здружы́цца, здружуся, здружышся, здружыцца; зак.

Завесці з кім‑н. моцную дружбу; падружыцца, пасябраваць. [Лабановіч] успамінаў Выганаўскую школу, вучняў, знаёмых сялян, з якімі ён здружыўся і з якімі расстаўся так раптоўна і нават трагічна. Колас. Расставанне было не лёгкім. За няпоўны год усе здружыліся, палюбілі сваю школу майстроў. Асіпенка. // Зжыцца, звыкнуцца з чым‑н. Пакуль жа за партай, у школе сваёй, Ты з кнігай здружыся юначай душой. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зліня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Разм. Страціць першапачатковы колер, яркасць фарбаў; выцвісці. На плячах фрэнча яшчэ не злінялі сляды ад пагонаў. Грахоўскі. [Будынак] пастарэў, трошкі зліняла ўжо золата літар на шыльдзе. Сабаленка. // перан. Прытупіцца, сцерціся (пра пачуцці, перажыванні). Янку здавалася, калі пачне ён пра ўсё гэта расказваць каму б там ні было, дык усе яго самыя яркія адчуванні зліняюць і нічога ад іх не застанецца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змясці́цца, змяшчуся, змесцішся, змесціцца; зак.

1. Знайсці сабе дастаткова месца; умясціцца. Для правядзення свята быў выбраны самы вялікі клас, але людзей было так многа, што ўсе не маглі змясціцца. Залескі. — Я, хлопцы, у вас пераначую... Вось хаця б да цябе, Віктар. Ты хлопец шчуплы, як-небудзь змесцімся... Сачанка.

2. Разм. Размясціцца, пасяліцца дзе‑н. Адзін з прыяцеляў прапанаваў .. [прафесару] часова змясціцца з сям’ёй у сваім доме. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зню́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і са злучн. «што».

Разм.

1. Адчуць, пазнаць па паху. [Сёмка] так прапах сосам, што яго можна было за паўвярсты носам знюхаць. Колас. [Хорт] пацягнуў носам і зараз знюхаў зайца. Гарэцкі.

2. перан. Даведацца пра што‑н.; пранюхаць. [Паўліпка:] Што ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху, ні духу? Ці не знюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака? Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ато́жылак, ‑лка, м.

1. Малады парастак расліны. Каранёвы атожылак. Вішнёвыя атожылкі. □ Дрэвы так раскупчасціліся атожылкамі і шырокімі лапушнымі лістамі, што цяжка было знізу разглядзець, што робіцца на верхавіне. Вітка. А недзе ў шафе — пахавальны ліст — Яе ўдаўства мандат бестэрміновы... І зноў з пупышкі выбухае ліст — Атожылак вясновае абновы. Макаль.

2. Адгалінаванне руданоснай жылы.

3. перан. Нашчадак, патомак. Сыны ўзмужнелі, унукі падраслі — Атожылкі няскоранай дубровы. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бадзёрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., каго-што і без дап.

Надаваць сілы, энергіі, бадзёрасці; ажыўляць. З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Прыемна было адчуваць, як свежае, халаднаватае ад вільгаці паветра лілося за расшпілены каўнер касавароткі, астуджвала і бадзёрыла цела. Дуброўскі. // Натхняць. [Леся:] — Стаяць над табой неадступна, Бадзёрыць і клікаць да бою, Здабыць у баі перамогу, Ці пасці, дык побач з табой! Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́рва, ‑ы, ж.

1. Фарба, афарбоўка, колер. Цешыцца было чым: летам агародчык буяў усімі барвамі красы. Мележ. [Галя:] — Звярніце ўвагу: якія барвы! Сотня адценняў — пачынаючы ад цёмна-зялёнага да цёмна-пурпуровага. Дубоўка.

2. Чырвань, густа-чырвоны колер. І ўрэшце — неба. Неба, якое ўсё мацней адлівае пякельнай, смяротнай і трывожнай барвай. Караткевіч. Барвай набрынялі пеністыя лёгкія хмаркі, чырвань заліла ўсё: і лес, і вёску, і паплавы. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вызво́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Выконваць звонам што‑н.; званіць. Званы ў гарадку кожны дзень вызвоньвалі сваё. Чорны. На Спаскай вежы куранты вызвоньваюць поўнач. Брыль. // Адзывацца звонам, звінець. Прыемна было слухаць, як вызвоньваюць малаткі, бачыць, як паддаецца чалавеку жалеза. Даніленка. Пад вузкімі кладкамі вызвоньвала вада. Савіцкі.

2. Спяваць, звінець (пра птушак, насякомых і пад.). Высока ў небе вызвоньвалі свае песні жаваранкі. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адрэ́зак, ‑зка, м.

1. Невялікі адрэзаны кавалак чаго‑н. [Васіль] адрэзаў з братам некалькі дошак на столь. Паставіў адрэзкі пры сцяне на козлы, каб можна было браць зверху. Мележ.

2. Абмежаваная частка чаго‑н. Адрэзак часу. Адрэзак шляху. □ Застава лейтэнанта Усава ў няроўнай барацьбе.. трымала давераны ёй адрэзак граніцы. Брыль.

3. пераважна мн. (адрэ́зкі, ‑аў). Землі, адрэзаныя ад сялянскіх надзелаў у часе рэформы 1861 г. ў Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адхісну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Рэзка падацца ўбок; адхіліцца. — Не трэба гэтага, Мартын! — устрывожана сказала Аўгіня. І ўсім целам адхіснулася ад яго, каб вызваліцца з яго рук. Колас. [Параска] адхіснулася ад акна і стаілася за сцяною. Лобан.

2. перан. Адступіцца, рашуча адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. Хай бы хоць што-кольвек было ў .. [Косціка] Станіслававага, .. [Галя] б не адвярнулася, не адхіснулася б ад яго. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)