блы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. толькі мн. Бязладна пераплятацца (пра ніткі, валасы, дарогі і пад.). У лагчынах, далёка, туліліся да зямлі палявыя хаты, — далі там былі дымна-сінімі, і вузкімі стужкамі блыталіся дарогі. Чорны.

2. Чапляцца за што‑н., заблытвацца. Ногі спатыкаліся на барознах, блыталіся ў густым бульбяніку і непрыемна нылі пад каленьмі. Брыль. [Провад] блытаўся ў парастках маладых раслін. Новікаў. З шашы на наш гарод за хату мякка каціўся белымі клубкамі пыл, блытаўся ў густым частаколе. Адамчык.

3. Збівацца; рабіць, гаварыць няправільна, няясна, недакладна. Брыгадзіры дакладвалі па чарзе і, непадрыхтаваныя, блыталіся, увачавідкі выдумваючы лічбы і стараючыся давесці, што нічога страшнага няма. Хадкевіч. [Стэфа:] — Другое пытанне было па тэхніцы бяспекі. Я не блыталася, адказвала хутка і дакладна. Савіцкі. Васька блытаўся, чырванеў і ніяк не мог выказаць таго, што хацеў. Пянкрат.

4. Траціць яснасць, дакладнасць, рабіцца бязладным (пра думкі, словы і пад.). З явай блытаўся сон. Куляшоў. Усё пачало блытацца ў.. свядомасці [Барыса]. Мікуліч. Раман ішоў дамоў, і супярэчлівыя думкі блыталіся ў яго галаве. Чарнышэвіч.

5. Разм. Пераходзіць з месца на месца, сланяцца; блукаць. Каго мог цікавіць мурзаты падлетак, які блытаўся з вёскі ў вёску, свецячы парванымі каленямі. Дуброўскі. Мікіта доўга блытаўся па затонскіх хатах, покі не знайшоў старшыню праўлення Лукаша Гулака. Колас. Ды яшчэ ці мала людзей блыталася па нізкіх кустах, па мокрых алешнікавых паплавах, у гушчарніках лазовых за рэчкамі. Чорны.

6. Разм. Падтрымліваць сувязь з людзьмі, паводзіны якіх выклікаюць неадабрэнне. Блытацца з падазронай кампаніяй.

7. Разм. Невыразна, блытана вымаўляць, гаварыць (пра язык). Хутка язык пачынаў блытацца, і поп плёў абы-што. Галавач.

8. Зал. да блытаць.

•••

Блытацца пад нагамі — замінаць, перашкаджаць каму‑н.

Ногі блытаюцца гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ды́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і дыша; незак.

1. Паглынаць спецыяльнымі органамі кісларод, неабходны для жыццядзейнасці арганізма. Дрэвы дыхаюць лісцем, рыбы — жабрамі, чалавек і жывёлы — лёгкімі. // Убіраць і выпускаць паветра лёгкімі, рабіць удых і выдых. Чалавек дыхаў на поўныя грудзі, час ад часу паціраў азяблыя плечы. Шыцік. Коні нашы былі ў мыле, цяжка дыхалі. Якімовіч. // Выпускаць струмень паветра з лёгкіх на каго‑, што‑н.; хукаць. [Мікола] узяў халодныя жончыны рукі і пачаў дыхаць на іх. Новікаў. [Колька] горача дыхаў маці на шчаку, смяяўся, песціўся, не ведаў, як яшчэ выказаць сваю бадзёрасць і дзіцячую бестурботнасць. Кулакоўскі.

2. перан. Вылучаць, распаўсюджваць што‑н. Цёплая ноч поўнілася звонкімі пералівамі салаўіных галасоў, дыхала пахамі траў і кветак. Дудо. Ліпа цвіла і дыхала мёдам. Чыгрынаў. // перан. Выяўляць адзнакі жыцця, дзейнасці. За светлым.. залівам жыў, дыхаў горад — дымам паравозаў, комінаў, параходаў каля прычалаў. Шамякін.

3. перан.; кім-чым. Бачыць у кім‑, чым‑н. мэту свайго існавання; поўнасцю аддавацца каму‑, чаму‑н. Песцяць дачку, псуюць яе. Як жа, адзіная дачка, толькі ёю і дыхаюць. Лынькоў.

4. перан.; чым. Жыць, апіраючыся на што‑н. раней набытае. Чаму навучыўся раней, толькі тым і дыхае.

5. перан. Быць прасякнутым чым‑н., выражаць што‑н. Агнём і полымем замілавання і нянавісці дыхаюць творы Віктара Гюго. Чорны.

6. перан. Разм. Угінацца, прагінацца (пра памост, дрыгву і пад.). От ужо.. [Тварыцкі] сышоў уніз, дзе няма кустоў, дзе сцежка дыхае пад нагамі. Чорны.

•••

Дыхаць на ладан — быць цяжка хворым, пры смерці.

