прасу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
1. Засунуць куды‑н., праз што‑н.; высунуць. Прасунуць нітку ў іголку. □ Схапіўшы дужку кляшчамі, трэба было маланкава прасунуць яе ў папярэдняе звяно. Корбан. Не заходзячы ў хату, я прасунула галаву ў акно, паклікала Вольку. Савіцкі.
2. Сунучы, перамясціць на нейкую адлегласць. Манг мігам упёрся жардзінай у сцяну, а бацька тым часам хутка прасунуў човен у праход. Маўр.
3. перан. Накіраваць у бок паляпшэння чаго‑н. Аб другім перыядзе.. Багдановіч пісаў, што ён прасунуў беларускае пісьменства значна наперад. Лойка.
4. перан. Разм. Паскорыць ажыццяўленне, рашэнне чаго‑н. несумленным спосабам. Прасунуць кнігу ў друк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папа́с, ‑у, м.
1. Месца, дзе пасецца жывёла; паша. Травою шастаюць Каровы на папасе. Чарот. Змоўкла цётка, калі на падворку тонка і высока заржала жарабя, а ў дзвярах паказаўся дзядзька Андрэй — прызнаў з папасу кабыліцу. Вышынскі.
2. Прыпынак у дарозе з мэтай пакарміць коней, падсілкавацца і адпачыць; папаска. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег, Ды дзе спыніцца для папасу? Колас. Праз вёску са сваёй дружынай Баярын гэты ехаў раз, І ля Натальчынай хаціны Ён затрымаўся на папас. Купала. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на папас і на начлег у карчме. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паязджа́нін, ‑а, м.
Уст. Абл. Той, хто знаходзіцца ў дарозе, едзе куды‑н.; падарожнік. Гэтыя дзве машыны пайшлі следам за трыма грузавікамі з салдатамі, а за імі пайшлі яшчэ тры грузавікі з салдатамі. Так усе гэтыя паязджане выехалі з Баранавіч на Сіняўку і далей проста імчаліся па Маскоўска-Варшаўскай шашы, на ўсход. Чорны. Ціхамір глянуў на гадзіннік — была ўжо шостая гадзіна, але ў вакзале яшчэ было цемнавата. — Ды праз гадзіну [буфет] адчыняць, — сказаў Ціхамір тонам бывалага паязджаніна. Чыгрынаў. // Удзельнік вясельнага поезда. Як у моры ў белым снегу Без днявання, без начлегу, Ў бездарожжа, ў беспрыстанне Едуць, едуць паязджане. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сталя́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм.
1. Сталярныя вырабы. Усю зіму пратупаў Карл Раманоўскі ля свае хаты, сам зрабіў усю сталярку, а на вясну яго сям’я мела свой кут на пляцы дзеда Фелікса пад старой грушай-дзічкай. С. Александровіч.
2. Занятак сталярнай справай, рамяство сталяра. Зімою яшчэ сталяркаю [дзед Агей] трохі займаўся: таму заслон зробіць, таму прасніцу альбо матавіла. Крапіва. От праз гэты свой сарваны жывот Іллюк і цяслярства кінуў ды пачаў са сталяркаю цацкацца. Калюга.
3. Сталярня. Дзяўчына бессаромна карысталася яго паслугамі. [Юнак] рашаў за яе задачы, рабіў дамашнія заданні, працаваў у сталярцы, на агародзе. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́тнасць, ‑і, ж.
1. Самае істотнае, галоўнае ў чым‑н., унутраны змест чаго‑н. Сутнасць жыцця. Гаварыць па сутнасці справы. □ [Паходня:] — Жыццё складаней, чым вы [Заранік] паказваеце, і трэба акунуцца ў яго з галавой, каб разабрацца ў сутнасці таго, што адбываецца. Хадкевіч. Тут цяжка было дайсці да сутнасці і зразумець, хто з .. [моладзі] казаў праўду, а хто не. Машара.
2. У філасофіі — унутраная аснова прадметаў і з’яў, якая вызначае іх глыбінныя сувязі і адносіны, што выяўляюцца і пазнаюцца праз з’явы.
•••
Па сутнасці (у знач. пабочн.) — калі разглядаць аснову справы; на самой справе, у сапраўднасці. [Начальнік участка:] — На нас, па сутнасці, увесь завод працаваў. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сушы́цца, сушуся, сушышся, сушыцца; незак.
