сказа́ць, скажу́, ска́жаш, ска́жа; зак.

1. што і без дап. Выкласці вусна якую‑н. думку, паведаміць што‑н.; вымавіць. І пахваляць цябе людзі, Скажуць: «Наш хлапчына!» Колас. Хрыпач сказаў кароткую прамову. Ён заўсёды гаварыў коратка. Усе ўважліва слухалі чаканныя, нібы каманда, словы. Б. Стральцоў. — Авёс вельмі мізэрны, — крытычным тонам сказаў аграном. Бядуля. Косця прама сказаў таварышу, калі яны вярталіся дадому: — Хвалько ты, Альберт! Шыловіч. // Разм. Расказаць. Скажу вам не казку, а праўду. Якімовіч.

2. з інф. Загадаць. [Паўлік:] — Я ўсё як трэба расказаў, прызнаўся гэтак, як цяпер тут, і мне сказалі ісці дадому. Чорны.

3. (звычайна з адмоўем). Дапусціць, падумаць, зрабіць вывад. Па вашаму выгляду не скажаш, што вы хворы. □ [Нахлябіч:] — А што, калі людзі бачылі, што ты ў мяне цяпер. Ты малады, ты куды хочаш махнуць можаш, а я што! Тады кожны скажа, што я памагаў табе. Чорны.

4. перан. Зрабіць вядомым, зразумелым што‑н.; паказаць на што‑н. Што скажа мне, Зроблены дбала нажом, Узор[ысты] надпіс на блясе? Гілевіч. «Скончана ўсё», — сказала смяротная халоднасць яго твару. Чорны. Толькі, сустрэўшыся, рукі, Скутыя рукі сказалі, Што за палямі, лясамі, Недзе ёсць Нарачы хвалі. Танк.

5. 1 ас. мн. буд. ска́жам у знач. пабочн. Напрыклад. Прадаць.. [трусоў] ці, скажам, на мяса завесці — трэба ж рашэнне прыняць. Ракітны.

6. заг. скажы́(це). Вокліч, які служыць для выражэння здзіўлення, абурэння і пад. з прычыны чаго‑н. Які скоры, скажыце!

7. 2 і 3 ас. буд. ска́жаш (ска́жаце), ска́жа (ска́жуць). Вокліч з асобай інтанацыяй для выражэння нязгоды з чым‑н. пачутым, пагардлівых адносін да думкі субяседніка. — Скажа! — узарваўся нейчы бас. Бажко.

•••

Дарэчы сказаць (у знач. пабочн.) — ужываецца для абазначэння таго, што дадзеная фраза гаворыцца ў дадатак да чаго‑н., толькі што сказанага. Гэта была яго адзіная спецыяльная вучоба, якая, дарэчы сказаць, пайшла марна. Дуброўскі.

Да слова сказаць (у знач. пабочн.) — у сувязі са сказаным або ў дадатак да яго. [Сцяпан:] — Да слова сказаць, вы таксама забыліся ля свірка свой мяшок. Пянкрат.

(Ды) і то сказаць — выкарыстоўваецца як праяўленне згоды з абгрунтаванасцю, слушнасцю чаго‑н. Ды і то сказаць, які час наш, такія і планы. Краўчанка.

З дазволу сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца для выказу адмоўных адносін таго, хто гаворыць, да асобы, прадмета ці з’явы, пра якія ідзе размова. Я не веру, што ў такім, з дазволу сказаць, танцы можна знайсці эстэтычную асалоду. «Маладосць».

Каб сказаць (сказаў) (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца для выражэння скептычных адносін да каго‑, чаго‑н. З усходу да Рагазінкі клінам падступаў лес. Не тое, каб сказаць, добры лес. Не! Так сабе — чарналессе. Сабаленка.

Карацей сказаць (у знач. пабочн.) — тое, што і карацей кажучы (гл. кажучы).

Лепш сказаць (у знач. пабочн.) — дакладней, праўдзівей кажучы. У малодшага наборшчыка друкарні.. — выхадны дзень. Лепш сказаць — не выхадны, а выязны. Валодзька выпрасіў.. дазвол паехаць на раён. Брыль.

Лёгка сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца як адказ на прапанову зрабіць што‑н. цяжкае. Лёгка сказаць — стаць настаўнікам таму, хто сам скончыў толькі тры аддзяленні. Якімовіч.

Можна сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца для ўказання на магчымасць якога‑н. выказу, фармуліроўкі ў адносінах каго‑, чаго‑н. Уся даваенная работа, можна сказаць, на вецер пайшла... Краўчанка.

Не сказаць, каб... — выкарыстоўваецца для выражэння сумнення ў тым, што будзе сказана. Не сказаць, каб вялікія ласункі былі з чэрствага хлеба, але еў яго Міколка з вялікай ахвотай. Лынькоў.

Нічога не скажаш — выражэнне згоды, пацвярджэння чаго‑н., немагчымасці запярэчыць чаму‑н. Нічога не скажаш, цудоўную мясцовасць выбраў сабе першабытны чалавек, калі ён хоць трошкі ў гэтым разбіраўся. В. Вольскі.

Па праўдзе сказаць; праўду сказаць (у знач. пабочн.) — тое, што і па праўдзе кажучы (гл. кажучы). — Па праўдзе сказаць, Рыгор сам сабою хлопец не брыдкі, толькі... Марта развяжа рукамі. Гартны.

