лама́ць, ламлю, ломіш, ломіць; пр. ламаў, ламала; заг. ламі; незак., каго-што.

1. Згінаючы, удараючы з сілай, аддзяляць часткі чаго‑н. або раздзяляць што‑н. на часткі; крышыць. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. Капельмайстар узяў з абознай фурманкі паўбулкі хлеба і ламаў яе па кавалку таварышам. Брыль. / у безас. ужыв. Ад ракі далятаў няроўны гул: ламала лёд па парогах. Савіцкі.

2. Пашкоджваць часткі цела, косці; нявечыць, калечыць. Ламаць крылы. Ламаць рэбры.

3. Здабываць, разбіваючы, разломваючы якой‑н. прыладай. Ламаць вапняк ломам.

4. Разбіваючы, разбураючы, даводзіць да непрыгоднасці, псаваць. Ламаць плот. Ламаць дзверы. // перан. Парушаць, змяняць без патрэбы. Ламаць план. □ [Начальнік:] — Будзеш ведаць, як саставы затрымліваць, графікі ламаць. Нядзведскі.

5. (ужываецца звычайна ў форме інфінітыва або прошлага часу); перан. Разбураць, знішчаць што‑н. аджыўшае, традыцыйнае, прывычнае. Гістарычны прагрэс народных мас ламаў векавыя асновы, разбураючы ўсё тое, што перашкаджала руху наперад. Пшыркоў. Старую тэхналогію нам трэба ламаць неадкладна. «Звязда». // Рэзка, крута змяняць (характар, прывычкі, паводзіны чалавека). [Карызна:] — Трэба ламаць сябе, трэба выкрышваць з сябе гэтыя закамянелыя парасці дробнабуржуазнай псіхікі. Зарэцкі. // Разбураць, змяняць у горшы бок. Ламаць сям’ю. □ [Ляшчэня:] А можа сапраўды не трэба ламаць жыццё, калі кахаеце адзін другога? Губарэвіч.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Выклікаць хваравітае адчуванне ламоты. Гуло, звінела ў галаве, і рэзкі, тугі боль ламаў паясніцу. Сачанка. / у безас. ужыв. Было так ціха, што ламала скроні. Мележ.

7. Разм. Запрашваць за што‑н. высокую цану. Калі якая баба і вынесе на рынак кухан або піражок.., дык ломіць за яго без .. сораму і сумлення. Мехаў.

•••

Ламаць галаву над чым — біцца над рашэннем якой‑н. задачы, якога‑н. пытання; старацца зразумець што‑н. Доўга трымаў .. [генерал] Сцяпанава на сваім камандным пункце. Ламаў галаву, што зрабіць з гэтым вісусам. Алешка. Ніколі .. [Лене] яшчэ не даводзілася так ламаць галаву над жыццёвымі пытаннямі. Няхай.

Ламаць (разыгрываць) камедыю — прыкідвацца перад кім‑н., крывадушнічаць.

Ламаць коп’і — спрачацца аб чым‑н.; з запалам адстойваць што‑н., змагацца за што‑н.

Ламаць рукі (пальцы) — аб жэсце, якім выражаецца вялікае гора, ўзрушэнне. — Што ж гэта будзе?.. — ламала сабе рукі маладзіца. Нікановіч.

Ламаць хрыбет каму — пераадольваць каго‑н. у барацьбе.

Ламаць шапку перад кім — уніжацца, ліслівіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́дскі, ‑ая, ‑ае.

1. Чалавечны, пачцівы. Людскае абыходжанне.

2. Такі, як трэба; прыстойны. Максіму крыўдна станавілася за сваё жыццё, за тое, што ў яго і касцюма няма людскага, бо ўсе грошы забірае мачыха. Дайліда. [Тварыцкі:] — Каб людская жонка, можна было б разам з ёю рабіць усё, а то туляйся, як ад ворага. Чорны. / у знач. наз. лю́дскае, ‑ага, н. [Зіна:] Каб яе перуны высмалілі гэту вайну. Цяпер будзеш чакаць Івася можа тры гады... А колькі таго жыцця ў чалавека, а маладосці яшчэ менш. Ды я яшчэ людскага і не зазнала ў жыцці. Кучар.

