спусці́ць, спушчу, спусціш, спусціць; зак.

1. каго-што. Перамясціць зверху ўніз; апусціць. Пазней, як змрок на поле ляжа І ветрык пройдзецца травой, Салдаты спусцяць і прывяжуць Яго [аэрастат] над самаю зямлёй. Ляпёшкін. Як толькі Міканор спусціў ногі з палацяў, соладка са сну пацягнуўся, адразу пачуў на сабе .. позірк маці. Мележ. // Звесці ўніз таго, хто знаходзіцца зверху або на паверхні чаго‑н. Коней спусцілі ад куль уніз з абрывістага берага, да самай рэчкі. Чорны. Надзю і Ваню вывелі ў двор, але нікуды далей не пагналі, а спусцілі ў падвал, зачынілі ў цёмным і халодным закутку. Бураўкін. // Апусціць ніжэй, чым было. Страху не раскрывалі. Паадбівалі ў кроквах паясы і спусцілі на два бакі ўніз па палавінцы. Ермаловіч. // Зняўшы каго‑, што‑н. адкуль‑н., паставіць ці пакласці куды‑н. — Куды вы мяне пан[еся]це? — запытала.. [Ірынка], як быццам з расчараваннем пасля таго, як яе спусцілі з рук на драўляны памостак ганка. Чорны. Мігам спусцілі па зямлю чатыры вялізныя скрынкі. Беразняк. // Зняць што‑н. адзетае, сунучы ўніз. Спусціць панчохі. □ Спусціла [Валя] на пясок спадніцу, прытаптала яе нагамі і больш баялася што скідаць. Шамякін. // Перамясціцца ніжэй (сесці, легчы і пад.). У гэтае старасвецкае крэсла асцярожна спусціў цяпер Гвардыян сваё недалужнае цела. Зарэцкі. // Падаць зверху ўніз. Спусціць вяроўку. □ Палезла [Назарыха] на гарышча, на вяроўцы спусціла адтуль калыску. Ледзь сама не звалілася. Б. Стральцоў. // Перамясціць на ваду пасля рамонту, пабудовы і пад. (пра судна). Смалою трохі засмалілі І на ваду чаўнок спусцілі. Колас. // Апусціць на ваду з борта карабля. Матросы спусцілі на ваду .. шлюпку і што сілы паплылі да кашалота. Матрунёнак. // Апусціць у глыб чаго‑н.; утапіць. — Чакай, пакуль шляхта аддасць табе збожжа, — загаварыла Параска. — Лепей у ямах пагнояць ці ў пельку спусцяць. Грахоўскі.

2. каго-што. Вызваліць ад прывязі (пра жывёлу). Спусціць сабаку на ноч. // Нацкаваць на каго‑н. [Бацька:] — Як спушчу з ланцугу сабаку, дык без штаноў пачыкільгаеш дамоў. Бажко. [Хлопцы] пайшлі, азіраючыся, бо баяліся, што сярдзітая цётка спусціць з ланцуга ваўкадава. Асіпенка.

3. што. Выпусціць вадкасць, газ і пад. адкуль‑н. Спусціць пару з катла. □ [Мікалай Патапавіч:] — Што, вы не маглі б навесці тут парадак: спусціць ваду, зграбці гной у кучы. Кулакоўскі. Відаць, нямала палажыў тут сілы Кірыла, каб зраўнаваць пагоркі, павыкопваць канавы, спусціць гнілую балотную ваду, ды павыкарчоўваць імшары. Скрыган. / Ачысціць, зрабіць парожнім (ад вады, газ; і пад.). Спусціць шыну. □ Сама сабою напрошваецца думка — прарэзаць глыбокім каналам грудзі Сухіх грудоў і спусціць Гнілое балота ў Міранку, каб на яго месцы зазелянеў пышны луг. Колас. // Сабраць, набраць выпускаючы адкуль‑н. вадкасць. — Вось з гэтае бярозы .. спусцілі дзве бочкі соку, — сказала Антоля брату, калі яны падышлі бліжэй. Дамашэвіч. // без дап. Выпусціць з сябе паветра (пра напампаваныя прадметы). Але ў дарозе нам [рыбаловам] не пашанцавала — спусціла кола газіка, і на возера прыбылі на захадзе сонца. Сіняўскі. А як жа чалавеку катацца без насоса? А раптам камера спусціць? Прокша.

4. што і без дап. Разм. Пахудзець, палягчэць у вазе. Спусціць тры кілаграмы.

5. каго-што. Накіраваць, паслаць што‑н. у ніжэйшую арганізацыю, інстанцыю. Ды і сапраўды трэба было прагледзяць цэлы стос тэхнічнай літаратуры, прысланай аддзелам тэхнічнай прапаганды, каб заўтра «спусціць» службам. Карпаў. // перан. Панізіць на службе. Кажуць, што спусцілі .. [кіраўніка ўстановы] па колькі прыступак ніжэй за тое, што працаваў слаба, а сябе любіў дужа. Кавалёў. Генрыху Візэнеру не пашанцавала ў службе. Да гэтага на працягу ўсяе вайны ён ішоў толькі ўгару .. А тут яго раптам спусцілі ўніз. Шамякін.

6. што. Зрушыўшы, ссунуўшы што‑н., вызваліць з замацаванага становішча (пра дэталі механізмаў). Спусціць затвор фотаапарата. □ [Міхась] плаўна спусціў курок. Якімовіч. Яшчэ раз спусціў [баец] курок — Асечка. Нідзе нікога. Калачынскі. // Закончыць або звузіць вязанне, захапіўшы адразу некалькі вочак. Спусціць плячо ў кофце. // Пры вязанні даць саскочыць вочку з прутка або з кручка.

