стрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Цярпліва вынесці, вытрымаць (што‑н. страшэннае, непрыемнае. нясцерпнае). Стрываць боль. □ Як цяжка ні будзе, — стрываем. Радзіма, не зганьбім цябе! Астрэйка. Колькі перанесла .. [маці] гора — ні адна жывая душа не стрывала б. Ваданосаў. // без дап. (звычайна з адмоўем). Стрымацца, утрымацца ад чаго‑н. (ад якіх‑н. слоў, учынкаў). Хлопчык не стрываў і, калі дзядзька выйшаў з хаты, спытаўся ў бацькі, навошта той гаварыў гэтак з Анісімам. Сачанка. Ды так ужо казёл абрыдзеў сабаку сваім прыставаннем, што Жук аднойчы не стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Брыль. Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Акцызнік не стрываў — сышоў да Парыпанавай студні. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суцяшэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. суцяшаць — суцешыць і стан паводле знач. дзеясл. суцяшацца — суцешыцца. Гаварыць у суцяшэнне. Выслухаць словы суцяшэння. □ Я сама шукала суцяшэння. Караткевіч. // звычайна мн. (суцяшэ́нні, ‑яў). Угаворы, спачувальныя словы. Я рад за вас быў. Я вам [таварышам] не зайздросціў. І вы суцяшэннямі не абражалі мяне. Панчанка. Ды ўжо суцяшэнні Сяргею не трэба, — адчуў ён сэрцам, Адчуў, што канец непазбежны, што піша хвароба прысуд. Жычка.
2. Тое, што суцяшае, дае супакаенне, палёгку. Аддаліліся ўсе тыя, з кім некалі спрачаўся, сварыўся, даводзіў сваё. Цяпер поўная яснасць і поўны спакой. Але ў гэтым мала суцяшэння. Шамякін.
3. перан. Занятак, прадмет, які прыносіць здавальненне, радасць. Кнігі — маё суцяшэнне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэ́зіс, ‑а, м.
1. Палажэнне, правільнасць якога павінна быць раскрыта і абгрунтавана. Буржуазныя пісьменнікі, буржуазныя літаратуразнаўцы спрабуюць сцвердзіць тэзіс аб надкласавасці і надпартыйнасці, якія нібыта ўласцівы літаратуры. «Беларусь». [Юхневіч] рыхтаваўся да абароны, загадзя думаючы над тым, што ўзяць у якасці галоўнага тэзіса. Савіцкі.
2. У філасофіі Гегеля — зыходная ступень усякага працэсу развіцця, першая ступень трыяды.
3. звычайна мн. (тэ́зісы, ‑аў). Сфармуляваныя палажэнні, якія коратка перадаюць асноўныя думкі лекцыі, даклада, артыкула і пад. Прамова даўно была гатова, тэзісы яе ляжалі на стале. Алешка. У гэты час .. [Хадановіч] думаў пра тэзісы, думаў аб тым, як выказаць калгаснікам на блізкіх прыкладах тыя думкі, што сабраў ён да лекцыі. Грамовіч.
[Грэч. thesis.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
1. Схіліць, падбіць па бунт, паўстанне. Узбунтаваць войска. Узбунтаваць натоўп. □ Бунтар, славуты герой беларускага народа [Ілья Гаркуша] яшчэ ў XVII стагоддзі ўзбунтаваў, узняў плугароў і сейбітаў, ганчароў і плытагонаў .. на барацьбу супраць белапольскіх магнатаў. Бялевіч.
2. перан. Прывесці ў стан непакою, трывогі; узбударажыць, усхваляваць. Узбунтаваць пачуцці. Узбунтаваць душу. □ Міхалавы словы так узбунтавалі Комліка, што ён больш не валодаў сабой. Карпаў.
3. Узняць хвалі, прывесці ў рух (звычайна пра ваду). Засмяяўшыся, .. [Люда] палажыла вядро на свой адбітак у вадзе. Вядро ўзбунтавала люстраную роўнядзь, напоўнілася. Брыль. // Узлахмаціць (валасы і пад.). Волька шпарка правяла далонню па яго [Кузёмкі] валасах, узбунтавала іх і, задзірыста засмяяўшыся, знікла за веснічкамі. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уме́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Той, хто валодае ўменнем, вопытам у якой‑н. справе. Ніхто не нарадзіўся ўмелым, Ніхто не нарадзіўся мудрым, Ніхто не нарадзіўся смелым, Ніхто не нарадзіўся мужным — Усё прыходзіла з гадамі. Жычка. Сын палахлівага краўца становіцца ўмелым і вынаходлівым арганізатарам падпольнай работы ў мястэчку. Хромчанка. // Такі, у якім праяўляецца ўменне (звычайна пра рукі). Ты [майстар] меў не толькі пару ўмелых рук, Ты сціпласць меў яшчэ і светлы розум. Аўрамчык.