3. Добры, прыгодны для чаго‑н. [Колас:] Пажар гэты я добра помню, бо я адзін быў пры маці і нічога людскага выхапіць з агню мы не змаглі. Лужанін. За кузняй сапраўды дзірванеў пустыр.. Яма на яме і адно каменне з жарствою. Там нават трава людская не расце. Якімовіч.

людскі́, а́я, ‑о́е.

1. Які мае адносіны да людзей, належыць людзям (у 1 знач.). Дзе-нідзе праснуе людская фігура і зараз жа знікне невядома куды. Колас. Сярод адвечнай цішыні першабытных лясоў рэдка сустракаліся людскія паселішчы. В. Вольскі. Знаць не знаў Паўночны полюс Урачыстасці такой. Тут спакон вякоў, ніколі Не было нагі людской. А. Александровіч. // Які складаецца з людзей. Людскі паток. □ Узнялася магутная людская хваля, ударыла громам воплескаў. Шамякін. // Які робіцца, ажыццяўляецца чалавекам, людзьмі. Людскія справы. □ Маўчыць усё навокала, не чутна гамонкі людской. Нікановіч.

2. Уласцівы людзям (у 1 знач.); чалавечы. Людскі лёс. Людская памяць. □ Вынікла новае мора, Пакорнае волі людской. Колас. [Салігорцы] шануюць слаўную памяць аб героях партызанах, якія аддалі тут сваё жыццё за шчасце людское. Кулакоўскі.

3. Які мае адносіны да людзей (у 2 знач.); іншы. — Хадзі ў калгас на работу, як людскія жонкі, будзеш мець і грошы і хлеб. Пальчэўскі.

4. Уст. Прызначаны для прыслугі. Запас .. [сухароў] Язэпка рабіў два апошнія дні — па кавалачку ад скупых лустак, што перападалі яму на людской кухні і ў лесарубнай арцелі. Якімовіч.

5. у знач. наз. людска́я, ‑ой, ж. Уст. Памяшканне для прыслугі пры панскім маёнтку. Пакінуўшы адурэлых паноў за віном, Пятро зачыніў іх у пакоі.., а сам прыйшоў у людскую і сказаў кухарцы: — Апошнія часы. І жывуць не па-людску, і пюць, як перад пагібеллю. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. правёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. правядзе; зак.

1. каго-што. Прымусіць або памагчы прайсці куды‑н., праз што‑н. Туравец запытаўся камандзіра, ці добра ён ведае балота, ці зможа правесці. Мележ. І ўжо ў самыя апошнія дні перад вялікімі баямі атрада на пераправах група партызан Бумажкова правяла патайнымі дарогамі з нямецкага акружэння полк з усім узбраеннем і вайсковым абсталяваннем. Чорны.

2. што. Вызначыць, прачарціць. Правесці граніцу. Правесці лінію.

3. што. Пракласці, збудаваць што‑н. — Правялі рэ[йкі] да Цімкавіч. Во стала любата. С. Александровіч. [Косця:] — Я сабраў актыў, і мы вырашылі патрабаваць ад дырэктара перасяліць выкладчыкаў у горад, арганізаваць сталовую, правесці ў кожны пакой радыё. Карпюк.

4. чым па чым. Слізгануць чым‑н. па паверхні. [Яўхім] правёў рукой па касе, сцёр прыліплыя мокрыя травінкі. Мележ. [Заранік] правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума. Хадкевіч.

5. каго-што. Паглядзець услед таму, хто (што) аддаляецца, прасачыць (вачыма, позіркам) за кім‑, чым‑н. Люба падышла да акна і доўгім позіркам правяла Валю. Чорны.

6. што. Ажыццявіць, зрабіць што‑н. Правесці сход. □ Макушэнка і Ладынін вырашылі ў апошні дзень сяўбы правесці мітынг. Шамякін.

7. каго. Прайсціся, суправаджаючы каго‑н. на развітанне. [Хлапец] правёў Зосю на самы хутар. Чорны. // Адправіць каго‑н. куды‑н. Правесці сына ў армію.

8. што. Дамагчыся ажыццяўлення чаго‑н. Правесці пастанову.