Ледзь дыхаць — тое, што і дыхаць на ладан.

Не дыхаць — маўчаць, стаіўшы дыханне. Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі. Маўр.

Чым дыхае (дыша) хто — чым цікавіцца, якімі інтарэсамі жыве.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак.

1. Ступіўшы адзін або некалькі крокаў назад, убок, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н.; адступіць. «Ці ісці, ці не?» — усумніўся Рыгор і нават адступіўся некалькі крокаў ад брамы. Гартны. Бачу, што чалавек.. зусім не жадае са мною гаварыць. І я адступіўся ад дзвярэй. Кавалёў. // Саступіўшы ўбок, перастаць засланяць дарогу, святло каму‑, чаму‑н. Бяссонаў адступіўся, прапусціў машыну паўз сябе. Мележ.

2. перан. Аказацца на далейшай адлегласці ад чаго‑н. Ясеняў і цяпер многа па дварах, хоць вёска даўно ўжо адступілася ад лесу. Арочка.

3. перан. Адмовіцца ад чаго‑н.; перастаць дамагацца чаго‑н. Саўка хацеў паквітацца з войтам і яго прыяцелямі, парваць з імі кантакт і адступіцца ад той бруднай ролі, на якую падбілі яго. Колас. // Адкаснуцца, адчапіцца. [Ганна:] — Як жа адступіцца ад гэтых сватоў, ад бяды гэтай, — каб бацька зразумеў, ухваліў яе, каб мачыха не асудзіла. Мележ. Я думаў, стражнікі пабаяцца нас дваіх і адступяцца. Не будуць жа яны страляць у нас! Якімовіч.

4. Парваць адносіны, сувязь з кім‑н.; пакінуць каго‑н. па волю лёсу; адвярнуцца ад каго‑н. [Вялічка:] — Максім, калі будзе што са мною — не адступіся ад майго Уладзі, як бы я табе прыпаручыў яго. Чорны.

5. Перастаць прытрымлівацца (абяцанняў, поглядаў, перакананняў і пад.), адрачыся ад чаго‑н. Адступіцца ад прысягі. □ Справядлівасць вымагае зазначыць, што не было яшчэ такога здарэння, каб Самабыліха адступілася ад свайго слова. Колас. // Пайсці на прымірэнне, згоду. Ганна чула душою адно: адумаўся, адступіцца рашыў [Васіль]. Мележ.

6. перан. Адысці, аддаліцца ад першакрыніцы, ісціны і пад. [Сакратар:] — Ты ж глядзі, каб ні на крок не адступіўся ад тэксту. Сабаленка. [Завуч:] — І калі.. [карэспандэнт] не напіша пра твае ўцёкі, то адступіцца ад праўды. Рунец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вісе́ць, вішу, вісіш, вісіць; вісім, вісіце; незак.

1. Трымацца на чым‑н. без апоры знізу. Над сталом вісеў ліхтар і асвятляў тую частку хаты, куды не даходзіла святло ад печы. Шамякін.

2. Быць прымацаваным да вертыкальнай паверхні. На сценах віселі розныя плакаты і лозунгі адпаведна патрэбам часу. Колас.

3. Быць або здавацца нерухомым у часе палёту ці руху. Сонца вісіць нізка над гарызонтам. □ Над лесам, у празрыстай сіняве неба, вісеў каршун. Асіпенка.

4. Выдавацца, выступаць уперад над кім‑, чым‑н.; навісаць. Скала вісела над далінай. // перан. Ствараць пагрозу сваёй блізкасцю. Учора падалі бомбы, смерць вісела.. над галовамі. Шамякін. І гэты вузел цёмнай здрады На сэрцы каменем вісіць. Колас.

5. перан. Навісаючы, ахутваць. Шэры зімовы вечар, падсвечаны мігатлівым электрычным святлом, вісеў над горадам. Гамолка.

6. на кім-чым. Спадаць, не аблягаючы цела (пра вопратку). Уся адзежа вісела на.. [кавалі], як чужая. Лынькоў. Белая доўгая зрэбная кашуля вісела на ім, як на калу. Гурскі.

•••

Вісець між небам і зямлёй — знаходзіцца ў вельмі няпэўным становішчы.

Вісець (ліпець) на валаску (на павуцінцы) — быць у вельмі ненадзейным, небяспечным становішчы. І шмат было ў таварыша Нявіднага напружаных момантаў, такіх, калі воля і само жыццё яго віселі на танюсенькай павуцінцы. Колас.

Вісець на карку — быць на ўтрыманні ў каго‑н.

Вісець на тэлефоне — часта званіць і доўга гаварыць па тэлефоне.

Вісець на хвасце — неадступна хадзіць, ездзіць за кім‑н.

Вісець на шыі — быць цяжарам, клопатам для каго‑н.

Вісець на языку — пра вялікае жаданне сказаць тое, чаго няможна сказаць.

