раб, ‑а, м.

1. У рабаўладальніцкім грамадстве — прадстаўнік прыгнечанага класа, чалавек, які быў пазбаўлены правоў і сродкаў вытворчасці і з’яўляўся поўнай уласнасцю гаспадара-рабаўладальніка. Хрысціянства нарадзілася на тэрыторыі велізарнай Рымскай імперыі, пераважная большасць насельніцтва якой складалася з рабоў — людзей, пазбаўленых элементарных чалавечых правоў. «Звязда». // Прыгонны селянін. // Пра паднявольная, бяспраўнага чалавека, які знаходзіцца ў поўнай эканамічнай, палітычнай і пад. залежнасці ад каго‑н. [Галя:] Калісьці я марыла стаць урачом, каб лячыць людзей, але ў гэтыя гады навучылася забіваць тых, хто хацеў зрабіць нас рабамі. Пятніцкі.

2. перан. Той, хто пакорна, угодліва выконвае волю другога; духоўна залежны, бязвольны чалавек. Фельчар Зяблік, адданы раб паноў Зырачанскіх, стаяў здалёку, баючыся блізка падысці да раз’ятраных мужыкоў. Бядуля. І для іх [дзяцей] далёка не ўсё роўна, Хто іх бацька: раб або змагар. Гілевіч.

3. перан.; чаго. Той, хто поўнасцю падначаліў чаму‑н. сваю волю, свае ўчынкі. Раб прывычкі. Раб пачуццяў. Раб уласнасці. Раб моды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Капаючы, раскідаць; разрыць. Грыша хутка раскапаў зямлю, дастаў пакунак. Якімовіч. Авяр’ян раскапаў рыдлёўкай снег, выграб з калдобін ваду і зноў заняў сваё месца. Пташнікаў. // Капаючы, зрабіць або пашырыць што‑н. (яму, адтуліну, канаву і пад.). — А можна ж бліжэй праехаць, — падумаў Каваль, узрадаваны здагадкай. — Напрасткі! Раскапаць катлаван і пракласці трасу. Савіцкі. Мінулым летам расчысцілі мы .. [азярцо], раскапалі, люстранога карпа ў ім разводзілі. Краўчанка. // Капаючы, знайсці, выявіць што‑н. у зямлі, пад зямлёй. Раскапаць скарб.

2. перан. Дэталёва разабрацца ў чым‑н. [Балук:] — А я, бацька, вось як мяркую. Калі да нас прыйдзе Саўка і раскапае тое, што яму трэба, дык яго трэба пусціць. Колас. // Знайсці, выявіць што‑н. у выніку пошукаў. Недзе ў старым часопісе [Сяргей] раскапаў чарцяжы. Шыцік.

3. Правесці раскоша чаго‑н. Раскапаць руіны старажытнай крэпасці. □ Еўстафій Тышкевіч раскапаў каля 1000 курганоў і перадаў у музей вялікую калекцыю сваіх знаходак. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скамяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які набыў выгляд і ўласцівасці каменя, ператварыўся ў камень. Скамянелая расліннасць. □ А больш за ўсё вабіла да сябе вялізная дзіўная жамчужына.. — Нездарма легенда кажа, што гэта ёсць скамянелыя божыя слёзы. Маўр. // Які стаў цвёрдым, сухім як камень. Скамянелае тоўстае карэнне.. [бярозы], упіўшыся ў зямлю, ішло глыбока, шырока, аж на дарогу. Вышынскі. Сухая, скамянелая пасля ночы дарога звінела пад жалезнымі падкоўкамі Колевых новых ботаў, пашытых навыраст. Якімовіч.

2. перан. Які стаў нерухомым, здранцвелым, застылым. Ты доўга сядзела за сталом Нерухомая, скамянелая. І чутна ў цішы было, Як стукае гадзіннік мерна, Як дробны дождж сячэ халодныя шыбы. Багдановіч. Немцы ўжо не баяліся, не крычалі, а стаялі скамянелыя, дзе хто быў. Маўр. Прыгожы Дашын твар на момант успыхнуў, заірдзеўся і стаў скамянелым. Ракітны.