9. каго-што. Запісаць, аформіць. [Майбарада] павінен зарабляць больш. А я кожны раз раблю якое-небудзь паскудства, каб не даць яму зарабіць: то не правяду акта на буксоўку, не спішу бензіну на перапал. Скрыган. — Дырэктар правёў мяне загадам на першы курс. Карпюк.

10. што. Пражыць, прабыць які‑н. час дзе‑н. або якім‑н. спосабам. Краеўскі — стары бальшавік, шмат гадоў правёў у ссылцы, дзе страціў здароўе. Гурскі. Правёў хлопчык толькі адзін дзень у вёсцы і адразу засумаваў. С. Александровіч. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Ермаловіч.

11. каго-што. Разм. Ашукаць, перахітрыць. Чарнявы гаварыў ціха, тым не менш яго словы, як сігнал трывогі, трымалі ўсіх у напружанне. — Гэта самы горшы кат, яго цяжка правесці. Няхай.

•••

Правесці вокам (вачамі) — бегла агледзець каго‑, што‑н.

Правесці ў жыццё — ажыццявіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассы́пацца, ‑плюся, ‑плешся, ‑плецца; заг. рассыпся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Высыпацца адкуль‑н., раскідацца ў розныя бакі, рассеяцца. Цукар рассыпаўся. □ Ліпавы кошык ціха ўдарыўся аб зямлю, бязгучна рассыпаліся грыбы. Лынькоў. Яблыкі рассыпаліся — пакаціліся ў бульбоўнік. Даніленка. // Свабодна легчы (пра валасы). [Валасы], густыя і чорныя, рассыпаліся па плячах. Вітка. // перан. Размясціцца, раскідацца на якой‑н. прасторы. Вакол, куды ні глянеш, рассыпаліся хутары. «Маладосць». Між градамі флоксаў рассыпаліся рознакаляровыя астры. Дуброўскі. Мой горад па завулках Рассыпаўся ў бакі. Іверс.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распасціся, разваліцца на дробныя часткі. — Будынкі старыя. На месцы яны стаяць, а крані — рассыплюцца. Галавач. Качка з сілай стукнулася ў акно, шыба зазвінела і рассыпалася на дробныя частачкі. Ляўданскі. // перан. Перастаць існаваць; распасціся. Рухнулі старыя Міхалавы ідэалы, рассыпаліся былыя надзеі, згінулі ранейшыя мары, пакінуўшы пасля сябе прыкрую памяць. Кудраўцаў. І раптам усё маё маленькае шчасце рассыпалася. Пянкрат.

3. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Разысціся, разбегчыся ў розныя бакі. Натоўп рассыпаўся. □ З вясёлым шумам і крыкам выбеглі дзеці на вуліцу .. і рассыпаліся па хатах. Колас. // Разышоўшыся, размясціцца на адлегласці адзін ад аднаго. Перакур зацягнуўся гадзіны на тры. Нарэшце доўгачаканая каманда: — Рассыпацца ў ланцуг!.. Інтэрвал — два метры... Навуменка. // Разм. Перастаць жыць разам; раз’ехацца (пра ўсіх, многіх). Старая яго ўжо гадоў дзесяць як памерла, а дзеці, як.. [дзед Анупрэй] кажа, рассыпаліся па ўсім свеце. Якімовіч.

4. Абазвацца частымі перарывістымі гукамі. Як бы хочучы пацвердзіць свае апошнія словы, .. [Юркевіч] рассыпаўся дробным ненатуральным рогатам. Мурашка. // Разнесціся, раздацца (пра частыя, перарывістыя гукі). Якраз у гэтую хвіліну артылерыйская кананада сунялася, і ў цішы, што настала, рассыпалася кароткая імклівая чарга кулямёта. Мележ. Стрыманы смех рассыпаўся сям-там у зале і прыціх. Хадкевіч.

5. Разм. Лісліва і шматслоўна выказаць што‑н., звычайна прыемнае для слухача (кампліменты, падзяку і пад.). Неўзабаве вярнуўся вусач і, забіраючы ад салдата вінтоўку, рассыпаўся ў падзяках. Машара.

