бурлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Бурна цячы, пералівацца з шумам; кіпець, клекатаць (пра ваду і інш. вадкасці). Унізе вада бурліць, пеніцца, нясе з сабою кускі лёду, нейкае ламачча, леташнюю траву. Кулакоўскі. Бурліць чыгун гарачы, Расплаўлены ў вагранках. Аўрамчык.

2. перан. Праяўляцца з вялікай сілай (пра падзеі, пачуцці і пад.); шумець, хвалявацца. [Ігнась] сеў на месца, і злосць бурліла ў ім, як кіпень. Чарнышэвіч. І бурліла ў людскіх пачуццях жаданне як бы крыкнуць усёй зямлі, сказаць усяму, што ёсць, — аб радасці дзён, аб песнях і звонах жыцця. Чорны. Скрозь бурліла людское мора, а ў ім — кветкі, лісце, усцешаныя твары. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карце́ць, ‑ціць; незак.

1. безас. з інф., са злучн. «каб» і без дап. Пра неадольнае жаданне што‑н. зрабіць; хацецца; не цярпецца. Ульяне карцела спытаць, чаго Кастусь наведаўся ў такую рань, але ён сам загаварыў яшчэ здалёк. Пташнікаў. [Халімону] хацелася разважаць і карцела, каб хто-небудзь чуў гэтыя разважанні і згаджаўся з імі. Галавач. [Марына:] Ну, што ж... Калі так ужо карціць — няхай едзе. Губарэвіч.

2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. [Базыль] адчуў, што яму чагосьці не стае, па нечым смыляць рукі, нешта карціць, некуды рвецца душа. Сачанка. Маці ведае — не грыбы карцяць сыну — і дае хутчэй есці. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяву́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які многа спявае, любіць спяваць, здольны пець. Пявучая птушка. Пявучы народ. □ Прывет табе, зямля Тараса, Зямля пявучая братоў. Танк. // Які выклікае жаданне пець. Пявучы настрой.

2. Меладычна-працяжны, падобны на спеў. Пявучы акорд. Пявучая гаворка. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Расія.. словам Пушкіна пявучым з дзяцінства ўскалыхала нас. Броўка. Я чуў яе [Іры] пявучыя словы: — Макарка, як добра, як хораша нам на нашай вуліцы. Сабаленка. // перан. Які ўтварае працяжныя манатонныя гукі. Вецер, рэзкі і пякучы, заскуголіў пад акном. Машара. Над Дзвіною бары пявучыя. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздражні́ць, ‑дражню, ‑дражніш, ‑дражніць; зак., каго-што.

1. Выклікаць раздражненне, дзейнічаючы якім‑н. раздражняльнікам. Раздражніць слізістую абалонку.

2. Давесці да стану нервовага ўзбуджэння; раззлаваць. [Дзед:] — Нечым не дагадзіў, сам не ведаю, як раздражніў.. [пчол]. Рылько. У двары [Мішка] прычапіўся да свайго трохгадовага сына, раздражніў яго, і той загарлапаніў на ўвесь падворак. Ракітны.

3. Разм. Выклікаць, распаліць (якое‑н. жаданне). Раздражніць апетыт. □ — Кубкам забеленага пойла, што яны ўвальюць табе ў страўнік праз гумавую кішку, не заспакояць, а нанава раздражняць прагу да ежы. Машара. // Заахвоціць, схіліць да чаго‑н. Сваёю зухаватасцю [мужчыны] раздражнілі іншых — і хутка на вуліцы зрабіўся карагод. Гартны.

4. Разм. Абвастрыць, растрывожыць. Раздражніць хваробу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раманты́зм, ‑у, м.

1. Напрамак у літаратуры і мастацтве канца XVIII — першай чвэрці XIX ст., прыхільнікі якога змагаліся з канонамі класіцызму, выстаўляючы на першы план інтарэсы асобы і пачуццё і выкарыстоўваючы ў сваёй творчасці гістарычныя і народнапаэтычныя тэмы. Рамантызм Байрана. Рамантызм Бетховена.

2. Творчы метад у літаратуры і мастацтве, пранікнуты аптымізмам і імкненнем у яркіх вобразах паказаць высокае прызначэнне чалавека. Але па той прычыне, што Змітрок Бядуля яшчэ не валодаў рэалістычным метадам, імкненне сцвердзіць у творчасці станоўчыя пачаткі жыцця і ідэал прыгожага, жаданне пранікнуць у духоўны свет чалавека прывялі маладога пісьменніка да рамантызму. Каваленка.

