салда́т, ‑а, М ‑даце, м.

1. Радавы ваеннаслужачы сухапутнага войска. Салдаты і матросы. Узвод салдат. □ Неўміручы подзвіг салдата Аляксандра Матросава, які грудзьмі засланіў амбразуру дзота, каб адкрыць шлях наперад сваім таварышам па зброі. «Звязда». // Ваеннаслужачы наогул. Салдаты вялікай Расіі ў Парыжы ўздымалі сцягі. Бялевіч.

2. перан. Ідэйна загартаваны барацьбіт, удзельнік якога‑н. руху, член якой‑н. арганізацыі. Салдат рэвалюцыі. Салдат партыі. □ Ён [Глебка] быў салдатам пакалення, што праз усе грамы прайшло, Сваё жыццё, сваё натхненне Айчыне роднай аддало. Прыходзька.

•••

Лясныя салдаты — партызаны. Трэба было наладзіць цесную сувязь з народнымі мсціўцамі, трэба, было камусьці пераправіцца да лясных салдат... Бялевіч. Выйшаў лясны салдат з блакаднага пекла ў бяссмерце... Барадулін.

Невядомы салдат — аб загінуўшым за высакародную справу салдаце, прозвішча якога невядома.

Савецкі салдат — баец Савецкай Арміі, вартавы заваёў сацыялізма.

У салдатах (быць, служыць і пад.) — на ваеннай службе.

У салдаты (ісці, браць і пад.) — на ваенную службу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да убрацца (у 1 знач.).

2. Незак. да увабрацца.

3. Зал. да убіраць.

•••

Убірацца ў сілу — а) падрастаць, мужнець; б) разжывацца, мацнець матэрыяльна. Калгас убіраўся ў сілу; в) умацоўвацца арганізацыйна, развівацца. То быў час, калі маладое савецкае жыццё сталела, убіралася ў сілу. М. Ткачоў; г) расці, умацоўвацца (пра расліннасць). Не пусцее за кручай дзялянка, Убіраюцца ў сілу дудкі. Свірка; д) узнімацца (пра сонца), пачынацца, наставаць (пра пару года, дня і пад.). Сонца яшчэ толькі ўбіралася ў сілу, але расы ўжо не было. Беразняк. Аднак праходзіў час, летняя духмяная раніца ўбіралася ў сілу, а на дарогах было ціха. Кулакоўскі. А восень усё больш убіралася ў сілу. Ужо ўвесь лес быў голы. Лупсякоў.

Убірацца ў тогу каго-чаго — спрабаваць выдаць сябе за каго‑н. або заваяваць сабе якую‑н. рэпутацыю, не маючы на гэта дастатковых падстаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; незак., каго-што.

1. Нахіляць, нагінаць. Я падняўся ад сырой пліты, але нехта хінуў маю галаву долу, і я не бачыў сцежкі. Пташнікаў.

2. перан. Выклікаць прыхільнасць да сябе, схіляць на свой бок. Але «чужак» быў бескарыслівы — вось што хінула да яго людзей, вось што дазваляла належным чынам ацаніць і яго талент, і яго памкненні. М. Стральцоў. // Накіроўваць на што‑н. (думку, справу і пад.). — Адным словам, усё ў вас там ціха і гладка, — не зусім ясна для мяне было, куды хінуў сакратар. Кухараў.

3. Прыхіляць, гарнуць да сябе. Малога на рукі бярэ, Хіне да грудзей яго горача, Каб матчыным сэрцам сагрэць... Калачынскі. Алег пачаў хінуць Людмілу да сябе, але яна заставілася рукамі. Ермаловіч. І .. [Чыжык] хінуў Зосю да сябе, бо ў ёй як бы было сабрана ўсё хараство зямлі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казаці́на ’казакін’ (БРС, ТСБМ). Словаўтварэнне празрыстае — адаптацыя запазычанага слова, уключэнне яго ў сістэму дэрыватаў з ‑іна, паколькі арыгінал — франц. casaquin натуральна патрабуе такой пераробкі суфікса пры ўключэнні ў слав. сістэму. Няясна, аднак, у якой мове адбыліся трансфармацыі: польск. мова ведала форму kazakina, kasakina (зафіксавана ў Ліндэ), вядомыя таксама і палес. козачына, козачіна. Па сутнасці, адказам на пытанне было б прыняцце версіі, на якой казаціна — беларуская інавацыя на базе вядомага бел. усх.-палес. казачына, казачіна, якія ў выніку ад’ідэацыі да козак утвораны або ад козак ’адзенне, адзенне казацкае’, або ад козакін у тым жа значэнні. Не выключана, што ўсх.-палес. казачына адлюстроўвае вядомую ўкр. форму. Калі меркаваць, што ў бел. казаціна ‑ц‑ не было вынікам уласна фанетычных працэсаў, можна меркаваць аб уплыве як дэрыватаў, так і верагодных выразаў з казацкі, дзе ‑ц‑ з’яўляецца заканамерным. Ва ўсякім разе любая з прапанаваных версій прадугледжвае пераўтварэнне слова ў беларускіх гаворках, а гэтаму пярэчаць крыніцы літаратурнай мовы, дзе яно адзначана, хаця слова не мае яўна літаратурнага характару. І ўсё-такі можна думаць, што ў казаціна ‑ц‑ не з ‑ч‑ і не з ‑к‑ (па другой версіі), а з ‑тʼ‑. Гэта вымушае звярнуцца да матэрыялаў рус. гаворак, для якіх тʼ < кʼ — працэс рэгулярны. Рус. гаворкі (раст., смал., цвяр., чэрап., наўг.) ведаюць форму казатин ’мужчынскае адзенне, казакін’ (разан., караган., алан.) ’жаночая паддзёўка’ (кірыл., наўг.), казатина ’мужчынскае верхняе адзенне, казакін’ (алан., наўг. і інш.), казакитинка ’разнавіднасць мужчынскай і жаночай паддзёўкі’. Гэтыя факты дазваляюць меркаваць, што бел. казаціна паходзіць менавіта з такіх форм, што вызначае крыніцу літар. слова ва ўсх.-бел. або паўн.-усх.-бел. гаворках.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́тка1 ’маці, мама’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Яруш., Шат., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС), ’мачаха’ (Яшк., Назвы), ма́тачка ’маці’ (Шат., Растарг.), ’самка некаторых жывёл, птушак і насякомых (пчол)’ (ТСБМ, Бес., Нас., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. ма́тка, рус. ма́тка ’тс’, пск. ’сястра жаніха, нявесты’, пецярб. ’хрышчоная маці’, ярасл. матка старенькая ’бабуля’ (тое ж славац. stará matka); польск. matka ’маці’, ’пчаліная матка’, ст.-польск. matka ’цётка’, ’мамка’; чэш., славац. matka ’матка’; на паўд.-слав. тэрыторыі і Паноніі калісьці таксама было matka, якое пазней выцесніла majka/майка, matica (параўн. венг. mátka ’нявеста’, алб. mëtkë ’пчаліная матка’). Прасл. matъka — дэмінутыў да mati > ма́ці (гл.). Значэнне ’пчаліная матка’ ў лексемы matъka таксама вельмі старое; аналагічнае назіраецца ў англасаксаў. У іншых і.-е. народаў ужываюцца словы мужчынскага роду: rēx, βασιλέυς, König і да т. п. (Reallexicon, 1, 278). Сюды ж матка‑і‑мачаха ’падбел, Tussilago farfara’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Барысава (Бел.-рус. ізал., 9) мяркуе, што матка ў смал. гаворках было запазычана з польск. мовы.