Вісець над душой (галавой) — навязваць каму‑н. што‑н., дакучаць.

Вісець у паветры — а) знаходзіцца ў няпэўным становішчы; б) быць неабгрунтаваным (пра меркаванне, перакананне і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смерць, ‑і; Р мн. смярцей; ж.

1. Спыненне жыццядзейнасці, гібель арганізма; спыненне біялагічнага абмену рэчываў у арганізме або ў яго частцы. Фізіялагічная смерць. Смерць клеткі. Смерць дрэва.

2. Спыненне існавання чалавека ці жывёліны. Раптоўная смерць. Смерць ад разрыву сэрца. Гвалтоўная смерць. □ Хлапец чуў, як халадзее рука бацькі, як з кожнай хвілінай астывае яго кроў, як падступае смерць. Самуйлёнак. Паклікаў бацька перад смерцю сыноў. Якімовіч. // Разм. Смертная кара. Пакараць смерцю. □ [Немцы] прысудзілі Сёмку да смерці. Лынькоў. А як смерцю Максіма скаралі, — Рукі белыя да брамы прыбівалі. Багдановіч. // перан. Гібель, знішчэнне, канец чаго‑н. Смерць горада.

3. у знач. вык. Разм. Дрэнна, нядобра; бяда, гора. [Мароз:] — Каму-небудзь ад крытыкі смерць, а бальшавіку толькі здорава. Лобан. На спакой і на мір ашчарацца не смець! Войнам — смерць! Войнам — смерць! Шушкевіч. Хоць верць-круць, хоць круць-верць, а панству ўсё роўна смерць. З нар.

•••

Клінічная смерць — прамежак часу, калі дыханне і сардэчная дзейнасць спыняюцца, але тканкі яшчэ не падвяргаюцца распаду і ў пэўнай ступені захоўваюць жыццяздольнасць.

Палітычная смерць — немагчымасць для каго‑н. працягваць палітычную дзейнасць па прычыне поўнага свайго ідэйнага і палітычнага банкруцтва.

Глядзець смерці ў вочы гл. глядзець.

Да смерці — вельмі моцна. Дзядзька да смерці спалохаўся, а мядзведзь, мусіць, спалохаўся таксама, бо раптам як павярнуў у гушчар ды як даў дзёру. Васілевіч.

Знайсці смерць гл. знайсці.

На валасок (валаску) ад смерці гл. валасок.

Не на жыццё, а на смерць гл. жыццё.

Паміж (між) жыццём і смерцю гл. жыццё.

Пры смерці — у вельмі цяжкім, небяспечным для жыцця стане.

Пытанне жыцця або смерці гл. пытанне.

Сеяць смерць гл. сеяць.

Толькі па смерць пасылаць каго гл. пасылаць.

Тры чвэрці да смерці гл. чвэрць.

Як смерць (пра выгляд чалавека) — вельмі бледны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмат 1, прысл.

1. У вялікай колькасці, у значнай ступені; не мала, многа. Дом вялікі. На двары Шмат гуляе дзетвары, — Весела заўсёды. А. Александровіч. Ён [дзядзька] шмат пражыў І шмат спазнаў, Да дна Прамераўшы жыцця крутыя тоні. Калачынскі. Цяпер, вясною, працоўны дзень доўгі, але ж і зрабіць на працягу яго трэба шмат. «Звязда». // у знач. ліч. Няпэўна вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Шмат сцяжынак і глухіх дарог разыходзіцца адсюль у лес у розных кірунках. Колас. Будзем разам, сябры, Будаваць у бары, Будзем разам, сябры, — Нас так шмат, гэтак шмат. Бядуля. Ніхто спрачацца з тым не будзе, што ўсюды шмат мясцін прыгожых. Дубоўка. Што нашы сцежкі развяло, — Цяпер гадаць не шмат карысці. Гілевіч. / у знач. вык. А працы сёння шмат. Тры гады таму назад на гэтай [рагачоўскай] зямлі адшумела вайна. Брыль. Выпадкаў, калі гадзюка кусала чалавека, шмат. Бяспалы.

2. У спалучэнні з прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай ступені азначае: значна, намнога. Сходы барадатых прадстаўнікоў [вёскі] пачынаюцца шмат пазней. Крапіва. Сталіца! Ты шмат маладзейшаю стала, цябе не кране сівізна! А. Вольскі.

3. (часта з часціцай «ці»). У пытальных сказах азначае: колькі? Ці шмат людзей сабралася? Ці шмат год прайшло? Ці шмат войска ў ворага?

4. У спалучэннях з адноснымі займеннікамі абазначае: многія, многае. Цяпер свае прыпеўкі Я кіну да пары. Бо шмат каму, напэўна, Яны не па нутры. Купала. [Міхал] надумаўся прайсці сюды [на хутар] паглядзець, ён тут шмат з чым зжыўся. Чорны. Шмат якія пароды дзікіх жывёл звяліся. В. Вольскі.