7. што. Разм. Спілаваўшы, паваліць (пра дрэва). [Іван Аўдолевіч] прыехаў следам за намі, у гушчар далёка не палез, сасну спусціў маладую, — таму вось і гатоў, ужо ўвязвае воз. Брыль. [Яўхім:] — Або паехаў у лес па дровы. А поруч хвойка стаіць, выносістая такая, што сама ў сцяну просіцца. Ну як, скажы, старшыня, крывуліну ссекчы, а хвойку гэтую пакінуць! Возьмеш ды спусціш яе на дол. Чарнышэвіч.

8. што. Скінуць што‑н. уніз, падарваўшы. [Валодзя:] — Прыгарадны цягнік ходзіць да Слабады і вяртаецца назад у Жлобін. Трэба ўзарваць мост і спусціць у рэчку цягнік. Федасеенка. Сёння мы [падрыўнікі] павінны спусціць хоць адзін эшалон. Новікаў.

9. перан.; каго-што. Збыць, прадаць. Бацька .. [Асмалоўскага] быў яшчэ багаты, але амаль усю зямлю спусціў, і дзеці ўжо жылі, як гарох пры дарозе — кожны іх шчыпаў. Сіўцоў. Фактычна .. [музей] утрымліваў гэты дробны памешчык Касцюк, які спусціў на музей, усю сваю гаспадарку. Карпюк. // Зрасходаваць, патраціць. І з-за гэтай самай дзяўчыны .. [сябар] у першы ж дзень семінара спусціў усе камандзіровачныя. Прокша. // Добраахвотна адмовіцца ад чаго‑н. на карысць каго‑н. Ды хай будзе вам вядома, Я чужога не хачу, Але ўласнага нікому Я таксама не спушчу. Кляўко.

10. што і без дап. Збавіць цану. [Стафанковіч да Вэні:] — У гаспадара два япрукі на продаж. — Заязджайце ў двор; таргуйцеся, дорага не давайце. Спусціць, чорт яго не возьме. Чорны. І хаця б адна душа падышла да вязкі — спусціў бы [Дзімка] цяпер які рубель з цаны, бо хіба выцерпіш на такім марозе. Капыловіч.

11. перан.; што і без дап. Дараваць, пакінуць без пакарання які‑н. учынак. [Гулік:] — Будзь асцярожны: Фогель, калі пранюхае, то не спусціць. Навуменка. [Лейка:] — Правільна. Мірон яшчэ хітрэй за Давыдзюка. Возьмеш у яго, то ён табе ўжо не спусціць. Галавач. // Змоўчаць, прамаўчаць. Міхал згаджаўся з тым, што .. [Анэта] казала: і язык такі, што нікому не спусціць. Васілевіч.

12. каго-што. Разм. Упаляваць. — А ведаеш, што я надумаў? — зірнуў на мяне Сцяпан, наразаючы каўбасу. — Спусцім заўтра не аднаго, а пару глушцоў. Ляўданскі.

13. што. Спец. Зрабіць патрэбнай формы, памераў; падагнаць. Спусціць край дэталі на конус. Спусціць дошку фуганкам.

14. што. Страсціць (пра ніткі). Спусціць ніткі.

•••

Спусціць вочы — засаромецца.

Спусціць дух — памерці.

Спусціць з вока (вачэй) — страціць пільнасць, перастаць сачыць.

Спусціць з думак — выкінуць з галавы, перастаць думаць пра каго‑, што‑н.

Спусціць (зняць) шкуру (сем шкур) — моцна набіць, адлупцаваць каго‑н.

Юху спусціць — разбіць нос.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

так, прысл., часціца злучн.

1. прысл. Абазначае акалічнасць спосабу дзеяння: такім чынам. Ён так расказваў, што ўсе смяяліся. □ [Юрка:] — Давай так дамовімся: ты [Алесь] сваё глядзі, а я сваё. Скрыпка. Прыгожых у шчасці, Цнатлівых у тайне, Іх так і застала Над рэчкай світанне. Гілевіч. / З даданым сказам спосабу дзеяння або даданым параўнальным, які ўдакладняе сэнс прыслоўя або дзеяслова. Нарэшце гром так неба скалыхнуў, Што ўпала і разбілася вясёлка І морам разлілася скрозь. Вітка. Як ішлі камсамольцы раней на вайну, так мы сёння ідзём узнімаць цаліну. А. Вольскі. // (звычайна з адмоўем). Адпаведным чынам. Тут штосьці не так. □ Не так жывеш, як хочацца, а так, як можацца. Прыказка. Не так чорт страшан, як яго малююць. Прыказка. // Наступным чынам, як сказана далей. Каханне ў іх [Андрэя і Насці] распачалося так. Яму было трынаццаць. Насці — восем. З. Астапенка.

2. прысл. У такім выглядзе, становішчы, стане, як ёсць, без каго‑, чаго‑н. (без дадатковых сродкаў, намаганняў, без платы і пад.). Я і так дастану, без лесвіцы. Памідоры прыйшлося есці так, без солі. □ Жанчына несла за плячыма вялікі клунак. Хлопчык ішоў так. Шамякін. // Без вынікаў, без рэагавання. Пакінуць гэту справу так нельга. Гэта табе так не пройдзе. □ [Наўмыснік] быў упэўнен, што ўцякаць яму нікуды не прыйдзецца, усё абыдзецца так. Чорны.

