намачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.
1. каго-што. Зрабіць мокрым, сырым; прамачыць. Намачыў снапы дождж. Намачыць валёнкі. Намачыць гліну. □ Таццяна намачыла аб расу руку і працерла вочы. Шамякін. // Змачыць, даць прамачыцца чым‑н. [Зося] намачыла ручнік і выцерла.. [хлапчуку] твар. Чорны. // Пакінуць што‑н. на нейкі час у вадкасці. [Кацярына:] — Выпала, калі трапіць пад год, дык такі лянок вырасце, што як намочым у сажалцы, мяккім робіцца, як шоўк, а моцны — адной пасмы не парвеш. Кулакоўскі. [Тата:] — Не забудзься ж, Аленка, намачыць лыка пасля абеду. Пальчэўскі.
2. што і чаго. Шляхам мачэння прыгатаваць у нейкай колькасці. Намачыць яблыкаў.
3. без дап. Разліваючы што‑н., зрабіць мокрай паверхню чаго‑н. Намачыць на падлозе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́нач, прысл.
1. З наступленнем, пачаткам ночы. Учора нанач вецер сціх, заружавелася на захадзе неба, памацнеў холад, паказвала на мароз. Пташнікаў. [Лабановіч:] — Дык нават, бабка, не ў нядзельку, а ў суботу нанач надумаўся я паехаць у госці да таго паніча! Колас. // На начны час, на ўсю ноч. Кветкі, якія згортвалі нанач свае пялёсткі, распусціліся, і вакол іх звінелі пчолы, бомкалі чмялі. Дайліда. // Перад начным сном. Памыцца нанач. □ З-за дзвярэй Балеслаў чуў, як [маці] малілася нанач. Чорны.
2. На начлег, каб пераспаць ноч. Застацца нанач. □ Чалавек адказаў, што ён жабрак і просіцца нанач. Галавач. Дайшоў [Іван] да таго горада, дзе жыў цар, і папрасіўся ў аднае бабулі нанач. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плынь, ‑і, ж.
1. Рух вады ў рэчышчы, а таксама сама вада, якая цячэ. Да асушкі балот плынь у гэтай рачулцы была такая павольная, што яе нават цяжка было прыкмеціць. Краўчанка. Першае, што ўбачыў Коля, гэта халодны бляск нешырокай воднай плыні, сціснутай з абодвух бакоў лёдам. Шыловіч. / Аб рухомых патоках паветра. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам. Чорны.
2. Мноства, маса каго‑, чаго‑н., якая рухаецца ў адным напрамку. Людская плынь. □ Уперадзе войск няспыннай плынню ішлі абозы бежанцаў. Лобан.
3. перан. Літаратурна-мастацкі або грамадска-палітычны напрамак. А. Бабарэка ў сучаснай яму літаратуры бачыў дзве плыні, два напрамкі. Мушынскі.
•••
Падводная плынь — нешта тайнае, што не відаць адразу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
корч, карча, м.
1. Пень, вывернуты з зямлі з карэннем. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя да невядомых звяроў. Бядуля. // Паліва, нарыхтаванае з такіх пнёў. У падпаветцы не было парадку, валяліся карчы, якіх жаночыя рукі не маглі рассекчы. Гурскі. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас.
2. Абл. Куст бульбы, цыбулі, вывернуты з зямлі. А бульбоўнік сплёўся густа, Што ні корч — то бульбы кош. Бялевіч. Каля лямпы стаяла на сподку соль і ляжаў недаедзены корч цыбулі. Чорны.
3. у знач. прысл. карчо́м. Скурчыўшыся, сагнуўшыся. Цела Сашкі было скурчана. Смерць і мароз скруцілі яго ногі і рукі так моцна, што давялося пахаваць яго карчом. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кры́ўда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Несправядлівыя ўчынкі, паводзіны ў дачыненні да каго‑н., якія абражаюць, засмучаюць. — А за што на мяне хто будзе злосць мець? Мне здаецца, я нікому ніколі ніякай крыўды не зрабіў. Чорны. Боль і горыч ад незаслужанай крыўды ахапілі сэрца старога, і ён, стоячы на скрыжаванні, у думках звяртаецца да сына. Хромчанка. // Пачуццё горычы, выкліканае несправядлівымі ўчынкамі, паводзінамі. Горкая крыўда падступіла да сэрца: усё пайшло на вецер. Шкраба.
•••
Быць у крыўдзе на каго гл. быць.
Кроўная крыўда — цяжкая знявага, якая глыбока кранае чалавека.
Не дацца ў крыўду каму гл. дацца.
Не даць (не папусціць) у крыўду каго гл. даць.
Не ў крыўду хай будзе сказана гл. быць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́та 1, ‑ы, ДМ лаце; Р мн. лат; ж.
Кавалак тканіны, скуры і пад., якім залатана дзірка на адзенні, абутку і пад. Прыкметы падышлі якраз: знарок запушчаная барада, два залатыя зубы, лата на левым калене. Брыль.