шмат 2, ‑а, М шмаце, м.

Разм. Абрывак, адарваны кавалак чаго‑н. Помню я плямы крыві на снягу, На шматы скрамсанае цела, Мяса крывавае ў чорным кругу — На баль вараннё прыляцела. Крапіва. Пад нізкай столлю шпалеры віселі закуранымі шматамі. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчаслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому дадзена шчасце (у 1 знач.), які мае, адчувае шчасце, радасць, захапленне ад каго‑, чаго‑н. Маладая, шчаслівая маці сядзіць над белай лазовай калыскай. Брыль. Я шчаслівы, што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі. Гілевіч. / у знач. наз. шчаслі́вы, ‑ага, м.; шчаслі́вая, ‑ай, ж. А гадзіннік? Шчаслівы яго Кіне так, без увагі, Бо заўсёды ад шчасця свайго Ён п’яны, як ад брагі. Куляшоў. // Прасякнуты шчасцем, поўны шчасця. Віхураю закалыханы, Шчаслівыя сніў [Баракаў] ужо сны... Куляшоў. Поўніць гоман, спеў шчаслівы Сёлы, гарады. Колас. // Які выражае сабой шчасце, радасць; выкліканы шчасцем, радасцю. Тацяна засмяялася ціхім шчаслівым смехам. Зарэцкі. — Няўжо праўда? — гледзячы на Любу шчаслівымі вачыма, не паверыў.. [Хадкевіч]. Васілевіч.

2. Які прыносіць, дае радасць, шчасце, дабрабыт і пад.; напоўнены шчасцем, радасцю. [Аўдоцця:] Падзякуйце, дзеткі мае, за сваю шчаслівую долю нашай роднай Камуністычнай партыі. Крапіва. Мой родны Мінск, Табою ганаруся І слаўлю твой шчаслівы, светлы лёс. Прыходзька.

3. Якому шанцуе, спрыяе шчасце, удача. — Ага, і праўда. Шчаслівы ты, Вадзім. За накрыты стол трапіў. Паўлаў. — Іншая справа — табе: ты кучаравы, а кучаравыя — шчаслівыя. Машара. // у знач. наз. шчаслі́вы, ‑ага, м.; шчаслі́вая, ‑ай, ж. Той, каму заўсёды спадарожнічае ўдача.

4. Які прыносіць, прынёс шчасце, радасць, удачу. Шчаслівы білет. □ Але нядоўга цягнулася такое шчаслівае паляванне. Лынькоў. Міны, якія паставіла.. Цюленева, былі шчаслівымі: на іх падарваліся два воінскія эшалоны. «Маладосць». // Удачны, паспяховы. Дружнай працы плён шчаслівы Наўсцяж шуміць сцяной... Броўка. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая падчас, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. // Зручны, добры, удалы. — Ты падумай толькі, якая гэта шчаслівая ідэя! Зарэцкі. Падвярнуўся шчаслівы выпадак — у школу спатрэбіўся фізрук. Парахневіч.

•••

Нарадзіцца пад шчаслівай зоркай гл. нарадзіцца.

Шчаслівай дарогі! гл. дарога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стая́ць, стаю́, стаі́ш, стаі́ць; стаі́м, стаіце́; заг. стой; дзеепрысл. сто́ячы; незак.

1. Знаходзіцца на нагах у вертыкальным становішчы, не рухаючыся з месца (пра чалавека, жывёлу). Стаяць пад дрэвам. □ Ля саней, захутаная ў вялізную хустку, стаяла дзяўчына. Асіпенка. [Міхалка] не мог спаць: стаяў пры акне ўпоцемку і глядзеў праз шыбу ў зорнае неба. Чорны. / З азначальнымі словамі, якія падкрэсліваюць асаблівасці такога становішча. Стаяць бокам. Стаяць навыцяжку. □ Стаяць у .. [шалашыку] .. [дзед] мог толькі сагнуўшыся. Чарнышэвіч. / Са словамі, якія ўказваюць на частку цела, што з’яўляецца апорай пры такім становішчы. Ля дарогі на каленях стаялі бабы, ірвалі грэчку, стаўлялі ў кучкі. Адамчык. Выскачыў [стралец] на палянку, а там стаіць на задніх лапах вялізны, як вол, мядзведзь. Якімовіч. // Апынуўшыся перад кім‑, чым‑н., знаходзіцца ў пэўным стане, становішчы. І стаіць яна [Бандароўна] прад панам, Як калінка тая, Што ў лузе, над ракою, Вецер пахіляе. Купала. / у перан. ужыв. Беларускі народ стаяў напярэдадні вялікіх спраў грамадскага і культурнага значэння. Мядзёлка. // Быць пастаўленым у вертыкальным становішчы (пра прадметы). Кветкі стаяць у вазе. Лесвіца стаіць каля сцяны. / Пра мэблю, некаторыя прадметы хатняга абсталявання. Густа стаялі паўз сцены столікі, шафачкі. Чорны. // Быць ускалмачаным, узнімацца старчма (пра валасы, шэрсць). Поўсць збоку, дзе сочыцца кроў, мокрая; зверху на хібе ўжо высахла і стаіць. Пташнікаў.