3. прысл. У такой меры, ступені, да такой меры, ступені; вельмі; настолькі. Гэта не так важна. □ А есці так хочацца, ажно млосна робіцца. Якімовіч. [Юхім:] — Мы зажывём з табою так багата, Як і ўявіць не можаш ты, сястра! З. Астапенка. Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва.

4. прысл. Без прычыны, патрэбы, выпадкова; без сур’ёзнага намеру, пэўнай мэты, падставы. — Так проста зайшлі, — стаў апраўдвацца адзін з .. [хлопцаў], рыжагаловы і чырвоны ад хмелю, як вараны рак. — Святы дзень сёння. Кулакоўскі.

5. прысл. Правільна, дакладна, сапраўды. Мабыць, гэта так. □ Я вычытаў недзе, што, пасадзіўшы ў гэты час [зімой] галінку вішні, яна зацвіце... Захацелася праверыць, а ці так гэта? Кандрусевіч.

6. часціца. Ужываецца ў рэпліках пры адказе для выражэння сцвярджэння, згоды. У бібліятэку збіраецеся? — Так. □ Па-першае, ты адчуваеш, што робіш, карысную справу; па-другое, ты прывыкла наведваць сваю Журавінку; па-трэцяе, ты палюбіла яе. Так? — «Так», — адказала Валя. Маўр.

7. Ужываецца ў рэпліцы-адказе з агульным значэннем неакрэсленасці. Што з вамі? — Так, галава трошкі закружылася. □ — Здароў, сусед! — Здарова, ласянятка! — Як справы, дамасед? — Ды так... усё ў парадку. Калачынскі.

8. часціца ўказальная. Выкарыстоўваецца ў пачатку сказа для канкрэтызацыі, пацвярджэння раней выказанай думкі. [Турсевіч:] — Так, брат, там цяжка. Па сабе ведаю, якая там глуш. Колас. — Будзем жыць, — паўтарыў стары, едучы дамоў. — Так. Будзем жыць. Чорны. Так, пазіцыя выбрана ўдала. В. Вольскі.

9. часціца ўзмацняльная. Выкарыстоўваецца для падкрэслівання большай выразнасці таго слова, пры якім яна стаіць. Ну так старанна вырабляў нагамі [Мацей], Што ўсе ў далоні пляскалі яму. Корбан.

10. часціца абмежавальная. Ужываецца для ўказання на прыблізную колькасць, меру чаго‑н., час і пад. Гадоў так дзесяць таму назад. □ [Акулька:] — Не даходзім так метраў сто да купальні, што насупраць Аўсейчыкавых. Домка наша як уздрыгне і стала як укопаная. Ракітны. Хвойнік, не зусім вялікі, так мо дзесяцін у трыццаць лясок, ляжаў на ўсходнім баку Сілцоў. Гартны.

11. часціца. Выкарыстоўваецца ў пачатку сказа, які растлумачвае папярэдняе выказванне, у значэнні: «а іменна», «напрыклад». Расказвалі, які быў ураджай. Так, адзін гектар жыта ў сярэднім даваў пудоў семдзесят пяць. Колас. Працу размеркавалі хутка. Так, напрыклад, першаму звяпу даручылі лён, другому сенажаць. «Звязда».

12. часціца. У спалучэнні з «і» указвае на характар дзеяння (энергічнасць, рашучасць, міжвольнасць і пад.). Стары не вытрымаў, так і асунуўся. Чакаў, чакаў, так і пайшоў ні з чым. □ [Сухадольскі:] Мы ж былі першым атрадам чырвоных спецаў, выгадаваных Савецкай уладай. [Фёдар Мікалаевіч:] Так і рваліся ў бой. Крапіва. // У спалучэнні з «і» указвае на скептычныя, негатыўныя і пад. адносіны да якога‑н. дзеяння, з’явы. Бач ты, ён яшчэ надумаў пагражаць! Так яго і спужаліся. □ Так і валэндаліся ў санаторыі з гэтым Малахам. Кавалёў.

13. злучн. У спалучэнні са злучнікам «што» выкарыстоўваецца для далучэння даданых выніковых сказаў у значэнні: у выніку гэтага, таму. [Валерый:] — Ад паноў і падпанкаў нацярпеўся за свой век нямала, так што зуб на іх у цябе [дзядзькі Рыгора] яшчэ востры. Якімовіч. // У спалучэнні са злучнікам «як» выкарыстоўваецца для злучэння аднародных членаў сказа і сказаў з параўнальна-супастаўляльным адценнем. Пажар заўважылі як з баракаў, так і з пасёлка толькі тады, калі згасла электрычнае святло. Пестрак.

•••

Вось так гл. вось ​2.

Даўно б так — адабрэнне чыйго‑н. учынку, задавальненне чыімі‑н. дзеяннямі.

За так — бясплатна, дарма (рабіць што‑н.).

І так гл. і ​3.

І так далей — ужываецца ў канцы пералічэння і ўказвае, што пералічэнне можа быць прадоўжана.

І так, і гэтак — а) рознымі спосабамі, на розны манер; б) па-рознаму; то добра, то дрэнна.

(І) так і сяк; ці так ці сяк — на розны манер, рознымі спосабамі; усяляк; тым ці іншым спосабам.

Не так, каб; не так каб — выкарыстоўваецца для некатэгарычнага адмаўлення якой‑н. думкі ў значэнні: не вельмі.

Не так сабе — з нейкай мэтай, з пэўным намерам. І ўсё ж зараз, на старасці гадоў, рашыў .. [сусед] заняцца вінаградарствам. І не так сабе: даўно сачыў за доследамі селекцыянераў. Кавалёў. [Тарас:] — Дык можа і за Валяй будуць сачыць? [Сымон:] — Не ведаю. Але думаю, што выпусцілі яе не так сабе... Якімовіч.