6. Разм. Радзіць. [Язэпу] стала шкада Дашы. — Праз тыдзень я вярнуся. Ты ж сама казала, што яшчэ не хутка рассыплешся... Асіпенка.

рассыпа́цца 1, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да рассы́пацца.

2. Зал. да рассыпа́ць.

•••

Рассыпацца дробным макам — лісліва дагаджаць, наравіць каму‑н., паддобрывацца да каго‑н.

рассыпа́цца 2, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца.

Незак. да разаспацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саба́ка, ‑і, м.

1. Свойская жывёліна сямейства сабачых, якая выкарыстоўваецца для вартаўнічай аховы, язды (на Поўначы), на паляванні і пад. Службовы сабака. Пакаёвы сабака. Паляўнічы сабака. Язда на сабаках. □ Пустата і зацятасць зімняй цішыні прыдавала афарбоўку нейкай асаблівай распачлівасці заложнаму гаўканню кімся патрывожанага сабакі. Колас. На дварэ пільнуюць панскі супакой злосныя сабакі-ваўкадавы. Бядуля. Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць. Прыказка. Дурны сабака і на гаспадара брэша. Прыказка.

2. Самец сукі.

3. перан. Разм. лаянк. Пра нягодніка, злоснага, шкоднага чалавека. — Трэба падавацца ў вёску, — параіў Сталярэвіч, — там вас [Ганну] Ніхто не ведае, а тут можа кожны сабака ўкусіць.... Гурскі. [Лясніцкі] падумаў: «Здраднік. Іш, выгнуўся, сабака». Шамякін. // Груб. Пра чалавека, які не трымае слова, лаецца. Обер — аб’ездчыкам лічыўся, Брахун не горшы ад сабакі. Колас. Ці сабака гаў, ці ён сказаў — то ўсё роўна. Прыказка. / Ужываецца пры выказванні адабрэння, захаплення чыёй‑н. здатнасцю да якой‑н. справы. Добра спявае, сабака.

4. Драпежнае млекакормячае сямейства сабачых. Янотападобны сабака. / у знач. наз. саба́кі, ‑бак. Тое, што і сабачыя (у 4 знач.)

•••

Сабака-сышчык — паляўнічы або службовы сабака, прывучаны да пошуку дзічыны або чалавека па следу.

Вешаць (чапляць) сабак на каго гл. вешаць.

Вось (вот, во) дзе сабака закапаны — вось у чым сутнасць справы, прычына чаго‑н. Ды ты, як бачу, не толькі закаханая ў Тарашкевіча, але і ў яго жонку, — засмяяўся Максім. — Во дзе сабака закапаны! Машара.

(Жыць) як кот з сабакам гл. кот.

З сабакамі не знойдзеш — тое, што і (днём) з агнём не знойдзеш; са свечкай не знойдзеш (гл. знайсці).

Ні адзін сабака не гаўкне — ніхто нічога не скажа.

Па сабаку з рота скача гл. скакаць.

Сабакам сена касіць гл. касіць ​1.

Сабак ганяць гл. ганяць.

Сабаку з’есці ў чым, на чым гл. з’есці.

Сабаку пад хвост (груб.) гл. хвост.

Трэба (патрэбны) як сабаку пятая нага гл. трэба.

У сабакі вачэй пазычыць (пазычыўшы) гл. пазычыць.

Як пабіты сабака — пра чалавека, які ў выніку свайго ўчынку няёмка сябе адчувае.

Як сабак — вельмі многа, поўна. Паабапал усёй дарогі было поўна іх [жандараў і салдат], як сабак. Лынькоў.

(Як) сабака на сене — пра чалавека, які сам не карыстаецца чым‑н. і другім не дае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стыль 1, ‑ю, м.

1. Сукупнасць прыкмет, якія характарызуюць мастацтва поўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу і мастацкай формы. Гатычны стыль. Рамантычны стыль. Стылі ў жывапісе. □ Змрочны, масіўны будынак сельмага ў манументальным стылі мінулых часоў, а цераз вуліцу, у садку, — вясёлы, зграбны ружовы домік з керамічна[й] цэглы — само ўвасабленне лёгкасці, прыгажосць яко[й] адкрыў чалавецтву наш касмічны век. Палтаран. / Пра мэблю, творы прыкладнога мастацтва. Чый гэта голас Кволенькі, Без мужнасці і без веры .. Чуецца з-за шыфаньераў, Са спальняў імпартных, з крэслаў Самага моднага стылю. Кірэенка.

