ацані́ць, ацаню, ацэніш, ацаніць; зак., каго-што.

1. Назначыць цану чаму‑н.; вызначыць вартасць чаго‑н. [Несцяровіч краўцу:] — Ацэнім тваю хату і за яе табе будаўніцтва сплаціць. Чорны.

2. перан. Даць ацэнку каму‑, чаму‑н., выказаць сваю думку пра што‑н., вызначыць ролю, характар каго‑, чаго‑н. — Смутак, напрыклад, можа мець апраўданне, што для таго ён, каб пасля яго больш ацаніць радасць. Чорны. Арон хутка ацаніў становішча. Мурашка. // Прызнаць станоўчыя якасці, каштоўнасць і пад. каго‑, чаго‑н. Не! Ніхто, толькі яна [пані] сама сябе можа ацаніць. Бядуля. Свет не бачыў падобнай мастацкай рукі: хай ацэняць цудоўны кілім мастакі... Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

немалы́, ‑ая, ‑ое.

1. Даволі вялікі, значны па велічыні, памерах, колькасці. Немалыя грошы. □ Немалую дарогу прайшлі мы Па чужой і па роднай зямлі. Колас. — Колькі сёння атрымана патронаў? — запытаўся камандуючы. І хоць начальнік тыла назваў немалую лічбу, камандуючы быў незадаволены. Мележ. // Даволі працяглы (пра тэрмін, час і пад.). Чатыры гады — немалы час. Чарнышэвіч.

2. Значны па сіле, інтэнсіўнасці, глыбіні праяўлення. Немалая радасць. □ Рух узняўся за лесам І лязгат, і гром немалы. Куляшоў.

3. Які мае даволі вялікае значэнне, аўтарытэт у грамадстве; значны, важны. Сярэдні чыноўнік губернскіх канцылярый або немалы чын на чыгунцы заўсёды будаваў сабе пад старасць такі дом. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зме́сці, змяту, змяцеш, змяце; змяцём, змецяце; пр. змёў, змяла, ‑ло; заг. змяці; зак., каго-што.

1. Метучы, зняць, сцерці з якой‑н. паверхні. І рухам ветлай гаспадыні Марына з лавы пыл змяла. Колас. // Знесці, падхапіўшы сваім рухам (пра вецер, буру, завіруху). Ледзяною роўнай сцежкай Вецер венікам прабег, Ён на радасць канькабежцам Мігам змёў са сцежак снег. А. Александровіч.

2. перан. Знішчыць, ліквідаваць. Сваёй магутнай дыктатурай Змяцём буржуяў і паноў! Бялевіч.

3. Метучы, сабраць у адно месца. Змесці збожжа ў кучу.

•••

Змесці з твару зямлі — тое, што і сцерці з твару зямлі (гл. сцерці).

Як ветрам змяло — пра нечаканае знікненне каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здаро́ўе, ‑я, н.

Стан арганізма, пры якім нармальна дзейнічаюць усе яго органы. Берагчы здароўе. Адбіцца на здароўі. Па стану здароўя. Курыць — здароўю шкодзіць. □ Гарцаваць на кані не дазвалялі [дзеду Астапу] ўжо гады і здароўе. Лынькоў. // Пра самаадчуванне, стан каго‑н. Смалістыя бары, верасовыя паляны і лясныя кветкі папаўняць новы горад водарам жыцця і сілы, прынясуць здароўе і радасць жыхарам беларускага нафтагорада. Грахоўскі.

•••

Добрага здароўя — а) пажаданне пры развітанні; б) прывітанне пры сустрэчы. — Добрага здароўя, добрай раніцы, — першымі адказалі Ахрэму жанкі. Кавалёў.

За ваша здароўе — пажаданне таму, за каго паднімаюць тост.

На (добрае) здароўе — адказ-пажаданне гаспадара таму, хто дзякуе за частаванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. замоўк, ‑ла; зак.

