папе́рад,

Разм.

1. прысл. Уперад. Выехаць наперад. □ Узваліў [Мітрафан] бочку на плечы і панёс. [Эрна] пайшла паперад — паказаць, дзе паставіць. Ракітны.

2. прысл. Спачатку, раней. Паперад умыйся, а потым садзіся есці. □ Паперад пасівее, пакуль Іван яе возьме. Ермаловіч.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паперад» выражае часавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, раней за якія кім‑, чым‑н. было ўтворана якое‑н. дзеянне. Мікіта не даў сябе ўпрошваць — адно перакуліў у рот паперад усіх сваю шклянку і, кусаючы на хаду.. хлеб, спехам падаўся да парога. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нашэ́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Гаварыць шэптам што‑н. Алесь бачыў, як у друга заварушыліся вусны і як ён сам сабе нашэптваў словы тае ж песні. Броўка. Іван Іванавіч яхідна ўсміхнуўся і, адвярнуўшыся, пачаў нешта нашэптваць на вуха суседу. Асіпенка.

2. перан. Нагаворваць на каго‑н., пляткарыць. Пісар каму трэба і не трэба нашэптвае, што ў вачах у настаўніка «рэвалюцыя гарыць». Навуменка. Цяпер доктар Салавейчык лічыць сябе чысценькім, а на Івана Іванавіча нашэптвае. Арабей.

3. У павер’ях — гаварыць замовы; чараваць. Нашэптваць на ваду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

незале́жна,

1. Прысл. да незалежны (у 1 знач.). У гутарцы з малазнаёмымі людзьмі .. [рэдактар] трымаўся незалежна, любіў ужыць такое слова або сказ, каб паказаць сябе чалавекам самабытным, непадобным да іншых і ў той жа час жартаўлівым і аптымістычным. Колас.

2. у знач. прыназ. (у спалучэнні з «ад»). Нягледзячы на што‑н., не прымаючы пад увагу чаго‑н.; насуперак чаму‑н. Іван любіў бачыць вакол сябе людзей, незалежна ад таго, былі гэтыя людзі яго знаёмыя ці сустракаў іх першы раз у жыцці. Шахавец. [Ярохін:] — Усё добра, што добра канчаецца, незалежна ад таго, як яно пачыналася. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскле́іцца, ‑клеюся, ‑клеішся, ‑клеіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разысціся ў месцах склейкі. Стол расклеіўся. □ [Сусед:] — Ад вашага Івана [пісьмо]. Піша, што ўсё, богу дзякаваць, добра. Яно там недзе расклеілася было, дык я і паглядзеў. Брыль.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Разм. Разладзіцца, расстроіцца. Вяселле расклеілася. Гульня расклеілася. // Сапсавацца ад настаўшай непагадзі, слаты. Надвор’е расклеілася. Дарога расклеілася.

3. перан. Разм. Занемагчы, стаць вялым, слабым, заняпасці духам. [Волька:] — Дурная я, плачу [невядома] чаго... Расклеілася. Знемаглася я, сам бачыш... Чорны. [Каця:] — Даруй, Іван, што я так расклеілася. Я ж жывы чалавек... Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіпа́ты, ‑ая, ‑ае.

Які страціў чысціню і гучнасць (пра голас, гукі і пад.). — Дарогу трэба перакрыць на суткі, — сіпатым, прастуджаным голасам гаварыў капітан. Быкаў. За парканам слізгануў па туга напятым дроце ланцуг, і ўжо ў наступны момант зайшоўся сіпатым брэхам сабака. Сабаленка. Глядзіш, праз пару месяцаў яго сіпаты гармонік ужо скуголіць па завуголлю суседніх вёсак. Скрыпка. // Які гаворыць прыглушана-хрыплым голасам (пра чалавека). Наставіў каўнер ад сцюжы ссінелы сіпаты жаўнер. Вялюгін. / у знач. наз. сіпа́ты, ‑ага, м.; сіпа́тая, ‑ай, ж. — Ці чуеш, Іван, хто гэта тут чмыхае? — раптам спытаў сіпаты. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

туне́ль, ‑я, м.

Штучны скразны праход у гарах або пад зямлёй для транспарту, пешаходаў, каналаў і пад. Раптам тунель скончыўся, і перад намі раскрылася панарама Нью-Йорка. Новікаў. Час ад часу цягнік улятаў у тунель, і тады грукат колаў мацнеў, пераходзіў у гром, і на вушы, як у самалёце, пачынала знесці сціснутае паветра. «Полымя». // Доўгі праход, які ўтвараецца чым‑н. Верхавіны гэтых дрэў былі такія пышныя, што спляталіся галлём угары і ўтваралі цяністы зялёны тунель. Чарнышэвіч. Іван Васільевіч гаспадарлівым вокам азіраў пабудовы, дарожкі, тунелі з вінаградных лоз, што некалі давалі прываблівы цень. Шамякін.