3. перан. Які страціў здольнасць праяўляць якія‑н. пачуцці, стаў абыякавым да ўсяго. Кожнаму з нас трэба трошкі журбы, Каб у жыцці скамянелым не быць. Чарнушэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слепата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.

Поўная або частковая адсутнасць зроку. Сляпы Гамер быў і, глухі Бетховен... Відушчы, чуйны, кожны б з нас хацеў свой зоркі зрок, свой тонкі слых настроіць па іхняй слепаце і, глухаце... Рудкоўскі. // перан. Няўменне заўважаць, правільна разумець, разбірацца ў чым‑н. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы падсмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці. Мележ. — Марыя Дзям’янаўна, выбачайце за маю такую слепату, някемлівасць, — прамовіў Грушка, — вось сяджу і не бачу, хто сядзіць са мною побач. Пестрак. Мароз выкарыстаў гэту паўзу, каб дакорліва зірнуць на Вячыстага: вось бачыш, да чаго давяла твая палітычная слепата! Лобан.

•••

Колеравая слепата — тое, што і дальтанізм.

Курыная слепата — а) хвароба вачэй, пры якой чалавек не бачыць пры слабым святле, у цемры; б) народная назва некаторых травяністых раслін, кураслеп. Лета ў самым пачатку, і столькі курынай слепаты, што не ступіць нагою, каб не трапіць на краску. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сме́цце, ‑я, н.

1. Дробныя адкіды, рэшткі чаго‑н., якія збіраюцца ў дамах, на вуліцы і пад., дробныя часцінкі, якія забруджваюць што‑н. Ніна зноў пачала перамятаць падлогу. Зграбла смецце, вынесла на двор. Асіпенка. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў. // перан. Разм. Пра што‑н. непатрэбнае, лішняе. Твой свет разбурыцца, старога ладу смецце Вятры вясновыя па свеце разнясуць. Панчанка. [Алена:] — Ох, і дурная ж ты, Анютка, ох, і смецця ж у цябе ў галаве!.. Краўчанка.

2. Разм. Драбяза, што‑н. дробнае, нязначнае. Буйную рыбу прадалі, асталося адно смецце.

3. перан. Разм. Пра што‑н. мізэрнае, нязначнае, нікчэмнае; дрэнь. І сапраўды, акінуўшы вокам удзельнікаў нарады, можна было ўпэўнена сказаць, што сярод прысутных смецця не было. Хведаровіч. Сабакі, хлопцы, трэба! — з усёй катэгарычнасцю заяўляе.. [Адам]. — У нас смецце, а не сабакі. Ракітны.

•••

Выносіць смецце з дому (хаты) гл. выносіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супо́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Агульны, сумесны. Дзень выходзіць з-за зямлі, Яснавокі і румяны .. Разлівае ззянне-смех Для супольнае карысці. Колас. Людзі ў згодзе супольнай На дарогі, сцяжыны Выйшлі з песняю вольнай, Дзень сустрэлі зажынак. Калачынскі.

2. Які ажыццяўляецца сумесна з кім‑н. [Камандзір:] — Збяромся мы. .. і абмяркоўваем якую-небудзь супольную баявую аперацыю. Брыль. Мы ўспамінаем наша першае супольнае падарожжа. Лужанін. Ёсць хлеб і тавар, Станкі і машыны Для працы супольнай. Калачынскі.

3. Які належыць усім або некалькім, аб’ядноўвае ўсіх, некалькіх. Супольная маёмасць. □ Вось чаму кожны лічыць за высокі гонар атрымаць акрайчык караваю і тым самым далучыцца да супольнага скарбу. Усікаў. Колькі нявыпітай брагі У нас за супольным сталом! Танк.

4. Аднолькавы з кім‑н., уласцівы каму‑н. адначасова з іншымі. Супольныя інтарэсы. / у знач. наз. супо́льнае, ‑ага, н. Галава і Сухарукі мелі шмат супольнага ў сваіх характарах: абодва палохаліся пісаных паперак і бліскучых гузікаў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увяза́цца, увяжуся, увяжашся, увяжацца; зак.

