Бры́нза, таксама бры́ндза (Маш., Вешт.). Рус. бры́нза, брындза ’сыр з авечага малака’, укр. бри́нза, бри́ндза, польск. bryndza, чэш. brynza і г. д. Першакрыніцай з’яўляецца рум. brînză ’тс’. У бел. мову слова папала, відаць, праз укр. або польск. мову. Рум. слова распаўсюдзілася ў многіх еўрапейскіх мовах, але яго паходжанне застаецца невядомым. Брукнер, 43; Бернекер, 93; Шалудзька, Rum., 128; Рудніцкі, 208; Чаранэску, 105; Крынжалэ, 221 і наст. Гл. яшчэ Кніежа, 109. Вельмі падрабязна і з вялікай літ-рай MESz, 1, 370. Параўн. яшчэ (спецыяльна пра бел. слова) Врабіе, Зб. Расэці, 993 і наст.; ён жа, RomSl, XIV, 134.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Буды́нак ’будоўля, будыніна, хата і да т. п.’ (БРС, Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Мядзв., Інстр. I, Янк. I, Янк. Мат., Тарн., Нас., Шат., Касп.), буды́нок (Бесар.), будынек (Чуд.). Сюды ж і буды́ніна ’будынак’ (Янк. I). Агляд бел. форм гл. Лучыц-Федарэц, Лекс. Палесся, 146–147. Укр. буди́нок. Запазычанне з польск. budynek ’тс’, якое паходзіць з с.-в.-ням. *būding ’будаванне’. Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 47; Слаўскі, 1, 48. Падрабязна аб польскім слове і ням. крыніцы Лер-Сплавінскі, JP, 22, 111–117 (Studia, 180–185). Памылкова ўтварэннем ад буда (польск. buda) лічыць словы буды́нак, budynek Рудніцкі, 236.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бузава́ць ’біць, лупцаваць’ (Бяльк.), буза́ніць ’біць’. Рус. бузова́ть ’тс’, укр. бузува́ти ’тс’; ’рабіць вымову’. Запазычанне з польск. buzować ’тс’ (параўн. і buza ’лаянка, вымова’). Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 47; Шанскі, 1, Б, 216. Польскае слова ўзята з італ. far buzzo ’злавацца’ (Брукнер, 51). Вельмі няпэўная сувязь усёй групы слоў з бузіна́ і да т. п., як і сувязь (Мацэнаўэр, Cizí sl., 127) з літ. baũsti ’прымушаць, караць’ (Фасмер, 1, 233; яшчэ Шанскі, там жа). Надта няпэўным з’яўляецца вывядзенне ўсх.-слав. (укр.) слоў прама з італ. мовы (так Рудніцкі, 241). Аб бузава́ць ’пэцкаць і да т. п.’ гл. пад буза́ 2.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бу́нька ’бочачка’ (Яруш.), ’збанок’ (ДАБМ, 822), ’гліняная пасудзіна без вушка’ (Інстр. I), гл. яшчэ Клім. Укр. бу́нька ’гліняны посуд, збан з вузкім горлам’, польск. bunia, buńka. Слова няяснага паходжання. Варш. сл. (1, 234) лічыць, што гэта трансфармацыя слоў bania, bańka. Рудніцкі, 257 (толькі ўкр. матэрыял), таксама думае пра дэфармацыю слова ба́нка. Няясныя і адносіны (у сэнсе магчымасці запазычання) паміж мовамі, дзе зафіксавана бу́нька. Параўн. яшчэ чэш. buňka ’ячэйка пчаліных сотаў’, якое таксама не мае этымалогіі (аб гэтым Махэк₂, 77), а таксама назвы пасудзін: чэш. obuň, obuňka, славац. oboňa, obôn(k)a, obonija і да т. п., якія Махэк₂ (408) лічыць няяснымі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бу́рка ’верхняя жаночая або мужчынская вопратка’ (Жд., Шат.), ’сярмяга’ (КЭС), ’мужчынская вопратка з брызенту’ (Інстр. I), ’розныя віды вопраткі’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат., Мат. Гродз., Сакал., Бесар.). Рус. бу́рка, укр. бу́рка. Тлумачыцца як вытворнае ад бу́ры (’бурая вопратка’). Брукнер, 49; Мацэнаўэр, Cizí sl., 124; Рудніцкі, 261; Фасмер, 1, 245. Іншыя думаюць пра запазычанне з усх. моў (Міклашыч, Türk. El., Nachtr., 1, 14; Гараеў, 34; Локач, 19: < перс. bärk ’плячо’) або з венг. мовы ці цюрк. моў (Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 39: з венг. burok). Булыка (Запазыч., 52) лічыць, што бел. бурка < польск. burka (а гэта з тур.). Няпэўна. Параўн. Брукнер, 49.