•••
Латамі трэсці гл. трэсці.
Лата на лаце — пра вельмі старое латанае адзенне. Ля саней застаўся .. чалавек у кароткай ватоўцы, у лапцях, у суконных гаспадарскіх нагавіцах — лата на лаце. Чорны.
ла́та 2, ‑ы, ДМ лаце; Р мн. лат; ж.
Дошка, жэрдка і пад., якія кладуцца ўпоперак крокваў. Снегу на страсе няма, і латы на бурай струхле[л]ай саломе тырчаць голымі пачарнелымі парэбрынамі. Галавач. У змроку відаць было, як у неба ўрэзвалася скрыжаванне лат. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак.
1. што. Зрабіць, прабіць (дзірку, адтуліну ў чым‑н.). [Вада] спачатку прарабіла вялікую канаву ад берага, а потым вырыла гэтую пячору. Лупсякоў.
2. што. Зрабіць, выканаць. Прарабіўшы ўвесь комплекс гімнастыкі, .. [Уладзік] стамляўся. Колас. Савецкія пісьменнікі .. прарабілі вялікую працу ў сэнсе творчасці і ў сэнсе працы над тэорыяй марксізма-ленінізма. Чорны.
3. Правесці які‑н. час, працуючы дзе‑н.; прапрацаваць. Прарабіць усё жыццё на заводзе.
4. што і без дап. Патраціць больш заробленага. [Рудзін:] — У такі час не зарабіць, а прарабіць можна. Галавач. — Сыры тыя ці грошы, выручаныя ад іх продажу, адабралі .. — і дзядзька не так зарабіў, як прарабіў. Сачанка.
5. што і без дап. Рабіць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
працягну́цца, ‑цягнецца; зак.
1. Выцягнуцца ў якім‑н. напрамку. Дзверцы адчыніліся, працягнуліся дзве пары рук. Ваданосаў.
2. Расцягнуцца, размясціцца на вялікую адлегласць; выцягнуцца. Новы прамысловы раён горада працягнуўся доўгім белым ланцугом уздоўж Амура. Грахоўскі. Праз паўгадзіны .. [Андрэй] быў ужо каля роднай вёскі, электрычныя агні якой працягнуліся ад ракі аж да лесу. Скрыпка.
3. Прадоўжыцца. Даклад працягнуўся дзве гадзіны. Падарожжа працягнецца два месяцы. □ — Калі дождж працягнецца, нам не хопіць паліва, — заўважыў Тайдо. Маўр. Вайна ж доўга не працягнецца, хутка нашы разаб’юць фашыстаў, бацька вернецца. Жычка.
4. Павольна прайсці (пра час). Увесь той дзень працягнуўся, як пакута. Чорны.
5. Прайсці праз вузкую адтуліну; прасунуцца. Нітка працягнулася ў іголку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгу́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што, чаго і без дап.
Прыклаўшы да вуснаў, крыху адпіць (звычайна віна або іншага напітку); пакаштаваць. Марынка прыгубіла шклянку і памкнулася паставіць яе, але, кінуўшы спадылба позірк на Паходню, выпіла да дна. Хадкевіч. Бацька выпіў гарэлку, а маці прыгубіла піва. Брыль. Хлопцы і гаспадар выпілі па поўнаму кубку, а гаспадыня толькі прыгубіла. Пальчэўскі.
прыгубі́ць, ‑гублю́, ‑гу́біш, ‑гу́біць; зак., каго-што.
Абл. Прывесці да пагібелі, загубіць. [Андрэй:] — Я з братам біўся калі, як гаспадарку дзялілі, ці што? Я яго абязвечыў, я яго прыгубіў? Чорны. [Ціток:] І-і-і, ты ж, братачка, мяне прыгубіш. Дзе я табе вазьму такія грошы? Каб рублёў з дваццаць, то яшчэ была б гаворка. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Адкрыта сказаць, расказаць аб чым‑н., сазнацца. Прызнацца ў каханні. □ Тварыцкі закапаў грошы з цвёрдым намерам ніколі не аддаваць іх і прызнаўся ў гэтым толькі выпадкова. Чорны. — Не магу, братка, ісці, — прызнаўся Іван. Колас. Чамусьці няёмка было хлапцу прызнацца, што аддаў сваю пілотку чарнамазаму карапузу. Кулакоўскі.
2. інф. прызнацца і 1 ас. адз. прызнаюся. Разм. Ужываецца як пабочнае слова ў значэнне праўду кажучы, шчыра кажучы. — Зараз не магу... Прызнацца, яшчэ не снедаў нават. Пасля. Гартны. — Думаем паставіць вас прарабам... Давайце згоду, Нічыпар Аўсеевіч. Я, шчыра прызнацца, і загад на вас падрыхтаваў. Асіпенка. Прызнаюся, я тады быў хлапец не святы. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)