2. Выконваць якую‑н. работу, займацца якой‑н. справай, звязанай са знаходжаннем на нагах. Між гор зялёных ці ў пустыні дзікай Стаіш ты, воін, сёння на пасту. Прыходзька. Усё сваё жыццё .. [Лявон] ухітраўся цяжка не падняць і моцна не ўдарыць. То стаяў ля прылаўка ў ларку «Заготжыўсыравіны», то працаваў нарыхтоўшчыкам сельпо. Корбан. // Займаць месца ў чарзе за чым‑н. Стаяць за кнігай.

3. Быць нерухомым, не рухацца з месца (пра чалавека, жывёлу). Жанчыны адступілі далей ад воза і нерухома стаялі суцэльнай сцяной. Шамякін. / Пра транспартныя сродкі, пра транспарт у час прыпынкаў або на стаянцы. Якраз і параход стаяў на Дняпры. Лынькоў. / Пра хмары, свяцілы і пад. На поўдні па-ранейшаму нерухома стаяла хмара. Гамолка. // Не цячы, не струменіцца (пра ваду, вадкасць). У барознах стаіць вада. □ Возера стаіць, не зварухнецца. Барадулін. // Не разыходзіцца, запаўняючы якую‑н. прастору (пра дым, пыл, пару і пад.). У паветры стаяў сіняваты марозны туман. Чарнышэвіч. Пах рамонку і чабору стаяў над дарогай. Вышынскі. Дым густа стаяў у пакоі, і, хоць вокны былі расчынены насцеж, у Лазавіка ад яго шчыпала вочы. Хомчанка.

4. Не працаваць (пра завод, фабрыку або механізмы і пад.). Цэх стаіць на рамонце. Гадзіннік стаіць. // перан. Не развівацца, не прасоўвацца наперад. Работа стаіць. Жыццё не стаіць на месцы.

5. Быць устаноўленым, умацаваным на чым‑н., на якой‑н. апоры; трымацца, знаходзіцца на чым‑н. Дом стаіць на фундаменце. Мост стаіць на быках. □ На тых жа багнах, дзікіх, сумных, Разлёгся ўшыр тарфяны шчыт. На ім стаяць, бы тыя гумны, Грамады чорных пірамід. Колас. // перан. Разм. Існаваць дзякуючы каму‑, чаму‑н. [Касач:] — Сярод народу жыву. А на народзе свет стаіць. Гурскі. На праўдзе свет стаіць. Прыказка. // Быць адзначаным, надрукаваным і пад. дзе‑н., на чым‑н. Пісьмо падпісалі толькі пяць камсамольцаў. У канцы яго стаіць спешная прыпіска: «Падпісванне пісьма спынена. Дадзен сігнал трывогі!». «Звязда». На канверце апошняга ліста стаяла прыпіска «тэрмінова». Лынькоў. / Пра адзнакі за паспяховасць. Па матэматыцы стаіць пяць. // Значыцца, быць (у спісе, у якім‑н. пераліку). На парадку дня стаіць два пытанні. Пад пратаколам стаіць подпіс.

6. Мець часовае месцазнаходжанне, размяшчацца дзе‑н. (на адпачынку, пастоі, стаянцы). У вёсцы Дудкі .. стаяў .. вялікі нямецкі гарнізон. Брыль. // Часова здымаць у каго‑н. кватэру, пакой. [Андрэй:] — Прыехалі — дык прыехалі. Шукайце — што хочаце. Стаяць можна і ў мяне. Другая хата пустая. Пташнікаў. Галаўнёў і Амельчанка стаялі на кватэры нават удвух. Дудо.

7. Займаць баявую пазіцыю, размяшчацца на якім‑н. участку мясцовасці для вядзення баявых аперацый. [Вера:] — Фронт тады зусім блізка ад нас стаяў. Кулакоўскі.

8. Мужна і стойка трымацца ў баі, не адступаць, вытрымліваць націск. Масква стаіць. Маскву .. [фашыстам] ніколі не ўзяць. Шамякін. Ён чэсна стаяў, да канца: Кулямётная лента... пустая, Апошняй была ў байца. Куляшоў. [Раіна:] — Па вопратцы прабітай пазнаю, Што ён [Янук] не раз пад кулямі стаяў, Што ён не раз выходзіў з-пад агню. Танк. Хлопец, абняўшы любу дзяўчыну, На барыкадах смела стаіць. Цётка. // перан. Цвёрда прытрымлівацца якой‑н. думкі, погляду, быць перакананым у чым‑н. — Цяпер павінны вучыцца ўсе! — стаіць на сваім Ганька. Васілевіч. Гогаль стаіць за тое, каб і ў літаратуры, і ў тэатры падзеі адлюстроўваліся праўдзіва, бо яны павінны ўзрушаць душы людзей, хваляваць іх сэрцы. «Полымя». Пад сцягам Ленінскім, вячыстым Ішлі за шчасце камуністы, І кожны з мужнасцю байца Стаяў за праўду да канца. Бялевіч.

