бесстаро́нні, ‑яя, ‑яе.

Не схільны загадзя аддаваць перавагу якому‑н. боку (пры дыскусіі, спрэчцы і інш.); аб’ектыўны, нейтральны, справядлівы. Бесстаронні назіральнік. □ [Рэдактар:] — Вы [Ганна Сымонаўна] як чалавек новы ў нашым раёне, хоць і нарадзіліся тут, можаце быць чалавекам бесстароннім у адным пытанні. Дубоўка. І што кіруе ім [настаўнікам] у яго адносінах да .. [Ліды]? Бесстаронняе жаданне дапамагчы ёй? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выціна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Старанна выводзіць якую‑н. мелодыю, гук; найграваць, напяваць. [Саколіч] далікатна выцінаў на скрыпцы. Вітка. [Яська:] — Грай, дударыку, грай, А ты, муха, выцінай! Колас. Пасля Лізавета і Наталля выціналі голасам польку і колькі разоў прайшлі танцам па хаце. Чорны.

2. Вырэзваць з паперы ці якога іншага матэрыялу што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гадава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; незак.

1. Праводзіць дзе‑н., у якіх‑н. умовах сваё дзяцінства, раннія гады; расці. Дзядзька Марцін ведаў лес добра, у лесе гадаваўся, жывёлу пасвіў, грыбы збіраў. Колас. // Жыць, вырастаць (пра свойскіх жывёл, птушак). На ферме гадуюцца сотні цялят.

2. Зал. да гадаваць.

•••

Як гадуешся(цеся) — як справы, як жывецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаро́тны, ‑ая, ‑ае.

Які церпіць, перажывае гора; няшчасны (пра чалавека). [Наталля Пятроўна] гаварыла многа і так горача, што, напэўна, пераканала гаротную маці, што няма хвароб, якія не вылечваюцца. Шамякін. // Поўны гора, нястач; бедны, цяжкі. Гаротная доля. Гаротнае жыццё. // Які выражае гора, выкліканы горам. Доўгі-доўгі час у вачах Андрэя стаяла гаротная постаць маці. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкрыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. што. Крычучы, выказаць што‑н. Як толькі.. [маці] адкрычала сваё і выйшла ў кухню, хлопцы, вядома, пачалі патроху штурхацца і хіхікаць. Брыль.

2. Перастаць крычаць, спыніць крык. Салаўі адпелі, зязюлі адкувалі, Адкрычаў сіваграк і ўдод. Куляшоў. // Спевам, крыкам абвясціць што‑н. Пеўні поўнач адкрычалі — Позні час. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адслані́цца, ‑сланюся, ‑слонішся, ‑слоніцца; заг. адсланіся; зак.

Разм.

1. Адхінуўшыся, адсунуўшыся ўбок, перастаць засланяць сабою каго‑, што‑н. Як толькі адсланілася газета, Максімка хуценька накрыў галаву коўдрай. Сабаленка.

2. перан. Выявіцца, праясніцца. [Лабановіч:] — Пачакаю трохі: да дванаццатага жніўня застаецца не так ужо многа. А можа і да гэтага часу што-небудзь адслоніцца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адспява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.

Кончыць спяваць. Адспявалі жнеі На палях шырокіх. Глебка. Дні нязменнымі шляхамі Сабіраліся ў страі. Перайшла вясна садамі, Адспявалі салаўі. Броўка. // Не змагчы спяваць па якой‑н. прычыне. [Лабановіч:] — Чаму ты, бабка, не ідзеш на вуліцу песні спяваць? — Няма, панічыку!.. Адспявала я ўжо сваё. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аптымі́зм, ‑у, м.

Бадзёрае і жыццярадаснае светаадчуванне, пры якім чалавек верыць у светлую будучыню; схільнасць ва ўсім бачыць добрае; проціл. песімізм. Рэдактарскі аптымізм захапляў і радаваў Лабановіча, бо яму хацелася, каб гэтак яно і было. Колас. У гэтай бяздумнай бадзёрасці сучаснай моладзі і светлым аптымізме было нешта новае, народжанае новай эпохай. Карпюк.

[Ад лац. optimus — найлепшы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

афармле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. афармляць — аформіць і афармляцца — аформіцца.

2. Знешняя аддзелка, выгляд чаго‑н. Афармленне кнігі. Афармленне спектакля. Архітэктурнае афармленне горада. // Пэўная форма чаго‑н. І мыслі і вобразы, як снег у мяцеліцу, кружацца; іх трудна стрымаць,.. накіраваць іх на пэўную дарогу і даць ім пэўнае афармленне. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акупі́цца, акупіцца; зак.

Аплаціцца; прынесці даход, які пакрывае зробленыя расходы. Давайце запросім вучоных, няхай зробяць эканамічны аналіз гаспадаркі, дадуць навуковыя прагнозы. Далібог, акупяцца затраты. Шамякін. // перан. Разм. Апраўдаць сябе, даць станоўчыя вынікі. Твар [айца Міколы] робіцца тужлівым. Але гэта цягнецца толькі момант, бо яго турбота, яго, можна сказаць, пакута шчодра акупілася вынікам намаганняў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)