Проста так гл. проста.

Так званы гл. званы.

Так і быць гл. быць.

Так і ёсць — на самай справе, сапраўды.

Так і так — ужываецца замест пераказу, паўтарэння ўжо вядомага, таго, пра што ўжо расказвалася. [Гарошка:] — Так і так, расказваю, ёсць у суседзяў нашых закінуты кацёл. Краўчанка.

Так і трэба каму — за ўчыненае і адплата.

Так на так — а) без прыдачы, адно за другое (пра абмен); б) у роўнай прапорцыі, у роўных суадносінах.

Так сабе — а) ні добрае, ні дрэннае (пра каго‑, што‑н.). Гаспадар з яго так сабе; б) проста так, несур’ёзна. Гэта была толькі так сабе, прыстрэлка. Шыцік. [Алена:] — Прастойваеш вечары з хлопцам так сабе, выходзіць? Пальчэўскі.

Так сказаць гл. сказаць.

Так точна! — так, іменна так.

Так то (яно) так — усё гэта правільна, але... [Андрэй:] — Я ночы не спаў, насенне малаціў, а ўдзень за плугам ад раніцы да вечара. Конь і той ноччу адпачывае. — Так то яно так, сынок... Чарнышэвіч.

Так трымаць! гл. трымаць.

Так ці інакш (іначай) (у знач. пабочн.) — ва ўсякім выпадку, тым ці іншым спосабам.

То так, то сяк; то так, то гэтак — па-рознаму; то адным спосабам, то другім.

Хоць бы і так — няма нічога асаблівага, дрэннага ў чым‑н.

Ці так? — ці праўда?

Як жа так гл. як.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзе́ць, сяджу, сядзіш, сядзіць; сядзім, седзіце, сядзяць; незак.

1. Займаць такое становішча, пры якім тулава апіраецца на што‑н. ніжняй сваёй часткай. Сядзець на ложку. Сядзець на крэсле. □ [Рыбак:] — Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Якімовіч. [Віця] ўстаў з мяха, на якім сядзеў, і адчуў, што цяжка стаяць. Чарнышэвіч. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць асаблівасці такога становішча. Сядзець падкурчыўшы ногі. □ Даўгі Мірон сядзеў на кукішках на дне выдзеўбанага чоўна. Маўр. // Быць у такім становішчы, пры якім тулава змяшчаецца на чым‑н. сваёй ніжняй часткай і пярэднімі лапамі (пра сабаку, ваўка, ката і пад.). Сядзіць сабе [кот Фядот], дрэмле, мурлыкае. Брыль. Высока на галінцы Вавёрачка сядзіць. Журба. // Знаходзіцца па якім‑н. месцы, паверхні, не рухаючыся (пра птушак, насякомых). Белабока сарока сядзіць на лазе І дзяцей сваіх кліча. Бядуля. Дзіма ляжаў і хроп пад кустом, а на носе ў яго сядзела вялікая шызая муха. Даніленка.

2. Знаходзіцца, быць дзе‑н.; праводзіць час дзе‑н., у каго‑н. доўга, пастаянна. [Сябры:] — Якія ж мы цыганы, калі будзем сядзець на месцы. Вандраванне — наша стыхія. Астрэйка. [Ярохін] з усмешкай успомніў, што ў дзяцінстве вельмі любіў сядзець на вышках, калі дождж вось так барабаніць па гонтавым даху. Шамякін. // Знаходзіцца дзе‑н. з мэтай адпачынку, забавы і пад. Сядзець у рэстаране. Сядзець у гасцях. // Разм. Праходзіць паўторны курс навучання, набываць якія‑н. веды (другі раз). Калісьці ў першым класе .. [Рыгор] сядзеў два гады і таму быў старэйшы за сваіх аднакласнікаў. Ваданосаў. // Жыць, гаспадарыць дзе‑н. (на зямлі, надзеле і пад.). [Барановіч:] — Ніхто мяне з маёй зямлі не спора, на якой я спрадвеку сядзеў. Чорны. На сваіх палосках [бацькі] сядзелі нядоўга. Вялюгін.

3. Знаходзіцца ў стане бяздзейнасці, нічога не рабіць. Мама крыху вальнейшая, але таксама не сядзіць без справы, увесь час завіхаецца. Васілёнак. — А чаго ж вы [старшыня] марудзіце? Людзі колькі балот асушылі, а вы седзіце, — папракнуў Андрэй. Дуброўскі.

4. звычайна за чым, на чым, над чым. Быць занятым чым‑н., займацца чым‑н., знаходзячыся ў сядзячым стане. Сядзець за абедам. □ Але было пазнавата, каб сядзець за чарцяжамі. Шыцік. Хлопец, стоячы перад лаўкай, гаварыў: — Валодзя — трактарыст, ого! Я ў яго ўсю вясну на прычэпе сядзеў. Мы суседзі. Брыль. Я надоўга ў бакоўцы Памкнуўся адзін. Мне — сядзець над праектам І днём і ўначы. Куляшоў. // Разм. Наогул быць занятым чым‑н. Сядзець на выдачы кніг. □ Да вайны Дуся сядзела на кадрах мінскай фабрыкі «Камунарка». Васілевіч. [Унук:] — Сядзіш толькі на званках і на паперах. Тое давай, тое не давай. Пташнікаў. // Разм. Займаць якую‑н. пасаду, выконваць якія‑н. абавязкі; служыць дзе‑н. Чалавек сядзіць у старастах па партызанскаму загаду. Лынькоў. [Мікалай Васільевіч:] — Я працаваў у сталіцы. Высока сядзеў. Паперы рассылаў, па тэлефоне камандаваў. Гаўрылкін.