3. Светапогляд, пранікнуты ідэалізацыяй рэчаіснасць летуценнай сузіральнасцю.

[Фр. romantisme.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сверб, ‑у, м.

1. Адчуванне казытлівага нервовага раздражнення, якое выклікае пачухванне. За плечы лезе холад. Цягне на сон. Ные рука, бярэ сверб, — быццам нехта круціць яе свярдзёлкам ля локця. Пташнікаў. // Раздражненне, выкліканае ўкусамі, дотыкам чаго‑н. і пад. Не думайце, што пасля той пасадкі ў крапіву Тараска збаяўся высока лазіць. Не. Мінуў які тыдзень, і ўсё забылася. Сверб прайшоў. Юрэвіч.

2. перан. Разм. Нецярплівае жаданне чаго‑н., імкненне да чаго‑н., турбота. Але ёсць у.. [Алёнкі] адзін верш. Яна хавае яго і нікому яго не паказвае, нягледзячы на ўвесь аўтарскі сверб падзяліцца з чытачом сваёю творчасцю. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свярбе́ць, ‑біць; незак.

1. Выклікаць адчуванне казытлівага болю. Я помню, як яна [крапіва] апякае рукі: як агнём, на целе потым чырванеюць пухіры, яны пякуць і свярбяць, іх потым раздзіраеш да крыві і слініш — робіцца трохі лягчэй. Адамчык. // Адчуваць казытлівы боль (пра цела і яго часткі). Цела так свярбела ад поту і тырсы, што хацелася драць абедзвюма рукамі. Місько. Узмакрэла ад поту шыя, правае вока, быццам што трапіла туды, непрыемна свярбела. Савіцкі.

2. безас. перан. Разм. Пра неадольнае жаданне зрабіць што‑н. — Ну ж і свярбела стрэльнуць, — прызнаўся Амяллян. Грахоўскі.

•••

Рукі свярбяць у каго гл. рука.

Скура свярбіць гл. скура.

Язык свярбіць гл. язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́нкі, ‑аў; адз. няма.

Разм. Тое, што і сліна. [Марына Архіпаўна:] — Тым часам не ўправішся павярнуцца, як.. [Паўлік] зноў упадзе тварыкам на лахманы, і ажно слінкі цякуць у яго ад салодкага сну. Шамякін. — Я на шпільцы не люблю, — сказала Таццяна, а сама аж слінкі праглынула. Васілёнак. [Казік:] — Я ж бачыў, як гэты стары кот аж слінкі пускаў на свежанінку. Машара.

•••

Слінкі цякуць (пацяклі) — а) пра моцнае жаданне з’есці што‑н. смачнае. Тым часам бабка Ганна ставіла на стол снеданне. Яно было добрае: яешня з рудаватымі падсмажанымі скваркамі, булка і па конаўцы малака... У мяне аж слінкі пацяклі. Сабаленка; б) аб прадчуванні чаго‑н. прывабнага, спакуслівага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвы́сіцца, ‑вышуся, ‑высішся, ‑высіцца; зак.

1. Паэт. Узняцца ўвысь, увышыню; падняцца вышэй навакольнага. Кожны парастак прагнуў Узвысіцца дрэвам магутным, Кожны лісцік хацеў Разрасціся ў агромністы ліст. Гілевіч.

2. Дасягнуць больш высокага грамадскага становішча або значэння; узняць свой аўтарытэт. [Высоцкі:] Масква яшчэ больш узвысілася над светам, як сімвал свабоды. Гурскі. [Белавус] убачыў смешную фанабэрыю чатырох маладых хлопцаў, іх наіўнае жаданне ўзвысіцца ў вачах дзяўчыны, якая падабалася. Савіцкі.

3. Павысіцца, стаць больш рэзкім, гучным (пра голас). Гугнявы голас перакладчыка ўзвысіўся ў такой меры, што строй аж жахнуўся. Сабаленка.

4. Узрасці (пра цэны і пад.). Плата за ўваход у музей узвысілася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расположе́ниеII ср.

1. (симпатия) прыхі́льнасць, -ці ж.;

2. (настроение) жада́нне, -ння ср., настро́й, -ро́ю м., ахво́та, -ты ж.;

у меня́ нет расположе́ния е́хать за́втра у мяне́ няма́ жада́ння (настро́ю, ахво́ты) е́хаць за́ўтра;

3. (наклонность, восприимчивость) схі́льнасць, -ці ж.;

расположе́ние к боле́зням схі́льнасць да хваро́б;

расположе́ние ду́ха настро́й; гумо́р.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)