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бухцець ’бурчаць’, бухта ’буркун, буркуха’, бухціла ’буркун, сварлівы мужчына’ (Яўс.). Рус. бухте́ть ’стукаць; бурчаць; гаварыць пустое, балбатаць’, бу́хта ’ілгун’, бухти́ло ’тс’, укр. бухті́ти ’гарэць; глуха гучаць’, польск. buchcić, балг. бу́хтя ’глуха шумець; кашляць’ і г. д. Прасл. *buxъtěti. Утварэнне ад *bux!, *buxati (гл. бу́хаць) з суфіксам *‑ъt‑, вельмі тыповым для гукапераймальных дзеясловаў. Гл. БЕР, II, 94; Рудніцкі, 278. Далейшым утварэннем ад *buxъt‑ з’яўляецца славянскі тып *buxъt‑or‑iti (дзе суфікс *‑or‑ выконвае ўзмацняльную функцыю). Параўн. бел. бухто́рыць ’праз меру ліць вадкасць; звыш меры піць, ліць’ (Нас.), ’наліваць шмат, без патрэбы, звыш меры’ (Юрч.), бохто́рыць ’наліваць’ (тураў., Выг. дыс.), польск. buchtorzyć ’дурыць, баламуціць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ваґе́ра 1 ’зух’ (гук ґ выбухны) (Нас.), вогер, вогерка ’тс’ (КТС). Насовіч падае таксама вогер, якое тлумачыць, як ’жарабец’ і як ’угарь-молодец’. Ці не сюды рус. огурь, огурный, огуряться, якія прыводзіць Фасмер (3, 120), лічачы іх няяснымі, а таксама рус. ухарь? Укр. вагера ’тс’. Семантычна вогер, вагера можна наблізіць да агура ’неслух’ (Бяльк.), агурань ’грубіян, неслух’ (Нас.). Паводле версіі Карскага, Белорусы, 176, вогер ’жарабец’ < цюрк. ajge̥r. Далей семантычны пераход ’жарабец’ > ’зух (пра чалавека)’, што пацвярджаецца наступнай паралеллю: адлётныя (коні) (Нас.) — адлёт ’зух’ (Бір. дыс., КТС). Параўн. Рудніцкі, 1, 289.
Ваге́ра 2 ’танец на кукішках’ (Нас.). Няясна. Магчыма, звязана з папярэднім.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Валтузіць ’тармасіць’ (БРС), валтузіцца ’спрачацца, лаяцца’ (КЭС). Рус. валтажиться ’вазіцца з чым-небудзь, з кім-небудзь’; валтошиться ’павольна рабіць што-небудзь, завіхацца’, ватажаться ’вазіцца’, укр. вовтузитись. Рудніцкі (1, 457) лічыць украінскі дзеяслоў кантамінацыяй укр. возитися і тузатися. Фасмер (1, 270) рус. валтажиться звязвае з франц. avantager ’садзейнічаць, павялічваць долю’. Не выключана, што валтузіць звязана з ватага (гл. версіі ў артыкуле вантажыцца). Несумненна, на форме слова адбілася кантамінацыйнае ўздзеянне іншых дзеясловаў. Варта звярнуць увагу на тое, што валтузіць можа быць утворана ад валтуза, якое дазваляе ставіць пытанне аб балтыйскім уплыве (параўн. бамбіза, лапеза і іншыя назоўнікі з суфіксальным ‑з‑).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вальяжны ’няспешны, здаволены’ (КТС): «Дзед ішоў на дзіва вальяжны і прыгожы» (У. Караткевіч). Параўн. рус. вальяжный ’які ідзе няспешна, нетаропка’. Рус. вальяжный ’грузны, тоўсты, непаваротлівы, вельмі важны’. Фасмер (1, 271) услед за Праабражэнскім (1, 63) звязвае з *вальяга < валить. Іншая версія: рус. вальяжный < льячный (Даль, 1, 163; Шанскі, 1, В, 15). Акрамя ўказаных, слова мае шэраг значэнняў: ’масіўны, моцны; разны, прыгожа выраблены’ і звязваецца з дзеясловам вальяжиться ’важнічаць, фанабэрыцца’. Магчыма, бел. слова з’яўляецца русізмам. Варта ўказаць на ўкр. валежний ’важны’ (Грынч., 1, 123), якое Рудніцкі (1, 299) лічыць магчымым вытлумачыць як кантамінацыю ўкр. валечный (< польск. waleczny) і ўкр. важний.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Варлаво́кі ’чалавек з вялікімі вачамі наверсе’ (полац., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), варлаво́кій ’касавокі’ (Грыг.). Ужо Грыгаровіч (там жа) параўноўваў з чэш. vrlooký ’блізарукі’ (адкуль?). Параўн. укр. вирлоо́кий ’лупаты’, вирла́тий (пра вочы) ’тс’, вирла́ч ’тс’. Магчыма, ад *vьrlo ’рычаг, дышаль’ (параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 131), так Рудніцкі (395). Паняцце «вірлавокі» можа перадавацца словамі са значэннем ’рычаг, дышаль і да т. п.’ Параўн. яшчэ чэш. bidlovojký (ад bidlo ’рычаг’). Сюды ж і верлаво́кі ’лупаты, касавокі’ (Др.-Падб., Гарэц., Нас., Лысенка, ССП), рус. дыял. (смал.) Варлео́ка ’аднавокая казачная істота’, варлео́кий ’аднавокі’. Іншую этымалогію ўсёй групы слоў прапанавала Куркіна (Этимология, 1970, 101).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)