5. Быць у зняволенні; быць пазбаўленым свабоды. Сядзець у турме. Сядзець на гаўптвахце. □ Толькі Ганку вясна не радавала. Бацька ўсё яшчэ сядзеў у астрозе. Бяганская. З таго часу Якуб з Санькам сядзяць у халоднай. Якімовіч. [Дазорац:] — А завошта ж сядзіць твой бацька? [Паўлік:] — Не ведаю, дзядзечка, ведаю толькі, што ён не вінаваты. Сташэўскі. Хадзіла тады Макарыха пад Полацк у той страшны лагер, але Васіля не знайшла. .. Дзе ты там знойдзеш чалавека, калі ў лагеры сядзела можа тысяч дваццаць. Асіпенка. // Быць змешчаным куды‑н. (пра жывёл, птушак). Канарэйка сядзела ў клетцы. Сабака сядзеў на прывязі. // Быць вымушаным прытрымлівацца якога‑н. рэжыму, абмяжоўвацца чым‑н. Сядзець па дыеце. Сядзець на пайку. □ [Сымон:] — Парсюка сабе закалю, каб не сядзець на нішчымніцы. Чарнышэвіч. Саша, якая .. заўсёды абражалася, калі ёй што-небудзь падобнае прапаноўвалі, узяла гэтае сала, бо брала не для сябе, а для ўсёй сям’і, якая сядзела на адной бульбе. Шамякін. // Разм. Не мець чаго‑н., быць без чаго‑н. неабходнага. Сядзець без грошай. □ [Дзееў:] Вы разумееце, я сяджу без хлеба, але працаваць да іх [немцаў] не іду. Кучар. Хоць не сядзелі без жытла, Але рашылі вось як: Каб жыць паводдаль ад сяла І ад людзей паводдаль. Камейша.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца, размяшчацца дзе‑н. Направа і налева сядзяць хутары, моцныя, каменныя, як крэпасці. Маўр. Гэта быў вельмі стары дом. Вокны яго сядзелі нізка, амаль пры самай зямлі, мезанін перакасіўся. Арабей. Велічэзная галава [Уолтэра] шчыльна сядзела на яго круглых плячах, твар быў прадаўгаваты, энергічны, са сцятымі, сухімі губамі. Гамолка. З чорнажоўтым каптурыкам, на тоўстай ножцы сядзіць баравічок. Навуменка. / Пра вочы. Шэрыя вочы, якія глыбока сядзелі пад пакатым ілбом, выражалі сумленнасць і дабрату. Федасеенка. // Быць, мецца на паверхні чаго‑н. Праз праваленую столь і разбураную страху на .. [ложак] заўсёды лілі дажджы, і ржа на ім сядзела шышкамі. Чорны. // перан. Глыбока таіцца ў кім‑, чым‑н.; караніцца дзе‑н. (пра схільнасці, думкі, звычкі і пад.). Дзяўчына... ведама, дзяўчына — Хто там згадаў, што ў ёй сядзіць. Купала.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Глыбока ўпіўшыся куды‑н., аставацца там. Левая нага была раструшчана ў калене, асколак сядзеў глыбока ў сцягне. Васілевіч. Нарэшце, сазан, у якога ў хрыбце сядзелі маленькія вострыя восці Вано, знямогся, і тады Іліко .. схапіў свае восці і ўдарам пад жабры дакончыў рыбіну. Самуйлёнак. // Быць пакінутым дзе‑н., не ўбраным (пра расліны). У аўтобусе ўчора гаварылі пра маразы, якія, нарэшце, пачнуцца, дык трэба спяшацца дамоў — у .. [бабкі] на гародзе яшчэ сядзелі ў зямлі буракі. Чыгрынаў. // Быць пасаджаным у зямлю, але не расці. Прыняцца яблынька прынялася. Год сядзіць, другі, а не расце. Ігнаценка.

8. Хавацца ў засадзе, тайна размяшчацца дзе‑н. А скуль даведаліся яны [жаўнеры], Дзе мы [паўстанцы] сядзім? Бядуля. Усю мінулую восень немцы сядзелі на гарадзішчы, на Заглініцкім узгорку, а нашы стаялі пад гарой. Сяркоў. / у перан. ужыв. Мне ўспамінаецца, як гаварыў настаўнік, што ў сельсавеце доўгі час сядзелі кулакі. Скрыган.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць змешчаным куды‑н. для выпякання, апрацоўкі. Пірагі .. ужо сядзелі ў печах. Бядуля.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размяшчацца на фігуры пэўным чынам, быць надзетым тым ці іншым чынам; ляжаць. Касцюм сапраўды быў пашыты з густам і сядзеў добра. Карпаў. Яшчэ новая пілотка была як пажаваная, сядзела на патыліцы. Грамовіч.

•••

Вось дзе сядзіць хто-што — выраз нездаволенасці, прыкрасці, злосці і пад., які звычайна суправаджаецца жэстам з указаннем па галаву, шыю, карак (пра каго‑, што‑н., што прычыняе клопаты, непрыемнасці і пад.).

На куце сядзець — знаходзіцца, быць на покуці як ганаровы, пачэсны госць (на вяселлі).

Седма (поседам) сядзець — а) сядзець доўгі час, не ўстаючы; б) знаходзіцца дзе‑н. неадлучна, не выязджаючы, не выходзячы.