2. Моўныя сродкі, характэрныя для якога‑н. пісьменніка або літаратурнага твора, жанру, напрамку; сукупнасць прыёмаў выкарыстання такіх сродкаў. Стыль Коласа. Газетны стыль. Кніжны стыль. Фальклорны стыль. □ Уладзімір Караткевіч вылучаецца не толькі адметнасцю тэматыкі, не толькі асацыятыўным, метафарычным вершам, дасканалыя, амаль іканаграфічным стылем сваіх аповесц[ей], якія хутчэй нагадваюць раманы. «Маладосць». // Сукупнасць асаблівасцей у пабудове сказаў і словаўжыванні, манера выказвання. Чым выклікаліся гэтыя слёзы: ці то стылем пісьма, перасыпаным такімі звонкімі і мудрымі словамі, ці то Мікітаваю здольнасцю пісаць так хораша і складка. Колас. // Пабудова выказвання ў адпаведнасці з нормамі сінтаксісу і словаўжывання. Працаваць над стылем. Памылкі ў стылі.

3. Метад, характар якой‑н. работы, дзейнасці. Ленінскі стыль кіраўніцтва. □ Возьмем, для прыкладу, такое важнае пытанне, як савецкі стыль работы. Яго галоўнымі рысамі з’яўляюцца канкрэтнасць, дзелавітасць, наватарства, пастаянная апора на сучасную навуку і перадавую практыку. Машэраў. // Спосаб выканання, ажыццяўлення чаго‑н., які характарызуецца сукупнасцю пэўных тэхнічных прыёмаў. Плаваць стылем «брас». □ Вось ужо чутна, як лыжы стукаюць аб дарогу. Ідуць двое рознымі стылямі; адзін бяжыць, другі едзе, моцна рыўкамі адштурхоўваючыся палкамі. Размаўляюць. Шамякін.

4. Разм. Манера паводзіць сябе, гаварыць, адзявацца і пад. Маякоўскі нас уразіў .. незабыўнай манерай чытання сваіх вершаў, усім стылем сваіх паводзін на сцэне. Рамановіч. Ліда часамі спрабавала кальнуць яе за такі модны стыль у адзенні, але Кулінка рабіла выгляд, нібы яна не чуе. Ермаловіч.

•••

Вольны стыль — у спартыўных спаборніцтвах — спосаб плавання, які выбіраецца самім плыўцом.

Высокі стыль гл. высокі.

У стылі каго-чаго або у якім стылі — такі або так, як у каго‑н. (пра знешні выгляд, манеры, паводзіны).

[Фр. style ад грэч. stylos — палачка для пісьма.]

стыль 2, ‑ю, м.

Спосаб летазлічэння.

•••

Новы стыль — сістэма летазлічэння, уведзеная ў 1582 г.; грыгарыянскі каляндар.

Стары стыль — сістэма летазлічэння, уведзеная ў 46 г. да н. э. і прынятая ў Расіі да 1917 г.; юліянскі каляндар.

[Фр. style ад грэч. stylos — палачка для пісьма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́сціся, трасуся, трасешся, трасецца; трасёмся, трасяцеся; пр. тросся, трэслася; незак.

1. Часта рухацца туды і назад; хістацца, калаціцца. Лісце шумела і трэслася па ветры. Чорны. Дрэвы паміраюць, як салдаты, Што бароняць зоры ад свінца: Не трасуцца пад пілой зубатай, А стаяць, прамыя, да канца. Цвірка. Асіны трэсліся і, як пляткаркі, шапацелі. Дзяргай. Цяжкія вілы зноў пачынаюць трэсціся над шэрай раллёй, і сябра мой, Жарпак, гудзе — прыдумвае найлепшыя пажаданні ўсім панам, праз якіх мы тут апынуліся. Брыль. // Адчуваць дрыжыкі (ад холаду, ліхаманкі, страху і пад.). Танк быў такі цяжкі, што зямля дрыжала пад ім, і Ганначка па плоце трэслася, як верабей на галінцы. Хомчанка. // Часта, сутаргава ўздрыгваць, калаціцца (пра рукі, ногі, цела і пад.). Валодзя заўважыў, што Анатоль змяніўся з твару і яго рукі нервова трасуцца. Федасеенка.