Ма́тка2 унутраны палавы орган жанчын і самак жывародзячых жывёл’ (ТСБМ), ’сцябло ніжняй часткі хмелю’ (акц., Мат. Гом.). Да ма́тка1. Аналагічна яшчэ лац. mātermātrīx.

Ма́тка3, ма́ткы, маткы́ ’спарыння ў жыце, Claviceps purpurea Tul.’ (пін., Шатал.; драг., Нар. лекс.), зах.-укр. ма́тка ’тс’ (Выгонная, Бел.-укр. ізал., 19). Да ма́тка2. Спарыння выкарыстоўваецца ў гінекалогіі.

Ма́тка4 — адзін з капітанаў дзвюх каманд, выбраны перад пачаткам дзялення на каманды’ (гродз., Нар. словатв.). Рус. алан., арханг., валаг., перм., наўг., пенз. матка ’тс’, чэш. matka, máma. Відавочна, да матка1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

буй 1, буя́, М на буі́; мн. буі́, буёў; м.

Высокае, адкрытае з усіх бакоў для ветру месца. Гэта быў даволі высокі буй, парослы верасам і дробным сасоннічкам. Броўка. Але ляжаць за сумётамі было зацішней і ўтульней, чым на буі. Грахоўскі.

буй 2, бу́я, М на буі́; мн. буі́, буёў; м.

Сігнальны паплавок на рацэ, возеры, у бухце для абазначэння мелі, месца рыбацкай сеці і пад.

[Гал. boei.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вартавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Прызначаны для варты. Вартавая вышка. Вартавыя пункты. □ Вартавы катэр увайшоў у бухту і кінуў якар. Хомчанка. // Звязаны з нясеннем варты. Вартавая служба.

2. у знач. наз. вартавы́, ‑ога, м. Той, хто стаіць на варце. Пры хаце застаўся адзін толькі вартавы, ён жа і перакладчык. Брыль. Патржанецкі прыйшоў у лагер ужо вечарам. Ніхто не сустрэў яго. Ніякіх застаў, ніякіх вартавых не было. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́сніцы, ‑ніц; адз. няма.

1. Вароты ў двор або з двара ў агарод, у поле. Мы ўвайшлі ў двор — звыклы сабе сялянскі двор, з хлевушкамі, павеццю, весніцамі на прыгуменне. Чорны. Нямала было пасля.. весніц на чужых дварах, з якіх я выганяў штодня чужую жывёлу. Брыль.

2. Уст. Плот з варотамі ў канцы вёскі. Сонца ўжо звярнула з поўдня, калі з весніц вёскі.. паказалася чарада кароў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кантро́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кантролю, ажыццяўляе кантроль. Кантрольны пункт. Кантрольны мост. Кантрольная камісія. // Прызначаны для кантролю. Кантрольная работа. Кантрольная апаратура.

2. у знач. наз. кантро́льная, ‑ай, ж. Праверачная работа ў школе, вну. Было ў Сяргея і сваё, асабістае жаданне. Пра яго ён не толькі не пісаў ніколі ў кантрольнай, але нават не гаварыў і сваім лепшым сябрам. Шахавец.

•••

Кантрольныя лічбы гл. лічба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацвярдзе́ць, ‑ее; зак.

Зрабіцца цвёрдым, каляным. Зацвярдзела зямля, і кожны крок чалавека стаў аддавацца звонкім гулам. Шчарбатаў. Трэба было разліваць сталь, і Барашкін узяў у рукі тонкі жалезны лом, на якім.. зацвярдзеў метал ранейшай плаўкі. Савіцкі. // перан. Стаць суровым, строгім. Прыветлівая ўсмешка знікла з твару гаспадыні. А дзяўчынка, убачыўшы, як адразу зацвярдзеў твар жанчыны, ужо вельмі шкадавала, што паслухалася маці і абяцала папрасіць грошай. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)