Проста сказаць (у знач. пабочн.) — служыць як указанне на больш дакладную фармуліроўку якой‑н. думкі. Позна ўночы вярнуўся Максім, прывёз трохі сена. Проста сказаць, адкраў у палякаў. Колас.

Скажы на міласць — выражэнне здзіўлення, неўразумення і пад. з якой‑н. прычыны.

Скажы(це), калі ласка — выражэнне здзіўлення, абурэння і пад. з прычыны чаго‑н.

Сказаць лішняе — прагаварыцца.

Сказаць (расказаць) па сакрэту (пад сакрэтам) — паведаміць употай ад іншых.

Сказаць сваё слова — праявіць сябе ў чым‑н., мець уплыў на што‑н. Падпісаўшыся, .. [Марына Архіпаўна] з палёгкаю ўздыхае: — Ну, вось, і я сваё слова сказала. Шамякін. Сваё слова сказала тут і польская літаратура. Лойка.

Сорамна (цяжка і пад.) сказаць (у знач. пабочн.) — ужываецца пры жаданні раскрыць свае адносіны да чаго‑н., пра што гаворыцца.

Так сказаць (у знач. пабочн.) — калі можна так выказацца. — А рысавальшчыкам, так сказаць, цэнтральнай фігурай, аказаўся малец гадоў на пятнаццаць. Васілёнак.

У вочы сказаць (казаць) — сказаць (казаць) адкрыта, прама.

Як сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца, каб паказаць ваганне, няўпэўненасць у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нягі́дны ’дрэнны, шкодны’ (Касп.), ’чорт, нячысцік’: «Нябожчыца Міхасіха бачыла нявіднага» (Гарэцкі), сюды ж нягоднік ’нягоднік’ (Касп.). Украінізм? Параўн. укр. негідний ’няварты, паганы, агідны, брыдкі’, негіднік ’нягоднік’, аднак геаграфія слова пярэчыць такому дапушчэнню. Відаць, кантамінацыя нягодны і агідны (гл. агіда, гідзіць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паварза́ ’паціху’ (Сцяшк. Сл.). Цёмнае слова. Магчыма, дэрыват ад дзеяслова *паварзаць, да якога можна як паралелі прывесці варзекаць (гл.), а таксама смал. варзбпать ’пэцкаць; марудна рабіць нешта’, варзбпаться ’пэцкацца; марудзіцца з выкананнем якой-н. працы’. Далейшыя сувязі гл. пад варзекаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Падге́йстра, падгейсцер ’падгерац’ (Мат. Гом.). Рус. курск. пыдгейстер, подгейстра, укр. підгейстор, підгейстра, підгерсть ’тс’. Няясна. Магчыма, звязана з падгерац; не выключана, што гэта метафарычны перанос з гайстер ’чорны бусел’. Такія пераходы ў розных тэхнічных прыстасаваннях існуюць. Бел. слова, відаць, з укр.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паўка́шак ’негустая каша’ (КЭС, лаг.). Першая частка слова паў⇉у выніку народнай этымалогіі за па- ў рэгіяналізме + пакашак (< прасл. *pa‑kaš‑ъkъ, дэмінутыўны суфікс якога мае значэнне ’другасны, не стопрацэнтны, падобны’ (Борысь, Prefiks., 53–54). Аналагічна ўтворана пасітак ’рэдкае сіта’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́шка, мн. л. прашкі ’хлусня’, ’глупства’ (Нас.). Насовіч (там жа) параўноўвае з прахъ, але слова, несумненна, з польск. fraszka ’драбяза’. Параўн. яшчэ чэш. fraška ’фарс, бурлеск’. З італ. frasca ’галінка’, мн. л. frasche ’дробязь, глупства’ (Брукнер, 127; Голуб-Ліер, 173).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Малама́йчык, молома́йчык ’маленькая булачка хлеба з вотруб’я для прыгатавання квасу’ (Вешт.). Відавочна, палес. моломайчык спачатку было ⁺маломайчык пад уплывам народнай этымалогіі слова мала́й (гл.) з гаплалагічным памяншальным суфіксам ‑айчык (як акрайчык). Пасля пад уздзеяннем палес. «гіперправільнасці» пачатковае ма‑ змянілася ў мо‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мале́кула ’найменшая частачка рэчыва, якая захоўвае яго асноўныя хімічныя ўласцівасці’ (ТСБМ). З рус. молекула ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 89), якое з франц. molécule ’тс’ — штучнага слова, утворанага ад лац. mõlēs ’маса, скала’ на ўзор франц. corpuscule ’часцінка (матэрыі)’ (Голуб-Ліер, 319).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мастаколіцца ’масціцца’ (шчуч., дзятл., маст., Сл. ПЗБ), ’прымошчвацца, прылучацца’ (слонім., Сцяшк. Сл.), мастаколіць ’рабіць паволі, няжвава’ (віц., Мікуц.). Складанае слова. Да мост і кол (гл.). Першапачаткова азначала ’рабіць памост на слупах (на калах), напрыклад, пры паляванні’; пазней атрымала адценне экспрэсіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галяні́шча ’халява’ (Шат., Сцяшк. МГ), рус. голени́ще. Вытворнае ад *голень (гл. галёнка) суфіксам ‑išče. Фасмер, 1, 428. Шанскі (1, Г, 117) лічыць гэта слова ўласна рускім (ці не памылкова?). Лексема гэта ўжо дээтымалагізаваная (гл. Шанскі, там жа. са спасылкай на Булахоўскага).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)