1. Трацячы вільгаць, станавіцца сухім, сушэйшым; прасушвацца (пра што‑н. мокрае, вільготнае і пад.). Паміж сосен была нават нацягнута вяроўка і, зусім як на дачы, сушылася бялізна. Карпаў. [Гаспадар] хадзіў па панадворку і ганяў індыкоў ад пшаніцы, якая сушылася на разасланых посцілках каля ганка... Чарот.
2. Сушыць на сабе мокрую вопратку, абутак. [Мірон і Віктар] увесь час пільнавалі агонь, грэліся, сушыліся. Маўр.
3. Трацячы вільгаць, засушвацца, высушвацца. Праз усё лета на вешалках пад застрэшшамі сушацца тварожныя сыры. Чорны. Грыбы перабіралі і клалі ў печ, закрывалі засланкай. Яны там сушыліся, моцна пахлі. Жычка.
4. Зал. да сушыць (у 1, 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схіл, ‑у, м.
1. Нахіленая паверхня чаго‑н.; пакаты спуск. Схіл узвышша. Схіл даху. □ Па крутых схілах рова калісьці рос каржакаваты альшэўнік. Асіпенка. На гару ўзышоў Андрэй пясчанай дарожкай праз малады густы сасоннік, які вырас на схілах за час вайны. Пестрак.
2. перан. Канец. Прыгадаем паэтычны малюнак схілу лета, стылістыка якога вызначаецца вобразнасцю, істотна ўдаленай ад стыхіі чыста сялянскага жыцця, светабачання. Навуменка. З нарады аграном дамоў На схіле дня вяртаўся. Прануза. Гадоў, што скронь мне пабялілі, Жыцця, што йдзе на схіл сягоння, Мне зор гарачых не зацьмілі Туманы, ўзнікшыя на ўлонні. Буйло.
•••
На схіле дзён (гадоў, год) — у старасці, пры набліжэнні старасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трысце́н, ‑а, і трысце́нь, ‑я, м.
Прыбудова да хаты і пад. з трох сцен. На пясчаным узгорку, над самым краем балотца, што зарасло нізкім хвойнікам і алешнікам, стаіць непакрыты хлеў — трысцен: чацвёртая сцяна з жэрдак. Галавач. І сапраўды, крокаў праз якіх сотні паўтары мы выйшлі на палянку, на якой, нібы тулячыся да лесу, стаяў велікаваты, з трысценам, драўляны дом. Сабаленка. Збудаваў .. [Рыгор] на Наносах хаціну, падобную на лазню, прыстроіў з боку яе трысцен для каровы і пасадзіў сям’ю ў сваю хату. Чарнышэвіч. Гаспадар, прыбіраючы з акон гэблі, [долаты] і іншыя інструменты, апавядаў папу, як ён цэлы год быў заняты будоўляй трысценя і новага хл[я]ва. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уну́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
1. Увабраць у што‑н. (пра галаву). Галя ўнурыла галаву ў пастаўлены каўнер, патупіла вочы, як бы яна не хацела глядзець на кафедру. Сабаленка. Рыжы больш ссутуліўся, унурыў галаву ў плечы. Кавалёў. // Панура нахіліць, схіліць (галаву). Чубар колькі часу чакаў, што адкажа на гэта ваенурач, але той унурыў галаву і сядзеў зноў безуважны. Чыгрынаў. Юрка ўнурыў галаву, здавалася, увесь сціснуўся ў камячок. Настаўніца строга пазірала на яго, думала. М. Ткачоў.
2. Утаропіць у што‑н. (вочы, погляд). Надзейка заірдзелася і ўнурыла вочы ў талерку, але праз момант усміхнулася, падняла чарку, вымавіла: «За маму». Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хапі́цца, хаплю́ся, хо́пішся, хо́піцца; зак.
1. Зак. да хапацца (у 1–3 і 5 знач.).
2. Агледзеўшыся, спахапіцца, раптоўна заўважыць што‑н. Мы спяшаемся. Неба на ўсходзе Ружавее. Дарога Выйшла з вёскі. Хапіўся Мікіта: На вяселлі ватоўка забыта. Куляшоў. [Гэля:] — Баюся, Павел. Жандармерыя — не камендатура. Калі хопяцца, возьмуць бацьку. Навуменка. Пан Войцех хапіўся, што няма курыва, і папрасіў мяне спусціцца на першы паверх, купіць у кіёску папярос. Карпюк.
3. каго-чаго. Успомніўшы, пачаўшы шукаць, раптоўна выявіць адсутнасць каго‑, чаго‑н. Праз які дзень з фермы знік славак Юлік. Яго хапіліся раніцою, калі трэба было запрагаць коні. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)