праны́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Здольны ўсюды паспяваць, пранікаць, прабірацца, дзякуючы спрыту, хітрасці. Гэта было такое пранырлівае дзяўчо, што магло з-пад курыцы яйкі ўкрасці. Чарнышэвіч. Побач з .. [Ваўчком] відаць была камлюкаватая постаць Андрэя Вабейкі — пранырлівага камандзіра гаспадарчага ўзвода атрада, чалавека, пра якога партызаны гаварылі, што калі ён захоча, дык з-пад зямлі дастане. Хадкевіч. // Праніклівы, хітры (пра вочы). Пранырлівыя вочы Сімона.. кінуліся ўправа, улева. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераво́д, ‑а і ‑у, М ‑водзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераводзіць — перавесці.

2. ‑а. Грашовае адпраўленне праз банк, па пошце, тэлеграфе. Пелагея Іванаўна адпачывала, калі паштальён прынёс грашовы перавод. «Звязда». Неўзабаве маці атрымала ад.. [бацькі] перавод на дзесяць тысяч рублёў. Гроднеў. // Разм. Бланк для такога адпраўлення.

3. ‑а. Рэйкавы пуць для пераходу саставаў вагонаў з адной каляі на другую. Стрэлачныя пераводы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перары́ць, ‑рыю, ‑рыеш, ‑рые; зак., што.

1. Разрыць, парыць лычом усё, многае. Свінні перарылі ўвесь агарод.

2. Разм. Раскідаць, перавярнуць што‑н. у пошуках чаго‑н.; перакапаць. Перарыць усе рэчы ў каморцы. □ На вакзале я быў затрыманы сышчыкамі, якія перарылі мой вучнёўскі чамадан. Танк. — Пуста! Я ж табе сказаў, што .. [Антон] напэўна павязе .. [паперы] з сабою, — нервова прашыпеў Громаў, калі яны перарылі ўвесь стол. Рамановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераспе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі спелы. У паветры адчуваўся пах пераспелага рамонку і прэлага жаўталісця. Хведаровіч. На старым вішняку дзе-нідзе чарнелі буйныя пераспелыя ягады. Ігнаценка.

2. перан. Разм. іран. Які выйшаў з гадоў, узросту, уласцівага якому‑н. становішчу. Пераспелая нявеста. □ Пераспелы кавалер, калі Казік Сядзёлка ў свае трыццаць з лішкам год усё яшчэ не дабраў часу наладзіць асабістае жыццё. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перастара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Паказаць празмерную стараннасць у чым‑н., залішне пастарацца. І Анюта перастаралася. Карычневы пухір вырас значна большы, чым ён вырастаў кожны раз, калі яго надзімалі раней. А гэта прывяло да бяды — цацка лопнула. Корбан. [Цімохін:] — А капец той сам старшыня завяршаў .. Прыбег на поле, схапіў рыдлёўку і засыпаў капец зямлёй. Ды, відаць, перастараўся, зашмат зямлі накінуў. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перастрахо́ўка, ‑і, ДМ ‑хоўцы; Р мн. ‑ховак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. перастрахоўваць — перастрахаваць і перастрахоўвацца — перастрахавацца.

2. Спец. Частка страхавой адказнасці, ускладзеная на другую страхавую ўстанову. Сума перастрахоўкі.

3. перан. Дзеянне паводле дзеясл. перастрахоўваць — перастрахаваць і перастрахоўвацца — перастрахавацца (у 2 знач.). На ўсякі выпадак, для перастрахоўкі, калі Шаевіч зблытае прозвішча, я таксама запісаў яго ў свой блакнот. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пік, ‑а, м.

1. Спічастая горная вяршыня. Хіба калі-небудзь Забуду я край, Дзе горныя пікі Снягамі пакрыты. Гілевіч.

2. Самы высокі ўздым у развіцці чаго‑н., у якой‑н. дзейнасці. Пік у рабоце электрастанцыі. Пік лактацыі. // перан.; чаго. Вяршыня. Насуперак усім фактам і логіцы вобраз Данкі вырас у маім уяўленні, як пік дасканаласці і прыгажосці. Карпюк.

•••

Гадзіны пік гл. гадзіна.

[Фр. pic.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піса́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пісаць.

2. Разм. пагард. Тое, што напісана, тэкст. З «Жалейкі» чуўся подых рэвалюцыі, з яе чалавек навучыўся разумець: ён мае права на працу і на зямлю... Як жа было не спалохацца Ельскаму, калі ў яго пісаннях прапаведвалася зусім іншае. Лужанін.

3. Разм. Тое, што і свяшчэннае пісанне.

•••

Свяшчэннае пісанне — кнігі Старога і Новага завету.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрывыка́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак., да каго-чаго і з інф.

Прывыкнуць — пра ўсіх, многіх. Дзеці папрывыкалі да незнаёмых. □ — Спаць папрывыкалі доўга, — досыць строга прамовіў Марцін і кінуў погляд у той куток, дзе ляжалі ў пасцелях яго пляменніцы. Колас. Дзялендзік сварыўся, палохаў, што паліцыя можа спаліць усю вёску, калі знойдзе такі лісток у каго-небудзь дома. Але людзі да пагроз папрывыкалі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Задаць каму‑н. пытанне, каб даведацца пра што‑н. Калі не памыляюся, Сцяпан Захаравіч Белавус? — няўпэўнена папытаўся я. Гурскі. Вэня.. запрасіў Любу сесці,.. папытаўся, як здароўе, пагаварыў. Чорны.

2. Папрасіць дазволу на што‑н., звярнуцца з якой‑н. просьбай. Камісара да іхняга ганку Мы прынеслі на ранку. Для яго папытаўся вады я, — У нас яна выйшла. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)