2. Моцна дрыжаць, калаціцца, хістацца. Выбух!.. Гулка трасуцца абшары. Калачынскі. Затое, калі пераставаў гусці трактар і трэсціся малатарня, Юрка мог адзін адваліцца на салому на малатарні, спакойна ляжаць, не кратаючыся, і глядзець у неба. Пташнікаў.

3. Разм. Сварыцца, калаціцца. Яны [вада, агонь і вецер] ўступілі трое У спрэчку між сабою, Крычаць, шумяць, трасуцца Ды за чубы бяруцца. Дзеружынскі.

4. Хістацца, падскокваць, едучы па няроўнай дарозе. Ехалі, трэсліся па каляіністай дарозе доўга. Навуменка. Буйвалы павольна ішлі наперад, арба трэслася і скрыпела. Самуйлёнак. Калёсы трасуцца па камяністай дарозе, барабаняць. Скрыган. // Ехаць неахвотна, без жадання куды‑н., далёка куды‑н. Сёння мы павінны .. трэсціся на гэтую нараду дваццаць кіламетраў на грузавой машыне. Васілевіч. Зноў будзеш мокнуць пад дажджом, трэсціся ў кузавах спадарожных машын, дрыжаць ад начнога холаду, засынаючы дзе-небудзь у полі, на абярэмку саломы, якую толькі што адкінулі ад малатарні. Шашкоў.

5. перан. Хвалявацца за каго‑, што‑н. [Яўхім:] — Не памірае і не памрэ. І няма чаго тут трэсціся ды кідацца на ўсіх!.. Мележ. // Берагчы што‑н., ашчадна расходаваць. Страх перад голадам, нястачаю прымушаў .. [Андрэя] трэсціся над кожнай бульбінай, над кожным сухаром. Капусцін. Жывуць Раманюкі ў дастатку, але над кожнай капейкай трасуцца. Савіцкі.

6. Разм. Няўмела або абы-як танцаваць. Злавалася .. [Марфа] і за тое, што Ромацка толькі тросся.., а хораша ісці танец не хацеў, ды, мабыць, і не ўмеў. Кулакоўскі.

•••

Паджылкі трасуцца гл. паджылкі.

Трэсціся за сваю шкуру — баяцца за сваё жыццё, дабрабыт і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ты, цябе́, табе́, цябе́, табо́ю, аб табе́; мн. вы; займ. асаб. 2 ас. адз.

1. Ужываецца пры звароце да блізка знаёмай асобы або пры грубым, фамільярным звароце. Так навек адляцела Любата ў неспадзеў[кі], — Ты мяне больш не стрэла, Я цябе больш не стрэў. Купала. З пагрозай чужынцу прамовіў казах: — Табе не вярнуцца Ніколі з вайны, І выдзеўбуць вочы табе груганы. Броўка. / Пры рытарычным звароце да каго‑, чаго‑н. Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас.

2. Разм. Выкарыстоўваецца для абагульненага абазначэння чалавека наогул. Калі ты курэц, то насі люльку і тытунец. Прыказка.

3. Д табе́ у знач. часціцы. Разм. Выкарыстоўваецца для выказвання прыкрасці, расчаравання, пагрозы і пад. — Я [табе] пакуру! — з халодным спакоем устрапянуўся гаспадар. Чорны. Гэта табе толькі пачынка, а будзе цэлая аўчынка. Прыказка.

4. У спалучэнні з выклічнікамі ўжываецца для ўзмацнення экспрэсіўнасці выказвання. — Ах ты, ёл[у]пень стары! — Баба Дзеда лае! Крапіва.

•••

А што ты думаеш — а чаму б і не зрабіць. [Міколка:] — Знаеш што, дзед? Давай каршуна падстрэлім! — А што ты думаеш? Пеканём! Лынькоў.