9. перан. Абараняць, адстойваць чые‑н. інтарэсы, змагацца, выступаць на баку каго‑, чаго‑н. Стаяць за народ. □ — Мы стаім за мірны лёс планеты. Прыходзька. І хоць быў .. [Тарусевіч] панскі сын, аднекуль з Мінскай губерні, але добра стаяў за рабочых... Гарэцкі. [Максім Багдановіч] стаяў за глыбокую ідэйнасць і яркую вобразную форму. Майхровіч. // Мець апору ў кім‑, чым‑н. — За мной стаіць мой народ, — з падкрэсленым пафасам вымавіў Цярэшка, каб спыніць фамільярны князеў тон. Мікуліч. За мной стаіць вялікая Радзіма ўся мая. Панчанка.

10. Знаходзіцца, размяшчацца дзе‑н. Школа стаяла на водшыбе ад вёскі, на ўзгорку. Брыль. Абапал грэблі стаялі свежыя стагі. Бядуля. У задуменні лес яловы На ціхім беразе стаіць. Матэвушаў.

11. Існаваць, быць на свеце. [Сілівон:] — Зямля наша як стаяла, так і стаіць, усім нашым злоснікам на згубу. Лынькоў. А стары дом стаяў і стаяў, пра яго быццам забыліся. Арабей. // Захоўвацца, застаючыся нязменным, не трацячы сваіх якасцей. Варэнне можа стаяць доўга. □ Смольная хвоя — вельмі моцнае і даўгавечнае дрэва. Сцены з яе стаяць доўга. Чорны.

12. Мець патрэбу ў разглядзе, вырашэнні, пераадоленні. Вялікія і ганаровыя задачы стаяць перад дэпутатамі мясцовых Саветаў. «Звязда». Канец вайне! Другія рубяжы Цяпер стаяць перад ім, перад Юхімам! З. Астапенка.

13. Трымацца, панаваць, быць (пра стан чаго‑н.). Стаіць цішыня. □ Некалькі хвілін у хаце стаяла маўчанне. Васілевіч. Гэтая хатка заўсёды была паўнютка людзей. Там стаяў такі шум, крык і гоман, што аж глушыла. Колас. / Пра надвор’е. Стаіць пагода, Аж смагне, ныючы, асірацелы куст. Крапіва. Гэта было зімою, ужо больш позняю парою як цяпер: на дварэ стаяў мароз і дзьмуў халодны, калючы вецер. Кулакоўскі. / Пра час сутак, поры года. Стаяла глыбокая ноч, яшчэ не пайшлі па вуліцах машыны, у доме насупраць свяцілася толькі адно акно. Арабей. Стаяла акурат тая пара восені, калі пачырванелы асіннік у лесе, яшчэ не згубіўшы ніводнага лісточка, трывожна ўжо шапоча пра заканчэнне лета, а над асірацелымі лугамі знікае духмянасць пасохлых траў. Краўчанка. // Адчуваць (шум, звон, стукат і пад. у галаве, вушах). У галаве стаяў нудны, працяглы звон. Гамолка. У вушах стаяў жалезны стукат вагонных колаў. «ЛіМ». // Быць бачным, прыкметным на твары, у вачах і пад. (пра які‑н. выраз, ухмылку і пад.). У Міхея Вячэры нават слёзы стаялі ў вачах. Шамякін.

14. Пастаянна быць у памяці, перад вачамі (пра якія‑н. думкі, уяўленні і пад.). У думках кожнага стаяў вобраз загінуўшага таварыша. Машара. З той пары Адна думка Стаіць у маёй галаве. З той пары і навек Застануся з той думкай у згодзе. Свірка.

15. Трымацца на якім‑н. узроўні, займаць якое‑н. становішча. Вада стаіць высока. Стрэлкі гадзінніка стаяць на сямі. / Пра нябесныя свяцілы. Зорка стаяла на тым жа месцы і, здавалася, яшчэ больш мільгала. Кулакоўскі. Быў ужо адвячорак. Сонца стаяла нізка. У паветры пасвяжэла. Якімовіч. // Выкарыстоўваецца ў саставе выказніка ў значэнні: быць якім‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане. Трава ўжо стаяла высокая — сама касіць, а краскі на лузе адцеіталі. Навуменка. Гаспадар дакументаў стаіць пахмурны і маўчыць. Кавалёў. Гвардыян стаяў аслупянелы, разявіўшы рот ад здзіўлення. Зарэцкі.

