няшча́сце, ‑я, н.

1. Бяда, гора; няшчасны выпадак. Мяне сустрэла першае вялікае няшчасце ў маім жыцці. На лаве пад абразамі ляжыць мой бацька — жоўты, як воск, з заплюшчанымі вачыма. Бядуля. Аднойчы здарылася няшчасце. Студэнту Падацюку шасцернямі сеялкі раструшчыла палец. Дуброўскі.

2. Няўдача, адсутнасць поспеху. Вадзік з усіх сіл шмаргануў вудзільна.. Вось няшчасце — зачапіўся кручок! Гамолка. Паўстанцы таксама любілі гэту дзікую, чарнавокую дзяўчынку, якая парою выручала іх ад голаду і іншага няшчасця. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. перабіраць — перабраць (у 1, 3, 4 і 6 знач.) і перабірацца — перабрацца (у 2 знач.).

2. Дзеянне паводле дзеясл. перабіраць (у 2 знач.).

3. Лішак, узятае звыш меры, нормы; проціл. недабор. Перабор меры таксама нядобры, як і недабор. Колас.

4. Частае чаргаванне якіх‑н. гукаў; перазвон, перастук. Пералівістыя пераборы галасоў. □ Баяны і гармонікі заігралі ў перабор. Калачынскі. Ззаду грымелі, разрываючыся, снарады і густа, з пераборамі, ляскаталі кулямёты. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паразіты́зм, ‑у, м.

1. Форма адносін паміж арганізмамі (розных відаў), пры якой адзін арганізм корміцца за кошт другога; жыццё паразіта (у 1 знач.).

2. перан. Існаванне паразіта (у 2 знач.); жыццё з чужой працы; дармаедства. Адносіны Вашамірскага да мастацтва і мастака таксама характарызуюць паразітызм прыгоннікаў. Казека. Рыгор зразумеў, што тая бесклапотнасць Ірыны, якая некалі выглядала такой чароўнай наіўнасцю і выклікала ў яго захапленне, была не чым іншым, як зародкам звычайнага паразітызму. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасялі́ць, ‑сялю, ‑селіш, ‑селіць; зак., каго-што.

1. Даць каму‑н. месца для жылля; усяліць. Пасяліць студэнтаў у інтэрнат. Пасяліць сям’ю ў новым доме. □ — Людзей у нас поўна. Але вы не бойцеся, я вас пасялю ўдвух у трэці пакой. Мы яго на ўсякі выпадак трымаем у рэзерве. Сабаленка.

2. перан. Выклікаць (якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад.). Цяпер Веру быццам падмянілі. Сяброўкі таксама прыціхлі. Гора Веры пасяліла ў майстэрні сумную цішыню. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сілкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак.

1. Есці, падмацоўвацца ежай. З гора забыўся, што трэба есці. Але я не стаў сілкавацца. Сабаленка. Антося наліла ў міску капусты, паставіла на стол і запрасіла Грышу: — Сілкуйся з дарогі, дзіцятка. Пальчэўскі. Алесь злез з воза і са здзіўленнем убачыў, што і яго Гняды таксама сілкуецца аўсом. Чарнышэвіч.

2. Спец. Атрымліваць адкуль‑н. што‑н. неабходнае для нармальнага дзеяння, функцыяніравання. Лямпы сілкуюцца ад паходнай электрастанцыі.

3. Зал. да сілкаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́нтаксіс, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Уласцівыя пэўнай мове спосабы спалучэння слоў у словазлучэнні і сказы, а таксама раздзел граматыкі, які вывучае сказ і спосабы спалучэння слоў у сказе. Асноўнымі раздзеламі граматыкі з’яўляюцца марфалогія і сінтаксіс. Граматыка. // Сукупнасць сінтаксічных з’яў, характэрных для твораў таго ці іншага пісьменніка. Намагаючыся арганічнага сплаву лірычнай, эмацыянальнай плыні з бытавой, апісальнай, Янка Брыль стварае ў рамане свой сінтаксіс. Юрэвіч.

2. ‑а. Кніга, падручнік, прысвечаныя вывучэнню дадзенага аддзела граматыкі.

[Грэч. syntaxis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́рга, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.

1. Выражэнне незадавальнення, нараканне з прычыны якіх‑н. непрыемнасцей, болю і пад. Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі. Якімовіч. У лірычных вершах паэтэсы [Цёткі], а таксама ў яе пісьмах чуюцца скаргі на цяжкія пакуты, якія ёй прыносіла хвароба. Шкраба.

2. Афіцыйная заява аб незаконным або няправільным дзеянні якой‑н. асобы, установы, арганізацыі. Касацыйная скарга. □ Старая Марцініха пісала скаргу на свайго сына. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уз... (а таксама уза..., ус...), прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: 1) накіраванасць руху ўверх, напрыклад: узляцець; 2) напружанасць, сілу дзеяння, хуткае наступленне якога‑н. стану, напрыклад: узвіхрыцца, узрасці; 3) закончанасць дзеяння, давядзенне да якога‑н. стану або граніцы, звычайна з адценнем паўнаты, інтэнсіўнасці, напрыклад: узбоўтаць, уз’есціся.

II. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў, прыслоўяў і абазначае: на краі чаго‑н. або побач з чым‑н., напрыклад: узлесак, узмежак, узгорак, узмор’е, узбоч, уздоўж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узнагаро́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што чым.

1. Даць узнагароду каму‑н. Узнагародзіць ордэнам. Узнагародзіць дыпломам першай ступені. □ Аўгінню ўзнагародзілі Ганаровай граматай райкома камсамола. Кірэйчык. [Цар:] — Вылечыш [коней] — узнагароджу, не вылечыш — ласкі ад мяне не чакай. Якімовіч. // перан. Выказаць удзячнасцю адабрэнне; адплаціць належным чынам. [Аркестр народных інструментаў], таксама як і хор, гледачы ўзнагародзілі доўгімі і бурнымі воплескамі. Ляўданскі.

2. перан. Надзяліць чым‑н., абдарыць. Нам дзень Кастрычніка, як воля, дарагі. Узнагародзіў нас ён лёсам шчасным. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умо́ўчаць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. (пераважна з адмоўем «не»). Сцярпець, не адказаць каму‑н. — Не еў, не еў! — як перадражняючы каго, усё крычыць [кот], ды з такою злосцю, што Юстап будзе маўчаць, маўчаць, ды і не ўмоўчыць — на жонку абавязкова пасварыцца: — Дала б ты гэтай здыхаце малака. Калюга.

2. Не сказаць, не ўпамянуць аб чым‑н. знарок. [Маці:] — Я таксама не хачу, каб няпраўду ты гаварыў. Але ж умоўчаць сёе-тое мог. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)