Бачыш ты! гл. бачыць.

Бог з табою! гл. бог.

Бог (чорт, пярун, ліха, халера) цябе ведае гл. бог.

Вось табе! гл. вось ​2.

Вось табе і... гл. вось ​2.

Вось табе і на! Вось табе і раз! Вось табе і маеш! гл. вось ​2.

Дзе ты бачыў гл. бачыць.

Дзе цябе бог носіць? гл. бог.

Дзе цябе чорт носіць (чэрці носяць)? гл. чорт.

Дулю табе пад нос гл. дуля.

Каб на цябе ліха гл. ліха ​1.

Каб табе зарвала гл. зарваць.

Каб табе пуста было гл. быць.

Каб ты лопнуў (лопнула) гл. лопнуць ​1.

Каб ты спруцянеў гл. спруцянець.

На табе! гл. на ​2.

На ты з кім — (быць) у такіх адносінах, калі ў звароце адзін да аднаго гавораць «ты».

Не ты першы, не ты апошні гл. першы.

Няхай цябе качкі (стопчуць) гл. качка.

Соль табе ў вочы гл. соль.

Ух ты! — выкарыстоўваецца пры выказванні, афарбаваным якім‑н. пачуццём (здзіўлення, захаплення і пад.).

Хто цябе ведае гл. хто.

Чорт (кадук) з табой гл. чорт.

Што ты там (тут) забыў? — тое, што і што я там (тут) забыў? (гл. я).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

учапі́цца, учаплюся, учэпішся, учапіцца; зак.

1. Моцна ўзяцца, ухапіцца за каго‑, што‑н. Дзяўчаты ўчапіліся за барты, каб адкрыць [кузаў], і адразу запішчалі, завохалі. Місько. Маці пакінула мяне, хацела дагнаць.. чалавека, але хутка стамілася, учапілася за агароджу, каб не паваліцца ў снег... Мыслівец.

2. Уплесціся за што‑н., у што‑н. Дзяўчынка радасна загудзела і ўчапілася ручкамі ў маміны валасы. Шамякін. Нарэшце, падкраўшыся з-за куста, Саньку ўдалося ўчапіцца за грыву, і жарабок здаўся. Сяркоў. // перан. Упіцца рукамі ў што‑н. Далінка.. тэатральным жэстам расшпіліў каўнер кашулі, сутаргава ўчапіўся пальцамі ў горла. Асіпенка.

3. Зачапіцца за што‑н. Учапіўся кручок вуды за водарасці. □ [Мікіта:] Вой, вой, вой!.. Стой, стой, абора [за дзверы] ўчапілася! Чарот. // перан. Разм. Замацавацца, умацавацца дзе‑н. На карнізе ў расколіне, парослай зялёным мохам, учапілася карэньчыкамі тоненькая, гнуткая бярозка. Хомчанка. // перан. Разм. Пасяліцца дзе‑н. Перад вачыма роўнае, скрозь аднолькава разробленае поле, хоць бы невялічкі кавалак горшага, каб за яго можна было ўчапіцца думкамі пра сядзібу. Галавач. [Ганна Сяргееўна:] — Дайце мне ўчапіцца за горад, зжыцца з яго паветрам. Няхай. // перан. Разм. З’явіцца, укінуцца (пра хваробу). А трэба вам ведаць,.. што за вашы лёгкія, за ваш арганізм такая хвароба можа вельмі проста ўчапіцца. Арабей.

4. Закрануць што‑н. у час руху, зачапіцца чым‑н. за што‑н. Учапіцца воссю калёс за шула варот. □ — Правей! — крычаў насустрач [Яўгену] Анісь. — А то [санямі] учапіцца можна. Баранавых.

5. Узяцца за якую‑н. справу. Нібы клешч учапіўся ён за пасаду памочніка валаснога пісара, маючы на мэце зрабіцца пісарам. Колас. Думаў і многа думаў — толькі я ж кажу, завошта мне ўчапіцца дома? Гартны.

6. Далучыцца самавольна, без папярэдняй згоды да тых, хто ідзе куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок.. А малых дык цэлая чарада за намі ўчапілася. Брыль. З Пскова ў Пецярбург хацеў бацька ісці адзін, а Павэлак ізноў учапіўся. Гарэцкі.