2. Які выконваецца, робіцца з уменнем, майстэрствам. Умелае кіраўніцтва. □ Яркім прыкладам умелага выкарыстання Багушэвічам рэфрэна можа быць верш «Калыханка». Ларчанка. Маленькі палетак моока даць большы ўраджай пры ўмелым доглядзе, чым вялікі без догляду. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ускудла́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад ускудлаціць, ускудлачыць.
2. у знач. прым. Узлахмачаны, растрапаны (пра валасы). Гарбач сядае і растапыранымі пальцамі прычэсвае ўскудлачаныя валасы. Мурашка. // З ускалмачанымі валасамі. А то было і так: бяжыць насустрач маладзіца — ускудлачаная, расчырванелая, хусцінка, з’ехаўшы з галавы, матляецца на спіне. Хадкевіч. Дзед Яўстрат, які звычайна ўсю зіму сядзеў на печы, высоўваў у такі момант сівую ўскудлачаную галаву і сіплым старэчым голасам, раіў бацьку: — Улі, Васіль, вісусу гэтаму, а то ж расце распуста, на лес гледзячы. Сабаленка. / у вобразным ужыв. Як добрым знаёмым, сардэчна ківаюць нам ускудлачанымі галовамі старыя хвоі. Сяргейчык. У небе віселі рэдкія ўскудлачаныя хмаркі. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флаг, ‑а, м.
Прымацаваны да дрэўка або да шнура кавалак матэрыялу адпаведная формы і колеру (звычайна з якой‑н. эмблемай). Дзяржаўны флаг. □ У першы дзень работ на новым рубяжы будаўніцтва быў узняты чырвона-зялёны флаг нашай рэспублікі. Грахоўскі. // Сімвал дзяржавы, нацыі. На рэйдзе многа вялікіх суднаў пад рознымі флагамі. В. Вольскі.
•••
Застацца за флагам — а) у конна-спартыўных спаборніцтвах — не паспець прайсці дыстанцыю, адзначаную флажком, ва ўстаноўлены час; б) перан. адстаць у чым‑н. ад іншых, не дасягнуць мэты, не быць дапушчаным куды‑н.
Пад флагам якім або чаго — а) пад якім‑н. лозунгам, у імя чаго‑н.; б) прыкрываючы чым‑н. свае сапраўдныя намеры.
[Гал. vlag.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвалява́нне, ‑я, н.
1. Рух хваль на паверхні вады, гайданне яе. Хваляванне на моры.
2. Нервовае ўзбуджэнне, выкліканае адчуваннем трывогі, радасці і пад. Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень твар у твар спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму і маральны адказ за якіх ён павінен узяць на сябе. Колас. Адчыніўшы дзверы, .. [Тэкля] з нейкай нецярплівасцю і хваляваннем паглядзела на вароты. Краўчанка. І з хваляваннем кожны з нас Ступіў на бераг запаветны, Дзе вырашаўся ў грозны час У бітвах лёс усёй краіны. Танк.
3. звычайна мн. (хвалява́нні, ‑яў). Масавы рух, пратэст супраць чаго‑н. Хваляванні рабочых у капіталістычных краінах. Сялянскія хваляванні ў царскай Расіі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
храп 1, ‑у, м.
1. Хрыплыя гукі, якія ўтварае пры дыханні той, хто спіць. Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. Неўзабаве ва ўсім Глушаковым тавары чуліся сапенне ды храп. Мележ. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а .. [хлопцы] ўсё яшчэ баяліся вылазіць. Маўр.
2. Гукі, якія напамінаюць хрыплае сапенне (звычайна пра коней). Увагу [Гамыры] займае конскі храп і пазвоньванне жалезнага пута. Колас. На дарозе конскі храп, трэск аглабель, прарэзлівы дзявочы віск... Навуменка. І конь з дзікім храпам пранёсся перада мной, як дэман, толькі абкідаў мяне грудкамі снегу з-пад капытоў. Карпюк.
храп 2, ‑а, м.
Спец. Упор для спынення або рэгулявання частак механізма, якія рухаюцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цю́цька, ‑і, м.
Разм.
1. Сабака. Саломінка то пакручвалася перад сабачым носам, то спрытна ўцякала ад выскаленай пысы, а цюцька бег ды бег, брахаў і брахаў да хрыпаты. Лужанін. // Ласкавы зварот да сабакі. Сабакі хутка ачухаліся. Перасталі яе чапаць. — Цюцькі... Цюцькі... — прагаварыла.. [Фрося] з дакорам. Бядуля.
2. Ужываецца звычайна ў параўнальных выразах са значэннем слова сабака. — З-замерзла я, Толік, як цюцька! — засмяялася Люда. — І ніяк не сагрэцца. Брыль. Мокрыя, як цюцькі, вылезлі мы на бераг. Якімовіч.
3. Ужываецца як лаянкавае слова. — Цяпер тут, брат, гіцаль люцейшы за Мухеля. Адстаўны падпалкоўнік.. Цюцька, якіх свет не бачыў, — дадаў Якаў Гошка. Грахоўскі. «Які ты пан? Ты цюцька руды!» — Так пачыналася пісьмо. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)