пако́с, ‑у, м.

1. Месца касьбы (сенажаць, поле, прызначаныя для касьбы). Ужо з абеда пачалі [грабцы] прыбываць на пакос. Гартны.

2. Касьба. Ад зоркі да мроку, з перапынкамі на полудзень, .. [мужчыны] на пакосе. Пташнікаў. // Час, пара касьбы. З вясны, усё лета, пакуль не надыдзе пакос, тут для ўсіх быў чароўны, нібыта райскі куток. Грамовіч.

3. Тое, што і пракос. [Луг] скасілі, але зграблі не ўсюды — перашкодзілі дажджы.. Пакосы ўраслі ў атаву. Сачанка. Зноў шпарка захадзілі косы, кладучы пакос за пакосам. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухарля́вы, ‑ая, ‑ае.

З худым целам (пра чалавека, жывёліну). За сталом — сухарлявы, з чыста паголеным тварам мужчына. Шынклер. Высокая, сухарлявая кабеціна чарнявага воласу — яна была тут старожкаю — прыйшла ў незвычайны рух. Колас. // Пазбаўлены тлушчу (пра твар, рукі і пад.). На сухарлявы твар начальніка штаба лягла задума. Шчарбатаў. — Праходзь, чалавеча! — адказвае дзядок, махнуўшы сухарлявай рукой. Вірня. // Разм. Сухі, тонкі. Маці ўбачыла, як па траве прабег і на руды сухарлявы ствол сасонкі ўскочыў звярок з пушыстым рыжым хвастом. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыту́нь, ‑ю, м.

1. Травяністая расліна сямейства паслёнавых, лісце якой багата нікацінам. Садзіць тытунь. □ Аднойчы бацька пасынкаваў тытунь. Адломленыя парасткі і лісце ён паклаў на печы сушыць. Навуменка.

2. Высушанае і дробна нарэзанае лісце і сцёблы гэтай расліны, якія ідуць на курэнне. Уважліва, усё з той жа бацькоўскай усмешкай слухаючы Васю, Леанід Ільіч набіў тытунём сваю люлечку з доўгім роўным цыбуком і запыхкаў дымам. Краўчанка. Бацька выйшаў за Антонам на вуліцу, аддаў яму на памяць тытунь з капшуком. Мыслівец.

[Цюрк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фальва́рак, ‑рка, м.

1. У феадальнай Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне — панская гаспадарка з комплексам будынкаў, заснаваная на паншчыннай працы сялян. Рост і ўмацаванне феадальнай уласнасці ўзмацнялі феадальны прыгнёт, абеззямельванне сялянства (ствараліся фальваркі, павялічваліся панскія ўгоддзі). «Полымя».

2. Невялікая панская сядзіба, хутар. На гэтай палянцы, за паўвярсты ад дарогі, раскінулася чыясь пасада, як сярэдняй рукі фальварак, з усімі прыбудоўкамі, садам і прасторным дваром. Колас. Потым, калі .. [Адам] пасталеў,.. яго сэрца паранілі чорныя вочы паненкі з суседняга фальварка. Новікаў.

[Польск. folwark ад ням. Vorwerk — хутар.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Гіст. Абкладзены цяглом. Акрамя цяглых, службовых і рамесных сялян, сельскую мясцовасць Вялікага княства Літоўскага насялялі іншыя групы сялянства. Булыка.

2. Гіст. Звязаны з адбываннем паншчыны коньмі, жывёлай. Больш чым у палавіне маёнткаў сяляне працавалі на памешчыка па З дні цяглых і па З дні пешых у тыдзень. Лушчыцкі.

3. Разм. Стромкі, высокі (пра дрэвы). Я свой парус узняў, і знікае За ўспененай хваляй сівой Цаласа галькі берагавая, Дзе стаіш ты пад цяглай сасной. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закаха́ны, ‑ая, ‑ае.

Які адчувае каханне да каго‑н.; улюбёны. Ліпа добра разумела настрой Чапідзе, ведала, што ён закаханы ў яе. Хомчанка. Як закаханыя людзі на час не зважаюць, Так падарожныя календароў не чытаюць. Куляшоў. / у знач. наз. закаха́ны, ‑ага, м.; закаха́ная, ‑ай, ж. [Нара] кахала [Якіма] і сама не ведала за што, як звычайна не ведаюць усе закаханыя, за што кахаюць сваіх абраных. Дуброўскі. // Які выражае закаханасць, захапленне. Закаханы позірк. □ Зося ўсё яшчэ ўсхліпвала і не зводзіла з сяброўкі радасных закаханых вачэй. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засто́лле, ‑я, н.

1. Разм. Месца за сталом, вакол стала. Чачык кіўнуў ад парога ў знак прывітання, накіраваўся да застолля і сеў на другі край лавы, на якой сядзеў і Нетра. Пташнікаў. Гаспадыня падняла на ногі ўсіх сваіх кватарантаў. Людзей набралася поўнае застолле. Гаўрылкін. // Усе тыя, хто сядзіць за сталом. Агрыпіна, седзячы побач з Малашкіным, адчувала настроі свайго застолля. Пестрак. Гамоніць застолле, Мацнее гаворка. Гілевіч.

2. Святочнае частаванне, бяседа. Застолле было не вельмі раскошнае, але шчырае, па-сапраўднаму вясёлае. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарля́к, ‑а, м.

Разм.

1. Тое, што і горла (у 1 знач.). Стораж Піліп урачыста выцягнуў з-за пазухі пляшку гарэлкі. — Можа, і ў твой гарляк, Піліпе, перападзе кропля, — сказаў ён, ні да кога не зварачаючыся. Колас.

2. Частка шчытападобнага храстка, якая выдаецца ўперад; кадык. На зморшчанай, хударлявай шыі х[одыра]м хадзіў востры, нібы яловы сучок, гарляк. Бядуля.

3. Тое, што і горла (у 2 знач.). [Кірыла] агледзеў прыладдзе, паспрабаваў пакруціць за корбу, падзівіўся, як праз гарлякі белаю цягучаю гумаю вылівалася малако. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бал, бала; мн. балы, балаў; м.

1. Адзінка вымярэння сілы ветру, хвалявання мора, землетрасення. Вецер у пяць балаў. Шторм у дзевяць балаў.

2. Лічбавая ацэнка поспехаў у навучальных установах, дасягненняў у спорце. Пасля практыкаванняў на першых трох снарадах каманда СССР лідзіравала з вынікам 143,05 бала. □ На ўступных экзаменах у інстытут Наташа не дабрала нейкіх там двух нікчэмных балаў, якія і рашылі яе лёс. Краўчанка.

3. Гіст. Шар для падачы голасу за каго‑н. на выбарах. // Голас, пададзены за каго‑н. шляхам апускання шара.

[Фр. balle.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

віхля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Разм.

1. Рухацца няроўна, хістаючыся з боку ў бок. Задняе кола віхляла, церла загваздку, чаплялася вобадам за драбіны. Масарэнка.

2. Ісці, робячы частыя павароты. [Мікітка] замкнуў хату на замок, падвязаў лыжы і неўзабаве ўжо віхляў між камлёў дрэў. Сачанка. // Віцца (пра дарогу, рэчку і пад.). Адразу ж за вёскай пачыналася лагчына, па якой віхляла рэчка. Новікаў.

3. перан. Ухіляцца ад прамога адказу; віляць. Раман, згубіўшы надзею на тое, што старая прагаворыцца, пачынае хітрыць, віхляць языком. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)