1. Стаць увязаным, завязаным. Рэчы добра ўвязаліся. // Абвязаць сябе, укруціцца. [Кацярына:] — Гэта ж баліць, не пры вас кажучы, галава. А як увяжуся, то не так. Кулакоўскі.

2. перан. Прыйсці ў адпаведнасці з чым‑н. Увязаліся планы з мясцовымі ўмовамі. Заключэнне добра ўвязалася з асноўным тэкстам.

3. перан. Разм. Без дазволу накіравацца ўслед за кім‑н., далучыцца да каго‑н., хто ідзе, едзе. Пятым падарожнікам за імі ўвязаўся сабака, які ні на крок не адставаў ад гаспадыні, нібы баяўся яе згубіць. Дамашэвіч. // Сачыць за кім‑н., ідучы ўслед. [Кунцэвіч:] — Перш чым весці .. [Косцю] да нас, вакол дома паглядзі, каб услед за вамі ніхто не ўвязаўся. Новікаў.

4. перан. Разм. Прыняць актыўны ўдзел у чым‑н.; уключыцца ў што‑н.; умяшацца. Увязацца ў бойку. Увязацца ў спрэчку. □ Косця адразу страціў ахвоту з Веркай гутарыць і пашкадаваў ужо, што ўвязаўся з ёй у размову. Карпюк. Ужо ўвязаліся ў справу аўтаматы, вінтоўкі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хо́ванка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Месца, дзе можна знайсці прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. — Ну чаго турбавацца, — сказаў Ігналь. — Хованка ў нас надзейная, калі што. Лупсякоў. Многа клопатаў буран прынёс і дыверсантам, бо будан іх служыў толькі як хованка ад камароў і сонца. Федасеенка. // Спецыяльна зробленае ці прыстасаванае месца ці збудаванне для хавання ад каго‑, чаго‑н. А такі ж ён [Вова] за дзень натупаўся, капаючы разам з другімі ў садзе хованку ад бомбаў. Гурскі. [Лукша:] — Усю ноч мы [партызаны] сабе хованкі капалі. Гроднеў.

2. Скрытае, патайное месца для захоўвання чаго‑н. Хованка для скарбаў.

3. толькі мн. (хо́ванкі, ‑нак). Дзіцячая гульня, у якой той, хто водзіць, шукае астатніх удзельнікаў гульні, якія схаваліся. Будучы клуб акупіравалі хлапчукі — са смехам і крыкамі гуляюць у хованкі. Шамякін. [Сакольны:] — Праязджаў нядаўна паўз лясныя паселішчы. Бегалі там дзеткі між кустоў, гулялі ў хованкі. Кулакоўскі.

•••

Гуляць у хованкі гл. гуляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Даставаць, набіраць чым‑н. знізу або з глыбіні, захопліваючы невялікімі часткамі што‑н. вадкае ці сыпкае. Нядобрыя сны пачалі сніцца Ульяне. Прыснілася ёй раз, што яна чэрпала ваду сваім чаравікам і піла яе. Колас. Па полі шырокім ідзе хлебароб — у цяжкіх ботах, спаважнай хадой. Чэрпае жменяй адборнае зерне з сявенькі і сее спакойна, упэўнена. Брыль. Малашкін чэрпаў з талеркі бульбяны суп з вермішэллю і маўчаў. Пестрак. // У час руху па чым‑н. вадкім, сыпкім захопліваць, набіраць. Каменне падала густа, бляшанка падскоквала на хвалях, нахілялася, чэрпала ваду, але ўпарта не хацела ісці на дно. Савіцкі.

2. перан. Набываць, браць, запазычваць што‑н. адкуль‑н. Чэрпаць веды. Чэрпаць сілы. □ Кожны з нас прыпасае радзімы куток, Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны. Панчанка. Беларуская савецкая літаратура чэрпае сваё натхненне ў рэвалюцыйным абнаўленні краіны. Пшыркоў.

•••

Чэрпаць (браць) каўшом — многа, празмерна браць, атрымліваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Аво́сь ’вось’ (Нас., Бяльк.), рус. авось, укр. аво, авось да а + (в)осе, ст.-рус. осе ’гэта’, Зубаты, Studie, 2, 93. Праабражэнскі, 1, 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)