16. У прыназоўнікавых спалучэннях з некаторымі назоўнікамі ўжываецца ў значэнні: займаць тое або іншае становішча ў грамадстве, мець грамадскую значнасць (сярод каго‑, чаго‑н. або ў адносінах да каго‑, чаго‑н.). Стаяць у цэнтры ўвагі. □ І сам ён [Пшэбора] строгі і няўмольны, Бо сілу мае ўжо не ён. І ў тых учынках сам нявольны, Бо над усім стаіць закон. Колас. // перан. Быць на якой‑н. ступені ў інтэлектуальных адносінах. Сённяшняя моладзь стаіць значна вышэй як па сваёй адукацыі, так і па агульнаму .. культурнаму развіццю. «Маладосць».

17. заг. сто́й(це)! Каманда спыніцца, перастаць рухацца. Тут жа пачуўся голас самога камандзіра: — Стойце! Свае! Шамякін. Пачулася рэзкая каманда: — Гвардыя, стой! Забяспечыць прывал! Лынькоў. // перан. Разм. Патрабаванне перастаць гаварыць, дзейнічаць і пад.

•••

Адной нагой у магіле стаяць — дажываць сваё жыццё, быць блізкім да смерці (пра старога або вельмі хворага чалавека).

Да апошняга стаяць — змагацца, спрачацца да канца, пакуль стае сілы.

Далёка стаяць — пра тое, што горшай якасці, другараднае, не ідзе ў параўнанне з кім‑, чым‑н.

Калом стаяць — быць лубяным, гаматным (пра матэрыял, тканіну, а таксама адзенне).

Крукам стаяць (вісець) над кім-чым — увесь час пазіраць за кім‑, чым‑н., пільна аберагаць каго‑, што‑н.; назаляць назіраннем, абераганнем.

На чым свет стаіць гл. свет.

Не стаяць за цану — не лічыцца з цаной, коштам, з высокай аплатай чаго‑н., Не таргавацца.

Свет стаіць на кім-чым гл. свет.

Стаяць ва ўладзе (на чале ўлады) — мець уладу, кіраваць дзяржавай, узначальваць.

Стаяць гарой за каго-што — заступацца за каго‑н., абараняць каго‑, што‑н. усімі магчымымі сродкамі.

Стаяць за спінай чыёй, у каго — тайна аказваць каму‑н. падтрымку, накіроўваць чыю‑н. дзейнасць.

Стаяць калом (косткай) у горле — не даваць спакою, перашкаджаць жыць.

Стаяць на чыім баку — быць адной думкі з кім‑н., падтрымліваць каго‑н. у чым‑н.

Стаяць на варце — тое, што і быць на варце (гл. быць).

Стаяць на вачах — засланяць, загароджваць святло; перашкаджаць бачыць што‑н.

Стаяць навыцяжку — а) прымаць позу як па камандзе «смірна»; б) пакорліва падначальвацца каму‑н.

Стаяць на дарозе чыёй, у каго (на шляху чыім, у каго); стаяць папярок дарогі каму — тое, што і стаць на дарозе чыёй, у каго; стаць папярок дарогі каму (гл. стаць).

Стаяць над душой чыёй, у каго (над каркам чыім, у каго) — надаядаць сваёй прысутнасцю, надакучаць, назаляць.

Стаяць на задніх лапках — тое, што і хадзіць на задніх лапках (гл. хадзіць).

Стаяць на месцы — не развівацца, не рухацца наперад.

Стаяць на (сваіх, уласных) нагах — быць самастойным, не мець патрэбы ў падтрымцы, дапамозе.

Стаяць на сваім — упарта, настойліва адстойваць свой погляд, сваю думку.

Стаяць на цвёрдай глебе — мець трывалую аснову для сваіх планаў, спраў і пад.

Стаяць пад вянцом — вянчацца.

Стаяць папярок горла — вельмі замінаць каму‑н. у чым‑н.

Стаяць перад вачамі (у вачах, уваччу) — узнікаць, з’яўляцца ў зрокавым уяўленні.

Стаяць слупам (як слуп) — знаходзіцца ў здранцвенні ад нечаканасці; назаляць нерухомасцю (звычайна з няўцямным, бяздумным выглядам).

Стаяць у баку ад чаго — тое, што і быць у баку ад чаго (гл. быць).

Стаяць у вушах (увушшу) — пра захаванне моцнага слыхавога ўражання.

Стаяць (сядзець) як пень — быць нерухомым; бяздзейнічаць; нічога не разумець.

Хоць стой, хоць падай — ужываецца як рэагаванне ў становішчы збянтэжанасці, а таксама ў сітуацыі, калі невядома, як рэагаваць.

Як стой (як стаіць) — а) вельмі хутка; адразу; б) без нічога, без рэчаў, маёмасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прыліп, ‑ла; зак.