Сядзець злажыўшы (склаўшы) рукі — сядзець без справы, нічога не робячы.

Сядзець каменем (камяком) — цяжка ператраўляцца (пра страву).

Сядзець крукам — вельмі старанна рабіць што‑н. (звычайна седзячы). [Таня:] — Квартал жа закончыўся, справаздачнасць складаем, цэлымі днямі сядзім крукам. Марціновіч.

Сядзець на зямлі — займацца сельскай гаспадаркай, земляробствам.

Сядзець на карку чыім (шыі чыёй), у каго — знаходзіцца, быць на ўтрыманні каго‑н., жыць на сродкі каго‑н., стаць клопатам для каго‑н.

Сядзець на тэлефоне — пастаянна знаходзіцца ля тэлефона, перадаючы або прымаючы якія‑н. звесткі, чакаючы чаго‑н.

Сядзець на чамаданах — склаўшы ўсе рэчы, чакаць ад’езду.

Сядзець на чужым хлебе — быць на чыім‑н. утрыманні.

Сядзець на яйках — выседжваць птушанят (пра птушак).

Сядзець пад замком — быць замкнутым дзе‑н.; быць пад арыштам.

Сядзець рот замазаўшы — маўчаць, не адважыцца сказаць слова.

Сядзець у гразі — брудна, неахайна жыць.

Сядзець у дзеўках — доўга не выходзіць замуж.

Сядзець у пячонках у каго — вельмі непакоіць, хваляваць каго‑н., дапякаць каму‑н.

Сядзець як багародзіца (іран.) — нічога не рабіць, сядзець склаўшы рукі, ні на што не рэагуючы.

Сядзець як мыш пад венікам (пад мятлою) — весці сябе (сядзець) вельмі ціха, каб не звярнуць на сябе чыёй‑н. увагі.

Цвіком сядзець; сядзець як цвік — пра неадчэпную думку, пытанне.

Чорт сядзіць у кім гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

як 1, ‑а, м.

Буйная жвачная рагатая жывёліна, якая водзіцца ў высакагорных раёнах Цэнтральнай Азіі (свойская выкарыстоўваецца як уючная, верхавая, іншы раз як малочна-мясная).

[Тыбецкае.]

як 2, прысл., злучн. і часціца.

I. прысл.

1. пытальнае. Выражае пытанне аб спосабе дзеяння, стану; якім чынам, якім спосабам. Як гэта здарылася? Як знайсці той лес? □ — Ох, мой міленькі, мой блазнотка! Як будзем жыць мы без яго [бацькі]? Колас.

2. пытальнае. Выражае пытанне аб якасці дзеяння ці стану. Як жывеш, як маешся? Як у вас справы з гаспадаркай? // у знач. вык. Адпавядае займенніку «які» ў Н і Т. Як ваша здароўе? □ [Валя:] — Твая матка і мне нешта расказвала... А як прозвішча таго чалавека? Арабей.

3. азначальнае. У якой меры, ступені; наколькі. А як ты, браце, пастарэў! Што здарылася?

4. неазначальнае. Разм. Як-небудзь. Трэба ж як знайсці згубленае. □ [Марына Паўлаўна:] — Ну, я ўжо думала, цяпер наш Сымонка і не паткнецца да нас Так сабе думаю, а тым часам пазіраю ў акно, а мо як заблудзіцца. Зарэцкі.

5. часавае. Тое, што і калі ​1 (у 2 знач.). А як ішоў дадому тата З атрада — Чуў я за вярсту. Казаў, бывала, сумнавата, Што гледзячы на лес расту... Барадулін.

6. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова:

а) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы. Павек не забудзецца тая навала, Як, дымам ахутаны чорным, Стаяў ты, мой горад, пад вогненным шквалам І ворагу быў непакорным. Хведаровіч;

б) падпарадкоўвае даданыя сказы меры і ступені. [Алеся:] — Я веру ў гэта так, як, можа, не верыш ты сама. Шамякін;

в) падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння. Не адступай, брат, у змаганні, Ідзі далей, як ты ішоў! Танк. Жыць па-старому, так, як жылі бацькі, — значыць, не шкадаваць народа, не любіць яго. Пестрак;

г) падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы, захоўваючы значэнне прыслоўя спосабу дзеяння. [Доктар:] Цяпер, таварыш, будзеш папраўляцца. Я Антону Мітрафанавічу медыкаментаў пакіну і раскажу, як каля раны хадзіць. Крапіва. Лепшыя людзі калгаса, і перш за ўсё камуністы, не раз задумваліся над тым, як вывесці гаспадарку з адстаючых у перадавыя. «Звязда»;

д) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. [Настаўніца:] — Маладзец вы, Андрэй Пятровіч! Ад душы поспехаў жадаю вам. Цікава ж, як вы гэта робіце? Колас. Цяжка было ўявіць, як пройдзе гэтая ноч. Каб раптам настаў ранак, То Драбняк адчуў бы вялікую палёгку на душы. Кулакоўскі.

7. адноснае. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае даданы ўступальны сказ. І як ні хацелася Білі спаць, ён насцярожана прыслухоўваўся да кожнага гуку, да кожнага голасу. Лынькоў. Шлях да парты ад калыскі Доўгі, як ні гавары. Лось.

II. злучн.

1. параўнальны.