1. Спыніць гаворку, спевы, крык і пад.; змоўкнуць, замаўчаць. Лабановіч замоўк і задумаўся. Колас. — Афіцэр... — ціха шапнуў Міколку дзед і замоўк. Лынькоў. // Спыніць стральбу (пра агнястрэльную зброю). Гарматы замоўклі. □ Грымнуў выбух, і кулямёт замоўк. Курто. // Спыніць перапіску з кім‑н., пераехаць пісаць куды‑н., каму‑н. Не піша сястра, замоўкла.

2. Перастаць гучаць, раздавацца (пра гукі). Даўно адпелі на дварах дайніцы, Замоўклі крыкі, смех, абрыўкі слоў — Скрозь ціха, ціха... Спіць сяло. Лойка.

3. перан. Сціхнуць, замерці; перастаць адчувацца (пра пачуцці). А вось радасць, што цвіце над краем, у юнацкіх сэрцах не замоўкне. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прые́мнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыемнага. Прыйшоўшы назаўтра з работы, .. [кравец] гадзіны дзве адпачываў, адчуваючы пад сабою прыемнасць чыстай пасцелі. Чорны.

2. Пачуццё радасці, задавальнення ад чаго‑н. прыемнага. Там, на лузе, .. [Пятро] адчуў сябе ў бяспецы і з прыемнасцю пераначаваў у стозе сена. Шамякін. Міход паліваў пану каменданту над цэбрам, а той аж фыркаў ад прыемнасці. Сабаленка. [Гаспадары] з’елі яе ўдваіх, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба і мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць. Чорны.

3. Што‑н. прыемнае; тое, што прыносіць радасць, задавальненне. Зрабіць прыемнасць. □ [Вера:] — А што, непрыемнасці ў вас? — [Клопікаў:] — Ах, божа, божа! Якія ж могуць быць прыемнасцю ў нас пры нашай службе? Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прые́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць задавальненне, радасць. Прыемная навіна. Прыемны ўспамін. Прыемны пах. □ У цёплыя дні Міколка лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Лынькоў. Раптам пакой напаўняе ціхі-ціхі, але такі прыемны, кранаючы спеў калыханкі. Шамякін. Прыемная зморанасць разлівалася па жылах смачным дрымотным пітвом. Бядуля. / у знач. наз. прые́мнае, ‑ага, н. Чалавеку заўсёды хочацца думаць аб прыемным, хай нават прыемнага адна кропля. Каршукоў.

2. Які выклікае сімпатыю, прыхільнасць; прывабны. У .. [старшыні] прыемны адкрыты твар, шчыры пагляд, лагодны голас. Ваданосаў. Гэты круцель і камбінатар быў на першы погляд чалавек прыемны. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце; пр. размёў, ‑мяла, ‑мяло; зак., каго-што.

1. Метучы ў розныя бакі, расчысціць. Выйду, выйду хутчэй за вароты я І на вуліцы снег размяту. Ставер. // перан. Ачысціць, вызваліць ад каго‑, чаго‑н. Радасць і шчасце дагонім сваё, шторм рэвалюцыі шлях нам размёў! Дубоўка.

2. перан. Разагнаць, раскідаць. Вайна размяла нас па беламу свету. Звонак. Ад дотаў Волгі да Берліна ты [армія] зброд фашысцкі размяла. Машара.

3. перан. Расхапаць, разабраць. Але немцы размялі і свякрусіну хату. Засталося ўсяго некалькі вянкоў, што ніжэй акон. Сяркоў. Словам не стала ансамбля. Спевакоў, .. [танцораў] маіх каго куды, усіх да аднаго размялі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

