лац. ibi‑ ва ўказальнай функцыі. Гл. Бернекер, 1, 418; Фасмер, 2, 117; Трубачоў, Эт. сл., 8, 206. Іншая мажлівасць: і‑ мае пратэтычны характар, што падмацоўвае ст.-бел. игдѣ (Гіст. лекс., 54, прыстаўны галосны); параўн. таксама ўкр. ігде. Гл. дзе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)