а) Ужываецца для падпарадкавання даданых параўнальных сказаў. Як ворану вышай арла не лятаць, так ворагу нашай зямлі не таптаць. Крапіва. І як змаглі раней Мы белых генералаў, Так зможам мы цяпер Балячкі нашых дзён. Хведаровіч. // Разм. Ужываецца ў адмоўных сказах пасля вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў і адпавядае злучніку «чым». Лепш ужо без каня быць, як гэтага каня трымаць. Чорны. Марудны гул машын падпаўзаў вельмі доўга, здаецца, даўжэй, як цягнулася чаканне. Брыль;

б) ужываецца для далучэння параўнальных зваротаў. Па небе хмары, як палотны, Паўночны вецер рассцілае. Колас. / У складзе састаўнога злучніка «як і». Ручай гэты, як і рэчка, выцякаў з вялікага лесу, што пачынаўся адразу ж за шашой. Шамякін. // Ужываецца пры паўтарэнні слова ў параўнальным звароце і ўказвае на звычайную тыповасць прадмета. Тут зямля як зямля — беларуская шэрая глеба. Лукша. Хата як хата. І што б там, здавалася, у ёй асаблівага. Няхай.

2. далучальны.

а) Далучае звароты са значэннем: у якасці або тоеснасці. Альберт Аляксандраў пачаў свае паказанні як сведка, а закончыў як абвінаваўца. Дадзіёмаў. Васіль Пятровіч любіў ранішні сумятлівы праспект. Любіў як сваё, нялёгка здабытае. Пестрак;

б) далучае пабочныя словы, словазлучэнні і сказы. Рыба, як на злосць, не лавілася. Гартны. Трапілі, як той казаў, з прыску ды ў полымя. Пальчэўскі. На рынку, як на тое шчасце, я сустрэў свайго сваяка. Машара. Прыязджалі аратары з горада, якія (як Аўгінні казалі суседкі) гаварылі аб розных простых сялянскіх справах. Бядуля. / У складзе састаўнога злучніка «як і». Піліпчыка і след прастыў, адразу знік, як і не было яго. Лынькоў.

3. часавы.

а) Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія абмяжоўваюць пачатак падзей галоўнага сказа. Не прайшло і чвэрці гадзіны, як з лесу пачалі выходзіць цэлыя групы людзей з карабінамі, з вінтоўкамі, з абразамі, з бярданкамі, з аўстрыйскімі і нямецкімі стрэльбамі. Колас. Ужо васемнаццаты год пайшоў Ніне, ужо другая вясна набліжалася, як жыве яна ў Галіноўскіх. Галавач;

б) ужываецца ў складаназалежных сказах з хуткай зменай падзей. Вяль прылёг каля кургана, каб, як згаснуць толькі зоры, зноў дамоў вярнуцца рана. Танк. [Люба] паспела толькі напісаць «Дарагая Валя», як хтосьці застукаў у дзверы. Чорны. / У складзе састаўнога злучніка «як толькі». Як толькі спуталі коней, падлеткі пачалі раскладваць агонь. Чарнышэвіч. — Ну, як вам падабаецца Каця? — звярнуўся ціха трактарыст, як толькі мы выйшлі на вуліцу. Пальчэўскі;

в) ужываецца ў сказах, у якіх падзеі даданага сказа адбываюцца пасля падзей галоўнага сказа. Да таго як прыехаў Лялькевіч, [Саша] ўспамінала мужа, сумавала, зрэдку плакала над калыскай. Шамякін. Перад тым як адбіць гадзіны, гадзіннік колькі хвілін трашчаў, скрыпеў.. і пасля такой прадмовы званіў прыемным металічным звонам. Колас;

г) (разм.) ужываецца ў сказах з адносінамі адначасовасці паміж даданым і галоўным сказам. Раніцаю роснай ты ж і не журыўся, як на дол-пракосы з твару пот сачыўся. Трус. Ужо вечарэла, як Галя падыходзіла да сваёй вуліцы. Лынькоў;

д) падпарадкоўвае сказы, у якіх падзеі даданага сказа адбываюцца раней падзей галоўнага сказа. На сэрцы стала горка, горка; З вачэй скацілася сляза, Як ты за грэблю, са ўзгорка, Яшчэ раз глянула назад. Трус. Як скурылі па папяросе, зноў узяліся за работу. Чорны. Вартаўнік.. з’явіўся на крык толькі тады, як збегся цэлы натоўп людзей. Ермаловіч. / У складзе састаўнога злучніка «пасля таго як», «з таго часу як». З таго часу як Аленка паехала ў Загор’е, ён ні разу не зайшоў да іх. Колас. Да Апанаса Хмеля Андрэй прыйшоў толькі на другі дзень пасля таго, як адведаў Захара Зубца. Пестрак.

4. умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы з умоўна-абмежавальнымі і ўмоўна-часавымі адносінамі. [Талаш:] — Да каго ж мне звярнуцца, як не да вас?.. Колас. [Валя:] Як паглядзіш на гэтую веліч працы, на гэтыя горы перавернутай зямлі, дык нібы крылы вырастаюць. Крапіва.

5. прычынны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя сказы прычыны. [Юзік:] «Не маюць ніякага поўнага права яны [мачыха з бацькам] з цябе здзекавацца, як ты жонка чырвонаармейца». Крапіва.

6. тлумачальны.