Спачуваннем, угаворамі аблягчыць чыё‑н. гора, перажыванне. Суседзі, знаёмыя прыйшлі выказаць сваё спачуванне, суцешыць у горы. Лынькоў. Хлопец плакаў. □ Міця нічым, не мог яго суцешыць. Навуменка. Чым сірату суцешу, што ёй, маўклівай, скажу?.. Макарэвіч. // Прынесці каму‑н. супакаенне, палёгку; заспакоіць. Ніхто так не ўмеў зразумець, падтрымаць і суцешыць хворага. Грахоўскі. Ты яшчэ, Люба, маладзец, — старалася суцешыць .. [Юля] Любу. Васілевіч. // Абрадаваць, перадаваць каго‑н. [Алесь:] — Гэта, брат, яшчэ большая радасць... Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды суцешыў, брат. Караткевіч. // у безас. ужыв. [Пятра] суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы .. [Сашы] поўныя слёз. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вясёлы ’пранікнуты весялосцю, радасцю; прыемны для погляду, не пануры’; ’той, хто дае, выклікае радасць’; ’яркі, светлы’ (БРС, КТС, Бяльк.), драг. высёло́ (прысл.) ’прыгожае месца, асветленае, з буйнай расліннасцю, магчыма, на ўзвышшы’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), укр. веселий, рус. весёлый ’вясёлы, радасны’, каз. ’хуткі’, смал. ’ласкавы’, у спалучэннях ’рознакаляровы (камень, кветкі)’; ’асветлены, светлы, ясны (пра ноч)’; ’шматлікасць (рыбы, суквецця)’, ст.-рус. веселый ’вясёлы, які радуе багаццем, дастаткам’; польск. wesoły (ст.-польск. wiesioły), н.-луж. wjasoły, в.-луж. wjesoły ’вясёлы’, чэш. veselý ’тс’, валаш. veseła ’карова з белымі нагамі і хвастом’, мар. veselý ’светлы, чырвоны (колер)’, славац. veselý ’вясёлы’, славен. vesę̑ł ’тс’, серб.-харв. ве̏сео ’прыгожы, пагодлівы (дзень, месяц’; ’светлы, ззяючы’; ’ясны, каляровы’; ’буйны, свежы (расліна)’; ’хуткі, жвавы’; ’цудоўны, незвычайны’, макед., балг. весел ’вясёлы’, ст.-слав. веселъ. Прасл. vesel‑ъ мела значэнне ’буйны, пышны, паўнакроўны; каляровы, які іграе жывымі, яснымі колерамі, які радуе, вясёлы’. Самымі блізкімі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца лат. vęsęls ’здаровы, поўны, цэласны, цэлы, непашкоджаны’, прус. wessals, ілір. анамаст. Veselia ’Felicitas’ (Будзімір, RIEB, 1, 284; Краэ, IF, 57, 113). Відавочна, ‑elъ з’яўляецца суфіксам, тады корань ves‑ < і.-е. *u̯es‑ са значэннем ’добра’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 543) ці ’жыць’ (Праабражэнскі, 1, 78); таксама Младэнаў (63) і Покарны (826) звязваюць гэты корань з лац. vēscor ’атрымліваць асалоду ад ежы’, санскр. vas‑ ’ем’, vásu‑ ’добры’, кімр. gwest ’бяседа’, гоц. wisan ’банкетую’, ірл. feis ’есці’. Фасмер (1, 303) адносіць сюды яшчэ авест. vaηhu‑, voku, гальск. ves(u)‑ (ва ўласных імёнах Vesunertus, Vesclevesis), ірл. fíu ’варты, роўны’. Фік (545), Буасак (234) і Гараеў (1896, 46) адносяць аснову ves‑ да і.-е. *u̯ekʼ ’хацець’ (ст.-інд. vaś‑mi ’хачу, жадаю’, грэч. ἑκών ’ахвотны’, ἕκηλος ’спакойны’). Тое ж Махэк₂ (685), які праводзіць паралель паміж слав. vesel‑ъ і ням. lustig (< Lustрадасць, захапленне, жаданне, ахвота’, ’юрлівасць’), суадносячы яго з лексемай vášeň ’страсць’. Торп (405), Скок (3, 578), КЭСРЯ (77) звязваюць вясёлы з лексемай вясна́ (гл.), што зусім імаверна, калі прыняць пад увагу значэнні лексемы ў паасобных слав. гаворках: ’месца з буйной расліннасцю’; ’рознакаляровыя кветкі’; ’свежыя, буйныя расліны’; ’здаровы, цэласны’, а таксама ўкр. квітень, польск. kwiecień — назвы вясенніх месяцаў. Сюды ж прысл. вясёла (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)