7. перан. Праявіць асаблівую цікавасць да каго‑, чаго‑н., гатоўнасць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якой‑н. справе. Вярнуўся ў свой Бараўлянскі Андрэй Лялюга. У рыбгасе за яго дзвюма рукамі ўчапіліся. Б. Стральцоў.

8. перан. Разм. Знайсці які‑н. повад для чаго‑н. Помню, сказаў мне Сярмяжка: — Тут галоўнае — слабінку ў чалавеку знайсці, за што ўчапіцца можна. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хілі́цца, хілюся, хілішся, хіліцца; незак.

1. Прымаць нахіленае становішча; нахіляцца, нагінацца. Выносныя стромкія хвоі з хрыпаватым стогнам хіліліся зялёнавалосай аснежанай галавой. Крапіва. І хіліцца хмызняк, І сцелецца лазняк. Бабоўнік, сітнік, хвошч Страсаюць росны дождж. Пушча. // Кланяцца. Стараліся ўсе ім у пояс хіліцца — сваты былі важныя — Воўк і Лісіца. Танк. // Хістацца ад знямогі. [Андрэй] зноў павярнуўся да яе [Балюты] спінай і нагнуўся ўперад. Пачуў, што і яна хіліцца разам з ім. Пташнікаў. [Палонныя] хіляцца ад лёгкага подыху ветру, ад лёгкага дотыку.. кованага бота. Лынькоў. // Прысланяцца да чаго‑н., апускацца на што‑н. Хілілася галава на гармонік. Валасы лезлі ў вочы, гарманіст хвіліну спаў, потым рэзка ўзнімаў, шырока расцягваў гармонік. Мікуліч. Аксана хіліцца галавой да .. [Кастусёвага] пляча. Галавач. // Падыходзіць, падступаць да чаго‑н. Там, дзе к рэчцы хіліцца бальшак, Можа век стаіць, людзьмі пакінуты, З крыл[а]мі зламанымі вятрак. Астрэйка.

2. Нахіляцца набок (пра судна, самалёт і пад.). А потым бег, падскокваючы па мёрзлым полі, самалёт. Падняўся. Хіліўся на адзін бок, робячы круг над мястэчкам. М. Стральцоў. Хрупнула пад перадком падводы, і яна памалу пачала хіліцца набок. Капыловіч.

3. перан.; да чаго. Набліжацца да якой‑н. мяжы, пэўнага моманту. Дзень хіліцца к вечару, і пакрысе цямнее панурае неба. Чарнышэвіч. Ноч хілілася да свайго канца, калі.. [Валодзя] зноў пастукаў да Наталі. Чорны. / у безас. ужыв. Калі пачало хіліцца к вечару, Грыцко ніводнай хвіліны не мог уседзець на месцы. Кулакоўскі. // Схіляцца (пра нябесныя свяцілы). Сонца ўжо зусім хілілася за лес, і цень зрабіўся шэры, невыразны. Асіпенка.

4. перан. Накіроўвацца, ісці да чаго‑н. (пра гутарку, справы, учынкі і пад.). Хаця справа даўно ўжо хілілася да такога канца, Люба раптам падумала: — А ці дасць шчасце Віне такая самаахвярнасць? Васілевіч. З кожным днём рабілася відавочней, куды хіляцца падзеі. Новікаў.

5. Пяшчотна туліцца, гарнуцца да каго‑н. Тацяна хілілася да маленькага, што ляжаў побач з ёю, і глыбока ўдыхала паветра. Кавалёў. // перан. Мець цягу да каго‑н., сімпатызаваць каму‑н. Але да бабы.. [Косця] так прывык, што хіліўся больш, чым да маці. Грамовіч. Выбіраў, сама, хіліся да таго, хто любы, ідзі з ім, шануй знойдзенае шчасце, бо лепшага за гэта ў жыцці не бывае. Дуброўскі.

6. Мець схільнасць, ахвоту да чаго‑н., захапляцца чым‑н. Да работы па гаспадарцы [у Казіміра] не хілілася сэрца, не падымаліся рукі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)