а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы, якія тлумачаць члены галоўнага сказа, выражаныя дзеясловамі ўспрыняцця. І не заўважыў з нас ніхто, як ноч вясенняя мінула, як струны вуліц і мастоў штодзённым наліліся гулам. Танк. Па плячах Андрэя прабеглі мурашкі — ён адчуў, як невясёлыя думкі з дзяцінства знаёмым пачуццём кранаюць сэрцы. Пестрак. Ігнат і Лена бачылі, як некалькі чалавек мільганулі па-за платамі і, прыгінаючыся, пабеглі агародамі ў бок цагельнага завода. Лынькоў;

б) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Праз тоўстае шкло ілюмінатараў было відаць, як цьмяна ўспыхвалі на небасхіле гарачыя водбліскі зарніц. Гамолка. Чутно, як пазвоньваюць цуглі і недзе за суседнім дваром пераклікаюцца галасы. Скрыган. А нам зноў чуваць, як за ракой звініць прыгожая дружная песня з пракосаў. Брыль. Відно было, як на гэтую горку падымаліся свежыя, здавалася, яшчэ больш адсырэлыя барозны. Кулакоўскі;

в) падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. [Наталля:] У мяне такое адчуванне, як бывае ў летні дзень перад навальніцай. Крапіва. Цяпер я ніколі не бачу снег белым, такім, як бачыў у роднай Беларусі. Шамякін.

III. часціца.

1. узмацняльная. Вельмі, надзвычай. Як радасна цябе, край малады, Сягоння прывітаць! Колас. Як прыгожа там бясконца! Сорам, дзеткі, позна спаць! Чарот. У коміне нудна галасіў вецер, ляскаў юшкамі — ох як не хацелася выходзіць з хаты на холад. Капыловіч.

2. узмацняльна-сцвярджальная. Выражае бясспрэчнасць выказанай думкі, выступаючы ў значэнні: як можна, немагчыма. І як не маліцца прасторам На беразе Чорнага мора. А. Александровіч. І як тут не смяяцца І праўды не сказаць. Купала. Пачатак года, як цябе не ўславіць? Не першы я. А ці ж апошні? Не. Кірэенка.

3. Ужываецца пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці ў сувязі з якім‑н. пытаннем, выказваннем (звычайна ў спалучэнні са словамі «так», «гэта» і часціцамі «жа», «то» і пад.). Як! Ты зноў дома? □ Таўчэ дзік лычам мяне ў спіну, а рваць не рве.. — Як жа ён вас не разарваў усё-такі, — здзівіліся мы. Пальчэўскі. Пабяжы Мікуліку скажы, каб машыну падагнаў, — сказаў [Журавінка] Гарасю. — Дык няма ж яго, — адказаў Гарась. — Як то няма? А дзе ж яго чэрці душаць? Лобан. [Стася:] — Скажы, ты яго любіш?.. — Я не ведаю, Стася... — Ну, як жа так — не ведаю... Каханне — гэта пачуццё такое... такое яснае... Заўсёды адчуваеш, ці кахаеш ты чалавека, ці не... Зарэцкі.

4. Абазначае нечаканасць дзеяння пры дзеясловах зак. трывання. А ён як ускочыць, як пабяжыць — толькі яго і бачылі.

•••

(А) як жа — служыць выражэннем станоўчага адказу; азначае: канечне, разумеецца.

Вось яно як! гл. вось ​2.

Вунь яно як! гл. вунь.

Каму як; як каму — па-рознаму, не аднолькава.

Не хто іншы, як... — якраз гэтая асоба.

Памінай як звалі гл. памінаць.

Страх як — надта моцна.

Тут як тут гл. тут.

(Усе) як адзін гл. адзін.

Як адна капейка гл. капейка.

Як адну капейку гл. капейка.

Як бачыш гл. бачыць.

Як бог дасць гл. бог.

Як будзе, так будзе — ужываецца для выказвання рашучасці ў здзяйсненні рызыкоўнага.

Як бы — ужываецца для выражэння ўмоўнага параўнання.

Як бы не так — ужываецца для выказвання нязгоды, адмаўлення, абурэння.

Як бы там ні было гл. быць.

Як быццам гл. быццам.

Як ваша (твая, яго) ласка гл. ласка.

Як выпадзе гл. выпасці.

Як вядома гл. вядома.

Як гаворыцца гл. гаварыцца.

Як гадуешся гл. гадавацца.

Як ёсць гл. ёсць ​1.

Як жару (агню) ухапіўшы гл. ухапіўшы.

Як жа так — ужываецца для выражэння здзіўлення, сумнення, недаўмення ў сувязі з якім‑н. пытаннем ці сцвярджэннем.

Як знаеш гл. знаць ​1.

Як (і) належыць гл. належаць.

Як кажуць; як той казаў гл. казаць ​1.

Як калі; калі як — у розны час, па-рознаму; неаднолькава.

Як мага гл. мага.

Як мае быць гл. мець.

Як на бяду гл. бяда.

Як на грэх гл. грэх.

Як на заказ; як па заказу гл. заказ ​1.

Як на зло (злосць) гл. зло.

Як на падбор гл. падбор.

Як на (тое) ліха гл. ліха ​1.

Як ні кажы гл. казаць ​1.

Як ні круці гл. круціць.

Як ні ў чым не бывала гл. бываць.

Як-ніяк — пры любых умовах, як бы там ні было.

Як падняць гл. падняць.

Як па камандзе гл. каманда.

Як па лінейцы гл. лінейка.

Як па масле гл. масла.

Як па нотах гл. нота ​1.

Як папала гл. папасці (у 7 знач.).

Як па пісаным гл. пісаны.

Як піць даць гл. даць.

Як правіла гл. правіла.

Як прыйдзецца гл. прыйсціся (у 5 знач.).

Як сказаць гл. сказаць.

Як след гл. след.

Як стой (як стаіць) гл. стаяць.

Як (толькі) зямля носіць гл. зямля.

Як толькі язык павярнуўся гл. язык.

Як трэба гл. трэба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)