1. Моцна прыстаць да чаго‑н. (пра што‑н. ліпкае, клейкае, мокрае або да чаго‑н. ліпкага, клейкага, мокрага і пад.). Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. Крушынскі сарваў са стала свой правы локаць, які прыліп да цыраты. Бядуля. // перан. Шчыльна прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. [Кулямётчык] .. здаваўся адным целам з кулямётам, да таго ён прыліп да яго, зблізіўся з ім. Лынькоў. Пад плотам, у прагным чаканні, прыліп да зямлі худы рабы кот. Савіцкі. Да шыбы прыліп спачатку жаночы твар, пасля ён знік, а з глыбіні пакоя да акна падышоў мужчына. Брыль. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). Прыліпла мянушка да .. [Асмалоўскага] — Адвакат. Сіўцоў. Механік быў зусім малы; Мянушка некалі — Малеча — К яму прыліпла горш смалы. Калачынскі.

2. перан. Разм. Адчуць прывязанасць да каго‑, чаго‑н. На шчасце, прыліп да .. [Ігната] добраахвотны памочнік, Вольчын сын, дзевяцігадовы бялявы хлопчык Кастусь. Мележ. У гэтыя першыя трывожныя дні да .. [Домны і Раечкі] неяк прыліп Андрушка Шэмет. Лобан. // Перадацца каму‑н. (пра хваробу, пра што‑н. дрэннае). Ліхая хвароба падсачыла .. [бацьку], прыліпла к нядошламу целу, улезла ў яго нутро. Гартны. Андрэй усміхнуўся, што і да доктара прыліпла слоўца з лагернага жаргону. Грахоўскі. // Прыстаць з распытваннямі, папрокамі, парадамі і пад. — Ну, што ты да яе прыліп? — сказала маці і з дакорам паглядзела на Валодзю. — Вырасце такая, як ты, таксама не будзе баяцца. Васілеўская.

3. перан. Разм. Моцна захапіўшыся, старацца не разлучыцца з чым‑н. [Бацька] прыліп да дачы; калі не трэба на работу, яго немагчыма сілком выпіхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулі і грыбах, абы не ехаць лішні раз. Шамякін. Маці .. здзівілася: што з .. [Віцем] сталася? То, бывала, сілаю не прымусіш сесці за кніжкі, а то раптам гэтак прыліп да іх... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасла́ць 1, пашлю, пашлеся, пашле; пашлём, пашляце; заг. пашлі; зак.

1. каго-што. Адправіць каму‑н. па пошце, праз пасланца і інш. Грошы.. [Марына Паўлаўна] падзяліла на дзве роўныя часткі і адну пакінула сабе, а другую паслала дачцэ. Зарэцкі. Жэрдзін за подпісам камбата паслаў дакладную ў штаб палка. Няхай. Насушыш семечак, адкрыеш кубельчык, калі ён ёсць у цябе, і складзеш пасылачку. Аднаму пашлеш, пашлеш другому... Ракітны. // што. Выказаць свае адносіны, пачуцці да каго‑н. словамі, жэстамі. Паслаць пацалунак.

2. каго-што. Накіраваць, выправіць каго‑н. куды‑н. з якой‑н. мэтай. [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва. Вось і сёння паслала маці Натальку прынесці абед. Колас. Пашлі дурнога, а за ім другога. Прыказка.

3. што. Накіраваць што‑н. у які‑н. бок. Раптам з боку вёскі кулямёт паслаў доўгую чаргу. Дамашэвіч. // Перадаць тэхнічнымі сродкамі на адлегласць. Паслаць у эфір пазыўныя.

4. што. Перадаць, кінуць (мяч, кап’ё і пад.). Пецька паслаў мне пас, і трэба было прымаць яго. Васілёнак.

•••

(Сам) бог паслаў гл. бог.

пасла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; заг. пасцялі; зак., што.

1. Пакласці, накрываючы паверхню чаго‑н. Паслаць абрус на стол. □ Кася дастала саган, адцадзіла, паслала на стол шараваты льняны ручнік і высыпала на яго бульбу. Арабей. // Падрыхтаваць пасцель, месца для спання. Няміра нарэшце стаміўся слухаць. Ён папрасіў, каб яму паслалі дзе. Чорны. Калі я дамоў прыеду, Усіх трывог зазнаўшы меру, Пасцялі ты мне, матуля, Пасцялі пасцель з аеру. Кірэенка.

2. Раскласці тонкім слоем на лузе для вылежкі пад дажджом, расой (лён, каноплі). Кончыцца кананне бульбы, мо’ хто на дзень-другі пазаве лён паслаць ці патрапаць. Гартны.

3. Укласці шчыльна дошкі, пліткі і пад. [Пякарня] некалі яшчэ тут была, прыватная, трэба было печы перакласці, з новай цэглы пады паслаць. Лобан.

4. Разаслаць, распаўсюдзіць па паверхні або над паверхняй што‑н. І кроплі срэбнае расы Туман паслаў на ціхім доле. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)