Працэ́с ’паслядоўная змена з’яў, ход развіцця’, ’актыўнае развіццё хваробы’ (ТСБМ). З рус. проце́сс ’тс’, якое праз ням. Prozess з лац. prōcēssus ’рух наперад’ (аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 386). Ст.-бел. процесъ, процессъ ’працэс, учынак’ праз польск. proces < лац. prōcēssus (Булыка, Запазыч., 269).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Табалы́ска (табалы́ско) ’агароджанае стойла для жывёлы ў лесе або на полі’ (навагр., Сцяшк.). Да зафіксаванага там жа табо́р ’тс’ з менай санорных р → л, што цалкам у межах фанетычнага вар’іравання пры запазычанні, параўн. табала́1. Аналагічнае развіццё ва ўкр. та́борисько ’табар, месца табару, бівак’ < та́бір.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

по́ступ, ‑у, м.

1. Манера ступаць у хадзьбе; паходка. Паручнік, злезшы з свае каламажкі, паволі, важным поступам абышоў усе падводы. Нікановіч. [Салдат] ідзе за афіцэрам, старанна і пужліва прыстасоўваючы свой крок да няпэўнага поступу пана лейтэнанта. Лынькоў.

2. перан. Рух наперад, развіццё, прагрэс. Паспяховы, пераможны поступ Савецкай Арміі выклікаў вялікую радасць. Кавалёў. У цябе [Масква] нечуваная сіла, Поступ дужы, узлёты арла. Броўка. Пераможным поступам ішла па краіне культурная рэвалюцыя. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абцугі́, ‑оў; адз. няма.

Металічны інструмент, які выкарыстоўваецца ў кавальскай справе для захоплівання і заціскання жалеза. Юнак выхапіў абцугамі цяжкі кавалак распаленага жалеза, кінуў яго на кавадла. Гамолка. // перан. Тое, што скоўвае, заціскае развіццё чаго‑н. Горад паказан у абцугах крызісу, у пакутах беспрацоўя і ў барацьбе за дыктатуру працы. У. Калеснік. // перан. Акружэнне, ахоп праціўніка з двух бакоў.

•••

Трапіць у абцугі гл. трапіць.

Узяць у абцугі гл. узяць.

[Польск. obcęgi з ням. Zange.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць сухім; высушыць. Засушыць кляновы ліст. Засушыць рыбіну.

2. перан. Разм. Пазбавіць жывасці, яркасці, выразнасці. Засушыць спектакль. □ Кірыла сумна ўсміхнуўся: ён не вельмі багаты на метафары і параўнанні. Заўсёды пакутліва шукаць іх, каб былі трапныя, арыгінальныя. Ён вінаваціць газету — яна засушыла. Шамякін.

3. перан. Разм. Прыпыніць, спыніць, развіццё чаго‑н. Засушыць ён можа справу, — І цябе й тваю заяву — Пад сукно. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бру́нькі ’шэрсць дрэннай якасці, знятая з ног і галавы авечкі’ (Улад.). Відаць, укр. паходжання. Параўн. укр. бру́нька ’пупышка на дрэве’ (мае дакладную адпаведнасць у балг. мове: балг. бру́нка ’пупышка на дрэве’, параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 129). Развіццё семантыкі ’пупышка’ → ’катылёк’ (першапачаткова ’шэрсць у катыльках, зваляная’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ара́п ’негр’, ’ашуканец’ (БРС). Рус., укр. арап. Ст.-бел. прыклады з канца XVI ст., таксама арапин, арапчик. Найбольш верагодна ўсходнеславянскае слова з цюркскай, дзе слова вядома ў значэнні ’негр’. Беларускае запазычана з турэцкай ці крымска-татарскай мовы, магчыма, праз украінскую (менш верагодна — праз рускую). Праабражэнскі (1, 7), Шанскі (1, А, 134) лічаць запазычаным з грэчаскай, аднак з грэчаскай запазычана з ‑в‑ на месцы β аравиискъ, аравлянинъ (ст.-слав., ст.-бел. у Александрыі). Саднік-Айцэтмюлер (1, 24) пішуць пра падвойнае (з захаду і ўсходу) запазычанне. Развіццё значэння ’ашуканец’ вядома ў раманскіх мовах, а таксама ў цюркскіх (Дзмітрыеў, Строй, 492); не выключана, але малаверагодна самастойнае развіццё гэтага значэння на ўсходнеславянскай глебе. Супрун, Зб. Крымскаму, 124–125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Балдзі́ць ’казаць, расказваць’ (Бяльк.). Параўн. рус. балди́ть часта паўтараць тое ж самае’, ба́лда́ ’балбатлівая жанчына’, укр. балди́кати гаварыць’. Бясспрэчна, гукапераймальнага паходжання. Параўн. аснову бал — у дзеясловах гаварэння. У гукапераймальных словах развіццё можа ісці сваім шляхам (параўн. і захаванне ‑л‑ ва ўкр. слове; чыста фанетычная форма была б *баўдзі́ць, *бавди́кати).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гандля́ ’гання’ (Жд. 2.). Дыялектная форма звычайнага гання́ (а гэта — утварэнне ад гнаць, ганя́ць). Тут адбыліся складаныя фанетычныя працэсы, субстытуцыя, дысіміляцыя. Развіццё формы слова можна ўявіць сабе па паасобных элементах так: гання́*ганнʼйя*ганнʼля́ (субстытуцыяй й — лʼ) — гандля (дысіміляцыя ‑нн‑ > ‑нд‑ або, што верагодней, устаўное ‑д‑ паміж нʼ — лʼ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Канюшы́на ’шматгадовая, аднагадовая кармавая травяністая расліна Trifolium (ТСБМ, Яруш., Дэмб. 2, Кліх. Мядзв., Сцяшк., Кіс., Бяльк., Сержп. Грам.; палес. Нар. лекс.), канюшкі ’канюшына раллявая, Trifolium arvense L.’ (гродз., Кіс.). Укр. конюшина, як і бел. лексема, запазычана з польск. koniczyna ’тс’ < ст.-польск. konicz < konik. Семантычнае развіццё параўн. каманіца1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)