[Англ. tunnel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. увалок, ‑лакла, ‑лакло; зак., каго-што.

Разм.

1. Уцягнуць, з цяжкасцю ўнесці ўнутр чаго‑н. Неяк пасля абеду, калі Іван узяўся збіраць брудныя кацялкі і міскі, каб аднесці іх на кухню, ля ўваходу ў палатку пачуліся галасы, тупат, і двое санітараў увалаклі насілкі з параненымі. Быкаў.

2. Украсці. Воўк авечку ўвалок. □ Пятрок ля варот цяпло ўвалок, сам не бяжыць, а стаячых не любіць. З нар.

•••

(Ледзь) ногі ўвалачы — пазбегнуць небяспекі, выратавацца. [Напалеон] думаў: — Як з гэтай краіны Я ногі свае ўвалаку? Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

За́ядзі ’мыт’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. наўг. заеди ’астаткі ежы ў кутках рота’, ’мыт’, іван. за́едень, самар., урал. за́едни, урал., краснаяр. за́еды, наўг. за́еды ’мыт’, наўг., алан., чаляб. за́едь ’камень на зубах у каня’, укр. заїди ’мыт’. Магчыма ўзвесці ўсх.-слав. слова (*за‑ѣд‑ з рознымі фармантамі: ‑а, ‑ь, ‑ьнь) да дзеяслова заѣд‑ати (з коранем ѣд‑, гл. есці) паводле ўяўлення пра паходжанне ’мыта’ ад ’заядання’. Параўн. блізкае структурна славен. zajȇd(a) ’заліў, грот’ на базе пераносу значэння дзеяслова. Параўн. яшчэ літ. *žaizdà ’рана’ < *žaidda (Буга, Rinkt., 1, 292; Фрэнкель, 1285; Покарны, I, 425, усе без слав. паралелей), што, аднак, няпэўна, бо пры суадноснасці з і.-е. *gʼhei‑ чакалася б *zajьd‑ ці *zěd‑, а не za(j)ěd. Да семантыкі гл. яшчэ Аткупшчыкоў. Зб. памяці Ларына, 206.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траі́ць ’тройчы пераворваць зямлю’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Др.-Падб.), ’зябліць — араць увосень’ (валож., ЛА, 2), троі́ты ’траіць’ (іван., ЛА, 2), ’трэці раз пераворваць зямлю’ (Нас., Шат., Касп.; вільн., бярэз., Сл. ПЗБ; гродз., мін., паўд.-усх. віц., маг., гом., ЛА, 2), ’араць поле другі раз’ (Бяльк., Пятк. 1), тро́іць ’тройчы араць поле — увосень, ранняй вясной і перад сяўбой’ (Янк. 1). Магчыма, балтызм. Параўн. літ. trẽjiti ’траіць’: суф. ‑(i)n‑ захаваўся ў бялын, трайні́ць, бярэз. траяні́ць ’траіць’ ці ў мядз. трае́нь падымаць (ЛА, 2), трае́ннік ’той, хто арэ ворыва другі раз’ (Юрч. Вытв.), трае́ніна ’некалькі разоў пераворанае поле’ (стаўб., Ск. нар. мовы), трое́ніна ’абложная зямля’ (лун., ДАБМ, камент., 858). Параўн., аднак, балг. радоп. тро́е̂м ’пераціраць, размінаць’ (БД, 2), што да *terti (гл. церці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бульбя́нік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у, зб. Бацвінне бульбы, цяўнік. Выраслы бульбянік закрываў малога амаль да плеч. Мележ. Жалезнымі граблямі дзядзька Іван зграбае апалае лісце і прэлую траву і кідае на кучу сухога бульбяніку. Васілевіч.

2. ‑а. Аладка з дранай сырой бульбы; тое, што і дранік. З рук у рукі .. нам пачалі перадаваць ежу. Яйкі і хлеб, мяса і загорнутыя ў капуснае лісце бульбянікі. Мехаў.

3. толькі мн. (бульбя́нішчы, ‑аў). Беларуская страва, прыгатаваная з варанай тоўчанай бульбы ў выглядзе галушак.

4. ‑а. Разм. Пра таго, хто харчуецца пераважна бульбай. На снеданне — дранікі, Бабка — на абед. Называў бульбянікамі Магілёўцаў свет. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)