мусо́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.
Разм. Часта дакранацца да чаго‑н. насліненымі або бруднымі пальцамі. Бацька з маці шапталіся над сталом цэлы вечар, мусолілі ў пальцах разнаколерныя паперкі сабраных за гады грошай і раскладалі на кучкі. Б. Стральцоў. Збіраліся [студэнты] купкамі, мусолілі старыя канспекты, спрачаліся. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паадкру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Адкруціць, адвінціць адно за другім усё, многае. Паадкручваў [бацька] анучы і, босы, у галіфэ, пайшоў з кухні ў пакой, дзе была ляжанка. Ермаловіч. Казік завіхаўся ля водаправодных кранаў. Паадкручваў іх на кухні, у ванне І пазіраў, як бушавалі, вірыліся пругкія струмені. Шыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паку́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і пакутлівы (у 1 знач.). За час свайго замужжа Ганна прывыкла таіцца, хаваць у душы і пакутны боль, і тугу, і надзеі. Мележ.
2. Які пераносіць, церпіць пакуты. І выпрастаў плечы пакутны араты, і зніклі з лучынаю курныя хаты. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пату́хлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які перастаў гарэць, свяціць. Патухлая лямпа. Патухлая зорка. □ Гугновіч увесь час хадзіў за сталом, трымаючы патухлую люльку ў руцэ. Пестрак. // Які перастаў дзейнічаць, функцыяніраваць.
2. перан. Цьмяны, без жыцця (пра вочы, погляд). Бародка сядзеў пануры, маўклівы, змораны на выгляд, з патухлымі вачамі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перабыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. і незак.
1. зак. Тое, што і перабыць (у 2 знач.). Можна сказаць, усе тут [ля кузні] перабывалі за гэтыя дні. Чорны. — Шмат кніг у руках перабывала. Хто з паэтаў стаў мне бліжэй, не ведаю. Калачынскі.
2. Незак. да перабыць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плюската́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.
Пералівацца, вылівацца, распырсквацца з характэрным гукам; утвараць плюскат. Ледзь варушыцца лісце ракіт, І суцішана Нёман плюскоча. Астрэйка. Рэчка шуміць. Рыба плюскоча, ганяючыся за машкарою на паверхні бягучых хваляў... Чарот. Плюскоча, плюхае вада пад калёсамі на гразкай восеньскай ці вясенняй дарозе. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́куль, прысл. і злучнік.
Разм. Тое, што і пакуль. А покуль тут свая ахова, — За зброю — вілы ды тапор. Астрэйка. Дымную печку палілі ўночы, аж покуль яна не чырванела ад жару. Асіпенка. Не застаўся родны дом Без гаспадара, Покуль конь і я з канём — Жыхары двара. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праіснава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак.
Пражыць, прабыць некаторы час. Няўжо мы [палонныя лагера] павінны толькі.. брахаць за вугламі на фашыстаў і пакорна падпарадкоўвацца, абы яшчэ крыху праіснаваць. Карпюк. Калгасная форма гаспадаркі праіснавала тут ва ўмовах партызанскага краю цэлы год — з лета 1941 г. да лета 1942 года. Залескі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытры́зніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Здацца, паказацца ва ўяўленні, у сне. Перш прытрызнілася мора, а разам з ім і апошнія хвіліны на кацеры, што ішоў на дно. «Беларусь». / у безас. ужыв. Не, мне не прытрызнілася: я чуў, як за дзвярамі твой голас настойліва паўтараў слова «пусціце!» Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пярэ́палах, ‑у, м.
1. Тое, што і перапалох. Рабцэвічу зрабілася няёмка за пярэпалах, што нарабіў ён сваім прыходам. Мехаў.
2. звычайна мн. (пярэ́палахі, ‑аў). Хвароба, якая, згодна з забабоннымі ўяўленнямі, узнікае ад спалоху. — Ды ўжо ж, прыйдзецца да бабкі ісці, пярэпалах выганяць, — жартам адказала Алаіза. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)